Жыццё, аддадзенае навуцы
21.02.2013
—
Разное
|
Ні многа, ні мала ўжо 42 гады працуе на РУП «Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат сельскагаспадарчых навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела мінеральнага харчавання цукровых буракоў Уладзімір Пятровіч Курганскі. Жыццё гэтага найцікавейшага чалавека заслугоўвае цэлага рамана, аднак абмежаваныя рамкі газетнага артыкула дазваляюць закрануць толькі самыя галоўныя яго вехі. Шлях будучага знаўцы сельскагаспадарчай навукі ў вялікі свет пачаўся 15 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Туршчэвічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, дзе ён нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям'і. Як і многія дзеці таго часу, Уладзімір Курганскі спаўна зведаў жахі вайны, якая выпрабоўвала іх сям'ю на моц не толькі агнём, але і голадам, і холадам. У 42-ім памёр ад тыфу бацька, і маці засталася адна з трыма дзецьмі. - Смак аладак з прамёрзлай бульбы і хлеба з жалудоў, - гаворыць Уладзімір Пятровіч, - застаўся ў памяці назаўсёды. - Выжыць таксама дапамагала бацькоўская карова, родны Сож, багаты на рыбу, ды лес з грыбамі і ягадамі. А яшчэ - шчырая ўзаемавыручка і адзінства лю-дзей, якія і ў вайну, і ў пасляваенную нішчымніцу падтрымлівалі адно аднаго, як толькі маглі. Падобна, што яшчэ з гэтых часоў і вынес мой суразмоўца тую самую непераадольную любоў да жыцця, людзей і роднай зямлі, якую ў ім заўважаюць усе, хто яго ведае. На пытанне, чаму вырашыў звязаць лёс з сельскагаспадарчай навукай, Уладзмір Пятровіч, амаль не задумваючыся, адказаў, што ў іншым месцы сябе не ўяўляе, бо з дзяцінства спазнаў работу на зямлі - умеў і араць, і касіць, і касу накляпаць, і ўвогуле ўсё, што трэба ўмець добраму гаспадару. Толькі, акрамя таго, каб умець, хацелася яшчэ і шмат ведаць, каб працаваць на гэтай зямлі граматна і з аддачай. Пасля заканчэння ў 1955 годзе Чачэрскай сярэдняй школы герой нашага аповеду паступае на завочнае аддзяленне ў Ленінградскі лесатэхнічны інстытут і працуе ў калгасе "Бальшавік" у сваім жа раёне. Толькі цяга да сельскагаспадарчых ведаў перамагае, і праз 2 гады Уладзімір Курганскі паступае ў Жытомірскі сельскагаспадарчы інстытут, які заканчвае з адзнакай у 1962 годзе. Пасля атрымання дыплома вырашае, што дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць і, дзякуючы таму, што праходзіў пераддыпломную практыку на радзіме, прыязджае ў свой Чачэрскі раён, дзе і працуе галоўным аграномам у калгасе. Набраўшыся практычнага вопыту, Уладзімір Пятровіч у 1966 годзе паступае ў аспірантуру Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства і пасля яе заканчэння працуе малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела арганічных угнаенняў. І вось у 1971-м годзе малады вучоны трапляе ў Нясвіж, куды быў пераведзены на Ганусаўскую доследна-селекцыйную станцыю па цукровых бураках. Тут паўгода папрацаваў загадчыкам лабараторыі тэхналогіі, а затым яшчэ 7 гадоў - старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі аграхіміі. Падчас работы ў гэтай лабараторыі, а менавіта ў 1973 годзе, У.П. Курганскі атрымаў вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук, абараніўшы дысертацыю на тэму "Прыёмы вырабу торфа-гноевых кампостаў у летні час і іх эфектыўнасць". Работа была прысвечана таму, як дабіцца актывізацыі мінералізацыі торфу як арганічнага ўгнаення. Гэта разглядалася на такіх культурах, як бульба, ячмень, жыта. З 1979 года Уладзімір Пятровіч працаваў загадчыкам лабараторыі аграхіміі, якая ў 1981 годзе была пераўтворана ў аддзел мінеральнага сілкавання і тэхналагічных якасцяў цукровых буракоў, а ў 1983-м стаў дырэктарам Ганусаўскай доследнай станцыі, якая ў 1986-м го-дзе была пераўтворана ў Беларускую занальную доследную станцыю па цукровых бураках. У гэты ж год Уладзімір Пятровіч узначаліў навукова-вытворчае аб'яднанне "Буракі" (НВА "Буракі"). У яго склад увайшла сама БелЗДС, як галаўная арганізацыя, а таксама эксперыментальная база "Ганусава", саўгасы "Буракаводчы" Нясвіжскага раёна, "Скідзельскі" Гродзенскага, "Танежыцы" Слуцкага раёна, Гарадзейскі насенны завод. Задачай НВА "Буракі" было навуковае забеспячэнне галіны буракаводства ў БССР і забеспячэнне ўсіх зацікаўленых гаспадарак насеннем. Гэты час Уладзімір Пятровіч узгадвае як пару цікавай і вельмі напружанай работы, якая патрабавала ад яго частых камандзіровак і раз'ездаў па вельмі далёкіх ад Беларусі мясцінах. Так, паколькі ў нашай рэспубліцы немагчыма было штогод атрымліваць насенне высокай якасці, арганізавалі вырошчванне насення цукровых буракоў бязвысадачным спосабам у Сакскім раёне Крыма. Аднак аднойчы там выдалася такая суровая зіма, што ўсе буракі ў Крыме загінулі. Пасля гэтага сталі вырошчваць насенне цукровых буракоў такім жа спосабам у Чуйскай даліне Кіргізіі. Яго дапрацоўвалі на насенным заводзе Кіргізскай машынавыпрабавальнай станцыі. Такім чынам НВА "Буракі" закрывала патрэбу гаспадарак у насенні цукровых буракоў не толькі ў Беларусі, але і ў Літве. Пад кіраўніцтвам У.П. Курганскага НВА "Буракі" дамаглося пераходу на аднанасенныя цукровыя буракі - сорт "Ганусаўскі аднанасенны 55" замяніў шматнасенны "Мяжотненскі 104" латвійскай селекцыі, што дазволіла ў 1989 го-дзе атрымаць нечаканы па тым часе сярэдні ўра-джай салодкага кораня па БССР - 355 ц/га. За гэты сорт і яго гаспадарчае асваенне ў 1990 годзе тагачасныя супрацоўнікі станцыі М.С. Дзеўлікамаў, І.І. Козел і дырэктар НВА "Буракі" У.П. Курганскі былі ўдастоены звання лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі БССР. Пры ўручэнні дыпломаў лаўрэатаў старшыня савета Міністраў БССР В.Ф. Кебіч высока ацаніў работу НВА "Буракі". У 1993 годзе Уладзімір Пятровіч пакінуў пост дырэктара, які забіраў шмат часу і сіл на адміні-страцыйна-кіраўнічую работу, і заняўся сваёй любімай справай - даследаваннем асаблівасцяў мінеральнага сілкавання цукровых буракоў, стаўшы загадчыкам адпаведнага аддзела станцыі, які ён узначальваў да 2010 года. - Галоўнае для навукоўцы-сельскагаспадарніка - гэта сувязь з практыкай, - адзначыў у нашай гутарцы Уладзімір Пятровіч. - Я не разумею вучоных, якія працуюць "на паліцу". Калі я бачу, якую карысць прыносіць мая праца для вытворчасці, я спакойны, што працую не дарэмна. І сапраўды, на рахунку аддзела мінеральнага сілкавання - не адна значная, прызнаная практыкай распрацоўка. Так, тут была ўстаноўлена патрэбнасць цукровых буракоў у элементах мінеральнага сілкавання метадам пясчанай культуры і мікрапалявога доследу, якая дазваляе спалучыць высокую масу караняплодаў і высокую цукрыстасць. Пры засваенні сістэмы сбалансаванага мінеральнага сілкавання цукровых буракоў навукоўцы аддзела вывучалі і прапанавалі даступныя для сельскагаспадарчай вытворчасці сераўтрымліваючыя ўгнаенні. У 1999 годзе распрацаваны састаў і асвоена вытворчасць комплекснага ўгнаення для цукровых буракоў у ААТ "Гомельскі хімічны завод". Для эфектыўнага выкарыстання комплексных угнаенняў былі закуплены фінскія камбінаваныя агрэгаты "ТУМЕ", якія дазваляюць уносіць комплексныя ўгнаенні разам з пасевам лакальна ўнутр глебы, што павышае іх эфектыўнасць у 1,5 - 2 разы ў параўнанні са звычайным раскідным спосабам. На падставе вялікага эксперыментальнага матэрыялу метадам ліставой дыягностыкі па фотахімічнай актыўнасці хлорапластаў у мінеральным сілкаванні цукровых буракоў у перыяд вегетацыі ўстаноўлены недахоп мікраэлементаў, што падштурхнула да распрацоўкі саставу мікраэлементаў для некаранёвой падкормкі цукровых буракоў у перыяд вегетацыі. Так, падкормачныя саставы "Буракі" былі зарэгістраваны ў 2005 годзе, а ў 2006-м атрыманы патэнт і наладжана іх вытворчасць на доследнай станцыі. Яшчэ адно важнае дасягненне аддзела мінеральнага сілкавання - праведзены сумесна з Інстытутам агульнай і неарганічнай хіміі перавод падкормачных саставаў "Буракі" на хелатную, або растваральную, аснову. Саставы "Паліком-Буракі" зарэгістраваны ў 2008 годзе, і іх вытворчасць таксама наладжана на станцыі. Яны запатрабаваны сельгасвытворцамі, і летась некаранёвую падкормку гэтымі саставамі правялі на плошчы 24 тысячы гектараў па ўсёй Беларусі. Сумесна з Інстытутам агульнай і неарганічнай хіміі і інстытутам бульбаводства зараз распрацоў-ваецца састаў для некаранёвай падкормкі бульбы, і тут таксама ёсць станоўчыя вынікі. Пачынаючы з 2001 года, праводзіцца і вывучэнне высокагліністай руды ААТ "Беларуськалій", якая ў спалучэнні з фосфагіпсам дазваляе збалансаваць каранёвае мінеральнае сілкаванне цукровых буракоў, павысіць разліковы выхад цукру на 1 тону з гектара і значна павялічыць прыбытак ад угнаенняў у параўнанні з той сістэмай падкормкі, дзе ўвесь калій унесены ў форме хлорыстага калію. Вынікі гэтых даследаванняў ёсць у часопісе "Земляробства і ахова раслін" у № 6 за 2009 г. У мінулым годзе пачалося вывучэнне абязводжаных глініста-салявых шламаў ААТ "Беларуськалій" як асноўнага ўгнаення пад цукровыя буракі. Вынікі гэтых даследаванняў - у часопісе "Беларуская сельская гаспадарка" ў № 8,9 за 2012 год. Расказваючы пра работу аддзела, Уладзімір Пятровіч выказаў глыбокую ўдзячнасць яго цяперашнім і былым супрацоўнікам, якія шмат гадоў даследавалі асаблівасці мінеральнага сілкавання салодкага кораня і дабіваліся дастойных вынікаў, - А.В. Хомку, А.В. Малышку, Н.М. Пашкевіч, А.М. Скрабец, П.А. Гамолка, І.М. Сямашка, В.А. Траццяку, Н.М. Урублеўскай і іншым. Думаецца, што аповед пра жыццё і справы кандыдата сельскагаспадарчых навук Уладзіміра Пятровіча Курганскага быў бы няпоўным, калі б я не пацікавілася сакрэтам яго "фірменнай" бадзёрасці і актыўнасці, якім можа пазайздросціць і куды больш малады чалавек. Утойваць гэты сакрэт мой паважаны суразмоўца не стаў. Расказаў, што шмат гадоў таму зацікавіўся ёгай і распрацаваў для сябе комплекс па мабілізацыі энергіі, які выконвае кожную (!) раніцу. - Хочаш быць у страі, - працуй над сабой, - гаворыць Уладзімір Пятровіч. - Тады арганізм не будзе падводзіць. А яшчэ трэба помніць, што цела - гэта храм душы. Значыць, думкі павінны быць чыстымі, нельга кепска думаць пра людзей. А галоўнае - гэта радавацца кожнаму пражытаму дню, каб работа была ў радасць, каб і з калегамі, і са сваёй сям'ёй знаходзіць згоду і ўзаемаразуменне, бо вельмі многія нашы праблемы з'яўляюцца ад таго, што мы не ўмеем слухаць адно аднаго. Цяжка не згадзіцца з гэтым, як і з тым, што "абсалютная ісціна - гэта веды, да якіх імкнецца чалавек, але ніколі якіх не дасягае". Аднак, у гэтым імкненні, напэўна, і ёсць жыццё, ці не так? Соф'я ЛЮБАНЕЦ Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ні многа, ні мала ўжо 42 гады працуе на РУП «Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат сельскагаспадарчых... |
|