Cкульптар Андрэй Бембель i яго «ТАТА-лiтарны рэжым»30 кастрычнiка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага скульптара, народнага мастака Беларусi Андрэя БЕМБЕЛЯ У час Вялiкай Айчыннай вайны Андрэй Бембель выканаў знакамiты партрэт Мiкалая Гастэлы — скульптура, якая стала шырока вядомай. Дэталь: англiйскiя рэжысёры, здымаючы ў Савецкiм Саюзе ў 1944 г. дакументальны фiльм аб вайне, увялi ў фiнал менавiта гэты скульптурны партрэт Гастэлы — як сiмвал непераможнасцi савецкага народа. Скульптару належыць i шмат iншых цiкавых работ, шматфiгурных кампазiцый, партрэтаў-бюстаў народных герояў, пiсьменнiкаў, артыстаў, вучоных. Помнiк Дз. Мендзялееву ўстаноўлены перад будынкам хiмiчнага факультэта Маскоўскага унiверсiтэта... А заявiў пра сябе на ўвесь голас Андрэй Бембель, тады яшчэ малады скульптар, у пачатку 1930-х, калi выканаў значныя па аб’ёму i зместу барэльефы для Дома ўрада ў Мiнску. За плячамi была вучоба ў Вiцебскiм мастацкiм тэхнiкуме i Ленiнградскiм мастацкiм iнстытуце, работа ў Гомелi, дзе ён арганiзаваў курсы па выяўленчаму мастацтву... — Вы адышлi ад мiрскога жыцця ўжо пасля смерцi бацькi — а як бы ён успрыняў гэты ваш выбар? — Думаю, там душа яго вельмi радуецца — што сын пайшоў у манастыр, свае грахi адмольвае i молiцца за спакаенне блiзкiх сваiх i сяброў. Адзiн манах, кажуць, можа вымалiць увесь свой род... Да майго выбару блiзкiя i сябры аднеслiся па-рознаму. Спачатку мая дачка Таццяна падумала, што ў бацькi чарговае паэтычнае захапленне: усё зведаў у свеце, усё абрыдла — дай я пагляджу, што гэта такое — манастырскае жыццё... Потым, праз паўгода як я сышоў у манастыр, яна прыехала павiншаваць мяне з днём нараджэння. Сказала: «Так, бацька, для захаплення звычайна 2—3 месяцаў хапае, а тут ужо паўгода. Значыць, гэта не захапленне, а любоў...». У параўнаннi з багемным жыццём мера свабоды манастырскага рэжыму послуху непараўнальна большая. Я пераканаўся, што сапраўдная свабода — толькi тут. — ?.. Традыцыйнае ўяўленне: у манастыры ўсё нельга. — Нельга — толькi тое, што пярэчыць запаведзям Божым. Астатняе — усё можна... А тое, што пярэчыць запаведзям, — дык гэта ўсюды нельга. Iншая справа, што людзi ў пераважнай большасцi такiя iстоты, якiя любяць акурат тое, што нельга... — А Андрэй Бембель быў веруючым чалавекам? — Ён сямi гадоў спяваў на клiрасе!.. Ён выйшаў з глыбока рэлiгiйнай праваслаўнай сям’i. Дарэчы, бацька — адзiн з 14 дзетак, якiх нарадзiлi i выгадавалi дзед Ануфрый i бабуля Стэфанiда. А потым, калi здарыўся бальшавiцкi пераварот, яго закруцiла гэтая рэвалюцыя, i ён стаў зацятым бязбожнiкам — але хутчэй на словах. Бо калi я пахрысцiўся ў 42 гады пад уплывам цётачкi, роднай матчынай сястры, якая адкрыта ў царкву хадзiла i ў 20-я гады адсядзела... Ён з цётачкай у застоллях вельмi мiла сумовiўся, яны чокалiся-ўсмiхалiся... Я нiяк не мог зразумець, чаму памiж царквой i роднай партыяй не могуць быць такiя ж дружалюбныя адносiны. Яны ж знаходзяць паразуменне — а тут чаму такая варажнеча? Цётачка была прыхiльнiцай тэорыi хрысцiянскага камунiзму. I ў манастырах, дарэчы, «камунiзм» iснуе ўжо амаль дзве тысячы гадоў: ад кожнага — па здольнасцях (послух) i кожнаму — па патрэбе (трапеза: стаiць агульная мiса, кожны бярэ па патрэбе). Але гэты «камунiзм» з Хрыстом, а не супраць Хрыста. ...Тое, што сын прыйшоў да хрысцiянскай паэзii, да веры шчырай, было бацьку ў радасць. Ужо будучы смяротна хворым, ён прасiў чытаць яму мае хрысцiянскiя вершы. — Нiдзе не змагла прачытаць, кiм жа былi бацькi скульптара Бембеля? — У 1913 годзе дзед Ануфрый атрымаў дваранства — да 300-годдзя дома Раманавых. Ён быў служачым казначэйства. — Таму ў савецкi час i не ўзгадвалi пра паходжанне... Раскажыце, калi ласка, пра вашу сям’ю. — Мая мацi скульптар, Вольга Анатольеўна Дзядок. Яны з бацькам разам вучылiся ў Ленiнградзе. Сустрэлiся на экзамене, бацька ў яе закахаўся, ну i яна таксама... Потым паехалi ў Гомель да матчыных бацькоў. У галодны час тыя падкармiлi будучага народнага — а тады галоднага галадранца... Акурат у той час ён выйграў усесаюзны конкурс i «ўзляцеў». Як кажуць, з гразi ды ў князi... Мая дачка Таццяна падрыхтавала кнiгу ўспамiнаў мацi. ...Старэйшую сястру звалi Клара. Тады мода была на iмёны рэвалюцыянерак — Клары Цэткiн, Розы Люксембург... I сястра трапiла пад гэтую моду. А хрышчоная яна як Клаўдзiя — i я малюся за яе як за Клаўдзiю... Сястра скончыла ўсходнi факультэт Ленiнградскага унiверсiтэта, але ўсё жыццё працавала на Беларускiм тэлебачаннi. — А вы, брат Мiкалай, дзе толькi не вучылiся: полiтэхнiчны iнстытут, музвучылiшча, кансерваторыя, аспiрантура Iнстытута фiласофii i права Акадэмii навук... — «Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь...» — Бацька не хацеў, каб вы iшлi па яго шляху? У дзяцiнстве вы не малявалi, не ваялi? — Бацька быў не супраць гэтага. Але ён заўсёды быў супраць прымусу. Ён — царства яму нябеснае! — даваў мне поўную творчую свабоду: што хочаш, тое i рабi. I вось ва ўмовах, як кажуць, ТАТАлiтарнага рэжыму... Дарэчы, ТАТАлiтарны — ад слова «тата». Харошы рэжым!.. Вось дэман-кратыя — у пекле, а на небе Тата нябесны, а тут — тата мой зямны. — Тата-лiтарны... — А «лiтарны» — ад слова «лiтасць». Тата-лiтарны рэжым — значыць «татава лiтасць»... Дык у мяне сапраўды быў тата-лiтарны рэжым, пры якiм я меў поўную свабоду. Амаль як у манастыры. Можа, таму мяне i пацягнула на схiле дзён у манастыр — што гэта рэжым усяго майго жыцця: тата-лiтарны... — Цi строгiм бацькам быў Андрэй Ануфрыевiч? Рэменя ў дзяцiнстве давялося пакаштаваць? — Не, нiколi. Мацi даставала яго, толькi калi мяне на пiянiна прымушалi iграць. Я не хацеў — страшэнна... Сказаў: «Ну ладна, школу музычную скончу, а потым нiколi ў жыццi не сяду за пiянiна!..» А мацi: «Паразумнееш — яшчэ i дзякаваць будзеш». I сапраўды. Потым скончыў i кансерваторыю. — У манастыры ёсць фартэпiяна? — У семiнарыi ёсць. Час ад часу я дарываюся i... У дзяцiнстве не толькi маляваў — я i глiну крыху мясiў. Але больш любiў фармаваць. А калi бацька адчуў, што ў мяне iншыя захапленнi... Спачатку футбол, з ранку да вечара. Пазней — музыка. Гадоў дзесяць з ранку да вечара грымеў на раялi i мучыў сваiх блiзкiх. Яны цярпелi, бедныя... А потым захапiла фiласофiя, i я паступiў у аспiрантуру па спецыяльнасцi «гiсторыя фiласофii». Аналiзаваў праблему нацыянальнага i iнтэрнацыянальнага ў духоўнай культуры — менавiта бацька параiў мне ўзяць гэту тэму... Але маю дысертацыю гадоў пяць «адфутбольвалi» ад адной спецыялiзацыi да другой (яна напiсана «на стыку»), а ў рэшце рэшт сказалi: справа не ў гэтых дэталях, а ў тым, што яна немарксiсцкая. А калi гэта работа асобнай кнiжкай выйшла ў Лондане, некаторыя радыкалы нават хацелi назваць маю дысертацыю «антысавецкай». Але дырэктар Iнстытута фiласофii i права змякчыў фармулёўку на «немарксiсцкая» — таму мяне толькi выгналi з партыi ды паступова «выцiснулi» з Акадэмii навук. — Дык вы i членам КПСС былi?! — 16 гадоў. Прычым мяне выгналi з партыi не за хрысцiянскiя вершы, не за тое, што я тайна хрысцiўся, будучы членам партыi, на даму ў святара (мой навуковы кiраўнiк Конан быў i маiм хросным бацькам). Не аднойчы задавалi пытанне, што рабiў бы, калi б мне вярнулi партбiлет, за якi так змагаўся — ажно да ЦК КПСС дайшоў. Я з радасцю прыняў бы партбiлет — пры ўмове, што КПСС будзе расшыфроўвацца як Крыжа-ўзвiжанскi Праваслаўна-Сацыяльны Саюз. Так што i па сённяшнi дзень я лiчу сябе членам КПСС, якую заўсёды расшыфроўваў такiм чынам. Дарэчы, калiсьцi па руках хадзiў мой вершык, якi газета «Знамя юности» пазней апублiкавала: Пашлюбавалiся — i годзе! Чарую, каб нячысты злез. Пад сонейкам тысячагоддзя Я ахрышчу КПСС! Калi верш хадзiў як «самвыдатаўскi», я быў яшчэ членам партыi. Але выгналi мяне за публiкацыю кнiгi. — А як жа вы яе апублiкавалi — у Лондане? — Ды не я апублiкаваў, у мяне i не пыталiся... Калi разбiралi маю персанальную справу, нiкога не цiкавiў змест дысертацыi — а толькi: як яна трапiла за мяжу? — А як? — Не ведаю. Калi мяне «адфутболiлi», я дадаў у дысертацыю канкрэтна сацыялагiчны матэрыял — i выйшла адксераная кнiга «Роднае слова i маральна-эстэтычны прагрэс». Пусцiў яе па руках... Прынамсi, тады адксерыць было не так проста, як цяпер. Кнiга хадзiла па руках, пра гэта ведалi «кампетэнтныя браты». Як яна трапiла ў Лондан, не ведаю. Мабыць, хтосьцi тайна правёз яе праз мяжу. О, такi лямант узняўся!.. — Як бацька ставiўся да ўсяго гэтага? — Яго вельмi падкасiла гэтая публiкацыя ў Лондане — i тое, што мяне адусюль пагналi. На стадыi апеляцыi ў абкаме партыi (а яна пайшла ў ЦК КПСС) ён памёр. — Андрэй Бембель быў членам ЦК КПБ? — 10 гадоў. I вось у члена ЦК КПБ сынок... — Прабачце, але вы яго ў пэўным сэнсе... нiбы падштурхнулi да хутчэйшага сыходу з жыцця? — Не тое што падштурхнуў — але гэтая сiтуацыя вельмi на яго паўплывала. Ён вiдавочна здаў, здароўя гэта яму не дадало. — Дык вы адмольваеце i гэты грэх? — Адмольваю. Малюся. I вершы бацьку прысвяцiў. Ён цяжка памiраў... Апошнi разлом памiж тленным i вечным Адольваем цяжка, як першы дзiцё. Трымаюць агонiю нечыя плечы I ўсё ж праглынае наш тлен небыццё. А плён, што для вечнасцi сэрца сабрала, Ў апошнiм адчаi даспее той плён. Пакуты адмераў — ні шмат i ні мала — Мiж тленным i вечным апошнi iзлом. ...Калi бацька ляжаў у труне, я паклаў яму ў рукi крыжык, закручаны ў верш: Сустрэне за мяжой Хрыстос адзiны Душу пакутную, што ўздымец- ца ў блакiт, З сабою ўзяўшы зорныя хвiлiны. А тлумны час адыдзе у нябыт. На вачах гэтага ўсяго партыйнага начальства на Маскоўскiх могiлках я перахрысцiўся, перахрысцiў бацьку. Усе анямелi... I потым, калi ўжо ў ЦК была мая апеляцыя, чалавек, якi вёў маю справу (вiдаць, яму сорамна было), сказаў: «Алег Андрэевiч, мне не вельмi прыемна, але я вымушаны паказаць вам адзiн дакумент». I паказаў. Напiсана было на бланку ЦК КПБ: «Считаю своим долгом сообщить, что при похоронах известного скульптора Андрея Ануфриевича Бембеля его сын перекрестил отца, сам перекрестился...» I ўсё апiсана! I подпiс быў!.. I некага ж пацягнуў дух лiхi: «Считаю своим долгом...». Той чалавек, якi паказаў мне гэты «дакумент» i якому было няёмка, спытаў: «Как вы сами реагируете на этот факт?». Кажу: нашы продкi заўсёды хавалi сваiх бацькоў пад крыжамi. — У вас з бацькам было паразуменне па ўсiх пытаннях? — Ён быў чалавекам асцярожным: трое яго дзядзькоў былi рэпрэсiраваны. Але са мной вёў шчырыя размовы. Ён фактычна быў сааўтарам маёй дысертацыi. Мы шмат гутарылi пра мастацтва, пра культуру ў цэлым — многiя яго iдэi я скарыстаў у дысертацыi... Дарэчы, праз гэтую тэму — праблемы нацыянальнага i iнтэрнацыянальнага ў культуры — я i да мовы прыйшоў. — А да гэтага?.. — У школе быў вельмi добры настаўнiк — мы не так дзеля мовы, як дзеля яго старалiся. I нароўнi ведалi беларускую i рускую. А пасля школы моваю практычна не карыстаўся, з 1956 па 1971 годы была паўза... I вось калi я пачуў, як мой навуковы кiраўнiк Уладзiмiр Конан гаворыць па-беларуску — а мне няёмка: слова-другое, i ўжо свабоду страцiў у мове. Пакуль я падцягнуўся крышку, пэўны час прайшоў. Дысертацыю адразу на мове пачаў пiсаць. Дарэчы, гэта адразу было для маiх апанентаў як чырвоны колер для быка. Маўляў, «а-а, все ясно, чего это он выпендривается...». Па фiласофii нiхто на мове не пiша дысертацыi, а ён, такi разумнiк, узяўся. — Няўжо не было «фiласофскiх» дысертацый на мове?.. А сам Конан? — Так. Ён мяне падтрымлiваў. Хоць яго i «дзяўблi»: чаго гэта ты не можаш навучыць «правiльна» дысертацыi пiсаць?.. А пазней за выхад маёй кнiгi разагналi сектар сацыяльнай псiхалогii i эстэтыкi, якi Конан узначальваў, i яго самога знялi з пасады. — Бачыце, колькi людзей пацярпела з-за вас... Цiкава, а вы задаволены той лонданскай публiкацыяй? — Гэта была мая першая публiкацыя, не кастрыраваная, не знявечаная цэнзурай. «Кампетэнтныя браты» казалi: падавай у суд на выдаўцоў. Запярэчыў: як жа падаваць, калi яны нiводнай коскi не змянiлi. — А ганарар вы атрымалi? — Не. Калi ўжо адкрылiся межы, мне прывезлi жменю «зялёных» — ганарар. Прапанаваў ахвяраваць царкве. Госць схаваў грошы, мы пайшлi ў царкву — не ведаю, колькi ён ахвяраваў... Не дзеля грошай я пiсаў. — Вы сказалi: няма зараз Алега Бембеля, ёсць брат Мiкалай. А цi ёсць паэт Зьнiч — вас ведаюць менавiта пад гэтым лiтаратурным псеўданiмам? — Ёсць паэт Зьнiч, ён друкуецца ў нашым лiстку «Жыровiцкая абiцель» (я з’яўляюся рэдактарам гэтага выдання). — Вы, мабыць, адзiн беларускамоўны ў манастыры? — Са мной практычна ўсе па-беларуску размаўляюць. Альбо хоць некалькi слоў — каб паказаць, што i ён не лыкам шыты, — гаворыць... А лiсток наш двухмоўны, згодна з афiцыйнай палiтыкай. Тытул, выхадныя даныя, паэтычны куточак — па-беларуску. Па прынцыпу «гвалтам мiлы не будзеш» — мы хочам мовай зачараваць, а не прымусiць. — Андрэй Бембель быў выдатным педагогам. Каго з вучняў ён лiчыў самымi таленавiтымi? — Мiколу Бельскага. Гэта унiкальны самародак. Вясковы хлопец, якi па-руску гаварыць не ўмеў, такая прыгожая ў яго мова была... Бацька Мiколу вельмi любiў, падтрымлiваў. Яшчэ Анатоль Анiкейчык. З iм былi i сутычкi: абодва — натуры гарачыя. I Аляксей Шмакаў... Яны ўзрасталi ў бацькавай майстэрнi, я iх з малых гадоў ведаў — на маiх вачах яны ператварылiся ў масцiтых майстроў. — Многiя ўспамiнаюць Андрэя Ануфрыевiча як чалавека надзвычай шырокай натуры, вельмi гасцiннага... — Бацька любiў застоллi, любiў гасцей. Там i музыкi былi, i «скамарохi» (так ён называў артыстаў), i лiтаратары. Помню, 50 гадоў бацьку спраўлялi, тосты... Хтосьцi прамаўляў: «Слава скульптару Андрэю, хай Андрэй той не дурэе, няхай з глiны вырабляе...» А Глебка ўстаў: «Дайце хоць крышку Андрэю свабоды, хай вырабляе з любое пароды!». — Якой работай ваш бацька асаблiва ганарыўся? — Партрэт Мiкалая Гастэлы — тут, сапраўды, Бог даў натхненне яму магутнае. Някепска атрымаўся Курган Славы — гэтыя твары ў коле i сiмвалы штыкоў. Там праглядваецца сiлуэт крыжа, дарэчы... I сiлуэт крыжа быў у ягоным праекце Брэсцкай крэпасцi: на фоне рассечанай зоркi — фiгура воiна, у адной руцэ граната, у другой — сцяг. Праект не прайшоў, але захаваўся ў мадэлi. У адным з маiх вершаў, прысвечаных бацьку, ёсць слупок: Позiрк Мацi-Радзiмы горкi, Блаславеннем сумным маўчыш. А праз цела рассечанай зоркi Век дваццаты ўзыходзiць на крыж. Мацi-Радзiма — пра скульптуру на беларускiм павiльёне ВДНГ. — Андрэй Бембель быў творча свабодным чалавекам? — Безумоўна. Бог яму даў такую сферу пластыкi, чалавечай прыроды i духу, дзе тагачасныя iдэалагемы не працавалi. Ён быў абмежаваны так званым сацыяльным заказам — але ў гэтых рамках яго сфера пластыкi давала выхады на свабодны творчы пошук. Таму многiя яго творы — яны навечна. Таццяна ПАДАЛЯК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 кастрычнiка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага скульптара, народнага мастака Беларусi Андрэя БЕМБЕЛЯ
|
|