У люстэрку сусветнай прэсы
«Развiццё вытворчасцi i гаспадарчай дзейнасцi ў Беларусi iдзе па сцэнарыю «шведскага развiтога сацыялiзму»
Эксперты аналiзуюць заклiк сакратара Савета бяспекi Расiйскай Федэрацыi да заходнiх краiн «перавесцi крытыку ў адрас Беларусi ў канструктыўнае рэчышча». У заяве I. Iванова, распаўсюджанай прэс-службай расiйскага Савета бяспекi, адзначаецца: «Лiчу контрпрадуктыўнымi рознага кшталту антыбеларускiя кампанii на Захадзе. Мы, канешне, iх не падтрымлiваем i падтрымлiваць не будзем». «Што датычыць крытыкi дзеля крытыкi, а тым больш дзеля ўмяшання ва ўнутраныя справы, то падобныя дзеяннi толькi ўскладняюць нашы сумесныя намаганнi ў барацьбе з рэальнымi пагрозамi... Беларускi народ у 2006 годзе сам зробiць выбар, якi адпавядае iнтарэсам развiцця i працвiтання сваёй краiны. Такi выбар мы будзем паважаць i падтрымлiваць», — цытуе I. Iванова «Iнтэрфакс». Эксперт «Газеты.ru» Я. Шымаў адзначаў, што беларуская стабiльнасць напрамую завязана на фiгуры прэзiдэнта А. Лукашэнкi, якi з меркаванняў прагматызму выбудоўвае «выгадную для Беларусi сiстэму ўзаемаадносiнаў з Расiяй». Наватарскiя акцэнты пры ацэнцы перспектыў палiтычнай сiтуацыi ў Беларусi расстаўляла «Junge Welt», пераклад артыкула з якой апублiкаваў расiйскi iнтэрнэт-рэсурс «Ино-СМИ». Па ацэнках нямецкай газеты, «Захад, вiдавочна, чакае ад выбарчай кампанii 2006 года ўжо не спробы звяржэння рэжыму, а ўсяго толькi прапагандысцкага манеўру, накiраванага не толькi супраць Беларусi, але i, магчыма, перш за ўсё супраць Расii». Паказальна, што за два тыднi да гэтага да падобных ацэнак перспектыў развiцця палiтычнай сiтуацыi ў Беларусi прыходзiла «New York Times». Амерыканскае выданне канстатавала: «За мяжой не многiя вераць у тое, што беларуская апазiцыя ў стане перамагчы на выбарах». Разам з тым планы ЗША i iх сатэлiтаў ва Усходняй Еўропе нацэлены на доўгатэрмiновую стратэгiчную перспектыву. Дзеяннi беларускай апазiцыi, на думку «New York Times», «могуць з амерыканскай i еўрапейскай дапамогай стаць новым этапам у барацьбе за дэмакратыю ў былым Савецкiм Саюзе». Расiйскiя мас-медыя паведамляюць аб падрыхтоўцы праекта Канстытуцыйнага Акта Саюзнай дзяржавы. Па гэтай тэматыцы на старонках газеты «Время новостей» выступiў Старшыня Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь У. Канаплёў. Ён падкрэслiў, што «пры любой форме аб’яднання кожная з краiн павiнна захаваць свой суверэнiтэт... Мы былi б не супраць правесцi рэферэндум па Канстытуцыйнаму акту i ў сакавiку 2006 года...». У сваю чаргу ў iнтэрв’ю «Независимой газете» Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы П. Барадзiн адзначыў, што ён «прыхiльнiк увядзення пасады саюзнага прэзiдэнта»... Каментуючы сiтуацыю ў нашай краiне, П. Барадзiн адзначыў: «У Беларусi практычна няма беспрацоўных... Нiякiх грошай (Захаду) не хопiць, калi ў краiне няма сацыяльнай напружанасцi. Развiццё вытворчасцi i гаспадарчай дзейнасцi ў Беларусi iдзе па сцэнарыю «шведскага развiтога сацыялiзму». Многiя праблемы вырашаюцца. I народ гэта бачыць i наўрад цi выйдзе на вулiцы з пратэстам». Аналiзуючы перспектывы развiцця беларуска-расiйскага Саюза, вядучы праграмы «Пастскрыптум» тэлеканала «ТБ Цэнтр» А. Пушкоў заявiў карэспандэнту сеткавага выдання КМ.RU, што «расiйска-беларускi Саюз будзе азначаць для Захаду змяненне геапалiтычнай абстаноўкi, якая склалася пасля распаду СССР... ЗША — адзiн з галоўных працiўнiкаў зблiжэння Расii i Беларусi. У прыватнасцi, адмiнiстрацыя Буша апасаецца, што гэта можа выклiкаць узмацненне настрояў да аб’яднання ва Украiне». Прэса праяўляе цiкавасць i да заяў расiйскiх палiтыкаў у адносiнах да прэзiдэнцкай кампанii-2006. Газета «КоммерсантЪ» iнфармуе: Старшыня Савета Федэрацыi РФ С. Мiронаў заявiў, што «не збiраецца прэтэндаваць на пасаду кiраўнiка дзяржавы». А газета «Известия» паведамiла, што экс-прэм’ер Расii М. Касьянаў у час паездкi ў Самару абвясцiў аб сваiм намеры балацiравацца ў якасцi «адзiнага кандыдата ад дэмакратычных сiл» на прэзiдэнцкiх выбарах 2008 года. Ужо ў 2006 годзе А. Чубайс можа стаць мэрам Масквы — такое меркаванне выказваецца на сайце «Правда.ru». Прычым акцэнт робiцца на «пэўную блiзасць галоўнага энергетыка краiны да прэзiдэнта Ул. Пуцiна». «Увага А. Чубайса да пасады мэра расiйскай сталiцы вiдавочная: яго цiкавяць асноўныя фiнансавыя патокi краiны, якiя «завязаны» на Маскву, а таксама выйшаўшае са сферы прамога ўплыву РАТ «АЭС Расii» прадпрыемства «Масэнерга». Большасць расiян не давяраюць нiякiм iнстытутам дзяржаўнай улады i не лiчаць сумленным нават прэзiдэнта краiны, — да такой высновы прыйшлi сацыёлагi даследчага цэнтра «ROMIR Monitoring» па вынiках апытання, у якiм узялi ўдзел 1600 рэспандэнтаў са ста гарадоў краiны. Аб недаверы да любых органаў улады заявiлi 52 працэнты апытаных, 30 працэнтаў рэспандэнтаў лiчаць сумленным толькi прэзiдэнта. Невялiкая ступень даверу расiян да пракуратуры i судоў, а Савет Федэрацыi i Дзяржаўную Думу лiчаць сумленнымi толькi 3 i 2 працэнты адпаведна. Мiж тым у традыцыйным рэйтынгу «Независимой газеты» «100 вядучых палiтыкаў РФ у кастрычнiку» першую дзесятку ўзначальваюць Ул. Пуцiн, Г. Грэф, М. Фрадкоў, Р. Абрамовiч, В. Суркоў... Палiтыкi М. Хадаркоўскi i Б. Беразоўскi — адпаведна на 51-м i 23-м месцы. Расiйскiя эканамiсты i палiтыкi адзначаюць, што ў iх краiне працягваецца рост iнфляцыi. Па прагнозу кiраўнiка Гандлёва-прамысловай палаты РФ Я. Прымакова, iнфляцыя па вынiках 2005 г. «складзе не менш чым 10 працэнтаў», — аб гэтым ён заявiў у эфiры тэлеканала «Россия». Мiж тым шэраг экспертаў называюць большую лiчбу — 12—13 працэнтаў. «Па звестках Расстата, больш чым на 1,5 тыс. руб. (рост на 25—26 працэнтаў) павялiчылiся з верасня 2004 года сярэднедушавыя даходы расiян i налiчаная зарплата. Здавалася б, нагода для радасцi вiдавочная, — пiша газета «Труд», — але не ўсё так гладка: павышэнне цэн (а за год яны «падскочылi» на 12,3 працэнта) паменшыла грашовую прыбаўку... На практыцы рост iнфляцыi з’ядае рэальныя даходы грамадзян, рост цэн падрывае эканамiчную базу расiйскай сям’i». У расiйскiх СМI распаўсюджаны дакумент, падпiсаны саветнiкам прэзiдэнта РФ А. Iларыёнавым, дзе прапануецца праграма барацьбы з iнфляцыяй. Размова iдзе аб умовах выкарыстання Стабiлiзацыйнага i Iнвестыцыйнага фондаў, адмене iмпартных квот, замарожваннi рэгулюемых дзяржавай тарыфаў i скарачэннi дзяржвыдаткаў. Падрыхтаваў Iван ШЛАПАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Развiццё вытворчасцi i гаспадарчай дзейнасцi ў Беларусi iдзе па сцэнарыю «шведскага развiтога сацыялiзму» |
|