Віцебскі раён на абласным творчым форуме прадставіла краязнаўца з 30-гадовым стажам. 21.by

Віцебскі раён на абласным творчым форуме прадставіла краязнаўца з 30-гадовым стажам

08.10.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Добры падарунак падрыхтаваў да Дня настаўніка абласны прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі Віцебшчыны – агляд творчасці ветэранаў педагагічнай працы «Свет маіх захапленняў». Мерапрыемства стала сапраўдным святам умельцаў, калег, аднадумцаў — з віншаваннямі, пажаданнямі, уручэннем дыпломаў і кветак. Віцебскі раён на творчым форуме прадстаўляла педагог дадатковай адукацыі Людміла Нікіціна (на здымку).

IMG_5932
Настаўнікі паказвалі сваё майстэрства ў самых розных намінацыях: «Рукадзелле», «Фларыстычны жывапіс», «Разьба па дрэве», «Фатаграфія»; дэманстравалі вакальнае і прамоўніцкае мастацтва, харэаграфічныя і музычныя здольнасці.

Людміла Нікіціна прэзентавала тэму «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі» праз краязнаўства – справу, наканаваную лёсам. Ёю яна займаецца з асалодай больш за 30 год. Наогул яшчэ ў школьныя гады ў в. Вольна Баранавіцкага раёна Людміла Кардаш (дзявочае прозвішча) цікавілася гістарычнымі падзеямі, славутымі мясцінамі, выбітнымі асобамі малой радзімы. Але значна пазней цікаўнасць развілася да прафесійнага ўзроўню, і яна прыйшла да высновы: краязнаўства — гэта кніга, якую можна чытаць усё жыццё, што і робіць. А пачыналася ўсё так: у сярэдзіне 80-х гадоў дырэктар Заронаўскай васьмігодкі Аляксандр Гушчанка прапанаваў маладзенькай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ў асобе Людмілы Канстанцінаўны ўзяцца за музейную справу. Тады мясцовае «сховішча гісторыі»  займала адзін пакойчык у школьным інтэрнаце. Самазабыўна ўключылася ў работу і ўжо праз 10 год Заронаўскі  музей атрымаў званне народнага, якое, дарэчы, пацвярджае пастаянна.

Сёння музею «Гісторыя Заронаўскага краю», пэўна, няма роўных у рэспубліцы. Тут сем экспазіцыйных залаў і панарама зніклых вёсак сельсавета пад адкрытым небам. Сабрана больш за 60 калекцый гістарычных прадметаў. Штогод музей наведваюць больш за 1000 экскурсантаў з розных куткоў свету, і многія працяглы час падтрымліваюць стасункі. Гэта ўстанова лічыцца ў раёне цэнтрам патрыятычнага выхавання і культурна-інфармацыйным комплексам. Каб дасягнуць і замацаваць такое прызнанне, трэба не проста прыкладаць намаганні, а ўкладваць у справу часцінку сэрца.

Нікіціна па натуры лідэр. У свой час была сакратаром моладзевай арганізацыі школы, саўгаса «Заронава», дэпутатам раённага і сельскага Саветаў. Зараз узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю,  значыцца ў ліку паплечнікаў старшыні Заронаўскага сельвыканкама Зоі Пека, дарэчы, былой сваёй вучаніцы.

Людміла Канстанцінаўна выхавала плеяду юных краязнаўцаў, якія паспяхова ўдзельнічаюць у мерапрыемствах рознага ўзроўню і займаюць прызавыя месцы. Але самы ўсцешны вынік — яе сын Станіслаў атрымаў профільную вышэйшую адукацыю і разам з маці шчыруе на краязнаўчай ніве.

Нікіціна не ведае, што значыць паўнавартасны летні адпачынак, забывае пра выхадныя дні і… рада гэтаму. Быць у віхуры падзей, сустрэч — прызначэнне, якое сама для сябе выбрала. Кажа, калі выпадае дзень, што не трэба кудысьці бегчы, дык нават самаадчуванне пагаршаецца. Лёгкая на пад’ём, яна пастаянна ў экспедыцыях, на экскурсіях, турзлётах, таварыскіх сустрэчах. У яе шмат сяброў, бо заўсёды да людзей ідзе з адкрытай душой і цэніць чалавечыя ўзаемаадносіны. «Сяброўства Людміла Канстанцінаўна лічыць з’явай кругласутачнай і адносіцца да яго вельмі беражліва», — сведчыць ветэран педагагічнай працы Браніслава Францаўна Чарняўская ў сваім пісьме ў рэдакцыю.

Як усё паспець — занатаваць новыя паступленні ў музей, прыняць чарговую дэлегацыю, падрыхтаваць выступленне на канферэнцыі, арганізаваць добраўпарадкаванне заронаўскага воінскага мемарыялу?..  Сілы і натхненне дае любімая справа. «У мяне кожны дзень своеасаблівы і непаўторны, багаты на цікавыя падзеі»,— кажа Нікіціна. Толькі шчаслівы чалавек можа зрабіць такое прызнанне.

Ніна СТАЛЯРЭНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика