21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая...»

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль КЛЯШЧУК

Тумановай ранiцай сёлетняй позняй восенi дарога прывяла мяне на самую ўсходнюю ўскраiну да беларуска-расiйскай мяжы, уздоўж якой туляцца невялiкiя вёскi з простымi i да болю роднымi назвамi: Аляксееўка, Мартынаўка, Ягораўка, Нiкалаеўка, Гаўрыленка, Кузьмiнка... Ёсць Разрытая, Папаратная, Шаблi i Вiшнi... Але мой маршрут пралёг да Саматэвiчаў — нашмат буйнейшай за iншыя вёску Касцюковiцкага раёна, якая была мястэчкам i грымела славаю кiрмашоў. Аднак стала чарнобыльскай i невылечна хворай. Я ведаў, што ў вёскi зусiм кароткi век i днi яе злiчаны. План зносу Саматэвiчаў ужо распрацаваны, i спецыяльнае прадпрыемства па дэзактывацыi «Радон» пачало пахаваннi былых вясковых падворкаў.

Але мая цiкавасць да гэтага старажытнага (яму больш за 420 гадоў) i трагiчнага месца падмацоўвалася тым, што тут пачынаўся жыццёвы шлях класiка нацыянальнай лiтаратуры, паэта i перакладчыка Аркадзя Куляшова. Я хацеў убачыць радзiму народнага паэта. Хай сабе бязлюднай i атручанай радыяцыяй — iншага ўжо не дадзена. Хацеў адшукаць хату — былую карчму пры дарозе, на беразе Чарнавуткi, у якой у 1914 годзе ў сям’i вясковых настаўнiкаў выпаў лёс яму нарадзiцца i зрабiць першыя крокi ў паэзii. Хацелася зiрнуць на школу, на будоўлю якой, стаўшы прызнаным, паэт ахвяраваў Сталiнскую прэмiю. I на праваслаўны сабор, пабудаваны ў 1842 годзе, каля сцен якога двойчы на год — на Iллю (2 жнiўня) i Змiтра (8 лiстапада) адбывалiся вялiкiя кiрмашы — паэт марыў адрэстаўраваць гэты храм. I на вясковы клуб, у якiм перад чарнобыльцамi выступаў генсек СССР Гарбачоў.

Атрымаўшы афiцыйны дазвол на ўезд i знаходжанне на тэрыторыi адсялення i адчужэння i пераадолеўшы амаль чатыры сотнi кiламетраў, нарэшце крочыў па запаветнай куляшоўскай зямлi, якая была ўжо занесеная ў спiс неiснуючых чарнобыльскiх вёсак на помнiк, адкрыты ў райцэнтры да 20-годдзя катастрофы. Я намагаўся ўявiць, як выглядалi Саматэвiчы пры жыццi паэта, калi навокал вiравала жыццё i квiтнелi сады. Але замест гэтага мяне адольвалi невясёлыя думкi, што Чарнобыль, зламаўшы сотнi тысяч чалавечых лёсаў, забраўшы здароўе людзей, зрабiў замах i на нашу памяць, на нашу духоўную спадчыну. Саматэвiчы для беларусаў былi святой i нiчым не заменнай каштоўнасцю, якiмi для расiян з’яўляюцца ясенiнскае Канстанцiнава цi шолахаўская Вёшанская. Хiба можна ўявiць Расiю без Яснай Паляны цi Украiну без Вялiкiх Сарочынцаў? Чаму ж мы так проста губляем дадзенае нам Боскай ласкай? Чаму Саматэвiчы адыходзяць у нябыт замест таго, каб вечна красаваць i з гонарам нагадваць пра слыннага сына? Разумею, на апрамененай зямлi такiя развагi могуць падацца не менш як цынiчнымi. Але як iх пазбавiцца, калi нават радкi вядомага верша «Бывай», напiсанага паэтам у 14-гадовым узросце, падаюцца цяпер гiмнам развiтання з яго радзiмаю.

Бывай, абуджаная

ў сэрцы, дарагая,

Чаму так горка

не магу я зразумець

Шкада заранкi мне,

што ў небе дагарае,

На ўсходзе дня майго,

якому ружавець.

Хто хоць аднойчы аказваўся ў чарнобыльскай зоне, ведае, якая там неверагодная цiшыня. Яшчэ мацнейшай яна падаецца сярод пакiнутага чалавечага жылля. Здзiчэлага i разрабаванага. Такая цiшыня не лечыць i нават не супакойвае i нiчога, акрамя пачуцця неспакою не выклiкае. Пад цiскам гэтай нематы, змешанай з кiславатымi пахамi жухлай лiстоты i незарослых травою леташнiх пажарышчаў, уперамешку з горка-саладкаватым прысмакам радыяцыi на вуснах, я адчуваў сябе выпадковым i лiшнiм i думаў, што нi прывыкнуць да гэтага, нi прыстасавацца немагчыма. Цiшыня пераконвала, што тут абсалютна мёртвая тэрыторыя.

Аднак я памыляўся. Саматэвiчы аказалiся... жывымi. Па вулiцы, якая пачыналася ад паўразбуранай царквы, з вёдрамi iшла сталых гадоў жанчына. Прысутнасць незнаёмага аўтамабiля, здаецца, яе не бянтэжыла. Яна нетаропка збочыла на ледзь прыкметную сцяжыну, драўляным мастком перайшла рэчку i накiравалася да крынiцы, якая струменiла з-пад цэментнага калодзежнага кальца. Люба — так назвалася незнаёмка — была не супраць сфатаграфавацца, больш за тое, збегала дадому, пераапранулася, завязала чырвоную хустачку. Здалося, нават памаладзела. Усмiхнулася. Лёгкiмi прывычнымi рухамi зачарпнула вядро, другое. У наступным годзе Любовi Iванаўне «стукне» 70. Яна ўдава. З’язджаць, калi пачалося перасяленне, адмовiлася. Вырашыла: на радзiме, хоць i ў адзiноце, будзе лепей. I дагэтуль не шкадуе. Iншага месца ёй не трэба. Наконт радыяцыйнай бяспекi пацiснула плячыма: «хто ведае, наколькi тут небяспечна, вось жыву, дзякаваць Богу. А што галава часта балiць ды цiск скача — ужо звыклася». Любоў Казлова паведамiла, што яна тут не адна такая «прывыклая». Ёсць у яе суседзi i нават маладыя. Не хацелася верыць ёй, аднак недзе за джунглямi здзiчэлых садоў i сапраўды чулiся вясёлыя звонкiя галасочкi. Дзецi!?.. «Суседзi з базару вярнулiся, — перахапiла жанчына мой позiрк, — хадзем знаёмiцца». Я адчуваў, сумаваць у Саматэвiчах не давядзецца i пакрочыў побач з Любай. Мы зноў выйшлi на старэйшы вясковы пасёлак. Яна паставiла вёдры, падцягнула вузялок хусткi, аддыхалася, кiўнула ў бок сваёй сядзiбы. Яе небагаты драўляны дом стаяў на высокiм пагорку, далёка ад вулiцы. За агародам пачыналася поле. Наколькi магчыма, я iмкнуўся ўявiць, як прыгожа было, калi на гэтым полi каласiлася жыта, цi роснай летняй ранiцай iшлi касцы. Альбо поле пад вясновым сонцам. I ажывала ў памяцi куляшоўскае: «самотным жаўранкам звiнеў i плакаў май...». У вачах жанчыны я прачытаў нямое пытанне: чаму такi нешчаслiвы лёс у Саматэвiчаў? Але што можна было адказаць гэтай, з лiшкам зведаўшай бяды, сялянцы? Мы памаўчалi, потым Люба паволi рушыла ўгору, а я, правёўшы яе паглядам, падаўся да высокiх варот суседняй хаты.

Саматэвiцкая трагедыя здарылася не ўчора i не 15 гадоў таму. А 28 красавiка 1986 года. Менавiта ў гэты дзень прайшоў смертаносны дождж. Ён пралiўся з хмары, утворанай выкiдамi з узарванага чарнобыльскага рэактара. Дождж як дождж, думалi людзi, як добра што ён iдзе. А цэзiй-137 шчодра лiўся на iхнiя галовы i рукi, шчыльна наталяў глебу, забруджваў дахi, дарогi, атручваў ваду i лес. Усё навокал спорна зазелянела i... «засвяцiлася». Узровень радыяцыйнага забруджвання сягаў вышэй за 30 кюры. Хоць першыя дазiметрычныя замеры i былi хутка зроблены, усёй праўды i магчымых наступстваў насельнiцтва не ведала. Толькi праз некалькi гадоў была пастаўлена нарэшце кропка ў спрэчках: у Саматэвiчах жыць нельга.

Была нядзеля, i ўся сям’я Сцепаненкаў, вярнуўшыся з базару ў расiйскiм райцэнтры, да апоўднi заставалася дома. Але неўзабаве гаспадар Андрэй некуды заспяшаўся, i мне не давялося пачуць ад яго шмат. Працуе ў сваёй вёсцы ахоўнiкам аўтатрактарнай тэхнiкi фiрмы «Радон». Калiсьцi i ён быў перасяленцам. Атрымаў у Касцюковiчах кватэру. Але жыць у райцэнтры не спадабалася. Вярнуўся ў бацькоўскi дом, ажанiўся. I блiжэйшыя пяць гадоў пакiдаць Саматэвiчы не збiраецца. Чаму пяць? — за такi тэрмiн плануецца пахаванне вёскi. Жонку ўзяў з суседнiх нявыселеных Сiлiчаў. Таццяна — хатняя гаспадыня. Iхнiя сыны нарадзiлiся ўжо тут. I, зразумела, сталi апошнiмi народжанымi на куляшоўскай зямлi. Хоць жыццё працягваецца, i хто ведае... На гаспадынi не толькi мацярынскi клопат пра непаседлiвых нашчадкаў, але i гаспадарка — парсючкi, карова, конь. Садавiна i гароднiна — са свайго прысядзiбнага ўчастка. А зямлi тут — бяры колькi адужаеш.

Пяцiгадовы Сяргей i трохгадовы Вiталiй Сцепаненкi мiжволi сталі маiмi сталкерамi. Дарма што малыя, яны ведаюць у Саматэвiчах кожную сцежку, кожны пакiнуты i жывы дом i з ахвотаю ўзялiся паказваць дарогу да iншых аднавяскоўцаў. Яны гарэзнiчаюць у высокай няскошанай траве, смяюцца, i здаецца, энергiя выплёсквае з iх праз край. Гледзячы на чырванашчокiх памочнiкаў, проста зайздросна робiцца iхняй шчаслiвай бесклапотнасцi, бачнай адсутнасцi перасцярог i страху. Быццам iм хапае тут усяго — i сяброў-равеснiкаў, i забаў, i цацак. Мы мiнаем пустыя, з павыбiванымi вокнамi i абрынутымi дахамi, дамы i гэты змрочны вясковы пейзаж успрымаецца намi без трагедыi, быццам крочым не па радыяцыйнай, а па старой вымiраючай вёсцы, якiх у нашых глыбiнках незлiчоная колькасць.

Вось i дайшлi. Угаварыць Людмiлу зняць з шафы музычны iнструмент не патрабуе намаганняў — баян сам у яе рукi просiцца. Калi хто па-суседску завiтае — пасядзець, пагаварыць, чаму б не прайсцiся па баянных гузiках, не расцягнуць мех, лiчыць гаспадыня. Яна музыкант-самавучка, i хоць нот не ведае, для свайго кола i гэтых навыкаў дастаткова. У некалi музычнай i спеўнай вёсцы здольных i ахвочых зрабiць жывы гук, акрамя Людмiлы, не засталося. Нешматлюдныя саматэвiцкiя пасядзелкi без яе акампанементаў цяпер рэдкасць. Усяго два гады Людмiла ў вёсцы. Так бы мовiць, у прымах. Дом былога марфлотаўца Рыгора Давыдзенкi i выселеная вёска сталi ёй роднымi. I па ўсiм бачна: у блiжэйшы час гэты абжыты куток пакiнуты iмi не будзе. Дом стаiць у маляўнiчым месцы: рэчка, лiчы, па агародзе цячэ. Лазенька на беразе, сад. Летам ягады, восенню — грыбы. Цiшыня. Хлеб прывозiць аўталаўка. Чым не дача круглы год? Да таго ж у Рыгора i Людмiлы ёсць адказны абавязак у сферы сацыяльнай працы — даглядаюць у Зялёнкавiчах апошнюю жыхарку, старэнькую i самотную Марыну Грузiнаву. Вельмi любiць Людмiла душэўныя песнi пра жыццё, пра падманутае дзявочае каханне. Бывае, заспявае так пачуццёва i кранальна, што вочы яе i Рыгора то поўняцца цiхаю тугою, то свецяцца агеньчыкамi бесклапотнай радасцi. I ўсё навокал становiцца iм яшчэ мiлейшым i дарагiм. Здаецца, нiякая трагедыя больш не здольна парушыць выпакутаванай i доўгачаканай гармонii.

Васiлю Бясцэннаму не да Чарнобыля. Не да роздумаў i ваганняў. I нiякiх шкадаванняў пра мiнулае ад яго не пачуеш. Васiль — хутаранiн. Зямлi ў яго столькi — нiводнаму фермеру не снiлася. Зразумела, зямля навокал кiнутая. Васiль не гультай, спiны не разгiнае. Куды нi кiнь вокам — парадак. Сёння яшчэ зацемна павёў кабылу Майку ў поле, падаiў карову i выгнаў на густую атаву, бычку вызначыў «смачнае» месца. Потым узяўся за кармленне свiнога сямейства, птушынага статку, трусоў. Гаспадыня за iм ледзь паспявае. А спраў усё роўна з гару. Агароды на зiму пераараць трэба, дроў насекчы, падворак пакасiць, санi рыхтаваць... Дарма што ўдвух засталiся. Пра дзяцей i ўнукаў не забываюць. Клопаты ў iх ад вечара да заходу. З дня ў дзень. З году ў год. Да Чарнобыля i пасля. Сорак гадоў Васiлёвай хаце, iм самiм збудаванай i аздобленай. Спецыяльна ўскраiну выбiраў — блiжэй да прыроды. Прыгажосць усiмi пачуццямi ўспрымаць хацеў. А калi ў Саматэвiчах аб’явiлi адсяленне, зразумеў, што прырос да гэтага кавалка зямлi ўсiмi каранямi, i нiхто не здолее яго вырваць, нiбы тое дрэва. Шкадаваў iншых, хто адмовiўся ад родных хат. Але кожнаму дадзены свой выбар i суд. Вёска Астравок, з якой Васiль Бясцэнны некалi перасялiўся ў Саматэвiчы, ужо даўно знiкла. Пахаваны дзесятак iншых насельных пунктаў раёна. I суседнiя Зялёнкавiчы летась зарытыя ў зямлю. Неўзабаве вялiзныя бульдозеры загудуць i вакол яго прыстанка, пакiдаючы некранутымi толькi сады, могiлкi i падворкi апошнiх, як ён, жыхароў. Значыць, лёс у яго i iншых такi — перажыць свае Саматэвiчы, правесцi iх у апошнi шлях. I жыць далей.

Хату, у якой нарадзiўся паэт, так i не знайшоў. Пасля леташняга пажару ад яе не засталося следу. Была засуха, навокал усё гарэла, тушыць не было каму. Звычайная з’ява ў чарнобыльскай зоне. Агню ўсё роўна што знiшчаць — ён бязлiтасны. Толькi сiлуэт вялiзнага абпаленага дрэва на фоне цямнеючага неба ўзвышаўся помнiкам нашай часовасцi на зямлi i непераадольных чалавечых хiбаў.

Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць намеснiку начальнiка па Магiлёўскай вобласцi адмiнiстрацыi зоны адсялення i адчужэння дэпартамента па лiквiдацыi наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС РБ Еве Лосевай за садзеянне ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тумановай ранiцай сёлетняй позняй восенi дарога прывяла мяне на самую ўсходнюю ўскраiну да беларуска-расiйскай мяжы, уздоўж якой туляцца невялiкiя вёс
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика