Эдвард МАТУЛIС: «Прафсаюзы i дзяржаву варта разглядаць як бакi, што вядуць канструктыўны дыялог»
Таццяна ПАДАЛЯК, Віктар ХУРСІК
Тэма захавання гiсторыка-культурнай спадчыны заўсёды была ў цэнтры пiльнай увагi «Звязды». Газета першай узняла праблему будаўнiцтва гаража (паркiнга) у гiстарычным цэнтры беларускай сталiцы. «Цень над Нямiгай» — так называўся артыкул Вiктара Хурсiка, змешчаны 25 лiстапада 2000 года.
Потым «Звязда» яшчэ дзевяць (!) разоў звярталася да гэтай тэмы. Нас падтрымлiвалi. Нам пярэчылi... I ўсё ж пытанне — у рознай стадыi «вырашэння» i «развiцця» — заставалася. I застаецца... Днямi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу РБ звярнулiся да прэзiдэнта краiны А. Р. Лукашэнкi з лiстом, у якiм выказваецца заклапочанасць у сувязi з сiтуацыяй з захаваннем культурна-гiстарычнай спадчыны ў цэнтры беларускай сталiцы. У прыватнасцi, дэпутаты адзначаюць незаконнасць зносу «помнiка беларускай i яўрэйскай культуры — сiнагогi на вул. Дзiмiтрава, 3», а таксама звяртаюць увагу кiраўнiка дзяржавы на абставiны будаўнiцтва шматузроўневага гаража-стаянкi з аб’ектамі грамадска-гандлёвага прызначэння па вул. Нямiга. «Будаўнiцтва стаянкi плануецца на тэрыторыi Верхняга горада — помнiка археалогii, горадабудаўнiцтва i архiтэктуры, якому прысвоена катэгорыя «1» у Дзяржаўным спiсе гiсторыка-культурных каштоўнасцяў як аб’екту мiжнароднага значэння», — адзначаецца ў лiсце да кiраўнiка краiны. «Дзеяннi чыноўнiкаў парушаюць мiжнародныя абавязацельствы, прынятыя на сябе Беларуссю пры ратыфiкацыi Канвенцыi аб ахове сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны». У лiсце, якi падпiсалi 75 дэпутатаў, змяшчаецца просьба «тэрмiнова спынiць будаўнiча-мантажныя работы на Дзiмiтрава, 3 i праектна-вышукальныя работы па будаўнiцтву шматузроўневага гаража-стаянкi з аб’ектамi грамадска-гандлёвага прызначэння па вул. Нямiга», а таксама даручыць праверку правамернасцi прымаемых рашэнняў спецыяльнай Камiсii, у склад якой будуць уключаны дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, супрацоўнiкi Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, прадстаўнiкi Фонду культуры, iншых грамадскiх арганiзацый... Учора адбылося пасяджэнне Беларускай рэс-публіканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь, на якiм абмяркоўваўся эскiзны праект забудовы вул. Нямiга, у тым лiку будаўнiцтва гаража-стаянкi. На пасяджэннi прысутнiчалi дэпутаты, прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый, супрацоўнiкi сродкаў масавай iнфармацыi. Члены рады гаварылi, што разумеюць: грамадства заклапочана сiтуацыяй з гiстарычным цэнтрам, неабходна зрабiць усё магчымае, каб не дапусцiць памылкi. Разгляд пытання вылiўся ў сапраўдную палемiку (часам даходзiла ледзь не да сваркi) — запрошаных на пасяджэнне рады зацiкаўленых асоб папрасiлi пакiнуць памяшканне... Хочацца спадзявацца, што разважны сэнс возьме верх, гiстарычную спадчыну сiвой даўнiны мы ашчадна перададзiм нашчадкам. Даём слова апанiруючым бакам. Аляксандр ЗIНЧАНКА, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: — Гiсторыя ёсць гiсторыя, давайце памятаць пра гэта. Сучасныя пабудовы можна ўзводзiць у iншых месцах... Сiтуацыю з Нямiгай iнакш як несуразнасцю не назавеш. Iгар ЧАРНЯЎСКI, намеснiк дырэктара Дэпартамента па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь: — Работа па ўзвядзенню аб’екта на вул. Нямiга праводзiцца на падставе рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта, на падставе праведзенага конкурсу аўтарскiх праектаў i з улiкам рашэння Навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны, якая ў свой час ухвалiла iдэю будаўнiцтва гэтага шматфункцыянальнага аб’екта з памяшканнямi гандлю, абслугоўвання i месцамi паркоўкi для аўтамабiляў. Што датычыць самога праектнага рашэння, то неабходна адзначыць, што на сённяшнi дзень пройдзены значны шлях у гэтай справе, памяняўся аўтарскi калектыў — бо архiтэктурнае рашэнне папярэдняга аўтарскага калектыву не адпавядала патрабаванням методыкi правядзення работ у гiстарычным асяроддзi. Зараз работа гэтая выконваецца вопытным калектывам пад кiраўнiцтвам вядомага архiтэктара-рэстаўратара Сяргея Георгiевiча Багласава, якi таксама з’яўляецца навуковым кiраўнiком гiстарычнага цэнтра г. Мiнска. Было зроблена некалькi прапрацовак рашэння гэтага аб’екта, аўтарскi калектыў iмкнуўся захаваць асноўныя акцэнты гiстарычнай забудовы, лагiчна, аб’ёмна i вобразна спалучыць новы будынак з iснуючай гiстарычнай панарамай Верхняга горада. Больш таго, неабходна адзначыць, што вырашэнне горадабудаўнiчай сiтуацыi на вул. Нямiга няпростае — пра гэта гаварылi многiя архiтэктары яшчэ дзесьцi з канца 70-х гадоў ХХ ст. — паколькi на мяжы 60—70-х гадоў вулiца Нямiга фактычна была знiшчана. Калi ўзяць апорны гiсторыка-архiтэктурны план, якi ўваходзiць у склад генеральнага плана Мiнска, то дакладна вiдаць, што рэшткi гiстарычнай забудовы вул. Нямiга павiнны былi знаходзiцца пад тратуарам, асфальтам самой вулiцы, пад Гандлёвым домам «На Нямiзе» з жылым будынкам. Так што гаварыць аб аднаўленнi гiстарычных будынкаў старадаўняй вулiцы сёння надзвычай складана — для гэтага трэба было б знесцi шэраг сучасных пабудоў. Хто такое рашэнне можа прыняць — я, шчыра кажучы, не ведаю. Што датычыцца рэшткаў сiнагогi, то аўтарскi калектыў яе фактычна не закранае. Гаварыць пра аднаўленне гэтага будынка праблематычна з пункту гледжання ўжо сённяшняй горадабудаўнiчай сiтуацыi. На мой погляд, рэшткi «халоднай» сiнагогi могуць уяўляць iнтарэс як аб’ект музеефiкацыi... Але, паўтараю, новая забудова нават i блiзка не падыходзiць да рэшткаў гэтага будынка, якiя знаходзяцца ў непасрэднай блiзкасцi да iнстытута «Белпрампраект». Калi разглядаўся праект, якi распрацоўваецца майстэрняй таварыства «Трайпл» пад кiраўнiцтвам Багласава, было ўнесена некалькi прапаноў, заўваг, якiя дастаткова ўдала аўтарскi калектыў дапрацаваў. Першы паверх прадугледжвае магчымасцi размяшчэння выставачных, экспанiровачных залаў у выпадку, калi ў ходзе забудовы будуць выяўлены рэшткi старажытных будынкаў. Згодна з методыкай правядзення работ на гiстарычных тэрыторыях, папярэдне (гэта, дарэчы, не так часта ўдаецца зрабiць: усё ўпiраецца ў грошы) сёлета праводзiлiся археалагiчныя раскопкi. Была знойдзена ў культурным слоi значная колькасць розных бытавых рэчаў, але пакуль што не ўдалося натрапiць нi на адзiн гiстарычны будынак былой вулiцы Нямiга. Яшчэ раз падкрэслю: рэшткi гэтых будынкаў, калi яны захавалiся, знаходзяцца пад тратуарнай часткай i асфальтам самой вулiцы Нямiга. Узвядзенне новай пабудовы прыпадае якраз на колiшнюю дваровую тэрыторыю вул. Нямiга, дзе былi гаспадарчыя пабудовы, якiя не захавалiся (што паказваюць археалагiчныя раскопкi), i маглi размяшчацца агароды гараджан. Але, як i належыць па заканадаўству, там праводзяцца археалагiчныя вывучэннi. Калi хоць нейкiя цiкавыя рэшткi забудовы будуць выяўлены, яны будуць праэкспанаваны або паказаны iншым чынам. Мне здаецца, паважаныя дэпутаты проста не бачылi самой праектнай прапановы. Гiстарычная панарама Верхняга горада нiякiм чынам не псуецца, новы будынак вельмi лагiчна i тактоўна ўпiсваецца ў гiстарычную панараму, таму што ў iм выкарыстаны акцэнты гiстарычнай забудовы. Хацелася б адзначыць, што згодна з мiжнароднымi правiламi правядзення рэгенерацыi гiстарычных тэрыторый, не рэкамендуецца займацца муляжыраваннем, падробкай пад нейкую сiтуацыю. Мы павiнны паказаць ужо тое, што атрымалi ад нашых папярэднiкаў. I яшчэ важны нюанс. Адна з задач новай пабудовы — зменшыць транспартную нагрузку на кварталы гiстарычнага цэнтра. Бо сёння там нават цяжка хадзiць: усё скрозь застаўлена машынамi. Недапусцiма, каб у гiстарычнай зоне была такая колькасць транспарту i мы аглядалi б аўтамабiлi, замест таго каб любавацца гiстарычнымi забудовамi. Аляксандр ЧАДОВIЧ, старшыня Камiтэта архiтэктуры, горадабудаўнiцтва i землеўладкавання Мiнгарвыканкама: — Мы прайшлi доўгi шлях да асэнсавання таго, што будаўнiцтва нам неабходна — i знойдзена добрая iдэя... Горад не можа заставацца ў развалiнах, пасляваенных руiнах, не можа абрастаць разнастайнымi кiёскамi. Горад павiнен расцi i будавацца як вялiкi жывы арганiзм. Падкрэслiваю: горад — гэта жывы арганiзм, а не штосьцi накшталт мумii. Ёсць розныя пункты гледжання на перспектывы развiцця горада, розныя падыходы, розныя методыкi, у тым лiку i розныя трактаваннi заканадаўства. У сувязi з гэтым знаходзяцца людзi, якiя выкарыстоўваюць сiтуацыю ў пераважнай ступенi ў палiтычных мэтах... Можна пагадзiцца, што ёсць пэўныя шурпатасцi ў плане трактоўкi заканадаўства. Але варта памятаць: закон распрацоўваўся, калi адпаведнай практыкi было нямнога, не ўсе моманты ўлiчаны. Таму сённяшнюю сiтуацыю па вул. Нямiга i трэба нестандартна вырашаць. Мы iмкнёмся гарманiчна спалучыць два важнейшыя аспекты: развiццё горада i захаванне гiстарычнай спадчыны тэрыторыi. Пачынаючы з 70-х гадоў праводзiлiся конкурсы, лепшыя архiтэктурныя сiлы рэспублiкi спрабавалi знайсцi найлепшае рашэнне. На падставе вынiкаў апошняга конкурсу ўжо больш за пяць гадоў паслядоўна «адточваюцца» ўсе нюансы, каб граматна, цiкава, з найменшымi стратамi праводзiлiся будаўнiчыя работы. Наконт будынка на вул. Дзiмiтрава, 3 — не было там сiнагогі. Нельга так вольна трактаваць гiстарычныя дакументы, як гэта робяць асобныя грамадзяне... У архiвах мы ўзнялi ўсе матэрыялы. Карцiна наступная: у канцы ХIХ ст. яўрэйскае таварыства звярнулася да генерал-губернатара Мiнска з просьбай дазволiць будаваць сiнагогу па адрасу, пра якi мы гаворым. На гэты зварот была накладзена рэзалюцыя: на адной вулiцы тры сiнагогi — многа... Юрыдычнай падставы для гэтага будаўнiцтва не было... Далей з’яўляецца ўпамiнанне аб яўрэйскiм малельным доме на гэтай вулiцы ўжо пры перапiсе (прычым цi трэцi, цi пяты дом — у розных паперах розныя звесткi)... Вось чаму адназначна сказаць, што гэта была сiнагога, немагчыма... Будынак на Дзiмiтрава, 3 знаходзiўся ў аварыйным стане, патрабаваў тэрмiновай рэстаўрацыi або прыняцця iншых канструктыўных мераў, што i было зроблена. На месцы старога аварыйнага будынка ўзводзiцца новы... I апошняе: мне цяжка зразумець пазiцыю людзей, якiя, калi нешта рушыцца-рассыпаецца — праходзяць мiма, а як толькi хтосьцi пачынае будаваць — у iх тут жа ўзнiкае зацiкаўленасць... Надзея ЦЫРКУН, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: — Дзiўна чуць ад некаторых асоб: маўляў, нестыкоўка ў заканадаўстве... Доўгi час я вяла перапiску з рознымi iнстанцыямi. Няма нiякай «нестыкоўкi» — у наяўнасцi грубае парушэнне iснуючага заканадаўства. Ну, напрыклад: ёсць спецыялiзаваны орган, якi можа прысвойваць статус гiсторыка-культурнага помнiка (каштоўнасцi) — але ж гэты орган не мае права пазбавiць ужо нададзенага статусу. Больш таго, калi ўзяць 7-томнiк «Помнiкi гiсторыi i культуры»: Нямiга, Траецкае — там ёсць карта, кожны дом пазначаны. Я перазняла карту, падлiчыла, дзе якi будынак... Калi будынак ёсць на карце — дык з яго нiхто не здымаў статусу. Гэты статус здымаецца ў двух выпадках. Дапусцiм, у нас прайшоў селевы паток, увесь Мiнск змыты з твару зямлi — г. зн. не засталося нават цаглiн ад фундамента. Калi застаўся фундамент — ужо вялiкае пытанне: толькi Савет Мiнiстраў разглядае i вырашае пытаннi аб пазбаўленнi аб’екта статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Але па будынку на Дзiмiтрава, 3 Саўмiн чамусьцi не разглядаў пытання. Мяркую, нейкiя нашы суграмадзяне паглядзелi на карту — i вырашылi: вось добрае месцейка, давайце цiхенька так, кулуарна вырашым «пытаннiца». I вырашылi... А калi пачынаецца агучванне, мы заўсёды даходзiм да таго, хто прымаў рашэнне. Калi яно калегiяльнае — усё роўна кожны вiнаваты на 100 працэнтаў. А калi няма права прымаць рашэнне — дык як можна гэта права узурпiраваць?! А далей папера перадаецца ў архiтэктурнае ўпраўленне, дзе ўсё замыкаецца на сп. Чадовiчу. Я нi разу яго не бачыла, магчыма, гэта залаты чалавек, але ж ён павiнен ведаць, што Навукова-метадычная рада не мае права пазбавiць аб’ект статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, што трэба вынесцi пытанне на разгляд Савета Мiнiстраў — нельга кулуарна вырашаць... Небяспека дадзенай сiтуацыi ў тым, што аналагiчна можна зрабiць з любым будынкам на любой тэрыторыi. I справа не ў нестыкоўцы заканадаўства... Пагаршэнне сiтуацыi i ў наступным. Калi б гэта быў проста дом — адно, а калi гэта месца, звязанае з нейкай нацыянальнасцю, культурай, вытокамi... Калi мы падыходзiм да нацыянальнай культуры, трэба быць удвая больш асцярожнымi, бо тут закранаюцца нацыянальныя iнтарэсы i палiтыка. Трэба ўзважваць кожнае рашэнне... Выснова: парушыў закон — адказвай. Павiнна быць узбуджана крымiнальная справа за нанясенне шкоды дзяржаве ў асаблiва буйным памеры. ...Пачынае будавацца паркiнг. А чаму б яго не вынесцi за межы гiстарычнага цэнтра? Хай грамадзяне выйдуць з аўтамабiляў i прагуляюцца пешшу — карысна для здароўя, а то хочуць мець ледзь не ўласную кватэру на аўтамабiлi... Ну гэтак жа нельга: запаведная зона — значыць, запаведная. Ёсць ахоўваемыя прыродныя запаведнiкi — i ёсць архiтэктурныя. Уладзімір ДЗЯНІСАЎ, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі: — Лічу будаўніцтва паркінгу на Нямізе недапушчальным. Гэта супярэчыць і заканадаўству, і разважнаму сэнсу. Аляксандр СЯМЁНАЎ, намеснiк начальнiка ўпраўлення мiжнароднай i прававой работы Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь: — Суд Цэнтральнага раёна г. Мiнска разглядаў дзве справы, у якiх даследавалася сiтуацыя вакол будынка па вул. Дзiмiтрава, 3. Iсцец сцвярджаў, што гэты будынак не падлягаў разборцы, паколькi знаходзiўся ў Дзяржаўным спiсе гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь. Сапраўды, Навукова-метадычная рада ўключыла будынак на Дзiмiтрава, 3 у гэты спiс, але пазней адмянiла сваё рашэнне. Iск у суд якраз i будаваўся на тым, што гэта неправавое рашэнне. Аднак заканадаўча гэта пытанне не ўрэгулявана (права Навукова-метадычнай рады адмяняць свае папярэднiя рашэннi). У пастанове Савета Мiнiстраў аб Навукова-метадычнай радзе сказана, што рада прымае рашэннi аб уключэннi ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў будынкаў i iншых аб’ектаў, але выключаць з гэтага спiса ў асобных выпадках (стыхiйныя ўздзеяннi прыродных фактараў цi iншыя непрадугледжаныя сiтуацыi) мае права толькi Савет Мiнiстраў. Тым не менш, практыкi такой не было, i забарона такая не прапiсана ў законе — што Навукова-метадычная рада можа адмяняць свае рашэннi (у блiжэйшы час заканадаўчы «прабел» будзе лiквiдаваны). Навукова-метадычная рада перагледзела i адмянiла сваё ранейшае рашэнне аб уключэннi будынка ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў на падставе прадстаўленых новых звестак аб iм. Уладальнiк будынка, Беларускi саюз мастакоў, прадставiў звесткi, з якiх вынiкае, што будынак не з’яўляецца гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, таму што страцiў першапачатковае аблiчча ў сувязi з разбурэннем у час Вялiкай Айчыннай вайны... Судовыя iскi былi пакiнуты без задавальнення, у касацыйным парадку справы абскарджвалiся ў Мiнскiм гарадскiм судзе, рашэннi суда першай iнстанцыi засталiся ў сiле — таму што ў дадзеным канкрэтным выпадку мае месца прабел у заканадаўстве, а не чыйсьцi «злы намер». Асаблiва хацеў бы звярнуць увагу на наступнае: эмацыянальны падыход да пытання не павiнен пераважаць над прававым падыходам. Прадстаўленыя меркаваннi даюць магчымасць узважыць аргументацыю «за» i «супраць» магчымых змен у гiстарычным цэнтры Мiнска. Нам здаецца, меркаваннi рацыянальнасцi i прагматызму не павiнны станавiцца «краевугольнымi», калi размова iдзе пра нацыянальныя каштоўнасцi. Iнакш усе мы страцiм намнога больш, чым набудзем. I адзiнай каштоўнасцю тады будзе пытанне: «Колькi гэта каштуе?». «Звязда» абавязкова вернецца да гэтай тэмы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даволi супярэчлiвая сiтуацыя ў беларускай эканомiцы зараз прызнаецца ўсiмi. Так, з аднаго боку, сёлета працягваецца рост ВУП, а таксама павышэнне як н
|
|