Жыхары ўзнімалі хвалюючыя пытанні. 21.by

Жыхары ўзнімалі хвалюючыя пытанні

12.10.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Святлана БЯЛЯК.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім пабывала на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і мясцовымі жыхарамі.
Дзмітрый Мікалаевіч спачатку расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці Жабінкаўшчыны, аб планах і зменах, якія адбудуцца ў раёне ў бліжэйшы час. Затым старшыня прапанаваў правесці другую частку сустрэчы ў выглядзе адкрытага дыялогу. І, як і чакалася, да кіраўніка раёна паступіла нямала пытанняў і прапаноў ад жыхароў мікрараёна.
Першай задала хвалюючыя пытанні Марыя Будзько, жыхарка пяціпавярховага дома № 7 па вул. ХХІІ з’езда КПСС. Яе непакоіць стан прыдамовай тэрыторыі. Жыхары (а ў асноўным гэта пенсіянеры) сваімі сіламі стараюцца падтрымліваць парадак ля пад’ездаў, саджаюць кветкі. А вось заасфальтаваная дарога, што ідзе ўздоўж дома, даўно патрабуе капітальнага рамонту. Яна ўся ў выбоінах, у якіх пасля дажджу збіраюцца вялікія лужыны. Варта было б зрабіць тратуар для пешаходаў, бо асабліва зімою, каб даць праехаць аўтамабілям, даводзіцца збочваць у гразь ці снег. Сам дом некалі быў пафарбаваны з боку галоўнай вуліцы. А чым астатнія тры сцяны горшыя? Як-ніяк, штомесяц адлічэнні жыхароў на капрамонт ідуць… У пад’ездах немагчыма расчыніць аконныя рамы, каб іх памыць; у першым пад’ездзе ў жыльцоў перыядычна з халоднага крана цячэ гарачая вада, а ў некаторых кватэрах у ацяпляльны сезон трэба валёнкі абуваць, каб сагрэцца… Дарэчы, пытанне недастатковага ацяплення ў кватэры ўзнімала і Таццяна Сняжко. А Мая Кімаўна агучыла праблему нясвоечасовага прыбірання мікрараёна: “Смецце пастаянна ляжыць каля кантэйнераў і урнаў. Асабліва шмат яго ля лавачак побач з непрацуючым фантанам. А там жа маладыя мамачкі з дзеткамі гуляюць. Пра якую культуру чысціні можна гаварыць?”
Дзмітрый Мікалаевіч паабяцаў разабрацца па ўсіх пытаннях.
Святлана Барысевіч спыталася ў старшыні райвыканкама, калі нарэшце і ў юных жыхароў мікрараёна цукровага завода з’явіцца прыгожая і зручная гульнёвая пляцоўка. Як аказалася, вельмі хутка: у парку, насупраць стадыёна, рыхтуецца пляцоўка і на працягу кастрычніка будзе ўстаноўлены гульнёва-забаўляльны комплекс для малечы. Дарэчы, гушкалкі, горкі і іншыя прыстасаванні для дзіцячага развіцця і гульняў выраблены. Застаецца толькі ўстанавіць іх.
У Наталлі Вайцяхоўскай набалелае пытанне – надакучлівае суседства з галубамі. “Птушкі міру” аблюбавалі дах іх дома на вуліцы Цітова, 3. Калі з вуркатаннем птушак сяк-так можна мірыцца, дык бялізну на балконах сушыць не павесіш – абавязкова запэцкаюць. Наталля Андрэеўна прапанавала сваё рашэнне – зараўнаваць выступы пад дахам, каб галубам не было дзе садзіцца. Таксама нераўнадушная жыхарка прапанавала ў рэшце рэшт надаць культурны выгляд арцы, якая злучае аддзяленні пошты і банка. Выбоіны, вывернутыя бардзюры лёгка можна прывесці ў парадак. Тут добра “ўпісаліся” б клумбы з кветкамі.
Мікалая Мельніка, як уладальніка аўто, турбуе сітуацыя, якая склалася на чыгуначным пераездзе ля вёскі Сцяброва. Раніцай, у гадзіну пік, тут збіраецца нямала аўтамабіляў, і многія не звяртаюць увагі на дарожныя знакі, што можа прывесці да бяды. Мо, пакуль не адрамантавалі чыгуначны мост, варта ўстанавіць часовыя знакі, якія дапамогуць вадзіцелям правільна паводзіць сябе на дзвюх другасных дарогах, бо некаторыя “забываюць” уключыць павароты?
Аляксей Лучынскі, як заядлы спартсмен, пытаўся, калі ў горадзе з’явіцца веласіпедная дарожка і чаму ў цэнтры стадыёна ў Жабінцы не свецяць ліхтары. Хвалюе яго, як бегуна, стан сцяжынкі ўздоўж возера Візжар: у некаторых месцах яна загрувашчана смеццем і паваленымі дрэвамі. Дзмітрый Мікалаевіч прапанаваў правесці на возеры суботнік, паабяцаў, што стадыён будзе асветлены. А што тычыцца веладарожкі, то прыйдзецца крыху пачакаць: гэта “задавальненне” не з танных.
Аксана Рагажынская папрасіла абсталяваць тратуар уздоўж дарогі ад пераезда вёскі Сцяброва да вуліцы Калініна. Яна заклапочана, што пасля далучэння Сцяброва да горада, будзе адменены падвоз дзяцей у школу і сад (а гэта каля 40 чалавек). А як дзецям дабірацца? Дзмітрый Мікалаевіч супакоіў, што ў сярэдзіне навучальнага года ніхто школьны аўтобус адмяняць не збіраецца, як выйсце – будзе распрацаваны дадатковы маршрут гарадскога аўтобуса. Так што біць трывогу пакуль што рана.
Дырэктар другой гарадской школы Ірына Кашчэва запыталася, калі ў рэшце рэшт будзе зроблены рамонт харчаблока, а таксама ў кабінетах другога і трэцяга паверхаў. Святлана Карпінчык, якая пражывае на вуліцы Піянерскай, заклапочана парадкам у горадзе-спадарожніку. На яе думку, не вельмі прывабны выгляд мае адрэзак шляху ад чыгуначнага моста да так званай “прапаркі”. Яна прапанавала высадзіць на гэтым адрэзку ўздоўж рэек дрэвы.
Падхапіла “чыгуначную” тэму і Наталля Румянцава з вуліцы Палявой. Ёй часта даводзіцца вяртацца дадому позна вечарам. Ідзе жанчына амаль навобмацак, бо ліхтароў на шляху да дома фактычна няма. Цікавілася яна таксама, ці можна абсталяваць пешаходны пераход праз рэйкі насупраць царквы. “Без слёз нельга глядзець, як мамы перасоўваюць веласіпеды з дзеткамі, каб адвезці іх у школу або садзік”. На гэтае пытанне Дзмітрый Мікалаевіч катэгарычна адказаў “не”: нельга пераходзіць рэйкі ў не вызначаных для гэтага месцах, тым болей, цягнікі зараз развіваюць хуткасць 110-130 кіламетраў у гадзіну, а ў будучым – да 160, і спыніць такую “махіну” імгненна немагчыма. А каб патрапіць з аднаго мікрараёна ў другі, ёсць абсталяваныя пешаходныя пераходы на прыпынку “Цукровы завод” і побач са станцыяй Жабінка.
У Ларысы Карагода – свая бяда: у кватэры № 29 дома № 10 па вуліцы ХХІІ з’езда КПСС, дзе яна пражывае з сям’ёй, пастаянна вільготная сцяна пасля дажджу. У пакоях “пасялілася” цвіль, шпалеры не трымаюцца, а звароты жанчыны ў адпаведныя службы засталіся непачутымі. Дзмітрый Гарадзецкі паабяцаў разабрацца ў яе сітуацыі.
…Сустрэча, якая доўжылася амаль тры гадзіны, думаю, была вельмі карыснай як для жыхароў, так і для мясцовай улады. Людзі змаглі задаць пытанні і на многія з іх атрымаць адказы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Святлана БЯЛЯК. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім пабывала на сустрэчы з працоўным калектывам ААТ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика