З «прафесiйных» футбольных фанатаў — у пiсьменнiкi
Барыс ПРАКОПЧЫК
Ведай нашых! 20-гадовы гродзенец Дзмiтрый Кiрчук стаў пераможцам першага конкурсу маладых лiтаратараў «Сярэбраны воўк-2005»Са студэнтам-завочнiкам гiстарычнага факультэта Гродзенскага дзяржунiверсiтэта iмя Янкi Купалы Дзмiтрыем Кiрчуком раней можна было пазнаёмiцца па яго публiкацыях у газетах — як правiла аб спорце. I раптам — таксама спартыўная тэматыка, але ўжо ў кнiзе. Раман Дзмiтрыя Кiрчука «Лютасць у шаленстве» аб футбольных фанатах прызнаны лепшым сярод больш як 4500 твораў, дасланых у Маскву на першы конкурс маладых пiсьменнiкаў «Сярэбраны воўк-2005». Гэты конкурс арганiзаваў Фонд падтрымкi маладых лiтаратараў Усходняй Еўропы, журы якога ўзначальваў уладальнiк нямецкага выдавецтва «Wacker» Олiвер Лiтбарскi. Галоўная ўзнагарода — публiкацыя кнiгi. Чакаецца, што ў лютым наступнага года раман Дзмiтрыя Кiрчука выйдзе тыражом 10 тысяч экзэмпляраў у Расii, а таксама плануецца пераклад на нямецкую мову i выданне ў Германii. — Тэма рамана была падказана маiм уласным вопытам, — расказвае Дзмiтрый Кiрчук. — Да 16-гадовага ўзросту я сам быў у статусе «прафесiянальнага» футбольнага фаната, наведваючы матчы нашага гродзенскага «Нёмана» дома i суправаджаючы яго на выездах. Затым спрабаваў сябе ў журналiстыцы, у асноўным на спартыўную тэматыку. А iдэя кнiгi з’явiлася ў сярэдзiне мiнулага года. Герой рамана Юрый Уладзiмiраў прыязджае гастарбайтэрам у Швецыю. Малады чалавек працуе i зарабляе грошы, а таксама ходзiць на матчы мясцовага футбольнага клуба. I яго здзiўляе, што там на вельмi высокiм узроўнi iндустрыя фанруху. Не проста сядзяць хлопцы з клубнымi шалiкамi i крычаць нешта накшталт «Гётэборг» — чэмпiён!», а фаер-шоу робяць, выпускаюць уласнае выданне. Юрыю спадабалася, i ён вырашыў стварыць фанрух у сваiм родным горадзе Хламску, дзе выступае футбольная каманда з гучнай назвай «Алiмпiя». Для горада гэта было шокам: прагнiлы стадыён, трухлявыя лаўкi, а тут — маладыя хлопцы ў асобным сектары з шалiкамi, маечкамi i дудкамi. Але... У першы ж дзень яны ўчынiлi бойку з прыезджымi фанатамi i мiлiцыяй. У фан-клуб пастаянна прыходзiлi ўсё новыя людзi, i Юрый Уладзiмiраў стаў адчуваць сябе нейкiм князем, якога ўсе безагаворачна слухалiся. Групоўка «Алiмпiя» не абмежавалася продажам самвыдатаўскага веснiка i вiдэакасет з адлюстраваннем боек памiж футбольнымi фанатамi (дарэчы, у рэальным свеце гэта сярод iх вельмi папулярны бiзнэс), а ператварылася ў банду, стала займацца крадзяжамi i вымаганнем, нават «наязджаючы» на суседнiя гарады... — На вашу думку, як можа быць успрыняты гэты раман у фанацкiм асяроддзi? — Я думаў над гэтым. Мне здаецца, што хоць бы некалькi чалавек з лiку фанатаў змогуць зразумець, што лепш хварэць, седзячы на стадыёне, чым сядзець у той жа турме. Футбол павiнен быць без насiлля. Чаму б, скажам, не выявiць мацнейшых не бойкай, а футбольным матчам памiж фан-клубамi? — Што змянiлася для вас пасля перамогi ў прэстыжным конкурсе? Так званая зорная хвароба не пагражае? — Мне цяпер трэба вызначыцца, чаго я хачу ад жыцця. Гэтай перамогай я задаў сабе такую «планку», нiжэй за якую апускацца нельга. Думаю i далей займацца лiтаратурай, але не пакiдаць i журналiстыку, хачу ўладкавацца ў газету. А што датычыцца зорнай хваробы, то яна мне, напэўна, не пагражае. Сябры i сваякi заўважылi, што я спакойна ўспрыняў гэту перамогу. Як быццам дагэтуль атрымаў як мiнiмум Нобелеўскую прэмiю...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
20-гадовы гродзенец Дзмiтрый Кiрчук стаў пераможцам першага конкурсу маладых лiтаратараў «Сярэбраны воўк-2005» |
|