«Рэцэпт» ад беднасцi
Сяргей ГРЫБ
Нацыянальную стратэгiю па папярэджанню беднасцi ў Беларусi плануецца распрацаваць i прадставiць на разгляд урада да сярэдзiны наступнага года. Гэты дакумент стане вынiкам сумеснага праекта ПРААН, Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, а таксама Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу нашай краiны.
Згодна з ацэнкамi экспертаў Сусветнага банка, у вынiку эканамiчнага росту i знiжэння няроўнасцi ў даходах у былых сацыялiстычных краiнах Еўропы i СНД агульны паказчык беднасцi зменшыўся больш чым на 40 млн. чалавек. Найбольшых поспехаў тут дасягнулi чатыры постсавецкiя дзяржавы — Беларусь, Казахстан, Расiя i Украiна. Прычым у СНД самы нiзкi ўзровень малазабяспечанасцi адзначаны менавiта ў нашай краiне. Паводле звестак Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, толькi за апошнiя чатыры гады рэальныя грашовыя даходы беларусаў павялiчылiся на 44 працэнты, у краiне захаваўся высокi ўзровень адукацыi i аховы здароўя. А гэта ў сваю чаргу прывяло да сталага скарачэння паказчыкаў беднасцi. Калi ў сярэдзiне 1990-х у Беларусi яны складалi амаль 40 працэнтаў, у 2003 годзе — каля 27 працэнтаў, то летась — 17,8 працэнта. У той жа час даводзiцца канстатаваць, што праблему малазабяспечанасцi пакуль не ўдалося вырашыць канчаткова. Пры гэтым апынуцца «за рысай» у першую чаргу рызыкуюць пэўныя групы грамадзян — гаворка iдзе аб жыхарах вёсак цi малых гарадоў, а таксама сем’ях з дзецьмi. Галоўны шлях пераадолення беднасцi — паляпшэнне сiтуацыi ў эканомiцы i рост даходаў. Але не толькi. Не сакрэт, што часцяком адзiнай магчымасцю пакiнуць катэгорыю бедных з’яўляецца прадастаўленне разнастайных датацый i льгот з боку дзяржавы. У «пераходны перыяд» гэты напрамак аказаўся на самай справе даволi папулярным. Разам з тым прыкметнае пашырэнне льгот калi-нiкалi адбывалася без улiку рэальнай патрэбы, што пацягнула за сабой праблемы. У прыватнасцi, аналiз паказаў, што 70 працэнтаў усiх дзяржаўных трансфертаў рэальна прыпадае... на 30 працэнтаў найбольш заможных сем’яў. Цi такое назiранне. Як высветлiлася падчас спецыяльных даследаванняў, сацыяльнымi льготамi ў Беларусi карыстаюцца амаль 70 працэнтаў хатнiх гаспадарак у буйных гарадах з колькасцю насельнiцтва ад 100 тыс. чалавек i вышэй. Тады як у традыцыйна менш «багатых» малых гарадах i вёсках такi паказчык прыкметна меншы — 52 i 57 працэнтаў адпаведна. Яшчэ адзiн важны момант для пераадолення беднасцi — непасрэдна настроi насельнiцтва. У гэтым плане сiтуацыю зноў-такi шмат у чым можна назваць парадаксальнай. Як высветлiлася падчас сацыялагiчных апытанняў, больш чым палова заможных грамадзян Беларусi i грамадзян з сярэднiм узроўнем дабрабыту вызначаюць у якасцi асноўнай мэты павышэнне ўласных даходаў. У той жа час сярод грамадзян бедных такi варыянт выбiрае толькi кожны трэцi. Адначасова палова маламаёмных грамадзян паведамiлi, што маюць намер «знiжаць узровень спажывання», 5,2 працэнта разлiчваюць на дапамогу дзяржавы, 3 працэнты — на дапамогу сваякоў, а 10,2 працэнта адзначылi, што «нiчога не збiраюцца рабiць». Больш таго, апытаннi засведчылi, што 65 працэнтаў бедных сем’яў у Беларусi бавяць свой вольны час за... праглядам тэлепраграм. Мiж тым, значнае павелiчэнне паказчыкаў малазабяспечанасцi ў 1990-х гадах i далейшыя праблемы па яе пераадоленню аказалiся агульнымi для ўсiх постсацыялiстычных дзяржаў. Вырашаць гэтыя праблемы спрабавалi па-рознаму, тым не менш, на думку галоўнага кансультанта сумеснага праекта ПРААН i Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Наталлi Пракофьевай, замежная практыка можа шмат у чым спатрэбiцца пры распрацоўцы нацыянальнай стратэгii па барацьбе з беднасцю ў Беларусi. Дарэчы, першая спроба вывучыць вопыт краiн з пераходнай эканомiкай ужо зроблена, вынiкам чаго стала выданне спецыялiзаванай кнiгi «Павышэнне ўзроўню жыцця як прыярытэт сацыяльнай палiтыкi». Прычым, на думку Наталлi Пракофьевай, з аднаго боку, гэта даследаванне дапаможа адаптаваць напрацоўкi краiн Усходняй Еўропы i СНД да беларускiх умоў, а з другога — пазбегнуць памылак суседзяў пры правядзеннi сацыяльных пераўтварэнняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальную стратэгiю па папярэджанню беднасцi ў Беларусi плануецца распрацаваць i прадставiць на разгляд урада да сярэдзiны наступнага года
|
|