Сцягi, газеты i членскiя бiлеты
Вiкторыя ЗАХАРАВА
Падзея Усё гэта i многае iншае сабрана ў новым «маладзёжным» музеi29 кастрычнiка былыя i цяперашнiя ўдзельнiкi маладзёжнага руху адзначалi Дзень нараджэння камсамола. Спецыяльна да гэтай даты правапераемнiк арганiзацыi — Беларускi рэспублiканскi саюз моладзi — падрыхтаваў шэраг святочных мерапрыемстваў, сярод якiх — пасяджэнне Савета ветэранаў камсамола, пiянерскага i маладзёжнага руху пры ЦК ГА «БРСМ», вечар «Маладосць. Традыцыi. Будучыня», адкрыццё музея гiсторыi камсамольскага i маладзёжнага руху Беларусi. «Нельга забываць свае каранi. Мы даўно задумвалi сабраць матэрыялы, якiя б расказвалi пра гiсторыю стварэння маладзёжнай арганiзацыi — камсамола Беларусi. Сёння мы ганарымся тым, што з’яўляемся правапераемнiкамi камсамола, бо гэта арганiзацыя выхавала некалькi пакаленняў моладзi — практычна ўсю краiну», — адзначыў на адкрыццi музея першы сакратар ЦК БРСМ Мiхаiл ОРДА. Музей умоўна падзелены на 5 тэматычных раздзелаў: «Нараджэнне камсамола», «У першыя гады вайны», «Эстафета ў надзейных руках», «У працы, як у баi» i «Захоўваючы традыцыi, будуем будучыню». Тут сабраны цiкавы фотаархiў, храналогiя статутаў i членскiх бiлетаў УЛКСМ, ЛКСМБ, СМБ, БСМ, БПСМ, БРСМ ад 20-х гадоў мiнулага да пачатку цяперашняга стагоддзя. Сярод экспанатаў — першы нумар газеты «Чырвоная Змена» ад 21 красавiка 1921 года, камсамольскiя ўзнагароды i сцягi, якiмi адзначаны знакавыя падзеi маладзёжнага руху. Ёсць i асаблiвыя, «iмянныя» сувенiры: касцюм лётчыка-касманаўта П. Клiмука i шашка двойчы Героя Савецкага Саюза I. Баграмяна... — Спачатку ў нас быў проста архiў з дакументамi, i на тое, каб ператварыць гэта памяшканне ў музей, спатрэбiлася каля 4 месяцаў. Нам вельмi дапамог Уладзiмiр Iосiфавiч Падрэз (першы сакратар ЦК ЛКСМБ з 1970 па 1974 год, зараз старшыня Савета ветэранаў камсамола Беларусi. — Аўт.), якi i сам перадаў музею некаторыя свае рэчы, i iншым ветэранам камсамольскага руху расказваў аб тым, што ствараецца такая экспазiцыя, i прапаноўваў прыносiць рэчы, — расказала нам непасрэдная збiральнiца i загадчыца музея Вiкторыя Буткевiч. Паводле яе слоў, нягледзячы на тое, што музей толькi-толькi адкрыўся, у БРСМ ужо неаднаразова паступалi званкi са школ з просьбамi наладзiць для вучняў экскурсii. Сама ж экспазiцыя будзе рэгулярна абнаўляцца i папаўняцца, у тым лiку, магчыма, аўдыё- i вiдэаматэрыяламi, «сучасны» раздзел музея раскажа аб бягучых праектах i акцыях БРСМ. — Цi з’явiцца ў музея таксама вiртуальны аналаг на сайце Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi? — Мы пакуль што пра гэта не думалi, але дзякуй, што вы падказалi такую iдэю. Ветэраны, якiя прыйшлi разам з цяперашнiмi маладзёжнымi лiдарамi адзначыць 87-ю гадавiну з дня нараджэння УЛКСМ, вiншавалi сваiх спадкаемцаў з добрым пачаткам. Музей пахвалiлi. «Тут уся праўда жыцця, жывая гiсторыя маладзёжнага руху Беларусi. Гэта экспазiцыя паказвае сучасным маладым людзям, што нам ёсць чым ганарыцца!» — падкрэслiў былы сакратар ЦК УЛКСМ, першы сакратар ЦК ЛКСМБ, старшыня Дзяржкамiтэта СССР па тэлебачаннi i радыёвяшчаннi, Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол СССР у Польшчы Аляксандр Аксёнаў. Аляксандр Нiкiфаравiч, мiж iншым, таксама гатовы ахвяраваць музею рэчы з асабiстых архiваў — дзеля патрэбнай i важнай справы не шкада.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё гэта i многае iншае сабрана ў новым «маладзёжным» музеi |
|