Прыгоды мышы шэрай
Аляксандр АЧАРЭТНI
(у парадах, прыкладах, успамiнах i павучаннях)
Любы ў наш лiхi час можа быць воляй лёсу зацягнуты ў горад, краiну або нават у асобна ўзяты квартал, дзе раззлаваныя адзiн на аднаго людзi «паляць» у розныя бакi з усяго, што страляе. I ў Чачэнскай Рэспублiцы (як у першую, так i ў другую кампанii), i на Балканах (падчас вайны ў Боснii), i ў ходзе нядаўняга канфлiкту ў Дагестане аўтару гэтых радкоў даводзiлася сустракацца з людзьмi, якiя зусiм выпадкова апынулiся ў гушчы ўсяго гэтага бязладдзя. Гэта былi бiзнэсмены, хатнiя гаспадынi, медыкi, камандзiраваныя будаўнiкi, вадзiцелi i нават «дзiкiя турысты». Адным словам, прыезджыя. Менавiта тады я i зразумеў, што многiя з нас не застрахаваныя ад падобнага развiцця падзей i падобных сiтуацый, а таму дазвольце мне даць вам некалькi парад, напрацаваных выключна асабiстым вопытам, якiя, магчыма, змогуць вам дапамагчы ў непрадбачаных сiтуацыях. Адразу зраблю агаворку: парады гэтыя для цывiльнага насельнiцтва, больш за тое, для насельнiцтва прыезджага, якое трапiла ў зону ўзброенага канфлiкту i, дарэчы, знаходзiлася там (што вельмi важна) без зброi ў руках. Калi са зброяй, то гэта ўжо зусiм iншая, куды менш забаўная гiсторыя. Збiраючыся ў паездку ў нестабiльныя раёны, бярыце з сабой мiнiмум рэчаў. Тут дзейнiчае асноўнае правiла камандзiраваных i адпускнiкоў: браць рэчаў у два разы менш, чым планавалi, а грошай — у два разы больш. Нi ў якiм разе не бярыце з сабой дарагiх чамаданаў, сакваяжаў i не надзявайце кiдкага адзення. Будзьце «шэрай мышшу» i не прыцягвайце да сябе лiшняй увагi. Лепш за ўсё падыдзе адзенне ў стылi «а-ля мясцовы». Для Чачнi, напрыклад, гэта шырспажыў-цёмная шапачка i злёгку патрапаныя джынсы. Забудзьцеся на ўпрыгажэннi i касметыку (падыдзе толькi гiгiенiчная). Мужыкi! У iсламскiх раёнах вам, безумоўна, варта схаваць доўгiя валасы i вынуць завушнiчку з вуха. Хадзiць з падобнымi прычындаламi вельмi небяспечна. Не надзявайце таксама нiякiх культавых прадметаў: паўмесяцаў, крыжыкаў i зорак Давыда. Прыклад № 1 У 1996 годзе ў аўтара адбылася непрыемнасць ў горадзе Аргун менавiта з-за прадметаў культу. На адным з блокпастоў федэральных войскаў падчас чарговага «шмону» ў маiм пашпарце знайшлi мусульманскi абярэг (лiсток паперы з некалькiмi сурамi з Карана па-арабску) — яго ў знак ўдзячнасцi падарыла мне адна чачэнская бабуля. З-за гэтага абярэга давялося гадзiны тры правесцi ў мясцовым аддзяленнi ФСБ i даказваць, што я ўсяго толькi журналiст, а не баявiк. I журналiсцкае пасведчанне, i акрэдытацыйная карта, i рэкамендацыйныя пiсьмы не дапамагалi. Аднак тут нескладана i перабраць. Нi ў якiм разе не варта надзяваць адзенне, якое хоць чым-небудзь нагадвае унiформу i тым больш — камуфляж. Прыклад № 2 У горадзе Ачхой-Мартане, таксама ў Чачнi, мяне затрымаў раз’езд АМАПа толькi за тое, што быў абуты ў берцы (высокiя чаравiкi) расiйскага спецназаўца. Вынiк — суткi страчанага часу i злёгку падбiтае «люстэрка душы». Нiкога не цiкавiла, што чаравiкi гэтыя былi куплены на рынку ў Мiнску. Цяпер аб прадметах, якiя нам змогуць спатрэбiцца. Па-першае, гэта, канешне ж, ежа. У вашай сумцы павiнен знаходзiцца трохдзённы сухi паёк, прычым такi, якi не патрабуе дадатковага прыгатавання: мясныя або рыбныя кансервы (баранi вас Бог у iсламскiх або iудзейскiх раёнах прапанаваць каму-небудзь папалуднаваць свiной тушонкай), пячэнне або хлябцы, згушчонка, цукеркi (дзяцей i салдатаў пачаставаць, толькi не шакаладнымi — яны плавяцца). Абавязкова патрэбна вада. Як толькi ў горадзе пачынаюць страляць, тут жа адключаюць электрычнасць i ваду, а таму не забудзьце прыхапiць яшчэ i лiхтарык з батарэйкамi. Абавязкова — блок цыгарэт, а калi курыце, то i два блокi не пашкодзяць. Цыгарэты — гэта заўсёды «валюта» ваеннага часу i сродак «падмазацца» да ваенных i развязаць iм язык (гэта калi вы журналiст). Не забудзьце i пра аптэчку. Бярыце толькi самае неабходнае: ёд, бiнт, лейкапластыр, што-небудзь ад галаўнога болю i ад расстройства страўнiка (вельмi частая непрыемнасць у тых месцах, дзе даводзiцца харчавацца «падножным кормам», як правiла, корм гэты бывае вельмi спецыфiчны i непрывычны для страўнiкаў еўрапейцаў). Можна ўзяць i кроваспыняльны жгут, хоць апошняе — на аматара. Жгут заўсёды прыцягвае ўвагу ваяк пры асабiстым надглядзе. Прыклад № 3 Мой калега з Масквы Сяргей П. быў надоўга затрыманы чачэнскiмi маджахедамi толькi за тое, што пры асабiстым надглядзе ў яго знайшлi кроваспыняльны гумавы жгут. Логiка iх была не столькi жалезная, колькi жахлiвая: калi вязеш жгут — значыць, апасаешся ранення; а калi апасаешся ранення — значыць, прыйшоў ваяваць... Пры зносiнах з узброенымi людзьмi не трэба паддобрывацца i паказваць страх (такiмi пагарджаюць, а таму часта лупяць). Паво-дзьце сябе спакойна, добразычлiва i не лезьце ў бутэльку. Памятаеце яшчэ, хто вы? Правiльна! Мыш шэрая, i гэта «мыш» павiнна вярнуцца дадому. Па першаму ж патрабаванню паказвайце тым, хто праводзiць надгляд, усё, што яны хочуць паглядзець. I баранi вас Бог захоўваць грошы разам з дакументамi. Банальнасць, праўда? I аб ёй ведаюць усе. Але тым не менш захоўваюць менавiта так. Прыклад № 4 Сараева. Размежавальная лiнiя памiж мусульманскiмi i сербскiмi ўзброенымi сiламi. На блок-пасту бельгiйскiя салдаты (якiя ўваходзяць у сiлы ААН) ужо хвiлiн 15 угаворваюць вашага пакорнага слугу не пераходзiць на мусульманскi бок, нягледзячы на ўсе дазвольныя паперы. Я настойлiвы, спадзяюся на «права на атрыманне iнфармацыi» i iншыя разумныя i занудлiвыя рэчы (на самай справе проста «шляя пад хвост трапiла», як гаворыцца) i патрабую, каб мяне прапусцiлi. Прапускаюць. Як гаворыць вядомы сатырык, вечарэла. Углыб мусульманскай часткi горада я больш чым на 100—120 метраў так i не пранiк. Раптам з’явiлася некалькi абы-як апранутых мужыкоў. Аднолькавымi на iх былi толькi чорныя берэты, бароды i аўтаматы. Аказалася, мясцовы ваенны патруль. Як i належаць, патрабавалi дакументы. Ужо калi мне вярталi паперы, я з жахам успомнiў, што за абгорткай пашпарта «складзiраваны» ўсе наяўныя грошы — каля 120 долараў. Выявiлася толькi 10 (на марожанае, вiдаць, пакiнулi). На мае неўразумелыя погляды адказалi толькi адным мiжнародным словам: «Праблемы?». Ну якiя, самi разважце, могуць быць праблемы ў акружэннi групы ўзброеных барадачоў у мусульманскай зоне ваюючага горада? Не было праблем. Як я потым дабiраўся праз некалькi краiн з дзесяткай у кiшэнi — гэта ўжо iншая гiсторыя. Увогуле, з грашыма — асобны выпадак. Iх павiнна быць дастаткова для хуткага i па максiмуму камфортнага перамяшчэння, але не так шмат, каб не выклiкаць у мясцовых нездаровага ажыятажу. Я звычайна раблю некалькi патаемных кiшэняў з адваротнага боку штаноў i раскладваю купюры невялiкiмi кiпкамi. I яшчэ раз: нiколi (чуеце?), нiколi не насiце грошы разам з дакументамi. Што яшчэ не трэба рабiць у зонах, накрытых лакальнымi або не вельмi лакальнымi канфлiктамi? Ну, напрыклад, нi пад якой маркай не выходзьце на вулiцу ноччу. Прыклад № 5 Беларуская журналiстка Таццяна С. падчас сваёй першай паездкi ў Чачню вырашыла выйсцi ноччу па патрэбе з прыпаркаванага ля блок-паста аўтобуса Мiнводы—Грозны. Выйшла яна ў суправаджэннi чачэнскай жанчыны, таму як адной страшна. Па вядомых прычынах суправаджаць я яе не стаў. I толькi-толькi паненкi зручна размясцiлiся... Як раптам з боку блок-паста раздаўся роў часавога: «Стаяць!!! Ляжаць!!! Маўчаць!!!». Потым, канешне, разабралiся i нават пасмяялiся. Салдат пасля лагiчна растлумачыў: «Гляджу, дзве бабы за аўтобусам прыселi — дакладна мiну закладваюць. Я ўжо i пальнуць збiраўся». I меў бы рацыю. Адносна жанчын варта сказаць асобна. Цягнуць з сабой дам у рэгiёны, дзе неспакойна, — вар’яцтва (сцвярджаючы гэта, я згодны нават выслухаць праклёны фемiнiстак i тых, хто iм спачувае). Жанчына, асаблiва прыгожая, як бы нi паводзiла сябе, абавязкова правакуе мужыкоў на «токавыя гульнi» i iншыя «танцы з шаблямi». Улiчваючы ж, што ўзброеных мужыкоў, часта з абсалютна сарваным дахам», якiя знаходзяцца «на ўзводзе», у памянёных раёнах бывае не многа, а вельмi многа, i аб тым, што можа здарыцца, думаю, няцяжка здагадацца. Пры гэтым асноўная небяспека пагражае не жанчыне, а якраз-такi яе спадарожнiку. Таму мая вам парада — не трэба... Калi пачалi страляць, то помнiце, што самае бяспечнае месца ў доме — падвал (праўда, пры бамбёжках i ракетных абстрэлах i ён не ўратуе). Таксама трэба ведаць, што сцяна ў адну цаглiну не абарона, калi паляць са стралковай зброi сярэдняга калiбру. Старайцеся трапiць у такое месца, каб памiж вамi i тым, хто страляе, было як мага больш сцен i перакрыццяў. У крытычных выпадках падайце на зямлю i, як кажуць, прыкiдвайцеся венiкам i не адсвечвайце. Вы яшчэ не забылiся, хто вы? Правiльна! Мыш шэрая, i ваша задача — вярнуцца дадому, не страцiўшы па дарозе нiводнай часткi сваёй каштоўнай тушкi. I яшчэ на гэтую тэму. Здараецца так, што бываюць i параненыя. Яны часта крычаць, упрошваюць вас. Магчыма, гэта здасца камусьцi бязмежным цынiзмам, але не спяшайцеся да iх кiдацца. Спачатку пераканайцеся, што вам не пагражае небяспека. Па-першае, лiшняя адтулiна ў вашым арганiзме не палегчыць пакут траўмiраваных; а па-другое, памятаеце, хто вы? Правiльна. Мыш шэрая, а зусiм не Рэм-ба, i знаходзiцеся ў рэальным жыццi, прычым у самай паскуднай форме яе праяўлення. А лепш, канешне, наогул не аказвацца ў падобных умовах. Лепш быць прыкметным чалавекам у сваiм горадзе, чым шмыгаць мышшу шэрай дзе-небудзь сярод руiн.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(у парадах, прыкладах, успамiнах i павучаннях)
|
|