«Капiтан Урунгель» з чашнiцкай прапiскай
Аляксандр ПУКШАНСКI, Чашнiцкi раён
Дзiвакi? Маладыя мiлiцыянеры з Чашнiцкага раённага аддзела мiлiцыi Вiцебскай вобласцi нядаўна стварылi незвычайны клуб «Капiтан Урунгель». I, нягледзячы на розныя мiлiцэйскiя званнi, цяпер усе ахоўнiкi парадку ў клубе капiтаны. Актывiсты клуба па сваёй iнiцыятыве займаюцца аховай прыроды: змагаюцца з браканьерамi, праводзяць экалагiчныя экспедыцыi на азёры, добраўпарадкоўваюць лясныя масiвы.Супрацоўнiкi мiлiцыi «камсамольскага» ўзросту ўжо даўно хацелi праводзiць выхадныя днi i святы з карысцю не толькi для сябе, але i для грамадства. Многiя з iх любяць займацца рыбнай лоўляй, таму спачатку задумалi стварыць клуб рыбаловаў-аматараў. Але ж апошнiя ўжо даўно аб’яднаны Рэспублiканскiм таварыствам паляўнiчых i рыбаловаў. А марылi аб сваiм, «нестандартным» клубе. За парадай хлопцы прыйшлi ў Чашнiцкi раённы камiтэт БРСМ. Iнiцыятараў стварэння клуба адразу паабяцалi падтрымаць i прапанавалi не проста займацца рыбнай лоўляй, а ахоўваць навакольнае асяроддзе i змагацца з браканьерамi. Знайшлiся i аднадумцы, якiя працуюць у мясцовай iнспекцыi рыбнагляду. Будучыя «ўрунгелеўцы» стварылi праект статута клуба, якi быў вывучаны i адобраны на пасяджэннi бюро райкама БРСМ. Як i патрабуецца па закону, статут узгаднiлi з усiмi неабходнымi для рэгiстрацыi дзяржаўнымi органамi, выбралi савет клуба, распрацавалi план мерапрыемстваў... Бюракратычныя цяжкасцi вырашалiся лягчэй дзякуючы мiлiцэйскай пярвiчнай арганiзацыi БРСМ, да таго ж добрыя iнiцыятывы заўсёды падтрымлiваюцца мясцовымi ўладамi. Так i з’явiўся на свет «Капiтан Урунгель» з чашнiцкай прапiскай. I вось у першы пасля афiцыйнай рэгiстрацыi клуба выхадны дзень «урунгелеўцы» паехалi на возера Лукомскае. Знайшлi ў вадзе браканьерскiя сеткi, склалi пратакол. Сапраўдны пратакол з адпаведнымi наступствамi. Тады ж добраўпарадкавалi месца масавага адпачынку, дзе любяць збiрацца месцiчы i госцi з iншых куткоў краiны, а яшчэ правялi спаборнiцтва па рыбнай лоўлi. А ўвечары каля вогнiшча прыдумалi i зацвердзiлi рытуал прыняцця ў члены клуба: кожнаму з кандыдатаў абавязкова трэба расказаць цiкавую рыбацкую байку. Хлопцы з «Капiтана Урунгеля» ўжо паспелi правесцi экалагiчныя дэсанты i рэйды на азёрах Лукомскае, Святое, Палiтаддзелец (ну i назва для возера!), Iванскае. Добраўпарадкоўвалi «ўрунгелеўцы» — мiлiцыянеры i iнспектары — лясныя масiвы каля вёсак Шатурына, Зарэчная Слабада. З асаблiвым энтузiязмам папрацавалi над навядзеннем парадку ў вёсцы Васькоўшчына, дзе падчас Вялiкай Айчыннай вайны дзейнiчаў падпольны райкам камсамола... Члены клуба ўпэўненыя, што неабходна ўжо зараз зрабiць усё магчымае, каб захаваць непаўторную беларускую прыроду, якой змогуць любавацца нашы дзецi. Хлопцы прызнаюцца, што яны не адразу прыйшлi да гэтай быццам бы вельмi простай думкi. А многiя пра гэта, на жаль, i нiколi ўвогуле не думалi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладыя мiлiцыянеры з Чашнiцкага раённага аддзела мiлiцыi Вiцебскай вобласцi нядаўна стварылi незвычайны клуб «Капiтан Урунгель»
|
|