Школе патрэбны не прадметнiкi, а Педагогi...
Надзея НIКАЛАЕВА
Набалела ...дзiцячыя душы не павiнны калечыць выпадковыя людзiПрызнаюся адразу: я не з’яўляюся прыхiльнiцай тэлевiзiйных ток-шоу з удзелам Андрэя Малахава. Ад iх заўсёды патыхае нейкай скандальнасцю: быццам бы i тэмы выносяцца на абмеркаванне студыi надзённыя, i госцi запрашаюцца цiкавыя, але заўсёды ўзнiкае ўражанне, што вядучы свядома нацiскае на зусiм не лепшыя струны чалавечай душы, спецыяльна правакуе сваiх суразмоўцаў, таму дыскусiя вельмi часта ператвараецца ў сварку. Але лiтаральна днямi я не змагла адарвацца ад тэлеэкрана: чарговы выпуск перадачы «Няхай гавораць» быў прысвечаны трагедыi, якая здарылася напрыканцы верасня ў адной з санкт-пецярбургскiх школ. Аб ёй паведамлялi ўсе сродкi масавай iнфармацыi, але я на ўсякi выпадак нагадаю, што размова iшла пра самазабойства 14-гадовага хлопчыка, выхаваннем якога пасля смерцi мацi займалася бабуля. Падлетак перад тым, як пакласцi сваю галаву на чыгуначныя рэйкi, пакiнуў запiску, у якой абвiнавацiў у сваёй смерцi свайго класнага кiраўнiка. Сям’я хлопчыка, якая складалася з бабулi i старэйшага брата, таксама школьнiка, не змагла ўнесцi на рамонт класа 350 рублёў. За гэта настаўнiца вырашыла пакараць дзiця: яна прымусiла яго адпрацоўваць «даўгi», зрабiўшы на месяц... прыбiральшчыкам класа. Але i гэтага ёй паказалася мала: яна пастаянна лаяла хлопца за тое, што той дрэнна мые падлогу, магла патэлефанаваць дамоў i прымусiць Рамана вярнуцца ў школу, каб усё перамыць, адным словам, вытанчана здзекавалася з дзiцяцi, якое не магло настаўнiцы процiстаяць. А развязка аказалася трагiчнай. Хлопчык знайшоў адзiны, як яму здавалася, спосаб «перастаць быць рабом» (так ён напiсаў у сваёй развiтальнай запiсцы). Нi сама настаўнiца, нi завучы, нi дырэктар школы на пахаванне дзiцяцi не прыйшлi. Не знайшлi ў сабе сiл паглядзець у вочы немаладой жанчыны? Цi не прызнаюць сваёй вiны? Цяжка ўявiць сабе, але настаўнiца, з-за якой дзiця пайшло з жыцця, працягвала працаваць у школе яшчэ 10 дзён пасля трагедыi. Заўважу адразу, што на наступны дзень пасля таго, як прайшло паведамленне аб самазабойстве расiйскага школьнiка, з трыбуны калегii беларускага Мiнiстэрства адукацыi прагучала думка, что без спонсарскiх i бацькоўскiх грошай нашым школам не абысцiся, але трэба паклапацiцца аб тым, як юрыдычна сябе абаранiць. На самай справе ў адукацыйнай галiне ўжо даўно сябе абаранiлi, бо ёсць Палажэнне аб дзейнасцi апякунскiх саветаў школ. Фiнансавыя сродкi апякунскiх саветаў павiнны складацца з добраахвотных узносаў i ахвяраванняў, а апякунскiя саветы абавязаны забяспечваць празрыстае iх выкарыстанне. Але наколькi добраахвотныя такiя ахвяраваннi, ведаюць усе бацькi, дзецi якiх навучаюцца ў школах. Адмовiць настаўнiку, якi збiрае грошы на рамонт, набыццё жалюзi, спартыўнага рыштунку цi арганiзацыю святочнага феерверка, нiхто не рашаецца. Усе апасаюцца, што тым самым могуць сваiм дзецям нашкодзiць. У школы ёсць дастаткова рычагоў, каб прымусiць бацькоў фiнансава ўдзельнiчаць у навучальным працэсе. Мяне асабiста вось што здзiўляе: грошай з бюджэту выдзяляецца на сферу адукацыi ўсё больш (i мы вельмi гэтым ганарымся), але iх чамусьцi па-ранейшаму катастрафiчна не хапае. Школы прымушаюць зарабляць грошы самастойна цi шукаць iх у спонсараў, у ролi якiх выступаюць бацькi. Неаднойчы даводзiлася чуць ад настаўнiкаў такiя гiсторыi: класны пакой быў адрамантаваны за бацькоўскiя грошы i сiламi бацькоў, але ў пачатку навучальнага года клас раптам пераводзiцца ў iншае памяшканне. Як, скажыце, глядзець пасля гэтага ў вочы вучням i iх бацькам? Няўжо кiраўнiцтва школ гэтага не разумее?.. А цяпер аб галоўным, што зачапiла больш за ўсё. На перадачу былi запрошаны педагогi, у тым лiку i настаўнiкi са школы, якая набыла сумную вядомасць. Калi вы мяркуеце, што яны пашкадавалi хлопчыка, якi рашыўся на самазабойства, вы глыбока памыляецеся. Зусiм наадварот: яны шкадавалi сваю калегу з 30-гадовай бездакорнай рэпутацыяй, якую сёння зневажаюць i лiнчуюць лiтаральна ўсе i на якую была заведзена крымiнальная справа. Прабачце мяне, але i 50, i 100 гадоў бездакорнай рэпутацыi не з’яўляюцца змякчальнымi абставiнамi для педагога, якi мэтанакiравана, дзень за днём, псiхалагiчна знiшчаў юнака. Гэта была не ўспышка гневу, аб якой настаўнiца магла б пазней пашкадаваць i папрасiць у вучня прабачэння. Праўда, цi часта вам даводзiлася чуць з вуснаў настаўнiкаў просьбы аб прабачэннi? Паводле слоў аднакласнiкаў Ромкi, iх класная кiраўнiца кожны год выбiрала сабе новую ахвяру. На гэты раз не пашанцавала Раману Лебедзеву (раней канфлiктаў у вучня з настаўнiцай не было), да таго ж знайшлася i цудоўная падстава. Выходзiць, што педагог у якасцi аб’ектаў, на якiх можна спаганяць сваю агрэсiю, выбiрала дзяцей? Што ёй рухала: псіхалагічная стомленасць, нездавольнасць жыццём, настаўніцкай зарплатай? Я цудоўна разумею, што настаўнiкi могуць папракнуць мяне ў тым, што я не ведаю школьнага жыцця знутры. Не ведаю, як цяжка працаваць сёння з падлеткамi. Прабачце, але я ўсё ж такi ведаю, бо сваё прафесiйнае жыццё я пачынала школьнай настаўнiцай i класным кiраўнiком. I мае пяцiкласнiкi расказвалi мне, што iх першая настаўнiца магла на ўроку падняць тых дзяцей, якiя прынеслi ёй не ружы, а астры, i выказаць на ўвесь клас сваю нездаволенасць. Я не ведаю, што адбывалася з маiмi дзецьмi ў пачатковай школе, але, па прызнаннi iх бацькоў, дзецi ўпершыню адчулi да сябе чалавечныя адносiны. Пры гэтым настаўнiца пачатковых класаў была вопытным педагогам з бездакорнай рэпутацыяй, а я — усяго толькi зялёным дзяўчом. Гэта я да таго, што пра рэпутацыю педагога павiнны меркаваць не калегi, а вучнi i iх бацькi. Быць проста добрым прадметнiкам у школе недастаткова — трэба быць яшчэ i Чалавекам. У маiм школьным жыццi таксама была настаўнiца матэматыкi, якая пакiнула назаўсёды след у маёй душы: жудасныя сны, дзе я стаю на ўроку матэматыкi ля дошкi, сняцца мне i праз 15 гадоў пасля заканчэння школы. Мая настаўнiца была выдатным матэматыкам, але прымусiла меня ўзненавiдзець свой прадмет. Канфлiкт, якi разгарэўся ў яе з маiмi бацькамi з-за старэйшай сястры, яна перанесла на мяне, шасцiкласнiцу. Чулi б вы яе радасны воклiч, калi яна знайшла аб’ект для помсты ў сваiм класе. Адным словам, за некалькi гадоў я замест «пяцёркi» займела стабiльную «тройку» па матэматычных дысцыплiнах. А напярэдаднi пераходу ў выпускны клас мая матэматычка i ўвогуле пры ўсiх аднакласнiках папярэдзiла мяне аб тым, што калi я прыйду ў выпускны клас, яна не дасць мне закончыць школу. Гэта была яе помста за маё заступнiцтва за аднакласнiцу, якая iшла на залаты медаль, але не жадала наведваць факультатыў па матэматыцы — матэматычка пагражала дзяўчыне сапсаваць гадавую адзнаку. Пра мой шматгадовы канфлiкт з настаўнiцай ведалi многiя ў школе, але заступiцца за мяне не маглi — яе проста ўсе баялiся. Дзякуй Богу, што класная кiраўнiца адгаварыла мяне пакiдаць школу (добра ведала пра мае мары паступiць у Белдзяржунiверсiтэт), заспакоiўшы тым, што «тройку» па матэматыцы яна мне «гарантуе». Так яно ў вынiку i атрымалася. У маiм атэстаце акрамя «пяцёрак» былi дзве «чацвёркi» i дзве «тройкi» — па геаметрыi i алгебры. У прыёмнай камiсii вельмi здзiвiлiся такому незвычайнаму «набору» адзнак. Я лiчу, што мне ў жыццi вельмi пашанцавала — па-першае, я не зламалася пад псiхалагiчным прэсiнгам дарослага чалавека, а па-другое, атрымала своеасаблiвую «прышчэпку». Я не ведаю iншых ахвяр маёй настаўнiцы, але не сумняваюся, што яны былi як да мяне, так i пасля таго, як я пайшла са школы. Гэта асаблiвы тып настаўнiка, якi прысутнiчаў i прысутнiчае ў нашых школах. На жаль, у нас не прадугледжаны пры паступленнi ў педагагiчныя ВНУ псiхалагiчны адбор для прэтэндэнтаў на навучанне — напэўна лiчыцца, што настаўнiкам можа быць кожны, хто здольны скончыць вышэйшую навучальную ўстанову. Не тэсцiруюць настаўнiкаў i ў працэсе iх работы (толькi на веданне iх прадмета). Затое псiхолагi тэсцiруюць дзяцей, высвятляюць узровень iх псiхалагiчнай ураўнаважанасцi, ступень агрэсiўнасцi, трывожнасцi i гэтак далей. Магчыма, такiя тэсты трэба ўводзiць i для настаўнiкаў, якiм бацькi давяраюць самае дарагое — сваiх дзяцей? Я глыбока перакананая, што калi чалавека штосьцi ў школе не задавальняе, куды больш чэсна будзе проста з яе пайсцi, змянiць сваю прафесiю i род заняткаў. Дзецi — гэта маленькiя асобы, якiх трэба паважаць i да меркавання якiх трэба прыслухоўвацца. I калi настаўнiк ставiць сябе вышэй за iх, калi ў дзецях ён бачыць толькi магчымасць для самасцвярджэння, калi дзецi яго элементарна раздражняюць, такому настаўнiку — не месца ў школе. Калi хтосьцi лiчыць iнакш, пiшыце ў рэдакцыю. Абяцаем апублiкаваць усе меркаваннi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...дзiцячыя душы не павiнны калечыць выпадковыя людзi |
|