21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алё, народ на провадзе!

25.08.2009 21:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На тое ён i сабака

Жылi-былi... (так, мiж iншым, пачынаюцца не толькi казкi, але i праўдзiвыя гiсторыi).

Значыць, жылi-былi па суседству два мужыкi, працавалi ў адной канторы, нават iмёны ў iх былi аднолькавыя...

Зрэшты, не. Адзiн (ён працаваў вадзiцелем) зваўся Сашкам, другi — Аляксандрам Iванавiчам. Начальнiкам нейкiм быў. Не сказаць каб вялiкiм... Так, куды пашлюць... Куды пасылалi? Запчасткi «выбiваць», юшку варыць для начальства i правяраючых, лазню арганiзоўваць, дысцыплiну правяраць. Усюды ён ахвотна iшоў, стараўся. Праўда, жонка бухцела, пытала:

— Ну якi ты начальнiк, калi ў гумне нi вазочка сена, нi палачкi дроў? На суседа лепш паглядзi...

Сусед (ён жа Сашка) iначай жыў. Ранiцай завязе брыгаду ў лес на працу, вечарам — падскочыць забярэ (бензiн тады пiпеткамi не мералi. — Аўт.)... А сам цэлы дзень дома — па гаспадарцы шчыруе. Дроў назапасiў — на пяцiгодку, лiчы, сена — пад самыя стрэхi, соткi дагледжаныя, пабудовы — таксама...

Зайздросна глядзець. Асаблiва ж — Аляксандру Iванавiчу. Мо таму i закладваў ён суседа, здаваў, як пустую бутэльку. Прычым не раз... У Сашкi беднага непрыемнасцяў было — не абабрацца. I галоўнае, сэнсу ж — нiякага. Ну завозiў ён брыгаду. А далей што? Кантавацца там, грыбы збiраць, у машыне корпацца, загараць? Дык характар жа не той, рукi працы просяць. Таму з тыдзень счакаўшы, пасля прыняцця тых мераў, Сашка зноў браўся за сваё жыў... да наступнай «здачы». I, у рэшце рэшт, да той шчаслiвенькай пары, калi Аляксандра Iванавiча (ён старэйшы быў) нарэшце «пайшлi» на пенсiю.

Падабрэў ён тады, палагаднеў. Пытае неяк праз плот:

— Ты куды гэта, цёзка, едзеш?

— Ды на поле па бульбу.

— Дык мо, браток, i маю прывязеш?.. Заадно?

— А-а, — зацягнуў сусед (цяпер жа можна ўжо — не начальнiк...) — кажаш мне «браток», «прывязi»... А ўперад? Хто на мяне начальству капаў?

...Аляксандр Iванавiч у адказ — не закаяўся, не пачырванеў, сказаў:

— Слухай, суседзе, у цябе ж сабака ёсць? Ёсць. I брэша ж?

— Ну, канешне... На тое ён i сабака.

— А каб не брахаў, цi трымаў бы ты яго?

— Мусiць, не...

— Вось i мяне б не трымалi, — уздыхнуў Аляксандр Iванавiч. I пайшоў шукаць канька, каб прывезцi бульбу.

А. ЛIПЕНЬ, Iўеўскi раён.

Чаго не зробiш для цешчы!

Прэтэнзiй (зразумела ж, iстотных) да мацi маёй жонкi я не меў нiколi, бо дачку яна выхавала добра, кватэру пабудаваць памагла, а ўжо як дзецi пайшлi, ёй наогул цаны не было: выручала нас i днём, i ноччу... Не помнiць гэтага — грэх, таму зараз, калi цешча кажа, што трэба нешта зрабiць, я, як пiянер, — заўжды гатовы. Толькi раз «не паслухаў».

Як справа была?

Ды з першага верасня хацела мая цешча новае жыццё пачаць: зняла са сцяны шыкоўны дыван i «кiнула» на падлогу ў зале. А палас адтуль рашыла парэзаць на два: адзiн пасцялiць у спальнi, а другi — у калiдоры. Адно — падрубiць iх трэба было. Ва унiвермаг, кажа, можна занесцi... Там спецыяльная машына ёсць: вельмi хораша робiць.

Жаданне цешчы для мяне... свята. Я ж думаў як? Ранiцай яна на работу, а я — да яе (ключ ад кватэры ёсць), забiраю той палас, нясу, усё як трэба раблю, прыношу назад, засцiлаю, сыходжу, цешча вяртаецца дамоў, а там...

Да унiвермагу ад цешчынай кватэры два прыпынкi язды. Але ж не перцiся з паласам у грамадскi транспарт! Ды i не зломак яшчэ, на плячах данясу.

Тое, што прыйдзецца цяжка, адчуў адразу: гнула ноша ў тры пагiбелi, важыла не слаба. Больш за тое — хоць так пакладзi, хоць гэтак — цягнулася па зямлi. Памер нейкi «няправiльны» — тры з паловай метры на чатыры.

Карацей, лоб у мяне ўзмакрэў адразу, да спiны прылiпла кашуля. Ужо ў магазiне, пакуль усцягнуўся на трэцi паверх, — ногi затрэслiся, як лiсткi на асiне. А следам i... вочы з арбiт палезлi: аддзел, дзе тая машына, быў... зачынены — пераўчот!..

Бунтуй не бунтуй, а рабiць няма чаго — трэба рухацца назад. «Дурных няма, — сказаў сам сабе, — паеду ў аўтобусе». Па прыступках, праз падземны пераход, перапоўз на другi бок вулiцы, успёрся ў высокi салон, стаў у куток, каб нiкому не замiнаць, i нават трошкi ад’ехаў, калi ў салоне засмярдзела дымам i загучала пераканаўчае: «Машина дальше не пойдет».

Другую чакаць я не стаў: хоць i ледзь жывы ўжо, ды пасунуўся пехам. Па дарозе яшчэ цешчыну суседку сустрэў.

— Ой, вы з ношай? — заўсмiхалася яна. — Да Iванаўны?.. А ў нас жа лiфт паламаўся.

Што заставалася? Паўтарыць класiчнае «матам справе не паможаш», i ледзь не на карачках караскацца на... сёмы паверх. Прыступак — я ўжо не бачыў, ногi — ледзь перастаўляў, сэрца грукала недзе ў вушах, але ж, калi дапоўз да дзвярэй i дрыжачай рукою ўставiў ключ, пачуў, як уздрыгнуў, загудзеў i... за-пра-ца-ваў лiфт!

...Палас я хляпнуў там, дзе ўзяў, i пасунуўся на работу.

Вечарам пазванiла цешча. Далiкатна спытала:

— Зяцёк, не атрымалася ў цябе мой палас ва унiвермаг занесцi?

Я хацеў ёй адказаць, расказаць... Усё. Але... прамаўчаў.

У. С, Мiнск.

Нарэзацца — гэта адно...

Нiхто так, мусiць, не чакае цяпла, не чакае вясны, як мы, жанчыны. I, ужо дачакаўшыся, нiхто, вiдаць, больш не шчыруе: трэба ж i ў доме прыбраць, i вакол яго, i перамыць усё, i пасадзiць... З аднымi вокнамi колькi марокi...

Зрэшты, вочы баяцца, а рукi — робяць. Вось i сяброўка мая (замужняя, дзякаваць Богу, у трохпакаёўцы з сямействам жыве) закасала рукавы, памыла адно акно, другое... З трэцiм замiнка выйшла: рама не адчыняецца — ну хоць ты плач. Яна да мужыка:

— Валодзечка, iдзi паглядзi. Нешта з акном тут у спальнi.

Валодзя (трэба зазначыць, чалавек фiзiчна не слабы, грунтоўны) прысунуўся ў пакой (жонка, мiж тым, у кухню, дзе боршч «даходзiць»...), патузаў за нiз, залез на падваконне, прыклаў руку там. А дом жа далёка не новы, вокны гнiлыя... Адна рама хрась i... Разам з гаспадаром, з трэцяга паверха, у куст язмiну, у кветнiк — ба-бах! Аж зямля здрыганулася!

Але Бог пашкадаваў! Небарака той, акрываўлены (шкло пабiлася), брудны, з перакошаным ад болю тварам, усё ж-такi ўстаў, абтросся, пабрыў дадому. Без ключоў, зразумела, — звонiць, каб упусцiлi, а жонка ж нi сном нi духам: не чула нiчога. Дзверы прыадчынiла, зiрк:

— Воўкi дома няма.

I... зачынiла. Перад самым носам.

Што заставалася Воўку? Вядома ж, званiць яшчэ раз, пытаць у сваёй: «Ты, баба, што — звар’яцела?».

Толькi тут яна пляснула ў далонi:

— Гэта ты?! А я думала нехта з дружбакоў так нарэзаўся.

Н.М. ЗАХАРЭВIЧ, г. Паставы.

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР.

Ад яе ж... Напiсанае — застаецца. Таму — яшчэ i яшчэ раз: пiшыце.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Значыць, жылi-былi па суседству два мужыкi, працавалi ў адной канторы, нават iмёны ў iх былi аднолькавыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика