Луг дзеда Антона
22.09.2011
—
Новости Мира
|
Як вы думаеце, паважаныя чытачы, ці дастаткова апетыя нашы натуральныя лугі? Ці знаходзяць паэты, мастакі такія словы, вобразы, фарбы, каб перадаць гэтую непаўторна маляўнічую, па-свойму адметную прыгажосць беларускай зямлі, якой у Еўропе больш нідзе няма? Ці ўспрымаем мы сваім розумам такое незвычайнае багацце, шчодра падоранае нам прыродай? І чым, нарэшце, адгукаюцца нашы сэрцы, калі мы, скажам, улетку завітваем на лугі? Раптам нас ахопіць трапяткая пяшчота, замілаванне, а то і зразумелая ўзнёсласць, хвалюючы лірызм ад убачанага. Прырода, як таленавіты творца, адмыслова саткала бясконцы і на дзіва разнастайны дыван з мноства кветак, траў, які ў добрае надвор’е пад ласкавым сонцам і лагодным ветрыкам злёгку калышацца, зіхаціць і пераліваецца самымі рознымі фарбамі і колерамі. Ну а свежаскошаны луг… Менавіта на такі луг прывёз мяне гэтым летам знаёмы старшыня адной гаспадаркі на Брэстчыне. Мы спыніліся і прайшлі некалькі метраў па мяккаму дывану, у якім пераліваліся зялёны, карычневы, жаўтаваты колеры. Луг ляжаў шырока і прывольна. Учора раніцай яго скасілі, пад вечар густыя валкі перавярнулі. За два дні гарачае сонца іх шчодра абласкала, прагрэла і прасушыла, сена было гатова. Над лугам стаяў такі густы водар, што з непрывычкі кружылася галава. У паветры перамяшаліся самыя розныя пахі кветак, траў і блізкага лесу… З боку вёскі паволі крочыў чалавек. — Во, дзед Антон ідзе, — кажа старшыня. — Яму ўжо дзявяты дзясятак, але яшчэ жвавы. Ведае, калі на лузе даспее самае духмянае сена для падушкі… — Для якой падушкі? — не разумею я. — А вось зараз убачыце, — загадкава ўсміхаецца старшыня. Дзед падыходзіць да нас, вітаецца і стаіць, абапершыся на самаробную клюку. Ён худы-худы, вельмі жылісты, рукі натруджаныя і парэпаныя, твар густа пераплецены маршчынамі, а вочы зыркія, жывыя. Звычайна такіх доўгажыхароў можна сустрэць у тых нашых вёсках, якія даўно знайшлі сабе месца сярод лясоў і балот і дзе самабытная прырода і няпростае жыццё накладваюць сваю адметнасць на вонкавы выгляд чалавека, усю постаць і, канешне, на яго характар і паводзіны. — Дзед Антон, сена гатова, — старшыня нахіляецца, бярэ лёгкі пучок, працягвае старому. — Во, паглядзіце. Стары падносіць пучок да твару, з асалодай нюхае яго. — Добрае сена, бо трава тут радавала вока. Я з ранняй вясны часта прыходзіў сюды, каб паглядзець на луг. Сёлета яму хапала і цяпла, і дажджоў, вось і аддзячыў. Што, два разы тут касілі? — Ага, — адказвае старшыня. — Думаю, яшчэ раз зможам. Дзед зноў нюхае пучок сена. — Чаем пахне, — кажа задаволена. — Тут жа столькі розных кветак, траў, і амаль усе лекавыя. Ого, нашу вёску і ўявіць нельга без гэтага лугу. Калісьці, яшчэ да калгасаў, ён быў падзелены між нашых сялян на ўчасткі, і кожны касіў сваю долю. Праўда, не ўсюды трава стаяла густая, а калі яшчэ летам выпадала спякота, дык мужык, калі пачынаў касіць пры ранішняй расе, мог да вечара прагнаць увесь свой участак. Я вярнуўся з вайны паранены, і мне далі надзел, які сам выбраў. Вунь там, бачыце, каля лесу, потым схаджу туды. Ах, і мясціна! Як спадабаў яе з першага разу, так і трымаў да таго часу, калі калгас прыйшоў. Амаль увесь участак займала лагчына, у ёй заўсёды хапала вільгаці, таму і расла трава, што касой ледзьве цягнеш. Ускраек жа надзелу пераходзіў у лёгкі пагорак і туліўся да лесу. Ну, скажу вам, то была як тая аптэка: столькі там зверабою, чабару, мяты, іншых раслін. Летам увесь пагорак звінеў ад пчол, а побач, у лесе, не сціхалі птушыныя спевы. Святы куточак ад Бога, дый годзе. Я так прывык да гэтай мясціны, бы да свайго агарода. Кожнае лета мы збіралі тут столькі лекавых раслін, каб хапіла на ўсю зіму. Вядома, бралі акуратна, па-гаспадарску, каб не знікла такое дабро. Тады, пасля вайны, мы не ведалі ніякіх таблетак, ад усіх хвароб памагалі лугавыя лекі. Кветкамі і летам пахла ў нашых сенях і каморах усю зіму, як і ва ўсіх астатніх хатах вёскі. Дзед змаўкае, каб крыху перадыхнуць. Канешне, ён вельмі гаваркі, чаму я шчыра радуюся. Сустрэцца і пагутарыць з такім старым, мудрым ад жыцця, улюбёным у родную прыроду чалавекам, які не страціў гэтага пачуцця нават у такім узросце, для журналіста ўдача. А стары ў сваю чаргу задаволены, што тут, на сваім родным лузе, нечакана сустрэў такіх людзей, якія ўважліва слухаюць яго аповяд, значыць, ім надта цікава і яны добра разумеюць яго. Ах, на жаль, рэдка такое здараецца, і дзеду становіцца крыўдна, што яго ўнукі абыякавыя да таго, што жыве ў яго памяці як самае дарагое, вечнае, святое… — Ды не толькі лекамі адорваў нас луг, — працягвае стары. — Сеннікі на ложку таксама з яго траў, дзе тое пер’е пасля вайны? А больш за ўсё любіў я травяныя падушкі, мы іх так называлі. Наб’еш яе мяккім сенам, перамешаным з кветкамі, пакладзеш на такую падушку галаву, і здаецца, ты ляжыш на тым самым лузе, на пагорку. Такі духмяны водар усю зіму. Вось ты, старшыня, малайчына: не запусціў луг, не зарос ён розным злым пустазеллем, мужыкі ў пару яго косяць — значыць, дбайныя гаспадары і да гэтага куточка адносіцеся па-людску. Дзякуй вам за такі клопат. Пайду ўжо да свайго пагорка, набяру сена для падушкі. А мо нельга? — насцярожана глядзіць стары на старшыню. — Чаму нельга, дзед Антон? — адказвае старшыня. — Бярыце сена колькі вам трэба, нам не шкада. Вось толькі думаю, што ў вашым узросце лепш спалася б на мяккай падушцы. — Мяккая ў мяне ёсць, дачка набіла пер’ем. Іншы раз і кладу яе пад галаву. Зусім не тое, скажу вам, няма таго водару, як у сухіх травах і кветках. І лета зімой не адчуваю… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вы думаеце, паважаныя чытачы, ці дастаткова апетыя нашы натуральныя лугі? |
|