«Пераходны» сэкс
Святлана БАРЫСЕНКА
Да 16 i старэй Калi беларускiя падлеткi прызвычаяцца звяртацца па дапамогу да спецыялiстаў па рэпрадуктыўнаму здароўю? Як хутка ўсе яны будуць мець такую магчымасць? Пошукам адказаў на такiя пытаннi ўшчыльную займаецца Мiнiстэрства аховы здароўя.Гарманальныя страсцi Свет змяняецца не толькi ў тэхнагенным накiрунку. У Еўропе, напрыклад, змянiўся статус сям’i — рэгiстрацыя шлюбу не з’яўляецца абавязковым атрыбутам, змянiлася стаўленне еўрапейцаў да пажаданага ўзросту для нараджэння першага дзiцяцi — не раней чым 35 гадоў, да спосабаў i метадаў засцярогi ад непажаданай цяжарнасцi — нараджаюцца новыя сродкi кантрацэпцыi. Нязменным «пунктам» на працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў застаецца адно: падлеткавы сэкс. Для любога грамадства звышактуальнымi застаюцца дзве праблемы — непажаданая цяжарнасць i распаўсюджванне ВIЧ-iнфекцыi ў самым верагодным асяроддзi. Аднойчы ў спецыялiста па рэпрадуктыўнаму здароўю — замежнай жанчыны-прафесара спыталi «Цi адабраеце вы сэксуальныя адносiны ў падлеткавым узросце?». На што яна адказала iншым пытаннем: «А вы ўхваляеце дождж?». Мала хто любiць дажджлiвае, шэрае надвор`е, але, напэўна, яно не падасца такiм непрымальным, калi адпаведным чынам апрануцца i прыхапiць з сабой парасон. Высокi «сярэднi» паказчык Беларусь не вызначаецца высокiмi паказчыкамi палавога жыцця моладзi. Згодна з данымi даследавання ААН, праведзенага яшчэ ў 2002 годзе, за апошнiя дзесяць гадоў у нас зменшылася колькасць абортаў i вакуум-аспiрацый сярод 15—19-гадовых, i цяпер сярэднi паказчык перарывання цяжарнасцi складае амаль 38 на 1000 дзяўчат. 61 працэнт падлеткавых цяжарнасцяў заканчваецца дзетанараджэннем. Паводле больш свежага сацыялагiчнага даследавання кафедры акушэрства i гiнекалогii Беларускага дзяржаўнага медыцынскага унiверсiтэта, больш за 70 працэнтаў вучняў агульнаадукацыйных i спецыялiзаваных школ прызнаюць дашлюбныя адносiны, а больш як трэць маюць цi мелi «сувязь», прычым у агульнаадукацыйных школах першы палавы акт здараецца крыху раней, чым у спецыялiзаваных, хоць у цэлым гаворка iдзе пра 14—15 гадоў. Прэзерватывам карыстаюцца дзесьцi палова апытаных, а гарманальнай кантрацэпцыяй — каля 12 працэнтаў, пры гэтым, як заўважае загадчыца кафедры акушэрства i гiнекалогii БДМУ Людмiла Мажэйка, «чым маладзейшыя нашы дзецi, тым лепш яны спрабуюць засцерагацца, хоць працэнт усё роўна надзвычай нiзкi». «Песня» для падлеткаў Аднойчы да вышэйпамянёнай замежнiцы-прафесара прыйшлi на прыём двое — 18-гадовыя Ён i Яна. Каб трапiць на прыём да спецыялiста падобнага ўзроўню, неабходна загадзя запiсацца i даволi доўга чакаць. Нельга сказаць, што такiя паводзiны ўласцiвыя падлеткам. Аднак самае вялiкае здзiўленне з’явiлася ў доктара пазней, калi высветлiлася, што iнiцыятыву праявiў хлопец. Паводле яго слоў, дзяўчынка яму вельмi падабаецца, маўляў, абодва бакi выспелi для сумеснага сэксуальнага жыцця, i цяпер ёсць неабходнасць паклапацiцца пра бяспеку такiх адносiнаў. «Як я тады «спявала»!» — заўважыла прафесар, узгадваючы свае эмоцыi падчас правядзення кансультацыi, якiх, на вялiкi жаль, мала або амаль няма ў краiнах былога Саюза. Беларускiя медыкi цудоўна ўсведамляюць, што падлеткi ў нас сёння «завiслi ў паветры». Дзве вiдавочныя праблемы пакуль не знаходзяць вырашэння. Па-першае, самi ўрачы дрэнна ўяўляюць сабе спецыфiчныя асаблiвасцi i патрэбы падлетка, а па-другое, падлеткi не iдуць i нават пазбягаюць сустрэч з урачом. Дружалюбныя да падлеткаў клiнiкi, кабiнеты, якiя паступова адкрываюцца ў абласных гарадах, — навiнка для дарослых, а для маладых людзей нешта незразумелае, а часам нават i невядомае. Здароўе, якога няма Медыцынскае абследаванне дзяўчынак у Мiнску паказала, што ва ўзроставай групе 12—14 гадоў самыя розныя захворваннi маюць 57 працэнтаў, а сярод 15—17-гадовых — 78 працэнтаў. 75 працэнтаў сталiчных старшакласнiц маюць хранiчныя захворваннi. Назiраюцца расстройствы ўсiх сiстэм, у тым лiку рэпрадуктыўнай. У пачатковых класах такiя парушэннi маюць каля 6-7 працэнтаў дзяўчынак, у 17 гадоў — больш чым трэцяя частка. У спартыўных школах парушэннi рэпрадуктыўнай функцыi назiраюцца ў 72 працэнтаў дзяўчат, у спецыялiзаваных — у 59, а ў агульнаадукацыйных — у 41 працэнта. Асноўнымi прычынамi парушэнняў рэпрадуктыўнай сiстэмы з’яўляюцца, як правiла, стрэсы (а на iх наяўнасць дома i ў школе ўказвае досыць вялiкi працэнт апытаных дзяўчынак), вострыя хранiчныя iнфекцыi, дэфiцыт або лiшак масы цела, паталогii яечнiкаў, хваробы печанi i нырак, аператыўныя ўмяшаннi, запаленчыя хваробы i iншае. Паводле слоў Людмiлы Мажэйка, наогул рэпрадуктыўная сiстэма вельмi крохкая, i вялiкiя непрыемнасцi могуць пачацца з малых — з парушэнняў менструальнага цыкла, напрыклад. Расстройствы менструальнай функцыi назiраюцца ў 61 працэнта старшакласнiц. Новае слова ў кантрацэпцыi Прафесар Гунта Лаздане, рэгiянальны саветнiк Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя па рэпрадуктыўнаму здароўю, не толькi вучыць студэнтаў Латвii, але i спрабуе палепшыць сiтуацыю ў 52 краiнах Еўропы. Нашым медработнiкам у галiне аховы рэпрадуктыўнага здароўя i планавання сям’i прафесар прадставiла дапаможнiк на рускай мове «Медыцынскiя крытэрыi прымальнасцi для выкарыстання метадаў кантрацэпцыi» — рэкамендацыi, якiя могуць дапамагчы ў правядзеннi больш кампетэнтных кансультацый па выбару сродку кантрацэпцыi для людзей з пэўнымi захворваннямi i для падлеткаў. Паводле «Медыцынскiх крытэрыяў» i слоў спадарынi Лаздане, не iснуе адназначнага адказу на пытанне, якi сродак кантрацэпцыi з`яўляецца аптымальным для падлеткаў. Канешне, для неманагамных адносiнаў (а менавiта такiя характэрны для «пераходнага» перыяду) кантрацэптывам №1 застаецца прэзерватыў, якi засцерагае не толькi ад цяжарнасцi, але i ад IППШ. Аднак эфектыўнасць прэзерватыва значна змяншаецца падчас няправiльнага выкарыстання. Да таго ж латэксны выраб абараняе не ад усiх непрыемнасцяў. Вядома, падлеткi могуць падвяргацца высокай рызыцы заражэння iнфекцыямi, якiя перадаюцца палавым шляхам, яны горш, чым дарослыя, пераносяць пабочныя эфекты i таму хутчэй адмаўляюцца ад рэгулярнага карыстання метадам. Па вялiкаму рахунку, падлеткам не падыходзяць таблеткi, «бар`еры», адсочванне фертыльнасцi i iншае, паколькi яны патрабуюць ад карыстальнiка пэўных намаганняў. Тым не менш, «правядзенне растлумачальнай работы i ўрачэбнае кансультаванне, як на папярэднiм этапе, так i непасрэдна ў момант выбару канкрэтнага метаду кантрацэпцыi, можа аказаць падлеткам iстотную дапамогу...». P.S. У Галандыi няма педыятраў. Хлопчыка або дзяўчынку кансультуе сямейны ўрач, хадзiць да якога нiкому не боязна. У Швецыi сямейны ўрач займаецца лячэннем, а для кансультацый па планаванню сям“i iснуюць дружалюбныя цэнтры для моладзi. У нас да 18 гадоў назiрае педыятр. Далей яна пераходзiць у рукi ўчастковага тэрапеўта i гiнеколага, а хлопчык у сэнсе рэпрадуктыўнага здароўя тым часам губляецца. Дружалюбныя да моладзi цэнтры толькi пачынаюць стварацца. А пакуль яны «разгортваюцца», застаюцца адкрытымi вельмi важныя для некага зараз пытаннi: цi з’явiцца ў нашага падлетка магчымасць набыць экстранныя кантрацэптывы без рэцэпта ўрача? I дзе непаўналетнi возьме грошы на рэгулярную засцярогу?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi беларускiя падлеткi прызвычаяцца звяртацца па дапамогу да спецыялiстаў па рэпрадуктыўнаму здароўю? Як хутка ўсе яны будуць мець такую магчымасць
|
|