Цi Маленькi бразiльскi карнавал?
Святлана ЯСКЕВIЧ
ВЯРТАННЕ ДА ВЫТОКАЎ Галоўны рэжысёр «Дажынак-2003» Анатоль ВАРАБ’ЁЎ лiчыць галоўнай задачай фестывалю ўзвысiць хлебароба i ўшанаваць абрадыМастацкi кiраўнiк брэсцкага ансамбля танца «Радасць» народны артыст Рэспублiкi Беларусь Анатоль Вараб’ёў рыхтуе галоўнае свята ўраджаю краiны. Упершыню за гiсторыю дажынак рэжысура мерапрыемства даверана мясцоваму дзеячу культуры, а не сталiчнаму мэтру. I зроблена гэта нездарма. Анатоль Мiхайлавiч — вялiкi знаўца i аматар вiдовiшчных масавых дзеяў. Ён ставiў практычна ўсе абласныя дажынкi, якiя штогод ладзяцца на Брэстчыне. — Каму належыць iнiцыятыва зрабiць вас галоўным рэжысёрам рэспублiканскага фестывалю-кiрмашу? — Мiнiстэрству культуры i асабiста мiнiстру. Такое рашэнне, хутчэй за ўсё, абумоўлена нашым паспяховым выступленнем на Днях Брэсцкай вобласцi ў Мiнску ў снежнi мiнулага года. Прыблiзна ў той жа час трымалi справаздачу «культурныя сiлы» ўсiх iншых рэгiёнаў краiны. Наш канцэрт быў прызнаны лепшым. Тады я i атрымаў прапанову. Вядома, такi давер вымушае адчуваць найвялiкшую адказнасць. Хочацца сказаць новае слова, пакiнуць асаблiвы след у гiсторыi свята, якое, спадзяюся, набывае ўсё большую папулярнасць у грамадстве. — Але ж «Дажынкi» — у нейкай ступенi афiцыйнае мерапрыемства... — Так. Афiцыйная яго частка — узнагароджанне перадавiкоў, iншыя «пратакольныя» моманты, — вядома, застаецца нязменнай. У першы дзень будуць адзначаны хлебаробы, што занялi першае, другое, трэцяе месца ў спаборнiцтве. У другi дзень прэзiдэнт па традыцыi ўручыць ключы ад машыны лепшаму з лепшых. Застаецца нязменным i шэсце калон — дэлегацый абласцей рэспублiкi. Кожная дэлегацыя, вядома ж, пастараецца правесцi сваю «прэзентацыю» найлепшым чынам. Падрыхтавалi сюрпрызы i брастаўчане, пакуль я не скажу якiя — гэта сакрэт. — Я не прашу раскрыць зараз усе карты, але сказаць, у чым заключаецца навiзна творчага рашэння сёлетнiх «Дажынак», усё ж, вiдаць, можна. — Упершыню iмпрэза ладзiцца не на адной, як было раней, а на трох сцэнах адразу. У цэнтры ўсе ўбачаць вялiкую сцэну, якую мы ўмоўна назвалi «Велiчальная», — на ёй пройдзе ўзнагароджанне перадавiкоў. Справа ад гледача будзе пляцоўка ў выглядзе млына, на якую трэба ўзысцi па прыступках — «Дарога да хлеба». Праз гэту «дарогу» героi жнiва будуць iсцi на галоўную, «Велiчальную» сцэну. Левая сцэна пад рабочай назвай «Ружанская брама» — месца выступленняў вялiкiх калектываў i гала-канцэрта. Варта зазначыць, што ўсе пляцоўкi трапяць у поле зроку аднаго чалавека, яны ўзаемазвязаныя i дазваляюць адначасова паказваць вялiкую колькасць артыстычнага люду, не збiваючы яго ў адну кучу. Робiцца магчымым варыянт тэатралiзацыi ўсёй дзеi, а не даецца звычайны канцэрт. Наша творчая група ставiць задачу не толькi ўзвысiць працаўнiкоў вёскi, чыёй цяжкай працай здабываецца хлеб, але i ўшанаваць абрады, векавыя традыцыi народа. Мы пастаралiся выкарыстаць мноства элементаў фальклору — кампазiцыi «Сёння ў нашай хаце свята», «Палескi кiрмаш», «Беларускае вяселле»... — Дарэчы, пра мастацкiя сiлы. Кажуць, адных артыстаў на «Дажынках» будзе каля дзвюх тысяч. — Амаль што так. Самадзейны «калектыў» свята налiчвае прыкладна паўтары тысячы чалавек. Чакаем таксама каля трохсот прафесiяналаў, у iх лiку Нацыянальны акадэмiчны народны хор Беларусi, ансамблi «Харошкi», «Песняры», «Сябры», вядомых салiстаў. Прыедуць выканаўцы i танцоры з Украiны, Польшчы. У ролi вядучых убачым заслужаную артыстку рэспублiкi Алену Спiрыдовiч i Яўгена Лашкоўскага. Не зусiм звычайным мае быць i гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусi. У iм бярэ ўдзел святлокiнетычны тэатр. Арыгiнальная светлатэхнiка, думаю, здолее ўразiць. Завершыцца канцэрт велiчным феерверкам. — Крышку пачынаю ўяўляць, як усё будзе вiдовiшчна i прыгожа для тых, хто трапiць у першыя рады гледачоў. Але я падумала пра гараджан, пружанцаў, якiя столькi чакалi свята, столькi цярпелi нязручнасцяў за амаль што год вялiкай будоўлi. — Не хвалюйцеся, мы таксама пра iх падумалi. Адных прадстаўнiкоў афiцыйных дэлегацый прыедзе каля тысячы чалавек. Яны, вядома, размесцяцца блiжэй да сцэны. А iншым гледачам, якiх можа сабрацца некалькi тысяч, будзе не вельмi добра i чуваць, i вiдаць тое, што робiцца на сцэнах. Лiтаральна праз дзве гадзiны пасля заканчэння галоўнай дзеi свята, якую краiна зможа ўбачыць па тэлебачанню, мы паўторым асноўную частку праграмы для гараджан, гасцей горада. Акрамя пляцоўкi фестывалю па вулiцы Савецкай, пра якую мы ўвесь час вядзем гаворку, будуць дзейнiчаць яшчэ дзве — сцэна на плошчы ля райвыканкама i сцэна ля кiнатэатра «Спадарожнiк», якiя будуць працаваць з ранiцы да цямна. Не варта забываць, што ладзiцца вялiкi кiрмаш. Уздоўж вулiц размесцяцца гандлёвыя павiльёны, дзе кожная вобласць пастараецца паказаць лепшыя тавары, лепшую арганiзацыю гандлю i лепшае мастацкае суправаджэнне, а майстры рамёстваў прывязуць свае лепшыя вырабы. Гэтакi беларускi варыянт маленькага бразiльскага карнавала. — Вы так цiкава распавядаеце, што так i хочацца згубiцца ў гэтым «карнавале». Але дазвольце, Анатоль Мiхайлавiч, звярнуць вашу ўвагу на больш празаiчную тэму. Нярэдка можна пачуць, што «Дажынкi» — паказушнае мерапрыемства, прыдуманае ва ўрадавых кабiнетах. Цi патрэбны нам святы з такiм размахам, здараецца, пытаюць людзi. — Скептыкi заўсёды будуць... Я шмат паездзiў па свеце i бачыў, як у многiх краiнах ладзяць фестывалi, прысвечаныя ўраджаю. А хiба не ў нашай традыцыi — ушаноўваць новы хлеб? Усё гэта было. I сноп апошнi неслi ў хату нашы продкi, i жнеяк прывячалi. Колькi песень, абрадаў створана! А хiба тады лепш жылi? Зусiм ўпрогаладзь жылi. Я памятаю пасляваенныя гады, калi ў чэргах за хлебам душылiся, а песнi лiрычныя пiсалi, цудоўную музыку стваралi. Песню з душы народа не выкiнеш, як бы ён нi жыў. На нашай зямлi са старадаўнiх часоў услаўлялi хлеб i хлебароба. У Расii дажынкi цяпер не праводзяць, а ў Польшчы праводзяць... I з усiх абласцей адна толькi Брэстчына штогод ладзiць свае святы ўраджаю... Дык хiба дрэнна, што мы вяртаемся да вытокаў, узнаўляем векавыя традыцыi? Мы i так вельмi многа забылiся, многага сцуралiся. Ужо i не ўмеем прыгожа святкаваць, весялiцца, а нашы дзяды ўмелi. — Якраз аб гэтым я размаўляла нядаўна з пружанскiмi жанчынамi падчас адной з камандзiровак. Яны кажуць, што вельмi рады за свой горад, якi памаладзеў на вачах, што хочуць нарэшце ўбачыць само свята, але не ведаюць, куды падзець мужоў на гэты час, бо, па чутках, на кожным кроку будзе гарэлка i на разлiў, i пляшкамi, i на месцы, i з сабой... — Вельмi складанае пытанне. Многія людзі прывучаныя да моцных напояў, гэта адна з найвялiкшых праблем грамадства. А з iншага боку, якое ж свята без вiна? Можаце мне паверыць: я шмат разоў быў на «Дажынках» — i рэспублiканскiх, i абласных, але нiколi не бачыў, каб п’яныя валялiся. Думаю, усё ж такiя мерапрыемствы спрыяюць выхаванню культуры, а не спойванню людзей. Калi навокал музыка, песнi, танцы, усе апрануты ў лепшае, па-святочнаму ўбраны вулiцы, гандлёвыя павiльёны адзiн прыгажэйшы за другi, не веру я, што чалавеку захочацца так набрацца, каб ногi не трымалi. Можа прыгажосць i мастацтва якраз i здольныя закрануць генетычную памяць беларуса, якая захоўвае ўменне па-сапраўднаму святкаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўны рэжысёр «Дажынак-2003» Анатоль ВАРАБ’ЁЎ лiчыць галоўнай задачай фестывалю ўзвысiць хлебароба i ўшанаваць абрады |
|