Вёска Таль і яе жыхарыСоцыум (Працяг. Пачатак у нумары за 27 кастрычніка.)3. «...Магазiны — магазiн № 1 Таль, магазiн № 2 Таль, магазiн № 3 Таль, магазiн прамтавары Таль, магазiн Вежанка, магазiн Ператок, магазiн Касцюкi, магазiн Дубнiкi; сталовыя — няма...» Сталовая, мiж iншым, ёсць. Толькi не працуе. А калi ўязджаць у Таль з боку Слуцка, то справа — грандыёзнае збудаванне з чырвонацаглянымi лiчбамi на франтоне — 1992. Гэта — конна-спартыўны комплекс, адкрыццю якога перашкодзiлi вядомыя падзеi. Яны ж перашкодзiлi завяршэнню буйнога свiнакомплексу на 250 тысяч галоў. Сёння: свiнакомплекс аднаўляецца, але ўжо не буйны, а проста ферма; з коньмi i спортам не зусiм ясна. Думаю, гэта нават добра: краiна наша невялiкая, i ўсё павiнна быць невялiкiм. Як кажуць, па грашах i амбiцыi. А школа ў Талi — проста цуд! Шчыра, мне спадабалася. Невялiкi рамантычны парк вакол, цiхая сажалка, цiкавая брама на ўваходзе, у вестыбюлi — сапраўдны зiмовы сад. Мноства невядомых мне раслiн i магнiтола — перапынкi тут музычныя. А вучняў у школе 131 чалавек. На наступны год у 1 клас назбiралася 12 кандыдатаў, праз год, як мяркуецца, iх будзе 5. Малавата, канешне. Праўда, аўтар вёсцы Таль тут нiчым дапамагчы не можа. Школа, трэба адзначыць, з экалагiчным ухiлам. Гэта адчуваецца нават на ўзроўнi 3-га паверха. Там жыве малпа Груша. У яе асобны пакой, а парода мне невядомая. Падобная на бабуiна, здаецца. На нас з намеснiкам дырэктара Валянцiнай Адамаўнай Груша не звярнула анiякай увагi. Было крыху крыўдна: не да кожнай малпы прыязджае сталiчны журналiст... Адаптавалася Груша выдатна, есць усё, што нi дасi. Наш чалав... прабачце, малпа. Талiцкую школу з залатым медалём скончыла 15 чалавек. З 1965 года. Сёлета — нiкога. Затое двое паступiлi ў ВНУ, а трое — у тэхнiкумы i каледжы. Настаўнiкаў хапае, некаторыя ездзяць з Любанi. Агульнанацыянальная праблема: вучняў усё менш, настаўнiкаў жа менш не становiцца. Магло б узнiкнуць пытанне: а хто будзе працаваць у «Таль-агра» праз дзесятак гадоў? У мяне, праўда, на розум прыходзiць iншае: як зрабiць так, каб замест 10 чалавек з работаю спраўлялiся 2? 4. «...Аддзяленнi сувязi — Таль, Касцюкi. Комплексныя прыёмныя пункты — Таль. Культавыя ўстановы — царква Таль. Дамы сацыяльных паслуг — в. Ператок, в. Вежанка. Колькасць населеных пунктаў — 5. Колькасць зямельных угоддзяў — 1371,2 га, ворная зямля — 973,4 га, сады — 36 га, сенажацi — 4 га, паша — 241,1 га, лясныя ўгоддзi — 70 га...» Прабачэннi за банальнасць: шклянка бывае напалову пустой або напалову поўнай. З гэтага пункту гледжання сярэдняя зарплата за 2004 г. у 170 тысяч рублёў выглядае не вельмi. Але ў 2003-м увогуле было 98. Шклянка напалову поўная. Тэмп росту — 173 працэнты. А ў даярак i свiнарак — у 2 разы. Ва ўсiх катэгорый работнiкаў заробкi выраслi крыху менш, чым у тыя ж магiчныя 2 разы. Сёння найвышэйшая зарплата, прашу заўважыць, у тых, хто непасрэдна вырабляе сельгаспрадукцыю, — 171,6 тысячы, i тых, хто арганiзуе працэс, — 171,9. Адпаведна, у кiраўнiкоў 280,3 тысячы рублёў. Гэта — даныя за 2004 год. Я разумею, што лiчбы не вельмi ўражваюць. Пры гэтым ПСУП «Таль-агра» iснуе толькi крыху больш як год — яно ўтварылася ў лiпенi 2004-га. Я разумею, што база ў гаспадаркi была моцная, мелася патрэба толькi ў тым, каб крыху «змазаць» iржавы механiзм i прымусiць яго працаваць. Змазалi. Запрацаваў. Потым была падкiнута iдэя прыватнага прадпрыемства. Яе абмялi i абмазгавалi: спадабалася. — 70 чалавек пасля агульнага сходу закадзiравалiся! — Тамара Антонаўна дагэтуль гаворыць аб гэтым з доляй здзiўлення. Як вы разумееце, закадзiравалiся мужыкi не ад атлусцення. Гэта паказчык? Паказчык. Па-мойму, ён нават важней, чым прывагi, надоi i ўраджаi. Хоць i з iмi парадак. Напрыклад, у жывёлагадоўлi ўсе магчымыя паказчыкi — з перавышэннем. Бывае — у разы. З раслiнаводствам горш, бо засуха ў гэтых мясцiнах была такая, што глеба не засвойвала ўгнаеннi. Што вы хочаце, гэта зона рызыкоўнага земляробства — тарфянiкi. Паколькi «Таль-агра» прынцыпова абыходзiцца без крэдытаў, цiкава было б паглядзець на сённяшнiя заробкi. Значыць, за студзень—жнiвень 2005-га сярэдняя зарплата па гаспадарцы была 235 тысяч рублёў. Параўнайце: 151 тысяча ў мiнулым годзе. 5. «...Пражывае насельнiцтва — 2145 чалавек, у т.л. мужчын — 967, жанчын — 1178; з iх па ўзросту: да 6 гадоў — 84, 7—16 гадоў — 246, 16—30 гадоў — 288, 30—60 гадоў — 677, пенсiянераў — 850...» Па традыцыi кантора гаспадаркi i сельсавет размешчаны побач. Так бы мовiць, улада ў канцэнтраваным выглядзе. Аўтар проста перайшоў з аднаго будынка ў другi, дзе прыемная маладая жанчына Наталля Мiхайлаўна (сакратар сельсавета) паведамiла цiкавую рэч: — У нашым раёне за сельсаветамi замацаваны камбайны, — Наталля Мiхайлаўна мiла ўсмiхнулася. — За ўсiмi. У нас вось 4 камбайны. Тры працуюць, а адзiн... Ну, на запчасткi, значыць... Камбайны, зразумела, старэнькiя, знаёмай да болю маркi СК. Але, i гэта галоўнае, жыхары вёсак Савета не чакаюць, калi гаспадарка ўбярэ сваё. Я даўно кажу: усё генiяльнае — простае. З бульбай яшчэ весялей: шмат у каго ёсць малагабарытныя трактары, а таксама 1 (адна) конская сiла ў выглядзе каня. Наймай, убiрай i плацi. Прычым ветэранам вайны — 50-працэнтная скiдка. Мiж iншым, вёска па плошчы даволi буйная. Як i заўсёды i ўсюды, ёсць старыя i новыя вулiцы, старыя i новыя дамы. Па колькасцi i дабротнасцi цагляных дамоў адчуваецца маштаб гаспадаркi ў яе лепшыя часы. З iншага боку, мнагавата пустых хат, дзе нiхто не жыве. Мне паведамiлi: пакупнiкоў на iх няма... Звычайная гiсторыя. Затое з’явiлiся тры новыя акуратныя катэджы — iх узвялi згодна з прэзiдэнцкай праграмай. Мяркуецца пабудаваць яшчэ дзесяць. Хто будзе там жыць? Ну вось прэтэндуюць настаўнiкi. Спецыялiсты гаспадаркi таксама не супраць палепшыць жыллёвыя ўмовы. А ў пабудаваных ужо дамах жывуць, так бы мовiць, непасрэдныя выканаўцы праграмы ажыццяўлення харчовай бяспекi краiны. Даяркi, механiзатары. — А як жа? — выказалася адна жанчына. — Мы таксама людзi! I мы хочам, каб ванна, гарачая вада i прыбiральня былi ў хаце! Чым мы горшыя за гараджан? Нiчым. У тым i ўся справа. Сяргей ШАЎЦОЎ. Мiнск—Любань—Мiнск. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«...Магазiны — магазiн № 1 Таль, магазiн № 2 Таль, магазiн № 3 Таль, магазiн прамтавары Таль, магазiн Вежанка, магазiн Ператок, магазiн Касцюкi, магаз |
|