Праз год гэта будзе адзiнае цэлае
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
ПЕРШАЕ ІНТЭРВ’Ю НА НОВАЙ ПАСАДЗЕ З’езд БСМ i БПСМ, якi адбыўся 6 верасня, насамрэч — не заканчэнне аб’яднаўчых працэсаў, а хутчэй наадварот. Каб зрабiць з двух маладзёжных саюзаў адзiн, кiраўнiцтву БРСМ давядзецца шмат папрацаваць. У блiжэйшы час будзе iсцi абмен членскiх бiлетаў на новыя.Якiм стане новы саюз моладзi, якую ролю адыграе ў маладзёжнай палiтыцы — пакажа час. Але абраны 6 верасня яго першы сакратар Аляксандр НАХАЕНКА ўпэўнены: якiя б спрэчкi нi iснавалi зараз, праз год гэта арганiзацыя стане адзiным цэлым. Мiж iншым, Аляксандр Нахаенка да гэтага быў дырэктарам дэпартамента па справах моладзi Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь. Ён упэўнены, што стрыжань у рэалiзацыi маладзёжнай палiтыкi — гэта аддзелы па справах моладзi, а iх памочнiкi — маладзёжныя арганiзацыi. — Як дзяржава супрацоўнiчае з грамадскiмi арганiзацыямi? — Супрацоўнiцтва з дзяржавай можа быць не толькi фiнансавым. Дзяржава павiнна фармiраваць сацыяльны заказ i пад яго прыцягваць валанцёраў (а значыць, грамадскiя арганiзацыi). Яна ж стварае нарматыўна-прававую базу. Мiж iншым, заказ павiнен фармiравацца ў дачыненнi да тых пытанняў, на вырашэнне якiх у дзяржавы не хапае сiл, магчымасцяў цi няма пэўных падыходаў, як у грамадскiх арганiзацый, напрыклад. Вось, скажам, мiлiцыя дарослымi падлеткамi, асаблiва правапарушальнiкамi, не ўспрымаецца. А вось да меркавання сваiх равеснiкаў яны прыслухоўваюцца. Грамадскiя арганiзацыi здольныя iх «выцягнуць», прыцягнуць да сваiх праектаў. Са 132 маладзёжных i дзiцячых арганiзацый каля 120 зарэгiстраваны ў Мiнску. Па-за ўвагай застаюцца вясковыя хлопцы i дзяўчаты. Зразумела, у горадзе добра арганiзаваць дыскатэку, запрасiць артыстаў, сабраць грошы — тут вялiкая зала. А куды падзецца не менш таленавiтай, чым гарадская, вясковай моладзi? Недастаткова ахоплена ў дзейнасцi арганiзацый працоўная моладзь, iнтэрнаты розных прадпрыемстваў. Напярэдаднi аб’яднання дзвюх буйных арганiзацый можна было пачуць меркаваннi, што ствараецца нейкi монстр, якi паглыне i ўвесь маладзёжны рух, i дзяржаўную структуру па рабоце з моладдзю. Гэта погляд людзей, якiя дрэнна ўяўляюць сабе маладзёжную палiтыку. Адзiн лепш, чым два — Вы згодны, што аб’яднаная арганiзацыя — лепш, чым два асобныя саюзы? — У дачыненнi да БСМ i БПСМ — так, i можа гэта было б добра ў дачыненнi i да некаторых iншых арганiзацый, якiя працуюць з адной катэгорыяй насельнiцтва па падобных праграмах. Аб’яднанне двух буйных саюзаў — гэта стварэнне моцнай арганiзацыi, апоры дзяржаўных структур па рабоце з моладдзю, наогул органаў улады. Гэтыя дзве арганiзацыi структураваныя (БПСМ меў структуры ва ўсiх рэгiёнах, у БСМ — 41 раённы камiтэт), што дае магчымасць для рэалiзацыi цэнтралiзаваных дзяржаўных праграм на рэспублiканскiм узроўнi (ад пярвiчак да рэспублiкi яна можа праводзiць, напрыклад, спаборнiцтвы па розных вiдах спорту). — А чаму нiводны з саюзаў не стаў раней такой апорай для дзяржавы? — Перашкод некалькi. Стварэнне БПСМ — iнiцыятыва маладых людзей, якiм цяжка было ўявiць сiстэму кiравання такой вялiкай, разгалiнаванай арганiзацыяй, якая мае ў штаце больш за 1000 супрацоўнiкаў. Патрыятычны саюз ствараўся, калi прайшло ўжо 7 гадоў з тых часоў, як знiк камсамол, кадры за гэты час не былi падрыхтаваныя. Да таго ж моладзi ўласцiвы максiмалiзм, часам яна не ўмее знаходзiць кампрамiс, i БПСМ быццам процiпаставiў сябе iншаму маладзёжнаму руху. I яшчэ. Буйная арганiзацыя павiнна грунтавацца на гiстарычных каранях. А каранi — традыцыi, гiсторыя, сувязь з ветэранамi — засталiся ў БСМ. «Дойная карова» прывядзе да распаду — Цi можа так атрымацца, што фiнансавая падтрымка арганiзацыi з боку дзяржавы будзе «знiшчаць» маладзёжную iнiцыятыву, выхоўваць людзей, якiя прыходзяць у яе каб зарабiць? — Такая небяспека ёсць. Калi ў грамадскiм аб’яднаннi створана сiстэма заробкаў, сюды прыходзяць чыноўнiкi (у горшым разуменнi гэтага слова). Калi ёсць даручэннi — яны iх выканаюць, калi не — пачытаюць на рабоце газету. Роля лiдэра грамадскага аб’яднання — не чакаць, а генерыраваць iдэi i iмкнуцца iх рэалiзаваць. Хацелася б (можа, гэта iдэальны падыход), каб за кожным супрацоўнiкам стаяла праграма. Трэба прыцягнуць сюды iнiцыятыўных людзей, «зубастых», якiя будуць хварэць за справу душой, адстойваць сваю пазiцыю. Самае галоўнае, каб iх iдэi ўвасобiлiся ў жыццё i прыносiлi карысць. Акрамя таго, арганiзацыя павiнна мець некалькi крынiц фiнансавання. Спадзявацца, што дзяржава будзе выступаць у якасцi «дойнай каровы», няправiльна — гэта вядзе да распаду арганiзацыi. Адна з такiх крынiц — членскiя ўзносы (малады чалавек павiнен падтрымлiваць сваю арганiзацыю), другая — пазабюджэтныя сродкi, спонсарская дапамога, што было даволi распаўсюджана ў камсамоле. Калi я быў сакратаром пярвiчнай арганiзацыi ў ВНУ, не мог i падумаць аб тым, каб прыйсцi ў райкам камсамола i папрасiць грошай на прызы. У мяне была база ВНУ, наладжаныя ўзаемаадносiны з кiраўнiцтвам i прафкамам навучальнай установы. Арганiзацыя павiнна зарабляць грошы, ствараць прадпрыемствы. Добра было б, каб яна не прытрымлiвалася глабалiстыкi пры стварэннi прадпрыемстваў, пажадана, каб яны былi не вялiкiмi, па месцы жыхарства, развiваўся малы бiзнес. Арганiзацыя можа прыцягваць дзяржаўныя сродкi, калi ўдзельнiчае ў рэалiзацыi розных праграм: «Моладзь Беларусi», «Дзецi Беларусi», занятасць моладзi. Але на першым этапе, я глыбока ўпэўнены, калi ствараецца арганiзацыя такога маштабу, яе трэба падтрымлiваць i ў галiне фiнансавання заработнай платы для каардынатараў праектаў — праз праграму «Моладзь». Але з умовай, што паступова арганiзацыя пяройдзе на частковае самафiнансаванне. Аб’яднанне павiнна мець аб’екты, на якiх будзе развiваць уласную гаспадарчую дзейнасць. Я маю на ўвазе пакоi, клубы па месцы жыхарства. Напрыклад, калi аб’яднанне атрымлiвае грошы на абсталяванне невялiкага камп’ютарнага клуба ў мiкрараёне Малiнаўка, яно можа весцi ў дзень некалькi бясплатных груп (цяжкiя падлеткi, чарнобыльцы), арганiзаваць платныя курсы i ўвечары за плату здаваць клуб тым, хто хоча пагуляць, пазаймацца на камп’ютары. У свой час лагер «Зубраня» належаў ЛКСМ Беларусi, нядрэнна было б, каб аб’яднаная арганiзацыя заваявала давер у дзяржавы, i ёй быў бы перададзены лагер. На «Зубраняцi» не заробiш, наадварот, тут трэба ўкласцi грошы, каб прывесцi базу ў добры стан. Для арганiзацыi прэстыжна мець такi аздараўленчы лагер, тут можна праводзiць профiльныя змены, напрыклад, для малодшых школьнiкаў, актывiстаў пiянерскага руху, сакратароў пярвiчак школ. Каманда — Якiх недахопаў абодвух саюзаў хацелася б пазбегнуць у аб’яднанай арганiзацыi? — Я не стаў бы спыняцца на недахопах БСМ i БПСМ. Галоўнае, каб у аб’яднанай арганiзацыi не было дапушчана дзвюх рэчаў. Першае — фармалiзму, якi ў адносiнах да справы заўсёды адчуваецца. Калi малады чалавек завiтае ў арганiзацыю i сутыкнецца з гэтым, ён больш нiколi не прыйдзе, акрамя таго, не прыйдуць i яго знаёмыя. Фармалiзм жа ў рабоце вядзе не тое што да нерэалiзацыi праграм, а да iх скажэння. Другая рэч — бюракратызм, калi меркаванне групы падменьваецца меркаваннем аднаго чалавека. — Што ў першую чаргу павiнна зрабiць кiраўнiцтва адзiнай арганiзацыi? — Каб быць лiдэрам, неабходны давер людзей, якiя выбiраюць. Ёсць выказванне: «Зграя зайцоў, якой кiруе леў, перамагае зграю львоў, якой кiруе заяц». На мой погляд, вельмi важным з’яўляецца выбранне працаздольнага ЦК — калегiяльнага органа, якi памiж з’ездамi здольны зарыентавацца, цi таго чалавека абралi ў лiдэры. Другое пытанне — абранне сакратароў ЦК i Цэнтральнай кантрольнай камiсii. Неабходна, каб гэтыя людзi разумелi, што запрошаныя сюды не хлеб з маслам есцi. Iх чакае вялiкая складаная праца. Ад першых 3 месяцаў—паўгода дзейнасцi арганiзацыi шмат у чым будзе залежаць аўтарытэт аб’яднання ў далейшым. I якiя б нi iснавалi спрэчкi зараз, праз год гэта будзе адно цэлае. — Цi не стане аб’яднаная арганiзацыя дублiраваць работу аддзелаў па справах моладзi, як гэта было з райкамам БПСМ? — Я гэта аднёс бы да мiжасобасных адносiнаў людзей, якiя ўзначальвалi аддзелы па справах моладзi i райкамы БПСМ. Там, дзе ёсць добры кантакт (а ён неабходны), загадчык аддзела па справах моладзi, супрацоўнiкi саюза моладзi, пiянерскай арганiзацыi павiнны ствараць каманду, якая ў раёне рэалiзуе шмат добрых спраў. Калi ж яна нiчога не робiць, навошта патрэбны такiя людзi? — Раённыя структуры аб’яднанай арганiзацыi будуць, як i структуры БПСМ, размяшчацца пры райвыканкамах? — Яшчэ камсамол у асноўным знаходзiўся ў выканкамах. Нiчога дрэннага ў гэтым няма, галоўнае, каб маладыя людзi лiчылi сябе работнiкамi грамадскай арганiзацыi, а не выканкама. — Я да таго, каб моладзь, якая захоча прыйсцi ў аб’яднаную арганiзацыю, ведала, дзе шукаць... — Мне здаецца, што ў першую чаргу супрацоўнiкi раённага камiтэта павiнны прыйсцi ў школу, на прадпрыемства. Калi завiтаць, напрыклад, у клас, як сакратар райкама, «пад гальштукам», i распавядаць пра рэалiзацыю дзяржаўнай маладзёжнай палiтыкi ў Рэспублiцы Беларусь — нiчога з гэтага не атрымаецца. Першая праца павiнна быць нефармальнай, хлопцаў i дзяўчат неабходна запрашаць на пэўныя мерапрыемствы: турзлёт, злёт перадавiкоў сельскай гаспадаркi i г. д. Зразумела, у класе заўсёды знойдуцца два-тры чалавекi, якiя ўсё ўзнiмуць на смех, але там могуць быць i патэнцыяльныя лiдэры. — А раптам створыцца такая сiтуацыя: ёсць пэўны сацыяльны заказ, але няма маладзёжнай iнiцыятывы? — Калi мы будзем зарыентаваны накшталт «сёння грошы — заўтра прыбiраем парк», няма сэнсу ствараць такую арганiзацыю. У першую чаргу аб’яднанне павiнна выхоўваць дзяцей i моладзь так, каб яны любiлi сваю «малую радзiму», толькi пасля гэтага можна гаварыць i пра любоў да вялiкай. Маладзёжная арганiзацыя не павiнна забывацца i на 8—12-гадовых падлеткаў. У мяне аднаму сыну 8 гадоў, другому — 9, i я бачу, як хлопчыкi цягнуцца да падлеткаў 15—18 гадоў. За лiдэрам з 10—11 класа такiя дзецi будуць чарадой хадзiць. А праз колькi гадоў яны будуць ведаць i паважаць гэтага чалавека. I кiраўнiкi праектаў павiнны падбiрацца такiя, каб яны ведалi сваю галiну. Навошта браць сакратаром у сельскi раён чалавека, якi не мае ўяўлення пра вёску, лiчыць, што капуста расце ў халадзiльнiку? У грамадскай арганiзацыi выканаўчыя органы ўлады могуць вырошчваць для сябе будучых спецыялiстаў, такiх, якiя ведаюць раён, людзей, якiя ў iм жывуць. З’езд — гэта, канешне, знакавае мерапрыемства. Але пасля 6-га абавязкова наступiць 7 верасня, 21 верасня i г. д. А гэта значыць пачнецца сур’ёзная, напружаная праца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З’езд БСМ i БПСМ, якi адбыўся 6 верасня, насамрэч — не заканчэнне аб’яднаўчых працэсаў, а хутчэй наадварот. Каб зрабiць з двух маладзёжных саюзаў адзi |
|