Хата на беразе возера
Аднойчы запыталi гiсторыка, акадэмiка Акадэмii навук СССР I. I. Мiнца, што такое архiў. Вучоны ў адказ дастаў з кнiжнай палiцы твор з шэрагам архiўных спасылак i вымавiў: «Архiў — месца прысутнае». Гэта азначае, што архiвы як крынiцы вывучэння мiнулага маюць практычнае значэнне.
Пацвярджэннем сказанага служаць нядаўна адшуканыя ўспамiны былога камандзiра разведвальна-дыверсiйнай групы партызанскага атрада «Дзiма» П. Дз. Трашкова — «Хата на беразе возера». Iх аўтар, Пётр Дзмiтрыевiч, нарадзiўся ў 1922 г. у сям’i селянiна ў Пскоўскай вобласцi. Доўгi час, пасля заканчэння школы токараў у Ленiнградзе, працаваў на новабудоўлях Урала, Каўказа, Сярэдняй Азii. У 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную Армiю. Служыў пад Беластокам. Тут, на заходняй мяжы, i сустрэў Вялiкую Айчынную вайну. 28 чэрвеня 1941 г., у час абарончых баёў пад Мiнскам, трапiў у палон. У 1942 г. стаў байцом, а потым камандзiрам разведвальна-дыверсiйнай групы. Успамiны змяшчаюць новы фактычны матэрыял аб замаху на нямецкага гаўляйтэра В. Кубэ, расказваюць аб тых, хто не ўвайшоў у пiсьмовую гiсторыю, але без каго яна не можа лiчыцца поўнай. Знаходка з невялiкiмi скарачэннямi друкуецца ўпершыню. «У сакавiку 1942 г. у Вiцебскую вобласць, у раён Чашнiкаў, быў выкiнуты дэсант з сямi чалавек. Камандзiр групы — старшы лейтэнант Васiль Васiльевiч Шчарбiна, камiсар — Давiд Iльiч Кеймах, радыст — Валодзя Дружынiн i iнш. Група выконвала заданнi Галоўнага разведупраўлення Генеральнага штаба Чырвонай Армii. З Вiцебскай вобласцi яна рэйдам у маi 1942 г. перайшла ў Мiнскую — Лагойскi раён, Янушкавiцкi сельскi Савет. У вераснi таго ж года трагiчна, па неасцярожнасцi, гiне наш мужны камбрыг Шчарбiна. Брыгаду ўзначалiў Дз. I. Кеймах — «Дзiма». I вось прыйшоў час, калi наспела пытанне аб арганiзацыi ў адной з вёсак партызанскага аператыўнага штаба. Я прапанаваў Янушкавiчы... З узарваных дотаў, што знаходзiлiся на мяжы 1939 г., мы дасталi шэсць станкавых кулямётаў. З шасцi сабралi тры. З групай неслi нялёгкi, але каштоўны для нас груз. Хлопцы даволi стамiлiся; наперадзе, у нiзiнцы, стаяла вёска Янушкавiчы. «Адпачывайце, — сказаў я хлопцам. — А я пайду ў вёску за падводай». Вёска раскiнулася па ўсiх накiрунках. За дамбай, на беразе возера, стаiць хата. Нямоцна стукаю. Дзверы адчынiў мужчына. Павiталiся. «Заходзьце, — сказаў ён i прапусцiў у хату. — Сядайце. Здымайце аўтамат. Немцаў i днём не бывае, а ноччу — тым больш». «Не маглi б вы нам дапамагчы? Мы нясём цяжкi груз, ён недалёка ад хаты. Падвядзiце нас да Бярзды». «Зараз?» — спытаў гаспадар. «Так!». — «Пайду запрагаць». Гаспадыня паставiла на стол малако, хлеб: «Сядайце за стол. Пачастуйцеся». Так завязалася наша знаёмства з сардэчнымi i ветлiвымi людзьмi. Не ведаў я тады, што хата на возеры стане значнай з’явай у жыццi не толькi маiм, але i ўсёй нашай брыгады асобага назначэння. У хаце Вярбiцкiх Мiкалай Пятровiч Фёдараў, якi змянiў загiнуўшага Дз. I. Кеймаха, абмяркоўваў дэталi аперацыi па знiшчэнню Кубэ. Усе 5 нашых камбрыгаў у свой час наведалi хату на беразе возера, дваiм з iх пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. ... Незабыўнай вераснёўскай ранiцай 1943 г. я навучыў Осiпаву, як трэба ставiць мiну на баявы зарад, як больш надзейна замiнiраваць ложак ката. У гэтай хаце мы з памочнiкам Мiкалая Пятровiча Фёдарава Сяргеем Хрэнавым знайшлi надзейны спосаб дастаўкi мiны ў Мiнск. Спрабавалi ўкласцi яе ў бохан хлеба вясковай выпечкi. Не падышло. Вярбiцкая прынесла з агарода гарбуз. Вызначылi месца ў гарбузе для мiны, уклалi, закрылi — вiдаць. «А што, калi мiну ўсунуць у маленькi кошык i засыпаць яе бруснiцамi?» — прапанаваў я. Вярбiцкая прынесла набор кошыкаў. Я ўзяў самы маленькi. Напярэдаднi Надзя Бялькевiч, якая жыла праз вулiцу, прынесла з лесу бруснiцы. Я пазычыў у яе кiлаграма паўтара, уклаў мiну ў кошык i засыпаў ягадамi. Осiпава згадзiлася на такi варыянт. Але сумненнi ў яе не праходзiлi. «Ведаеш, — гаварыла яна, — гэта ж вiтамiны, адбяруць». «Не адбяруць, — сказаў я. — На ягады пакладзём паўдзесятка яек. Калi будзеш падыходзiць да кантрольна-прапускнога пункта, разбi пару з iх, i гэта змесцiва размаж па ягадах. Такiя ягады немчура не захоча браць...». На гэтым споведзь Трашкова крыху перарвем. Яе тэму аб Янушкавiчах i хаце Вярбiцкiх прадоўжаць успамiны баявой разведчыцы, партызанскай сувязной, выдатнай мiнскай падпольшчыцы Марыi Барысаўны Осiпавай. У iх таксама ёсць невядомыя да сённяшняга часу дэталi — факты вераснёўскай падзеi 1943 г. Павага да iх вялiкая. Усё, што гаворыць Осiпава, у нейкiм сэнсе можна ўспрымаць як рэпартаж з месца падзей. З яе ўспамiнаў — з-за эканомii газетнай плошчы — узята толькi частка, якая непасрэдна датычыцца разглядаемага пытання. Друкуецца таксама ўпершыню. «У пачатку верасня была ў брыгадзе, гутарыла з Фёдаравым аб гэтай аперацыi (гаворка iдзе пра Кубэ. — Аўт.), сказала, што будзем яго труцiць. Але не атрымалася, бо ў доме Кубэ сiтуацыя змянiлася... Дамовiлiся з А. Мазанiк, што яго трэба падрываць у яго логаве. Чысла 15 верасня (1943 г. — Аўт.) прыйшла з Грыбоўскай М. Г. (мiнская падпольшчыца, далей iдуць iмёны партызанаў. — Аўт.) у вёску Янушкавiчы, сустрэла Мiша Елiстратаў, папрасiла знайсцi Фёдарава. Папрасiла Трашкова, каб ён дастаў мне 2 мiны i 2 гадзiннiкавыя механiзмы з сутачным заводам. Трашкоў i iншыя партызаны не ведалi, для чаго брала мiны. Першае паведамленне аб гiбелi бандыта Кубэ прынёс чэх Франц. Ён з брыгады «Бальшавiк» i быў у Мiнску па заданню. Выйсцi з горада яму ўдалося толькi таму, што ён вельмi добра валодаў нямецкай мовай i быў апрануты ў нямецкую форму. Калi Кубэ ўзляцеў, Мiнск быў блакiраваны, некалькi дзён нельга было рускiм зайсцi i выйсцi з горада. Франц, вяртаючыся з Мiнска, зайшоў у вёску Янушкавiчы ў хату Вярбiцкiх. Гэта было ў гадзiны тры чацвёртага дня, у хаце знаходзiлiся Фёдараў, Мазанiк, я i iншыя партызаны, i ён нам сказаў, што адбылося ў горадзе. Цяжка на паперы выкласцi мае перажываннi, якiя мы перанеслi ў няведаннi два цi тры днi. Каб супакоiць мяне, Фёдараў даў мне гадзiннiкавы механiзм i сказаў: «Самi зарадзiце яго i прасачыце дзейнасць». Зарадзiла механiзм, i з Яняй Дрозд пайшлi i паклалi ў спецыяльнае месца, трохi болей за суткi ён праляжаў, а потым спрацаваў, запавольванне механiзма было выклiкана халодным надвор’ем на вулiцы. Яня Дрозд — дачка маiх гаспадароў, у якiх я хавалася, яе хацелi вывезцi ў рабства ў Германiю, я вывела яе ў сямейны лагер, i яна там жыла. У той дзень, калi мы прыйшлi ў брыгаду з Марыяй Рыгораўнай Грыбоўскай, набрала бруснiцы Яня i папрасiла мяне, каб я аднесла бацькам два лiтры ягад. Але я забрала ўсе ягады, i яны паслужылi добрай маскiроўкай. Яня Дрозд узнагароджана ордэнам Вялiкай Айчыннай вайны 2-й ступенi. Абыходзiцца з мiнамi мяне навучылi Ваня, Мiша i Трашкоў». Як бачым, у нейкiх дэталях успамiны не супадаюць. Але ў асноўным былы камандзiр дыверсiйна-разведвальнай групы П. Дз. Трашкоў i Герой Савецкага Саюза М. Б. Осiпава сыходзяцца. Хата з’яўляецца сапраўды гiстарычным месцам знамянальнай акцыi. Трашкоў памыляецца, калi гаворыць, што ў хаце Вярбiцкiх пабывалi два Героi Савецкага Саюза — В. В. Шчарбiна i М. П. Фёдараў. Аб’ектыўная гiсторыя дадае да гэтых iмёнаў прозвiшчы М. Б. Осiпавай i А. Р. Мазанiк. Амаль 20 гадоў прысвяцiў Пётр Дзмiтрыевiч Трашкоў збору матэрыялу аб «дзiмаўцах». Стаяў ля вытокаў iх сустрэч у хаце Вярбiцкiх. Ветэран аддаў не адзiн год вырашэнню пытання аб стварэннi ў хаце Музея партызанскай славы... З цягам часу хата на беразе возера ўсё больш асоўвалася i старэла, а потым i поўнасцю знiкла. Пайшлi з жыцця без нiякiх дзяржаўных узнагарод i кармiцелi партызанаў — Пётр Емяльянавiч i Фёкла Андрэеўна Вярбiцкiя. На месцы iх хаты мясцовыя ўлады ўстанавiлi ў якасцi мемарыяльнага знака вялiзны камень-валун: «Тут, у хаце Вярбiцкай Ф. А., у 1943 годзе была перададзена мiна Герою Савецкага Саюза Осiпавай М. Б. для выкання прысуду над катам беларускага народа Кубэ». Гэтымi днямi спаўняецца 62 гады з часу прысваення (29.10.1943) А. Р. Мазанiк i М. Б. Осiпавай звання Героя Савецкага Саюза. (Удзельнiца замаху на Кубэ Герой Савецкага Саюза Н. В. Траян у тых месцах не была.). Цiкава было б сабрацца маладым людзям у хаце, у якой былi i сустракалiся чатыры Героi Савецкага Саюза, звязаныя з аперацыяй, рэха якой прагучала на ўвесь свет. Але, на жаль, такога будынка ў Янушкавiчах ужо няма. Ёсць Музей славы, але не ў тым гiстарычным будынку, дзе хацеў яго бачыць былы партызан. Яўген БАРАНОЎСКI, вядучы навуковы супрацоўнiк Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь, кандыдат гiстарычных навук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднойчы запыталi гiсторыка, акадэмiка Акадэмii навук СССР I. I. Мiнца, што такое архiў. Вучоны ў адказ дастаў з кнiжнай палiцы твор з шэрагам архiўных
|
|