З вамі кожны дзень – свята!. 21.by

З вамі кожны дзень – свята!

11.10.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Пад гукі ўрачыстай музыкі на сцэну выйшлі вядучыя Ілля Учаеў і Аляксандра Белая, а на экране з’явіліся фотаздымкі галоўных герояў свята – работнікаў культуры Жабінкаўшчыны, якія з дапамогай натхнення і творчасці робяць яркім, запамінальным і цікавым жыццё раёна. У мінулую пятніцу з прафесійным святам захавальнікаў культурнай спадчыны павіншавалі калегі, ветэраны гэтай сферы, шаноўныя госці.

Вядучыя заўважылі, што без удзелу работнікаў культурных устаноў, бібліятэк і музеяў, кіраўнікоў творчых калектываў, педагогаў дзіцячых школ мастацтваў немагчыма ўявіць ніводнае свята. З гэтым пагадзіўся кіраўнік нашага раёна Дзмітрый Гарадзецкі, які першым звярнуўся да прысутных.
– З надыходзячым святам віншую нашых работнікаў культуры, а таксама ветэранаў гэтай галіны, – пачаў Дзмітрый Мікалаевіч. – Хачу выказаць словы ўдзячнасці за вашу працу, за радасць і станоўчыя эмоцыі, якія дорыце людзям, за тое, што робіце жыццё раёна насычаным і цікавым. Вы працуеце, калі іншыя адпачываюць, да сваёй работы падыходзіце творча, умееце стварыць сапраўднае свята. Ярка адзначылі 200-годдзе Жабінкі, раённыя “Дажынкі”. Нашы таленавітыя работнікі культуры славяць Жабінкаўшчыну і за межамі раёна, вобласці. Я жадаю вам моцнага здароўя, натхнення, з дапамогай якога вы ствараеце незабыўныя мерапрыемствы, арганізоўваеце цікавыя сустрэчы і канцэрты, ладзіце разнастайныя праекты. Мы, са свайго боку, будзем старацца ствараць неабходныя ўмовы працы, якія б адпавядалі такому высокаму ўзроўню, на якім шчыруюць работнікі культуры нашага раёна.
З рук Дзмітрыя Гарадзецкага Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта атрымала настаўнік па класе баяна-акардэона Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Зотава. Пісьмом падзякі райвыканкама быў адзначаны гукааператар народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Аляксандр Казлоў. Ад раённага Савета дэпутатаў грамату атрымала настаўнік па класе цымбалаў дзіцячай школы мастацтваў Надзея Жываева.
Павіншавала прысутных са святам і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Вера Бортнік. Яна нагадала, што культура пранізвае ўсе сферы нашага жыцця і з’яўляецца паказчыкам развіцця як кожнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Вера Уладзіміраўна заўважыла, што скрозь стагоддзі праходзяць імёны вялікіх мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў, паэтаў і скульптараў. У гістарычнай памяці назаўжды застанецца іх бессмяротная спадчына, на якой будзе выхавана яшчэ не адно пакаленне. Выступоўца адзначыла: у развіццё і станаўленне культуры Жабінкаўшчыны значны ўклад уносяць работнікі гэтай сферы. Яна падзякавала ім за плённую творчую працу, пажадала і надалей радаваць жыхароў раёна і дарыць землякам святочны настрой.
Вера Уладзіміраўна ўручыла Пісьмо падзякі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама настаўніку па класе баяна і кіраўніку ўзорнага аркестра народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Грэцкай, а таксама граматы і падзякі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама шэрагу работнікаў культуры і творчым калектывам Жабінкаўшчыны.
Да слова, на ўрачыстасці да прафесійнага свята, якая адбылася напярэдадні ў Бярозе, граматамі абласнога ўзроўню былі ўзнагароджаны кіраўнікі ўзорнага танцавальнага калектыву “Каруначкі” Ірына Румко і народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Наталля Дырман.
Цёплыя словы ў той дзень гучалі ў адрас ветэранаў культурнай сферы раёна, якія прыйшлі разам з калегамі адзначыць прафесійнае свята. Іх вопыт і творчыя напрацоўкі сталі карысным набыткам для тых, хто сёння шчыруе на культурнай ніве Жабінкаўшчыны. Сярод іх Аляксей Гарбацюк, Таццяна Данілюк, Валянціна Дацкевіч, Таццяна Япішка, Васіліса Каралец, Марыя Лагвіновіч, Людміла Астроўская, Таццяна Печка, Надзея Цераз, Валянціна Чапялевіч і многія іншыя.
Ад імя ветэранаў павіншаваў калег са святам былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Алег Храмцоў. Ён успомніў, як у сярэдзіне 70-х гадоў пачынаў свой шлях у гэтай сферы. Алег Іванавіч расказаў, як у той няпросты час паступова фарміравалася культурная база Жабінкаўшчыны. “Гэтым займаліся людзі, якія шчыра любілі сваю справу і былі адданыя ёй, – заўважыў былы начальнік аддзела. – Мне і зараз важна, што адбываецца ў культурным жыцці раёна, цікаўлюся дасягненнямі таленавітых землякоў, па магчымасці наведваю святочныя мерапрыемствы. Напрыклад, заўважыў: велізарная работа была праведзена падчас арганізацыі і святкавання юбілею Жабінкі. Хачу адзначыць, што наш райцэнтр займае годную пазіцыю ў галіне культуры і працягвае добрыя традыцыі, якія з’явіліся шмат гадоў таму”.
Музычнымі нумарамі гасцей мерапрыемства радавалі танцавальны калектыў дзіцячай школы мастацтваў “Фантазія” і трыа акардэаністаў педагогаў установы, а таксама Надзея Чэчалева, Аляксандра Скарына і Вераніка Кукса.
Завяршылася ўрачыстасць выкананнем гімна работнікаў культуры, які за салістамі міні-тэатра гумару і песні “Спявай, душа!” падхапілі ўсе ўдзельнікі свята.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК. Пад гукі ўрачыстай музыкі на сцэну выйшлі вядучыя Ілля Учаеў і Аляксандра Белая, а на экране з’явіліся фотаздымкі галоўных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика