Дружыннiкам можа стаць любы жадаючы.
Сяргей РАСОЛЬКА
Той, хто жадае ўнесцi свой уклад у забеспячэнне правапарадку
Хутка павiнен уступiць у сiлу Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку» — пасля заканчэння дзесяцiдзённага тэрмiну з моманту яго афiцыйнага апублiкавання. З дня ўступлення ў сiлу названага Закона Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у трохмесячны тэрмiн павiнен забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам, а таксама распрацаваць i зацвердзiць нарматыўныя прававыя акты, прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi гэтага Закона. Сам Закон вызначае прававыя ўмовы рэалiзацыi грамадзянамi права на абарону ад процiпраўных замахаў i накiраваны на павышэнне iх актыўнасцi ў ахове парадку. Напярэдаднi дня ўступлення ў сiлу Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку» мы сустрэлiся з начальнiкам штаба ДНД Савецкага раёна Мiнска Уладзiмiрам Ларчанкам. У якасцi невялiкай даведкi: менавiта Савецкi раён з 1997 года па вынiках працы ДНД займае лiдзiруючыя месцы ў сталiцы. Апошнi прыклад: паводле агульнагарадскiх вынiкаў працы ДНД за леташнi год ДНД Савецкага раёна было прысуджана першае месца. Тут у практыку ўведзена заахвочванне лепшых дружыннiкаў, працоўных калектываў i iх кiраўнiкоў, камандзiраў ДНД. Менавiта з гэтага мы i пачалi нашу гутарку. — Уладзiмiр Iванавiч, няўжо цяперашнюю моладзь зараз можна матэрыяльна заахвоцiць да ўдзелу ў рабоце добраахвотных дружын? Зразумейце, я не ў тым сэнсе, што ўсе сучасныя маладыя людзi — лайдакi, зусiм наадварот: пры сённяшнiх магчымасцях разумныя хлопцы i дзяўчаты, падаецца, без цяжкасцяў могуць знайсцi i больш высокааплатную працу?! — Сапраўды, вы маеце рацыю, грошай за ўдзел у ахове грамадскага парадку дружыннiкi атрымлiваюць менш, чым, да прыкладу, яны маглi б зарабляць, падпрацоўваючы, скажам, на Камароўскiм рынку. I ўсё ж, лiчу, 40—45 тысяч рублёў у месяц за 20 выхадаў на 4-гадзiннае (з 18.00 да 22.00) дзяжурства не будуць лiшнiмi для студэнта ВНУ, навучэнца каледжа, часова беспрацоўнага. Але, магу вас запэўнiць, не толькi дзеля такога «заробку» iдуць на ахову правапарадку маладыя (i не вельмi маладыя таксама) людзi. Лiст з падзякай па месцы вучобы цi пастаяннага месца жыхарства, Ганаровая грамата, простае «дзякуй» ад чалавека, якому своечасова была аказана дапамога, таксама значаць нямала. — Хто можа стаць дружыннiкам? — Дружыннiкамi могуць быць жыхары нашага горада (юнакi i дзяўчаты) незалежна ад месца iх прапiскi i пражывання, якiя дасягнулi 18-гадовага ўзросту, а таксама дарослыя (мужчыны i жанчыны), што жадаюць унесцi свой уклад у забеспячэнне належнага правапарадку ў горадзе. Увогуле членамi добраахвотнай дружыны не могуць быць толькi тыя грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя маюць судзiмасць; стаяць на ўлiку ў лячэбна-прафiлактычных арганiзацыях з нагоды псiхiчнага захворвання, наркаманii цi алкагалiзму; прызнаныя рашэннем суда недзеяздольнымi цi абмежавана дзеяздольнымi; тыя, хто прыцягваўся на працягу года да дня падачы заявы да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Хачу таксама сказаць, што з лiку найбольш актыўных дружыннiкаў рыхтуецца рэзерв для працы ў органах унутраных спраў, службы ва ўнутраных, пагранiчных войсках. З 1996 года i па сённяшнi дзень больш за 250 нашых колiшнiх дружыннiкаў адслужылi цi служаць зараз тэрмiновую службу ў названых войсках, скончылi навучальныя ўстановы МУС Рэспублiкi Беларусь i працуюць у органах унутраных спраў. Мы даём актыўным дружыннiкам рэкамендацыi для паступлення ў сярэднiя i вышэйшыя навучальныя ўстановы МУС краiны. Скажам, дружыннiкi Iван Еўдакiмаў i Аляксандр Пацкевiч ужо другi год вучацца ў Акадэмii МУС Рэспублiкi Беларусь. — Чым падчас дзяжурстваў даводзiцца займацца дружыннiкам? Цi даводзiцца iм, у прыватнасцi, удзельнiчаць у затрыманнi злачынцаў? — Формы ўдзелу дружыннiкаў у дзейнасцi добраахвотных дружын самыя розныя. Кожны дзень на ахову грамадскага парадку ў раёне выходзяць да 100 дружыннiкаў. Яны разам з работнiкамi мiлiцыi патрулююць вулiцы i плошчы раёна, удзельнiчаюць у ахове грамадскага парадку падчас правядзення спартыўных мерапрыемстваў на стадыёнах i ў iншых месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, у летнi перыяд дзяжураць на Цнянскiм вадасховiшчы. Адказваючы на ваша другое пытанне, магу сказаць: сапраўды, найбольш актыўныя i падрыхтаваныя дружыннiкi ўдзельнiчаюць у мерапрыемствах па папярэджанню i раскрыццю злачынстваў i затрыманню злачынцаў, якiя праводзяць участковыя iнспектары, выконваюць iх асобныя даручэннi. Дружыннiкi таксама сумесна з iнспектарамi ДАI РУУС ажыццяўляюць нагляд за захаваннем вадзiцелямi i пешаходамi правiлаў дарожнага руху. Дружыннiкi грамадскага пункта аховы правапарадку (ГПАП) № 99 мiкрараёна 65, якi ўзначальвае старшыня савета — начальнiк штаба ДНД Рыгор Барытоль, аказваюць вялiкую дапамогу ўчастковым iнспектарам гэтага мiкрараёна ў правядзеннi прафiлактычнай работы з праблемнымi сем’ямi, сумесна з участковымi выбываюць па выклiках грамадзян на сямейныя скандалы, вядуць барацьбу з антысанiтарыяй у мiкрараёне. Старшыня савета — начальнiк штаба ДНД ГПАП № 98 Наталля Тузлукова (у мiнулым настаўнiк агульнаадукацыйнай школы) вядзе шэфскую работу з «цяжкiмi» падлеткамi ў сваiм мiкрараёне, вяртае ў школу прагульшчыкаў урокаў i вядзе з iмi выхаваўчую работу, трымае з навучальнымi ўстановамi пастаянную сувязь, дапамагае ўладжваць канфлiкты ў маладых сем’ях. На тэрыторыi Савецкага раёна працуюць 12 унiтарных прадпрыемстваў «ЖЭС», i ў кожным з iх створаны саветы прафiлактыкi правапарушэнняў i добраахвотныя дружыны. Iх асноўная задача — прафiлактыка кватэрных крадзяжоў i крадзяжоў асабiстай маёмасцi грамадзян з падвалаў жылых дамоў. — Вы згадвалi, што самы актыўны ўдзел у рабоце дружын прымае i моладзь... — Аператыўныя маладзёжныя атрады дружыннiкаў створаны ў 20 iнтэрнатах навучальных устаноў раёна. Яны падтрымлiваюць грамадскi парадак у сваiх iнтэрнатах, дзяжураць пры правядзеннi маладзёжных дыскатэк, вечароў адпачынку i iншых масавых мерапрыемстваў. Уся пералiчаная мной праца добраахвотных дружын — праз самыя розныя формы — станоўча ўплывае на абстаноўку ў горадзе. — Прабачце, наколькi станоўча? — За леташнi год з удзелам дружыннiкаў было раскрыта 16 крымiнальных злачынстваў, папярэджана адно злачынства, затрымана больш за 7 тысяч правапарушальнiкаў, у тым лiку 21 — за ўчыненне крымiнальных злачынстваў, 733 — за дробнае хулiганства, 4041 — за з’яўленне ў грамадскiх месцах у нецвярозым стане. I сёлета добраахвотныя дружыннiкi раёна не знiжаюць актыўнасцi ў рабоце па ахове правапарадку. За першае паўгоддзе з удзелам дружыннiкаў раскрыты 8 i папярэджаны 4 крымiнальныя злачынствы, затрымана каля 3 тысяч правапарушальнiкаў, з якiх 15 — за крымiнальныя злачынствы, 312 — за дробнае хулiганства, 1263 — за з’яўленне ў грамадскiх месцах у нецвярозым стане, 51 — за парушэнне пашпартна-вiзавага рэжыму, 174 — за парушэнне правiлаў дарожнага руху, 4 — за самагонаварэнне i г. д. — I што, няўжо ўсё так добра i няма нiякiх праблем? — На жаль, не. Калi працоўныя калектывы i кiраўнiкi ААТ «ЦУМ», РУП «Белтрансгаз», УП «Медыцынская тэхнiка», РУП «Выдавецтва Беларускi Дом друку», ААТ «Мiнскмэбля» i iнш. аказалi i аказваюць зараз значную i разнастайную дапамогу добраахвотным дружынам раёна ў арганiзацыi работы па ахове грамадскага парадку, дык кiраўнiкi шэрагу iншых прадпрыемстваў i арганiзацый не прымаюць нiякага ўдзелу ў гэтай справе. Адрапартавалi аб стварэннi добраахвотных дружын, але дружыннiкаў на дзяжурствы не накiроўваюць. Адбiваюцца i фiнансавыя цяжкасцi. Iснуе «Мэтавы рахунак ДНД», на якi прадпрыемствы са свайго прыбытку пералiчваюць па 10—15 тысяч рублёў, прычым усе падаткi з гэтых сум iмi ўжо заплачаны. Аднак падатковыя органы бяруць з «Мэтавага рахунку ДНД» падатак у пенсiйны фонд, у фонд занятасцi 40 працэнтаў штомесяц. З-за няхваткi грашовых сродкаў штабу ДНД, такiм чынам, давялося скарацiць 89 дружыннiкаў, якiя працавалi па працоўнаму пагадненню. Спадзяёмся, што пасля ўступлення ў сiлу Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку» гэтыя праблемы пакрысе будуць вырашацца.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Той, хто жадае ўнесцi свой уклад у забеспячэнне правапарадку
|
|