Славутыя землякі Пiншчыны. Валянціна Іванаўна Локун. 21.by

Славутыя землякі Пiншчыны. Валянціна Іванаўна Локун

15.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Валянціна Іванаўна ЛокунВалянціна Іванаўна Локун (1946–2016), літаратуразнаўца

Валянціна Іванаўна Локун нарадзілася 6 жніўня 1946 года ў вёсцы Цепянец Пінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Скончыла Цепянецкую пачатковую школу, вучылася ў Малоткавіцкай сярэднай школе. З сёмага класа па прычыне хваробы ног перайшла ў Пінскую завочную школу, якую скончыла ў 1966 годзе з залатым медалём. Паступіла на філалагічны факультэт (рускае аддзяленне) Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Працавала загадчыцай Цепянецкай сельскай бібліятэкі (1972–1974).

У 1974 годзе Валянціна Локун пераехала ў г. Пінск. Скончыла аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. У 1984 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы» (на матэрыяле творчасці Васіля Быкава, Барыса Сачанкі, Івана Чыгрынава). Працавала старшым выкладчыкам Брэсцкага педінстытута (1985–1998). У 1987–2007 гадах – супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкi Купалы НАН Беларусі, з 1987 па 1998 год сумяшчала працу ў Інстытуце літаратуры з выкладаннем у педінстытуце.

Першая публікацыя В. I. Локун з’явілася ў 1973 годзе ў газеце «Полесская правда». Аўтар больш чым сотні навуковых артыкулаў па праблемах развіцця беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай літаратуры, а таксама некалькіх зборнікаў і манаграфій. Адна з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» ў 4-х тамах. У сааўтарстве выдадзены «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей» (у 2003 г. выдадзены на ўкраінскай мове ў Кіеве), «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ–ХХ стст.» (2006). Апошняя яе манаграфія ўзроўню доктарскай дысертацыі «Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры» (2005) па многіх прычынах засталася не абароненай.

В. I. Локун – адна з першых на навуковым узроўні зрабіла спробу прасачыць гісторыю літаратуры краю, асабліва дэталёва аналізуючы творчасць сучасных пісьменнікаў Піншчыны.

Валянціна Іванаўна зрабіла агляды творчасці многіх маладых членаў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія паспелі выдаць па адной-дзве кнігі. Гэта значыць, не толькі глыбінна даследавала айчынны літаратурны працэс, але і ўважліва, прафесійна, усхвалявана адсочвала новыя таленты, падтрымлівала іх сваім важкім словам вядомага навукоўцы і літаратара, заўсёды трымала руку на пульсе літаратурнага жыцця ў самым шырокім сэнсе гэтага слова – ад пачаткоўцаў-землякоў да сусветнага маштабу.

В. І. Локун з 1998 года была членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, а з 2006 года – Саюза пісьменнікаў Беларусі. Двойчы лаўрэат прэміі часопіса «Полымя»: у 1993 годзе – за артыкул «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча» (№ 6); у 2001 годзе – за артыкул «Узняцца да лёсу агульначалавечага (Талстоўскія традыцыі ў развіцці беларускай ваеннай прозы)» (№ 5). У 2004 годзе была ўдастоена прэміі за выкананне навукова-даследчай работы «Культурно-исторические белорусско-украинские связи: литературно-языковый аспект».

У 2006 годзе Валянціна Іванаўна была ўзнагароджана медалём Святой Еўфрасінні Полацкай ад ГА «Міжнародны Фонд Святой Еўфрасінні Полацкай» за актыўны ўдзел у рабоце Фонда з мэтай распаўсюджання ідэй хрысціянскага высокага духу, хрысціянскай маралі, заснаванай на дабрыні і міласэрнасці, вялікую асветніцкую дзейнасць.

16 чэрвеня 2016 года Валянціна Іванаўна Локун заўчасна, пасля працяглай хваробы, памерла.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Валянціна Іванаўна Локун (1946–2016), літаратуразнаўца Валянціна Іванаўна Локун нарадзілася 6 жніўня 1946 года ў вёсцы Цепянец Пінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай)...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика