Цвiлыя амбiцыi ў цэнтры сучаснай Еўропы
Уладзiмiр АЛЯКСАНДРАЎ
Погляд У свой час асобным польскiм палiтыкам i беларускiм апазiцыянерам хоць i ненадоўга, але ўсё ж такi ўдалося прыцягнуць увагу еўрапейскай грамадскасцi да так званага «становiшча» этнiчных палякаў у Беларусi. Гэта ўжо потым разабралiся, што «праблема» i яйка выедзенага не вартая, а ўсяго толькi з’яўляецца добрай картай у перадвыбарнай гульнi ў самой Польшчы. Аднак на грэбенi хвалi «праведнага» гневу дазвалялi сабе многае.У сярэдзiне чэрвеня англiйскi лiберальны часопiс «Эканамiст» размясцiў артыкул, прысвечаны польскаму пытанню. Цiкава, што паралельна з анатацыяй змяшчалася карта тэрыторыi Польскай Рэспублiкi... у яе межах да 1939 года. Пры гэтым тэрыторыя Польшчы ахоплiвала заходнюю частку Беларусi i Украiны, а таксама невялiкую тэрыторыю Лiтвы, уключаючы Вiльнюс. Асноўны акцэнт рабiўся на тым, што былая польская тэрыторыя знаходзiцца ў «жудасным стане». Натуральна, па вiне палiтычнага рэжыму ў Беларусi. Маўляў, з-за гэтага самага рэжыму i дэмакратычныя грамадскiя арганiзацыi знаходзяцца ў становiшчы выгнаннiкаў, i грамадзяне Беларусi не маюць магчымасцi ацанiць перавагi заходняй мадэлi лiберальна-дэмакратычнага кiравання дзяржавай. Выснова чытачу падказвалася даволi празрыста: наспела неабходнасць наступальнай мiсiянерскай дзейнасцi па «асвеце нецывiлiзаваных народаў». I вось тут, як у тым анекдоце, з’яўляюцца яны... Польскiя ўлады не прымусiлi сябе доўга чакаць i заклiкалi краiны ЕС выступiць супраць «дыктатуры» ў Беларусi адзiным фронтам. Натуральна, у якасцi лiдара на белым канi, акрамя сябе, нiкога iншага яны i не ўяўлялi. Праўда, з такiм польскiм лiдарствам у рэгiёне не гатовы пагадзiцца нi Украiна, нi прыбалтыйскiя дзяржавы. Апошнiя бачаць у Польшчы аднаго з асноўных канкурэнтаў за «асаблiвыя адносiны» з ЗША, без якiх iм будзе вельмi складана не толькi пазбягаць расiйскага ўплыву, але i ўвогуле iснаваць у Еўрасаюзе. Адны «спаборнiцтвы» за ўстанаўленне бязвiзавага рэжыму з Амерыкай чаго вартыя! Лiтва i Латвiя, як i Польшча, таксама iмкнуцца атрымаць большую частку фiнансавання ЗША на так званую «падтрымку прасоўвання дэмакратыi» ў Беларусi. Па вынiках восеньскага выбарчага марафону Польшча стала выключна «правабаковай» рэспублiкай. Вiдавочна, што яе новая палiтыка стане больш жорсткай у адносiнах да Масквы i Берлiна. СМI Германii прыходзяць да высновы, што «выбранне Леха Качыньскага на пасаду прэзiдэнта Польшчы акажа негатыўны ўплыў на польска-нямецкiя адносiны i значна ўскладнiць сiтуацыю ў ЕС, калi новы прэзiдэнт пачне рэалiзоўваць свае перадвыбарныя абяцаннi...». Зразумелая i насцярожанасць Украiны да знешняй палiтыкi Польшчы. Не сакрэт, што Варшава з’яўляецца патэнцыяльным iнiцыятарам арганiзацыi ў заходняй частцы Украiны руху за стварэнне самастойнага дзяржаўнага ўтварэння. Такая магчымасць, прынамсi, неаднаразова агучвалася ў польскiх СМI. Асаблiва ў кантэксце «спрэчнай» прыналежнасцi Львова. Акрамя таго, у выпадку ўступлення Украiны ў ЕС i НАТО Польшча гатова вылучыць шэраг сур’ёзных умоў, якiя павiнны будуць узмацнiць яе заяўку на рэгiянальнае лiдарства. Ужо сёння iснуе шэраг пытанняў па ўступленню Украiны ў СГА. Таму ў рэалiзацыi празаходняй палiтыкi Украiны Польшча з’яўляецца больш перашкодай, чым памочнiкам. Прыхаваныя тэрытарыяльныя прэтэнзii да суседнiх краiн з боку Польшчы не могуць быць рэалiзаваныя толькi на аснове абароны iнтарэсаў польскага насельнiцтва. Пры ўсiм жаданнi даказаць факт «прыгнёту палякаў» у Беларусi зараз амаль немагчыма, нават з дапамогай бытавых i рэлiгiйных правакацый. Больш таго, каб разыграць нацыянальную i рэлiгiйную карты ў Беларусi польскiм палiтыкам спатрэбiлася б падтрымка насельнiцтва самой Польшчы. Мала сказаць, што яны яе не маюць — ва ўмовах пастаянных карупцыйных i палiтычных скандалаў, самага высокага ў Еўропе ўзроўню беспрацоўя (17,9 працэнта) i слабай сацыяльнай палiтыкi дзяржавы большасць палякаў увогуле не цiкавяцца такiмi пытаннямi. Польскi ўрад адчувае таксама сур’ёзныя праблемы з фiнансамi — каля 6 працэнтаў складае дэфiцыт бюджэту. Для яго пакрыцця плануецца зрабiць чарговую пазыку ў памеры 10,5 мiльярда долараў ЗША. I гэта нягледзячы на велiзарны знешнi доўг! У такiх умовах не трэба быць празарлiўцам, каб зразумець, што беларуская нацыянальная карта разыгрываецца Польшчай выключна дзеля таго, каб адцягнуць увагу насельнiцтва краiны ад мноства ўнутраных праблем. Ды яшчэ з надзеяй узмацнiць сваю ролю ў рэгiёне. Вiдавочна, што гэтага ёй пастараюцца не дазволiць як такiя ж навабранцы па ЕС, так i «еўрапейцы» першага эшалона, якiя не жадаюць аддаваць лiдарства эканамiчна недаразвiтай i не зусiм стабiльнай дзяржаве, якая праследуе «гiстарычна цвiлыя» мэты «Рэчы Паспалiтай». У вынiку палiтычнае адзiнства новай Еўропы — усяго толькi мiф цi вельмi далёкая перспектыва. Асаблiва ў адносiнах да Рэспублiкi Беларусь.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У свой час асобным польскiм палiтыкам i беларускiм апазiцыянерам хоць i ненадоўга, але ўсё ж такi ўдалося прыцягнуць увагу еўрапейскай грамадскасцi да
|
|