А ў Даўгалессi — зацiшша...
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
ЗА ВЫСОКУЮ КУЛЬТУРУ I ЎЗОРНЫ ПАРАДАК Дарога да вёскi Даўгалессе, што ў Гомельскiм раёне, пераважна лясная, i прыдарожная паласа па абодва бакi яе ачышчана ад дробнага кустоўя i хмызнякоў. Парадак, адным словам, тут. Тым больш што нiдзе на падыходзе да паселiшча не вiдаць нейкага там хламу, некiм кiнутай паперы цi iншага смецця.— Працуем, стараемся, усiм гуртам наводзiм чысцiню i санiтарыю, — гаворыць старшыня Даўгалескага сельсавета Пётр Цярэшчанка. — Крыху раней лiквiдавалi тры стыхiйныя звалкi смецця. У наваколлях Даўгалесся i Мiхалькоў адкрылi два мiнi-палiгоны, куды звозяцца розныя адходы. У наступным месяцы перададзiм iх на абслугоўванне раённаму ўпраўленню жыллёва-камунальнай гаспадаркi, i спецыяльна выдзеленая тэхнiка з людзьмi навядзе там яшчэ большы парадак. На лютаўскiм пасяджэннi выканкама было прынята рашэнне аб пакараннi штрафам за антысанiтарыю дваiх вяскоўцаў, а шэсцьдзесят папярэджаны, што будуць матэрыяльна пакараны... Вось адна ўскраiна вёскi, другая, трэцяя. Усе яны нiбы тыя блiзняты: няскошаны быльнёг, безлiч вынесеных з дамоў i выкiнутых у лес, якi ахiнае вёску з усiх бакоў, «агрызкаў» цэлафанавай плёнкi, пластмасавых бутэлек i слоiкаў, галля, жалезнага лому. Месячнiкам тут, як кажуць, i не пахла. — Убяром, — скажа старшыня сельсавета. — А чаму дагэтуль нiчога не зрабiлi? Няўжо цяжка было хаця б суботнiк арганiзаваць, паклiкаць на дапамогу i школьнiкаў, i дарослых — гэты ж бруд не з горада да вас прывезлi. — Ага, не з горада, — пагаджаецца Пётр Аляксеевiч. — Дык жа гаруча-змазачных матэрыялаў у саўгасе няма, каб транспарт iм заправiць i вывезцi гэтае смецце на палiгон. Але — зробiм. Едзем па цэнтральных вулiцах. Чысцiня, парадак. Але варта было збочыць на iншыя, якiя прымыкаюць да iх, як малюнак рэзка мяняецца. Каля гаспадарчых пабудоў — горы насечаных дроў (да вёскi не падведзены газ), дарога ў такiх выбоiнах з граззю i лужынамi вады, што па ёй пад сiлу прапаўзцi хiба што гусенiчнаму трактару. I на што ўжо вадзiцель у нас вопытны (дарэчы, член рэйдавай брыгады, работнiк аддзела экалагiчнага нагляду раённага аддзела ўнутраных спраў), аднак ён не асмельваецца ехаць наперад i паварочвае назад. Выскокваем на яшчэ адну вулiцу i адчуваем нейкi смурод, якi рэзка б’е ў нос. Што гэта? Каналiзацыя як след не працуе, i ўсё, што выцякае з дамоў, недзе закупорваецца i выходзiць на паверхню, тлумачыць Пётр Аляксеевiч. Ён мяркуе, што ўся каналiзацыйная сiстэма прыйшла ў непрыгодны стан, i каналiзацыйныя калодзежы перапоўнены, забруджваюць навакольнае асяроддзе. Даўгалессе — цэнтральная сядзiба саўгаса iмя Горкага, i рэйдавая брыгада бярэ кiрунак туды, i адразу ж на мехдвары мы сустракаемся з дырэктарам гаспадаркi Мiхаiлам Барынавым. Узначальвае ён яе ўжо гады два i з адчаем махае рукой: вёска ўсяго за нейкiя дваццаць тры кiламетры ад абласнога цэнтра, а паглядзiце, нiводнага ўчастка тэрыторыi мехдвара не заасфальтавана. Няма нiводнага ангара для тэхнiкi, уся яна пад адкрытым небам знаходзiцца. Што праўда, то праўда. Саўгас iмя Горкага — адна з самых адстаючых гаспадарак у раёне, i кiраўнiкi яе мянялiся тут даволi часта. Запазычанасць па выдачы зарплаты людзям цягнецца аж з лiпеня. Саўгас ужо цэлы год ажыццяўляе самавольнае водакарыстанне, бо нiяк не знойдзе трыста тысяч рублёў, каб заплацiць iх санэпiдэмстанцыi, якая павiнна зрабiць лабараторны аналiз яе. Дарэчы, па гэтаму пытанню вышэйпамянёная гаррайiнспекцыя, якая ў рэйдавай брыгадзе была прадстаўлена Аляксандрам Драздовым, звярнулася ў пракуратуру. Аб правядзеннi месячнiка па добраўпарадкаванню ў саўгасе чулi i ведаюць, аднак належных мераў па навядзенню парадку не прымаюць. На тым жа мехдвары ў Даўгалессi, як кажуць, сам чорт ногу зламаць можа. Па яго тэрыторыi параскiдана не адна тона рознага жалезнага ламачча, i не вiдаць нiякiх слядоў, якiя б сведчылi аб тым, што тут калi-небудзь спрабавалi сабраць яго на нейкай адной пляцоўцы, каб не забруджваць тэрыторыю. I няўжо ад гэтага без указання зверху нiяк не могуць дадумацца нi сам дырэктар, якi ў чэрвенi за гэтыя парушэннi быў аштрафаваны на 50 тысяч рублёў, нi галоўны iнжынер, нi загадчык мехдвара? Тут на мехдвары валяецца прамасленае рыззё, вiдаць сляды разлiтай, мабыць, саляркi цi iншых ГЗМ. А побач, на тэрыторыi жывёлагадоўчай фермы, такi бруд i гразь, што лепей бы i не глядзець туды. Але «апафеозам» убачанага можна назваць былы склад для захоўвання пестыцыдаў — ядахiмiкатаў, якi знаходзiцца ў суседняй вёсцы Мiхалькi, дзе мы таксама пабывалi. Ён уяўляе сабой невялiкi будынак, вакол якога кучы смецця, а ў трох месцах у сцяне нехта зрабiў пралазы, каб, вiдаць, красцi тыя пестыцыды, што, напэўна, i адбывалася. Самае ж дзiўнае, што двое з трох дзвярэй яго былi незамкнёныя, i на падлозе валялiся мяшкi з мiнеральнымi ўгнаеннямi цi з пестыцыдамi. Як выявiлася, кiраўнiкам саўгаса было дадзена ўказанне на здачу iх, ужо непрыгодных для справы, райсельгасхiмii для захавання на палiгоне таксiчных адходаў, якi знаходзiцца ў Чачэрскiм раёне, аднак воз, як кажуць, i зараз там. Здаецца, у саўгасе не думаюць, якую шкоду нясуць для чалавека i прыроды гэтыя ядахiмiкаты. У тых жа Мiхальках загадчыца дзiцячага садка Ала Лiстапад i жыхары вулiцы Новай Iрына Несцярэнка, Валянцiна Асцылава i iншыя паказалi нам лужыну i ручай, дзе сабiралiся сцёкi з чатырохкватэрных i iншых дамоў. Яны ўтварылiся з-за няспраўнай каналiзацыйнай сiстэмы, што знаходзiцца на балансе саўгаса, якi не ў стане як след яе эксплуатаваць. Людзi пакутуюць ад гэтага i звязваюць свае надзеi з тым, што на наступны год для аднаўлення сiстэмы запланавана выдзелiць грошы з экалагiчнага фонду з наступнай перадачай яе на баланс раённых камунальнiкаў. Там жа ў Мiхальках бачылi мы i параскiданыя каля дарог, у лесе i ў iншых месцах кучы ламачча, смецця, металалому. Вiнаватыя ў гэтых парушэннях у Даўгалессi i Мiхальках адказныя асобы былi аштрафаваны Аляксандрам Драздовым, пасля чаго яны запэўнiлi нас, што справы выправяць. Але хто перашкаджаў iм зрабiць гэта раней? Месячнiк жа быў аб’яўлены даўно.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарога да вёскi Даўгалессе, што ў Гомельскiм раёне, пераважна лясная, i прыдарожная паласа па абодва бакi яе ачышчана ад дробнага кустоўя i хмызнякоў. |
|