На польскiх дарогах, у нямецкiх «прыватах»...
Барыс ПРАКОПЧЫК
ПАДРАБЯЗНАСЦI Некаторыя з беларускiх путан думалi, што едуць у замежныя бары падаваць шампанскае ў «бiкiнi», а аказалася...«У мяне развалiлася фiрма, я стаў банкрутам, грошай не было, а кармiць сям’ю трэба, таму i стаў гэтым займацца», — так заявiў у сваiм апошнiм слове ў зале суда Ленiнскага раёна г. Гродна Аляксандр Набiулiн, 40-гадовы расiйскi грамадзянiн, якi, пераехаўшы з Алтайскага края ў горад над Нёманам, аддзячыў нашай талерантнай краiне «экспартам» беларускiх дзяўчат у Польшчу для гандлю целам на тутэйшых дарогах. Зноў жа беларускiя падаткаплацельшчыкi аплачвалi яго паўгадовае знаходжанне пад арыштам, пасля чаго, улiчваючы празрыстасць нашай мяжы з Расiяй, вельмi верагоднае наша далейшае суiснаванне з гэтай асобай. А чаму б i не? Па папярэдняй, чацвёртай судзiмасцi ў 1999 годзе на Алтаi (два гады пазбаўлення волi ўмоўна за прысваенне i растрату чужой маёмасцi) ён амнiсцiраваны, расiйскiя праваахоўнiкi яго не шукаюць. У адрозненне ад Беларусi, дзе гэты няпрошаны госць быў аб’яўлены ў рэспублiканскi вышук за падробку дакументаў. Як высветлiлi аператыўнiкi ўпраўлення нораваў i незаконнага абароту наркотыкаў Гродзенскага УУС, Набiулiн паклапацiўся аб стварэннi больш чым дваццацi «рабочых месцаў» у сферы секс-бiзнесу. Сваю дзейнасць ён, вядома, не афiшыраваў — неаднаразова мяняў адрасы пражывання, у тым лiку выязджаючы ў Баранавiчы, даваў клiенткам выдуманыя звесткi аб сваёй асобе, кожны раз выкарыстоўваў пры iх перапраўцы за мяжу ўсё новыя хiтрыкi. Скажам, адной з кандыдатак была прапанавана работа афiцыянткi ў бары, дзе яна будзе падаваць шампанскае ў «бiкiнi». Для пераканаўчасцi ёй нават паказалi фатаграфii гэтай установы з дзяўчатамi ў мiнi-спаднiцах i адкрытых майках. Маўляў, поўная дэмакратыя: хто хоча — таньчыць стрыптыз, хто не супраць — займаецца iнтымнымi паслугамi. На самай жа справе варыянт працаўладкавання аказаўся адзiны — прастытуцыя на польскiх аўтастрадах. Пры гэтым сутэнёры, балгары, адразу папярэдзiлi, што трэба спачатку адпрацаваць грошы, якiя заплачаны Набiулiну. За кожную прададзеную сутэнёрам путану ён атрымлiваў ад 400 да 700 амерыканскiх долараў, а ўвогуле, як даказана судом, зарабiў на зводнiцтве каля 7,5 мiльёна рублёў. Але гэта яшчэ «кветачкi» ў параўнаннi з даходамi iнтэрнацыянальнай групоўкi, што арудавала на тэрыторыi Беларусi, ФРГ, Аўстрыi i Iспанii. Узначалiў яе жыхар Пружан Рыгор Палiтаеў, якi, неаднаразова бываючы ў Германii i маючы там шырокае кола знаёмых, «навёў масты» для супрацоўнiцтва ў галiне секс-бiзнесу з уладальнiкамi шматлiкiх клубаў i «прыватаў». Свае людзi аказалiся таксама ў Аўстрыi i Iспанii. Кожнаму члену групоўкi была строга вызначана яго роля. Абавязкi вярбоўшчыкаў «жывога тавару» выконвалi, у прыватнасцi, i беспрацоўныя гродзенцы Анатоль Бабiй, Аляксандр Шыцiк, i грамадзянiн Узбекiстана Рустам Iбрахiмаў, i асоба без грамадзянства Сяргей Севасцьянаў (меў вiд на жыхарства ў Беларусi, быў прапiсаны ў Брэсце, а пражываў у Пружанах). Апошнi адказваў таксама за афармленне шэнгенскiх вiз у пашпарты плануемых да пастаўкi за мяжу дзяўчат, выкарыстоўваючы для гэтага сродкi злачыннай арганiзацыi. Плюс функцыi «дыспетчара» — прызначэнне даты ад’езду завербаваных клiентак, месца iх збору, спосабу дастаўкi ў Германiю i г. д. Транспарт, дарэчы, выкарыстоўваўся i чыгуначны, i авiяцыйны, i аўтамабiльны. Перавозчык атрымлiваў на кожную пасажырку па 500 марак, якiя неабходна прад’явiць пры перасячэннi дзяржмяжы ФРГ. А там яны дастаўлялiся ў размешчаны ў адной з вёсак катэдж кiраўнiка нямецкага «фiлiяла» групоўкi Т. Казiханава альбо на гарадскую кватэру яго падначаленага А. Панамарэнкi. Бад-Дзюрэнберг, Вольмерштат, Гале, Оберсдорф, Эрфурт, Магдэбург у Германii, Швац, Зальцбург, Грац у Аўстрыi, Кастэль-дэ-Фельц у Iспанii — гэта далёка не поўны пералiк гарадоў, чые клубы i «прываты» штотыднёва наведвалi Казiханаў i К°, а першапачаткова i беларускi «шэф» Палiтаеў, збiраючы з путан фiксаваны «падатак» у памеры ад 400 да 500 нямецкiх марак, альбо 25 працэнтаў ад агульнага заробку. А ад 33 да 50 працэнтаў належала гаспадарам гэтых сексустаноў. Заробленыя такiм чынам сродкi ў асноўным iшлi на набыццё i рамонт маёмасцi Палiтаева i Казiханава за мяжой. Следствам устаноўлена, што гэтая злачынная арганiзацыя дзейнiчала на працягу амаль дзесяцi гадоў. Толькi С. Севасцьянаў, паводле судовага вердыкту, за пяць гадоў завербаваў як мiнiмум 23 дзяўчыны, атрымаўшы за гэта не менш як 23 тысячы марак. Ды яшчэ прыкладна 10-тысячнае ўзнагароджанне за паслугi па выезду за мяжу, зноў жа па мiнiмуму 123 путанам. У «паслужным спiсе» А. Бабiя 27 «экспартаваных» дзяўчат, Р. Iбрахiмава — 10, А. Шыцiка — 15. Гэта што даказана следствам, а на самай справе не выключаны i больш «крутыя» лiчбы. Па прыгавору суда Ленiнскага раёна г. Гродна яны правядуць па тры-чатыры гады ў калонii ўзмоцненага рэжыму. Казiханаў жа, паводле iнфармацыi з Гродзенскага ўпраўлення Камiтэта па арганiзаванай злачыннасцi i карупцыi, разам з iншымi членамi сваёй нямецкай «брыгады» адбывае пакаранне ў Германii, дзе яго затрымалi праваахоўнiкi. А вось Палiтаеў пакуль не за кратамi, а ў мiждзяржаўным вышуку. У следства ёсць звесткi, што пасля арышту некаторых сваiх кампаньёнаў ён спрабаваў наладзiць новыя каналы гандлю людзьмi ў iншых рэгiёнах былога СССР. Дарэчы, новы Крымiнальны кодэкс абяцае за гэта нежартоўнае пакаранне — ажно да дзесяцi гадоў пазбаўлення волi. Старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення нораваў i незаконнага абароту наркотыкаў Гродзенскага УУС падпалкоўнiк мiлiцыi Iван Гiль кажа, што палову гродзенскiх сутэнёраў сёлета ўжо прыцягнулi да адказнасцi, а з астатнiмi абяцае разабрацца ў наступным годзе. Дапамагчы яму з калегамi павiнна нядаўна зацверджаная дэпутатамi абласная праграма па процiдзеянню гандлю людзьмi i распаўсюджванню прастытуцыi. Калi яна не застанецца на паперы, то, акрамя чыста карных мераў, будзе спынены рост беспрацоўя сярод жанчын, у тым лiку выпускнiц навучальных устаноў, жыхароў Гродзеншчыны забяспечаць iнфармацыяй у сферы знешняй працоўнай мiграцыi, а праваахоўныя органы, што змагаюцца з гандлем людзьмi i прастытуцыяй, — неабходнымi тэхнiчнымi сродкамi. А тым часам, паводле слоў Iвана Гiля, устаноўлены i дапытаны яшчэ каля пяцiдзесяцi ахвяр сексуальнай эксплуатацыi за мяжой, адзiн з дзялкоў арыштаваны, iншых шукаюць...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некаторыя з беларускiх путан думалi, што едуць у замежныя бары падаваць шампанскае ў «бiкiнi», а аказалася... |
|