Талент — як кветка: без клопату i сiлкавання не расцвiтае
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Напэўна, нiкога не трэба спецыяльна пераконваць у справядлiвасцi тэзiсу, што дзецi — наша будучыня. А дзецi адораныя — будучая iнтэлектуальная элiта. Толькi вось для таго, каб заўтра яны сталi гэтай элiтай, сёння iх неабходна падтрымаць i дапамагчы. У Дзяржаўнай праграме «Адораныя дзецi», якую 4 студзеня гэтага года зацвердзiў Савет Мiнiстраў, падкрэслена неабходнасць распрацоўкi сiстэмы маральнага i матэрыяльнага стымулявання, каб нiводны талент не быў страчаны марна. А як дзейнiчае праграма ў сапраўднасцi?
Ёсць такi фонд: спецыяльны У краiне iснуюць ажно тры прэзiдэнцкiя фонды з «маладзёжнай накiраванасцю»: па падтрымцы культуры i мастацтва; па падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў; спецыяльны фонд Прэзiдэнта РБ па падтрымцы таленавiтай моладзi. Створаны ён у 1996 годзе — i за гэты час паспеў зрабiць нямала. Як фонд арганiзуе сваю работу? Паводле слоў старшынi Савета фонду Наталлi Аўдзеевай, у дадзеным выпадку гара iдзе да Магамета: члены экспертна-мастацкай камiсii выязджаюць лiтаральна ва ўсе рэгiёны краiны i праслухоўваюць, праглядаюць, шукаюць юныя таленты. Створаная ў жнiўнi творчая школа «Рэспублiканскi юначы сiмфанiчны аркестр» абзавялася навучэнцамi менавiта такiм чынам. Другi шлях выяўлення ўзыходзячай «зорачкi» — сувязь з мясцовымi ўстановамi культуры. Увогуле, заяўку на атрыманне стыпендыi цi гранта можа падаць у фонд хто заўгодна — ад кiраўнiка мастацкага калектыву да канкрэтнага творцы (ва ўзросце да 21 года). За час iснавання фонду каля тысячы беларускiх дзяцей атрымалi разавую матэрыяльную дапамогу або сталi стыпендыятамi. Акрамя персанальнай падтрымкi, фонд мае магчымасць выдзяляць грошы навучальным установам i мастацкiм калектывам на набыццё сцэнiчных касцюмаў, музычных iнструментаў i прылад для жывапiсу (што ўжо адчулi на сабе Гродзенскае дзяржвучылiшча мастацтваў iмя Цёткi, Баранавiцкае музычнае вучылiшча, гiмназiя-каледж пры Беларускай акадэмii музыкi i г.д.). Гэтаксама фонд забяспечвае арганiзацыю выстаў, канцэртаў i фестываляў, стажыроўку таленавiтай моладзi — у тым лiку за мяжой. А вось вучоба ў ВНУ цi ў спецшколе асобна не аплачваецца — маладыя людзi могуць выкарыстаць iльготнае крэдытаванне i вырашыць гэта пытанне самастойна. Напрыканцы гэтага года Савет фонду плануе ўпершыню правесцi ўручэнне асобных лаўрэацкiх прэмiй для «самых-самых» таленавiтых i адораных прадстаўнiкоў моладзi краiны. Пакуль вызначаны два такiя чалавекi: бронзавы лаўрэат ХII Мiжнароднага конкурсу iмя П. Чайкоўскага Андрэй Паначэўны, а таксама лаўрэат III Мiжнароднага конкурсу iмя С. Рахманiнава Канстанцiн Краснiцкi (зараз ён малады педагог БелАМ). Так што без дзяржаўнай падтрымкi юныя мастакi i музыкi, лiтаратары i артысты не застануцца. Што можа зрабiць грамадства? Звярнуць увагу! У прынцыпе, разнастайных дабрачынных арганiзацый, якiя займаюцца дзiцячымi праблемамi, у краiне хапае. Але вось «вузкiх» праектаў, накiраваных на падтрымку таленавiтых дзяцей i моладзi, зусiм нямнога. ...Самай вядомай праграмай Беларускага фонду «Мы — дзецям» з’яўляецца колiшнi ўсебеларускi тэлефестываль «Усе мы родам з дзяцiнства», якi доўжыўся «серыямi» па паўтара года. Спачатку праходзiла праслухоўванне дзяцей у абласцях, затым адбываўся фiнальны канцэрт у Мiнску. Пасля таго як дзяцей паказвалi на ўсю краiну, iх не пакiдалi ў невядомасцi, а забяспечвалi творчую падтрымку. Многiя iмёны юных талентаў мы ведаем менавiта дзякуючы тэлефестывальнаму марафону: напрыклад, Саша Чэркас з Пiнска ўжо дарос да звання «залатога голасу» Беларусi i права выступаць на «Славянскiм базары». Гэтак жа прайшла фестывальную загартоўку вельмi вядомая сёння дзяўчынка — «Моцарт у спаднiцы» Дзiнара Мазiтава. Хоць зараз яна вучыцца ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыi, але па-ранейшаму застаецца прадстаўнiцай Беларусi. Дарэчы, сёлета на тэлебачаннi дзейнiчае фестываль «Сузор’е надзей» — але ўжо праводзiцца з iншымi арганiзацыямi i ў меншых маштабах. Яшчэ адно значнае мерапрыемства на рахунку фонду «Мы — дзецям» — конкурс «Мая прамова ў абарону дзяцiнства». Па яго вынiках была выдадзена кнiга «Мы дзецi твае, Беларусь» — зборнiк выказванняў, у тым лiку даволi крытычных, наконт дзяржаўнай палiтыкi. Акрамя таго, пасля конкурсу «Усiм па казцы» пабачыў свет на беларускай, рускай i англiйскай мовах зборнiк з 58 лепшых сачыненняў «Казкi дзяцей Беларусi». А вось што датычыцца больш адчувальнай, фiнансавай, падтрымкi, дык раней, сапраўды, штомесяц фонд меў магчымасць выплачваць па 2 мiнiмальныя зарплаты таленавiтым, але незабяспечаным дзецям. Аднак сёлета стыпендыяльная традыцыя перапынiлася: няма грошай. Прыкладна такiя ж праблемы ў апошнiя 3-4 гады адолелi Беларускi дзiцячы фонд (з 1988 года былi заснаваны стыпендыi для таленавiтых дзяцей-сiрот i дзяцей-iнвалiдаў, якiя атрымлiвалi грашовую падтрымку раз у год). Праўда, фiнансавыя цяжкасцi не аказалi значнага ўплыву на праводзiмы фондам рэспублiканскi творча-аздараўленчы семiнар «Юныя таленты». Штогод 30 дзяцей з усёй краiны на працягу 10 дзён прэзентуюць уласныя здольнасцi i працуюць са спецыялiстамi: мастакамi, кампазiтарамi, спевакамi i г.д. Потым адбываецца заключны гала-канцэрт, якi падводзiць вынiкi гэтых майстар-класаў i дае дзецям веру ў свае сiлы. Да прыкладу, Iван Казiмiроўскi з Бялынiцкай школы-iнтэрната, можна лiчыць, спявае ўжо прафесiйна (зараз знаходзiцца на гастролях у Францыi); Саша, Павел i Уладзiмiр Сiнцовы з Бабруйскага дзiцячага дома сямейнага тыпу могуць ганарыцца сваiмi малюнкамi: яны з’явяцца ў Англii на серыi паштовак; унiкальная дзяўчынка Саша Гушча, якая ў год абгарэла i засталася практычна без рук, цяпер, у свае 16, — вядомая ў Амерыцы мастачка... Як бачым, грамадскiя арганiзацыi ў падтрымцы дзiцячых талентаў маюць сваю спецыфiку: фонд «Мы — дзецям» робiць акцэнт на вяскоўцах i «правiнцыялах», якiм значна цяжэй аказацца заўважанымi, а Беларускi дзiцячы фонд у асноўным падтрымлiвае дзяцей-сiрот i дзяцей-iнвалiдаў: у абласныя аддзяленнi фонду ад iнспектараў па апецы, з дзiцячых дамоў i школ-iнтэрнатаў пастаянна паступаюць звесткi пра адораных дзяцей, якiм патрэбна дапамога. Мовай лiчбаў Паводле звестак Мiнiстэрства культуры, у нашай краiне працуюць 524 мастацкiя школы, i толькi трэць з iх — у сельскай мясцовасцi. Адпаведна, у сельскiх школах усяго 30 працэнтаў выкладчыкаў маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцi. Таксама ў Беларусi дзейнiчаюць 21 сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова: музвучылiшчы, харэаграфiчны каледж, каледж-гiмназiя пры Акадэмii музыкi, i тры ВНУ: унiверсiтэт культуры, акадэмiя мастацтваў i акадэмiя музыкi. Праўда, да 2005 года сiтуацыя з кадравым забеспячэннем навучальных устаноў «з ухiлам» павiнна палепшыцца. А калi будзе канчаткова распрацавана канцэпцыя эстэтычнай адукацыi, верагодна, павялiчыцца i колькасць спецшкол — а значыць, i колькасць дзяцей, якiя будуць там вучыцца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, нiкога не трэба спецыяльна пераконваць у справядлiвасцi тэзiсу, што дзецi — наша будучыня. А дзецi адораныя — будучая iнтэлектуальная элiта |
|