Бiзнэс ля дарогiКожны раз, збiраючыся на сустрэчу з героем будучай публiкацыi, у думках спрабую намаляваць яго вобраз. Калi гэта чалавек дзяржаўны, «начальственный», хутчэй за ўсё, будзе буйных «габарытаў» i з царскай постаццю; калi ж прасцей i рангам нiжэй, дык усмешлiвы дабрак, гаваркi i адкрыты. Шчыра кажучы, «партрэты» далёка не заўсёды адпавядаюць рэчаiснасцi, i ўсё роўна гэта не адбiвае жадання эксперыментаваць... — Увогуле, гэта я з выпадку вашага прыезду прыбраўся. А заспелi б мяне гадзiну таму, прынялi б, вiдаць, за бамжа, — шчыра прызнаўся Мiшын. — Мой працоўны «кабiнет» — гэта цэх, дзе мы з рабочымi робiм з дрэва ўсякую ўсячыну — лаўкi, сталы, крэслы для кафэ, скульптуры... Форма там, адпаведна, павiнна быць рабочая. Касцюм жа надзяваю раз у тыдзень, па панядзелках, калi праводжу планёрку, але такое адзенне хутка вымотвае. Мне трэба, каб у першую чаргу было зручна. Ну, напрыклад, камянi збiраць... Заўважыўшы, як у мяне акругляюцца вочы, Мiшын тлумачыць: — Камянi збiраць люблю. Камень — гэта жыццё. Бярэш у рукi i думаеш: колькi яму гадоў? Што пабачыў, што ў сябе ўвабраў? А яны ж не толькi ўбiраюць, але i аддаюць — цяпло, энергетыку. Ва ўтульным падвальчыку, дзе за вялiкiм сталом, падвешаным на тоўстых ланцугах да столi, мы з Iванам Iванавiчам вядзём няспешную гаворку за кубачкам кавы, сцены выкладзены з каменю, а мэбля выразана з дрэва. Такое вось прывiтанне з сярэднявечча — нi фарбы табе, нi тынкоўкi. Правяла рукой па сцяне, «злепленай» з камення, — сапраўды, цёплая... А можа, нагрэлася ад камiна, што зусiм па-хатняму патрэсквае побач? Уявiла, як цёпла i ўтульна тут бывае зiмой. Кафэ ж прыдарожнае, размешчана дастаткова зручна: з аднаго боку — траса Мiнск—Маладзечна, з другога — электрычкi, якiя iдуць у гэтым жа накiрунку. Кожны «стомлены i галодны» вандроўнiк можа прытармазiць i сагрэцца ля агеньчыка. Практычна ўсё, што знаходзiцца ў гэтай зале, зроблена рукамi гаспадара. Як, прынамсi, i ў iншых залах установы. Лавачкi, сталы, крэслы ля барнай стойкi, палiчкi, шафкi для напiткаў. Камянi Мiшын сам збiраў па палях, зносiў i складваў у спецыяльныя скрынi. (Гэтыя скрынi i зараз можна ўбачыць непадалёк ад кафэ, пад завязку напоўненыя такiм жа «будматэрыялам» усiх масцей, памераў i канфiгурацый.) А ў вольны ад «збiральнiцтва» час вырашаў вытворчыя i кадравыя пытаннi, кантраляваў працэс гатавання ежы, дэгуставаў (часта нават не каштуючы) новыя стравы i выходзiў да наведвальнiкаў у залу. НЕКАЛI студэнт лыжнага факультэта Мiнскага iнстытута фiзкультуры i падумаць не мог, што стане, як гэта модна зараз называць, рэстаратарам, зоймецца развiццём прыдарожнага сэрвiсу. Размеркаваўшыся следам за жонкай-педагогам у Маладзечанскi раён, цалкам задаволены лёсам выпускнiк: быў прыняты на працу ў адну з сярэднiх гарадскiх школ настаўнiкам фiзкультуры. У вольны ад работы час вёў заняткi з хлопцамi ў групе рукапашнага бою (так называлася афiцыйна забароненае тады каратэ). У 90-м годзе пайшоў з агульнаадукацыйнай школы, каб стварыць сваю — школу ўсходнiх адзiнаборстваў. — Я рыхтаваў iнструктараў, а яны потым працавалi ў звычайных навучальных установах, трэнiравалi падлеткаў. Ганаруся, што ўтрымаў сваю групу ад небяспечнага «бiзнэсу» — тады многiя iшлi «ў рэкет». Школа ўсходнiх адзiнаборстваў прыносiла нядрэнныя па тым часе даходы, але iх катастрафiчна не хапала — малодшы сын Ягор нарадзiўся з сур’ёзным захворваннем, неабходны былi пастаянныя аперацыi, дарагiя лекi, паездкi ў санаторыi... I аднойчы Мiшын сказаў сабе: «Стоп. Я нiколi не буду жыць лепш, чым цяпер, калi не адкрыю сваю справу». Якой менавiта справай трэба заняцца, ён ужо ведаў. I ў Беларусi, i ў Расii, дзе Мiшын часта бываў у бацькоў, назiралася поўная адсутнасць прыдарожнага сэрвiсу, такога неабходнага для аўтамабiлiстаў. «Было, едзеш усю ноч — нi табе кавы, нi бутэрбродаў, нi паўнацэннага адпачынку. Вось я i падумаў: трэба нешта будаваць...». Так, уласна кажучы, i нарадзiлася «Крысцiна», названая ў гонар той, з якой дзялiў усе радасцi i беды, — жонкi. Але «Крысцiна» цяперашняя i тая ўстанова, з якой усё пачыналася, як кажуць у Адэсе, дзве «вялiкiя рознiцы». А пачаў Мiшын з таго, што паставiў на ўчастку звычайны вагон. I стаў чакаць, калi нехта са шматлiкiх начальнiкаў загадае яму «змотваць вудачкi». Законаў жа, рэгулюючых бiзнэс на тэрыторыi нашай рэспублiкi, не было нiякiх. Як не было, прынамсi, i самога — цывiлiзаванага — бiзнэсу... Праз дзесяць дзён прыйшло прадпiсанне ад старшынi Мясоцкага сельсавета ўбраць вагон. Аднак Мiшын прадпiсанню не падпарадкаваўся, а дазволу на будаўнiцтва дабiўся праз «Белдарсэрвiс» — ведамства, якому належала прыдарожная паласа. Спачатку ў вагончыку гандлявалi шакаладам i кавай, пазней у меню з’явiлiся сасiскi... А потым Iван Iванавiч адкiнуў празмерную сцiпласць i блiснуў кулiнарнымi талентамi. (У свой час мацi, якая выкладала ў школе матэматыку i працоўнае навучанне, перадала сыну сакрэты прыгатавання ежы.) Дарэчы, сапраўдныя сiбiрскiя пельменi i дамашняя локшына, якiя да сённяшняга дня карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў наведвальнiкаў, прыгатаваны паводле мамiных рэцэптаў. Ды i вагончык жывы да гэтага часу — як напамiн аб першым «баявым хрышчэннi». «Крысцiна» ж з прыдарожнай закусачнай вырасла ў салiднае кафэ на 200 месцаў, дзе i днём, i вечарам поўна наведвальнiкаў. Cёння Iван Iванавiч Мiшын ведае любую дробязь у сваёй гаспадарцы, i таму «вядзе» бiзнэс упэўнена i спакойна. Прызнаецца, што часы, калi ўсяго баяўся, былi, але мiнулi. Многiя з яго калег, знаёмых не ўтрымалiся на плаву, а ён утрымаўся. — Па вялiкаму рахунку, кожны з 20 правяраючых, якiя бываюць тут рэгулярна, заўсёды можа знайсцi «зачэпку», каб мяне закрыць. Новыя законы або змяненнi ў iх прымаюцца i ўносяцца з такой хуткасцю, што мы не паспяваем гэта адсочваць. А ёсць яшчэ мноства iнструкцый, што выдаюцца на месцах — на абласным, раённым, гарадскiм узроўнях. Не паспелi напiсаць загад — як тут жа iдуць з праверкай... Прадпрымальнiкам сёння што неабходна? Законы, якiя б iх абаранялi, а не прымушалi баяцца, не адпужвалi б ад бiзнэсу. Бо чым больш у краiне заможных людзей, тым гэта лепш для дзяржавы — з добрых заробкаў i падаткi добрыя. Сам Мiшын па меры магчымасцi дапамагае i мясцовай Выверскай школе, i ФАПу, i сельсавету — таму самаму, якi з iм некалi «ваяваў». Яго палiтыка — нi з кiм не сварыцца, не канфлiктаваць, усе спрэчныя пытаннi вырашаць мiрным шляхам. Праўда, «мiрны» шлях добры да пары да часу, пакуль людзi не пачынаюць нахабнiчаць i садзiцца на галаву. Аднойчы Мiшын узяў i звольнiў усю змену сваiх афiцыянтаў. Чаму? У наведвальнiкаў пачалi красцi, порцыi iм недакладваць. Як здагадаўся? Спачатку адчуў iнтуiтыўна, па атмасферы ў зале, потым правёў праверку — падазрэннi пацвердзiлiся. Да гэтага працавалi з людзьмi душа ў душу. Але ёсць рэчы, якiя ён не можа дараваць нi за што i нiкому. СЁННЯ ў падпарадкаваннi ў Мiшына знаходзiцца даволi вялiкая колькасць людзей, якiх ён забяспечыў работай i нармальнай зарплатай. Дапамагаюць у бiзнэсе i ўжо дарослыя дзецi — старэйшы Андрэй i малодшы Ягор. Ну а «правая рука» — гэта, канешне, жонка, якая паспяхова «пераквалiфiкавалася» з педагога ў кiраўнiка. — Я даўно зразумеў: для таго каб справы iшлi нармальна, бiзнэс павiнен быць сямейным. Бо на сям’ю можна спадзявацца на ўсе 100 працэнтаў. А аднаму было б вельмi складана пракантраляваць увесь працэс прыгатавання ежы — ад моманту, пакуль яна ўяўляе сабой кавалак свежага мяса, да падачы на стол. Калi мы хоць аднойчы пададзiм страву «другой» свежасцi, чуткi аб гэтым адразу ж абляцяць увесь раён. На сённяшнi дзень у Маладзечне налiчваецца больш за 30 кафе і рэстаранаў. I тым не менш, наш, загарадны, заўсёды поўны. Разам з гаспадаром стукаем тры разы па дрэве — каб не сурочыць. У гэты час афiцыянтка прыносiць i ставiць на стол блюда з прыгатаванай у сапраўднай печы румянай бульбачкай, прыпраўленай смажанай цыбулькай, талерачку з залацiста-ружовай паляндвiчкай i духмянае гарачае з iнтрыгуючай назвай «Перамога тарэадора» (хто каштаваў, той ведае). Пахi такiя, што я тут жа выключаю дыктафон i падсоўваю блiжэй сталовыя прыборы. Гаспадар да мяса не дакранаецца. Аказваецца, не ўжывае яго прынцыпова вось ужо дзесяць гадоў. I ўвогуле, абедае пераважна дома («Каб жонка не расслаблялася»). Затое ўсё астатняе сямейства, уключаючы сабаку, пастаянна сталуецца ў «Крысцiне», дзе кожны прадукт i кожная страва прыгатаваны сваiмi паварамi i майстрамi. Тут жа, у кафэ, харчуюцца — абсалютна бясплатна — усе яго служачыя. («Хiба галодны работнiк зможа добра абслужыць таго, хто прыйшоў паабедаць?») — Вы — забяспечаны чалавек? — Я — звычайны чалавек, якi нармальна зарабляе. Магу дазволiць сабе «Мальбара» або каньяк, жыву ў сваiм доме, езджу на машыне... Магу паехаць адпачываць на поўдзень... — У сэнсе — на Кiпр? — Не, на Кiпр грошай шкада. Я iх лепш у справу ўкладу, у прыгажосць. Ведаеце, колькi сёння кветкi каштуюць, тыя ж драўляныя скульптуры, лавачкi? А нам трэба расцi, развiвацца, пашыраць другi паверх, будаваць гасцiнiцу — каб пры жаданнi людзi маглi застацца тут пераначаваць. Такiя, як Мiшын, заўсёды здзiўляюць абывацеля. Здавалася б, ну што яшчэ чалавеку трэба?.. А ён цэлы год «дзiвачыў»: выразаў з дрэва скульптуры звяроў: зубра, мядзведзя, саву, жабу... Сваiмi рукамi плёў з арэшнiку альтанкi-«кошыкi», непадуладныя ветру i скразнякам (своеасаблiвае «ноу-хау»). Праз дарогу ад кафэ пабудаваў каплiчку — купал яе адлiвалi тут жа, у сваiм цэху... А над уваходам у «Крысцiну» паставiў двух драўляных буслоў. I трэба ж — хутка пасля гэтага дзве лепшыя работнiцы сабралiся iсцi ў дэкрэтны водпуск. Цяпер астатнiя просяць: «Iван Iванавiч, можа, яшчэ парачку птушак на даху прыладзiце?». ...Аглядаючы з пляцоўкi другога паверха свае «ўладаннi», якiя месцамi нагадваюць эксперыментальную будаўнiчую пляцоўку, Мiшын з сумам канстатуе, што ўсё тут ужо можа «круцiцца» i без яго... Наталля КАРПЕНКА. Мiнск—Маладзечна. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны раз, збiраючыся на сустрэчу з героем будучай публiкацыi, у думках спрабую намаляваць яго вобраз. Калi гэта чалавек дзяржаўны, «начальственный»,
|
|