Пакараючы глыбіні шахт і вышыні кар’еры. 21.by

Пакараючы глыбіні шахт і вышыні кар’еры

06.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ФОРМА міліцыянера з зоркамі на пагонах стала першым аргументам для Яўгена Якімца пры выбары прафесіі. Дзесьці ў класе дзявятым ён стаў сур’ёзна задумвацца пра кар’еру ў органах унутраных спраў. Хлопцу хацелася быць падобным на Уладзіміра Пятрушкіна, інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх, які перыядычна наведваўся да іх у школу, праводзіў гутаркі, выступаў на лінейках. Высокі, падцягнуты, акуратны і строгі — яго і паважалі, і пабойваліся адначасова.
Але адразу пасля школы паступіць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь Яўген не рашыўся — “кульгала” матэматыка. Таму пайшоў у Белдзяржуніверсітэт на факультэт кіравання сацыяльных тэхналогій на спецыяльнасць “сацыяльная рэабілітацыя і псіхалогія”. І першую практыку на другім курсе праходзіў у Кастрычніцкім РАУС сталіцы.
— Праводзіў з непаўналетнімі правапарушальнікамі псіхалагічныя трэнінгі, выкарыстоўваючы розныя методыкі, — расказвае маёр міліцыі Яўген Якімец. — Потым нават курсавую па гэтай тэме пісаў.
— У РАУС на практыку трапіў выпадкова?
— Не зусім. Нам прапаноўвалі і навучальныя ўстановы, і цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, яшчэ шмат чаго. Зразумела, убачыўшы варыянт “аддзел унутраных спраў”, не мог зрабіць іншага выбару. Юнацкая мара вабіла!
— Факт таго, што зараз вы міліцыянер, дае падставу меркаваць, што практыка была ўдалай?
— Так. Мне падабалася. І наступныя практыкі праходзіў у міліцыі.
З дыпломам маладога спецыяліста Яўген уладкаваўся на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі ў Мядзельскі РАУС. Праўда, адразу давялося прайсці трохмесячнае навучанне ў вучэбным цэнтры пры Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
— Накіравалі на ўчастак у курортны пасёлак. Займаўся не толькі з юнымі правапарушальнікамі, але і з іх бацькамі, іншымі дарослымі грамадзянамі. Працаваць было цікава, настаўнікі трапіліся добрыя.
— Давайце адгадаю аднаго з іх! Уладзімір Пятрушкін?
— Сапраўды, так!
— А ён ведае, што вы на яго раўняліся ў свой час?
— Напэўна, не.
— Няхай гэта будзе для яго сюрпрызам. Як складвалася ваша далейшая кар’ера ў праваахоўных органах?
— Дзесьці праз год прапанавалі перайсці ў Мядзел займацца грамадзянамі, якія стаяць на прафілактычным уліку: п’яніцамі, скандалістамі, абавязанымі асобамі і так далей. А ўжо ў 2015 годзе ўзначаліў аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі, у якім працаваў. За гэты час завочна закончыў Акадэмію МУС.
— Які выпадак лічыце сваім баявым хрышчэннем?
— У памяці гісторыя, якая здарылася праз пару месяцаў працы ў Нарачы. Паступіў сігнал з аграгарадка, што ў дом праніклі чужыя. З інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх выехалі і непадалёку ад указанага дома затрымалі дваіх юных правапарушальнікаў з крадзенымі рэчамі. Было шкада хлопцаў, меншы плакаў. Мне незразумелыя іх мэты і зараз, бо ўкралі бялізну, яшчэ нешта. Што збіраліся з гэтым рабіць? На што разлічвалі? Памятаю і адзін з першых сумесных з ДАІ рэйдаў, калі даганялі на аўтамабілі з уключанымі мігалкамі матацыкліста-бяспраўніка.
— Дагналі?
— Канечне!
Час прад’яўляе больш жорсткія патрабаванні да людзей у пагонах міліцыянераў. Гэта прымушае няспынна працаваць над сабой, развівацца, не расслабляцца, быць моцным як фізічна, так і маральна. Яўген стараецца адпавядаць сучасным запытам. Пра тое, што гэта ў яго атрымліваецца, сведчаць узнагароды, якія ён захоўвае ў службовым кабінеце: грамата і падзяка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, падзяка старшыні райвыканкама.
— А што за сертыфікат на сцяне?
— Была справа: спускаўся на 600-метровую глыбіню калійнай шахты ў Салігорску. У памяць пра гэта выдалі дакумент, як “папоўніўшаму слаўную гвардыю шахцёраў”.
— Дык, калі што, то — у шахцёры?
— Спадзяюся, не давядзецца, — усміхаецца Яўген.
— Ну і напаследак. Чаму прысвячаеце вольны час?
— Сям’і. З жонкай выхоўваем сямігадовую дачку Ангеліну і аднагадовага сына Арсенія. Гэта мой надзейны тыл.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ФОРМА міліцыянера з зоркамі на пагонах стала першым аргументам для Яўгена Якімца пры выбары прафесіі. Дзесьці ў класе дзявятым ён стаў сур’ёзна задумвацца пра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика