Як папярэдзiць карупцыю ў сферы адукацыi?
Надзея НIКАЛАЕВА
Згодна з iнфармацыяй Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, сёлета работнiкамi ўстаноў адукацыi было ўчынена 232 злачынствы. Ва ўстановах, падпарадкаваных непасрэдна Мiнiстэрству адукацыi, за 9 месяцаў выяўлены 53 факты ўчыненых злачынстваў. 92 злачынствы былi здзейснены ва ўстановах адукацыi (раённых аддзелах адукацыi), падпарадкаваных абласным i раённым выканаўчым камiтэтам i 87 — ва ўстановах адукацыi, якiя знаходзяцца ў падпарадкаваннi iншых органаў кiравання. Сумнае «лiдарства» па колькасцi выяўленых карупцыйных злачынстваў сярод вышэйшых навучальных устаноў трымаюць Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт транспарту (21 выпадак), Баранавiцкi дзяржаўны унiверсiтэт (9 выпадкаў), Вiцебскi дзяржаўны унiверсiтэт iмя П.М. Машэрава (8 выпадкаў) i Гродзенскi дзяржаўны унiверсiтэт iмя Я. Купалы (6 выпадкаў). Гэтыя факты былi агучаны днямi на калегii Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, дзе абмяркоўваўся ход выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ў сферы адукацыi i меры па папярэджаннi карупцыйных злачынстваў.
Як адзначыў у сваiм выступленнi першы намеснiк мiнiстра адукацыi Аляксандр Жук, у лiпенi 2004 года загадам Мiнiстэрства адукацыi быў зацверджаны i пачаў рэалiзоўвацца План мерапрыемстваў па процiдзеянню карупцыi ў сферы адукацыi. Для слухачоў устаноў сiстэмы павышэння квалiфiкацыi распрацаваны цыкл лекцый па парадку прыцягнення дадатковых крынiц фiнансавання i арганiзацыi пазабюджэтнай дзейнасцi ўстаноў адукацыi ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам, а таксама па пытаннях дзейнасцi папячыцельскiх саветаў навучальных устаноў. У ведамасныя ўстановы адукацыi накiраваны лiст «Аб умацаваннi мераў па барацьбе з эканамiчнымi правапарушэннямi i процiдзеяннi карупцыi ў сiстэме вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi». Асноўнымi вiдамi злоўжыванняў у сферы адукацыi застаюцца пратэкцыянiзм пры залiчэннi ў навучальныя ўстановы, выкарыстанне службовага становiшча прадстаўнiкамi прафесарска-выкладчыцкага саставу пры здачы студэнтамi сесii, дзяржаўных экзаменаў, напiсаннi дыпломных работ, а таксама крадзеж таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў i грашовых сродкаў. У першым паўгоддзi гэтага года правадзілася праверка законнасцi дзейнасцi фiлiялаў прыватных устаноў адукацыi i якасцi ажыццяўляемага ў iх адукацыйнага працэсу. Па вынiках праверкi былi закрыты Брэсцкi, Вiцебскi i Гродзенскi фiлiялы Iнстытута сучасных ведаў. У ходзе паўторнай атэстацыi Крычаўскага прыватнага тэхнiкума эканомiкi, права i кiравання там было выяўлена мноства парушэнняў у арганiзацыi навучальнага працэсу, у вынiку чаго загадам Мiнiстэрства адукацыi была анулявана лiцэнзiя на вядзенне адукацыйнай дзейнасцi дадзенай навучальнай установай. Шэраг мераў было прынята для ўзмацнення кантролю за парадкам правядзення экзаменаў у вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных установах, у тым лiку i на завочнай форме навучання. У вышэйшых i сярэднiх спецыяльных установах распрацаваны планы мерапрыемстваў па недапушчэнню карупцыi, хабарнiцтва, вымагання i пабораў, праведзены сходы працоўных калектываў i студэнцкiх груп з запрашэннем работнiкаў праваахоўных органаў, арганiзавана тлумачальная работа з членамi экзаменацыйных i прыёмных камiсiй, праведзены iнструктыўныя нарады з дэканамi факультэтаў i загадчыкамi кафедраў. Важным шагам у пераадоленнi антыкарупцыйных з’яў, паводле слоў Аляксандра Жука, стала правядзенне ўступных iспытаў у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання. Сёлета для ўсiх абiтурыентаў дзённай формы навучання ВНУ было ўведзена цэнтралiзаванае тэсцiраванне па двух з трох уступных iспытаў. Залiчэнне ў сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы адбывалася толькi па вынiках цэнтралiзаванага тэсцiравання. У праекце Правiлаў прыёму на 2006-ы i наступныя гады прадугледжана магчымасць здачы абiтурыентамi на бюджэтнай аснове трох вучэбных дысцыплiн на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Больш таго, на завочнай i вячэрняй форме навучання ўступныя iспыты таксама будуць праводзiцца ў форме цэнтралiзаванага тэсцiравання, што дазволiць зрабiць прыёмную кампанiю там максiмальна празрыстай. Мiнiстэрства адукацыi ўзмацніла кантроль за захаваннем кiраўнiкамi ўстаноў адукацыi заканадаўства аб рабоце па сумяшчальнiцтву, здачы ў арэнду свабодных плошчаў, правядзеннi тэндараў пры ажыццяўленнi закупак тавараў, работ i паслуг. Згаданыя пытаннi ўключаюцца ў планы правядзення рэвiзiй. Дарэчы, у першым паўгоддзi 2005 года па вынiках рэвiзiй было выдадзена 16 загадаў i распараджэнняў, згодна з якiмi былi прыцягнуты да адказнасцi 36 службовых асоб у правераных арганiзацыях. З мэтай прафiлактыкi аналагiчных парушэнняў ва ўсе арганiзацыi рэспублiканскага падпарадкавання накiравана аглядная iнфармацыя пра найбольш тыповыя парушэннi, якiя сустракаюцца падчас правядзення рэвiзiй фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi ва ўстановах адукацыi. I ўсё ж такi ў Мiнiстэрстве адукацыi канстатуюць недастатковую эфектыўнасць рэалiзуемых мераў па прафiлактыцы i папярэджанню фактаў карупцыi ў сiстэме адукацыi, у першую чаргу з боку начальнiкаў упраўленняў адукацыi аблвыканкамаў i старшынi Камiтэта па адукацыi Мiнгарвыканкама. Як падкрэслiў Аляксандр Жук, карупцыйныя злачынствы ўчыняюцца службовымi асобамi ўстаноў адукацыi ўсiх узроўняў, а таксама органаў кiравання сiстэмы адукацыi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Згодна з iнфармацыяй Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, сёлета работнiкамi ўстаноў адукацыi было ўчынена 232 злачынствы |
|