Зямельны падатак для дачнiкаў сёлета значна паменшылi
Сяргей КУРКАЧ
На працягу мiнулага тыдня чытачы «Звязды» мелi магчымасць задаць спецыялiстам Мiнiстэрства па падатках i зборах любыя пытаннi па падатковай палiтыцы. Больш за ўсё нашых падпiсчыкаў цiкавiла «зямельнае» пытанне. Нагадаю, што, згодна з Законам аб плацяжах за зямлю, у мiнулыя гады члены садаводчых таварыстваў, у якiх зямельныя ўчасткi не былi зарэгiстраваны на iх iмя, плацiлi падатак за зямлю па тарыфах для юрыдычных асоб. Далёка не ўсiм садаводам памер гэтага падатку быў па кiшэнi. Кiраўнiк дзяржавы даручыў спецыялiстам вырашыць праблемы дачнiкаў, i ў пачатку восенi ў сiлу ўступiў Указ Прэзiдэнта № 460 «Аб некаторых пытаннях спагнання зямельнага падатку». Аб чым iдзе гаворка ў гэтым дакуменце? Цi трэба баяцца заробкаў у канвертах, якiя падаткi трэба плацiць пры здачы кватэры ў наём? На гэтыя i iншыя пытаннi нашым чытачам адказвае начальнiк упраўлення падаткаабкладання фiзiчных асоб Мiнiстэрства па падатках i зборах Галiна РАДЗЮКЕВIЧ.
Стаяў у чарзе маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Калi прапанавалi ажыццявiць будаўнiцтва праз УКБ Мiнгарвыканкама, узяў камерцыйны крэдыт у ААБ «Беларусбанк». Зараз штомесяц плачу ўзносы i працэнты па крэдыту, сума якiх вылiчваецца з маiх даходаў пры абкладаннi iх падаходным падаткам. Зараз мяне цiкавiць наступнае пытанне. Калi я назбiраю тысячу долараў ЗША i выплачу гэтыя грошы ў лiк пагашэння галоўнага доўгу па крэдыту, то цi будзе вылiчвацца з майго падаткаабкладаемага даходу i гэтая сума (бо я заплачу больш чым штомесячны ўзнос)? Андрэй Сушко, г. Мiнск. — У адпаведнасцi з падпунктам 2.4 пункта 2 артыкула 3 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб» пры разлiку падаходнага падатку вылiку падлягаюць таксама сумы, якiя накiроўваюцца фiзiчнымi асобамi на пагашэнне крэдытаў, узятых на будаўнiцтва жылых памяшканняў, калi ў момант заключэння крэдытнага дагавора гэта асоба стаяла ў чарзе маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Вылiку падлягае любая сума, якая выплачваецца ў лiк пагашэння галоўнага доўгу (працэнтаў па iм) па крэдыту, якi звязаны з будаўнiцтвам жылля, бо падатковым заканадаўствам не прадугледжаны абмежаваннi ў памерах сум пагашэння крэдыту; вылiчваемая сума абмяжоўваецца толькi сумай фактычнага даходу фiзiчнай асобы за каляндарны год — сума падатковага вылiку не можа перавышаць суму сукупнага даходу. У выпадку, калi такiя сумы перавышаюць даходы плацельшчыка, якiя былi атрыманы на працягу вызначанага каляндарнага года, то сума гэтага перавышэння да вылiку ў наступныя каляндарныя гады не прымаецца. Тры гады таму прапiсаў роднага пляменнiка на свае метры ў кватэры. Потым плацiў падатак — палову базавай велiчынi кожны месяц за здачу яму пакоя ў арэнду. Зараз кажуць, што сёння гэтыя падаткi можна не плацiць, калi прынесцi дакументы аб тым, што ён — сваяк. Цi так гэта? Барыс Гайпiн, г. Мiнск. — Пры здачы жылля ў арэнду абавязак па ўплаце падаткаў (калi меў месца факт атрымання даходу ад арэнды) не залежыць ад ступенi сваяцтва ўласнiка кватэры i наймальнiка. Якi стане памер зямельнага падатку i падатку на нерухомасць, калi я зарэгiструю свой дом i ўчастак у прыватную ўласнасць? Цi зменiцца iх памер, калi потым я перапiшу гэту нерухомасць на свайго сына, якi жыве ў Мiнску? Алена Кiеня, пенсiянерка, Стаўбцоўскi раён. — Рэгiстрацыя нерухомасцi не паўплывае на памер ставак падаткаў. Пасля змены ўласнiка нерухомасцi можа адбыцца наступнае. Калi вы як пенсiянерка карысталiся падатковымi льготамi, а ў сына гэтых iльгот няма, тады зямельны падатак i падатак на нерухомасць будзе аплачвацца новым гаспадаром у поўным аб’ёме. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу мiнулага тыдня чытачы «Звязды» мелi магчымасць задаць спецыялiстам Мiнiстэрства па падатках i зборах любыя пытаннi па падатковай палiтыцы |
|