Спакусiць сённяшняга спажыўца не так проста, i гэта добра разумеюць у Ашмянах
Падрыхтаваў Іван Бараноўскі.
Невялiкi горад — Ашмяны, не так ужо шмат у iм прадпрыемстваў, i, напэўна, кожны тут можа беспамылкова паказаць дарогу на мясцовы мясакамбiнат. Ва ўсякiм разе, нас «вялi» вельмi дакладна. А можа, i не таму добра ведаюць, што «невялiкi». Можа, усё з-за таго, што, як можна меркаваць, ашмянцы шануюць прадукцыю свайго камбiната. Дарэчы, не будзем хаваць: дэгуставалi яе i мы i, адпаведна, добра разумеем тых жа ашмянцаў... А больш красамоўна ў гэтым плане гавораць наступныя дасягненнi Ашмянскага мясакамбiната ў мiнулым годзе. Напрыклад, вы не спрабавалi салямi «Пiкантную», «Шынку па-сялянску», а таксама салямi «Беларускую», «Рэспублiканскую», «Калядную», «Араматную», каўбаскi «Венскiя», сасiскi «Глыбоцкiя» ашмянскай вытворчасцi? Гэта ўсё — пераможцы (у прыватнасцi першыя два вiды прадукцыi) i лаўрэаты спецыяльнага конкурсу на лепшую прадукцыю года. Прадпрыемства «ўзяло» дыплом выстаўкi «Харчэскпа-2001» за шырокi асартымент i высокiя спажывецкiя якасцi прадукцыi i дыплом пераможцы ў конкурсе «Густ-2001», якi праходзiў у рамках гэтай жа выстаўкi... Мiж iншым, давялося пабываць на гэтай выстаўцы: менавiта экспазiцыя Ашмянскага мясакамбiната была цi не самай прадстаўнiчай, пры гэтым наведвальнiкаў выстаўкi прыцягвалi не толькi сама экспазiцыя, але i самадзейныя артысты (скажам так, ашмянскай жа «вытворчасцi»), якiя шчыравалi тут жа. Дарэчы, прыгадаем неблагую ранейшую традыцыю — мець на кожным прадпрыемстве i нават у кожным цэху сваю мастацкую самадзейнасць, ад чаго цяпер нямала хто адышоў. На Ашмянскiм мясакамбiнаце не забылiся пра гэту традыцыю i, напрыклад, «выхавалi» свае ж чыстыя прыгожыя галасы. I калi ўжо гаварыць пра тыя ж дыпломы, то трэба прыгадаць i дыпломы, заробленыя менавiта самадзейнымi артыстамi прадпрыемства. Як, дарэчы, i дыпломы, заробленыя яго спартсменамi. Прычым, звернем увагу, пры непасрэдным удзеле самога ж кiраўнiка прадпрыемства Тамары Фiлiповiч, якая, мiж iншым, справядлiва лiчыць, што калi людзi прыходзяць на прадпрыемства проста адпрацаваць — гэта надзвычай прагматычна. Па сутнасцi, кожны з iх шукае магчымасцi для больш поўнай самарэалiзацыi, i такiя магчымасцi лепш за ўсё можа (i павiнен) прадаставiць менавiта працоўны калектыў.Аднак вернемся да спраў вытворчых. Ашмянскi мясакамбiнат (калi зыходзiць з яго цяперашняга асартыменту), можна лiчыць, прадпрыемства маладое, хоць тут i адзначылi не так даўно 100-годдзе. I нiякага парадоксу ў гэтым няма: па сутнасцi, увесь той жа асартымент (а цяпер тут выпускаецца каля 100 найменняў каўбасных вырабаў) з’явiўся з уводам на прадпрыемстве ў 1995 годзе каўбаснага цэха. Зразумела ўжо, абсталяванне ў цэху — можна яшчэ i цяпер лiчыць, новае, тэхналогii — адпаведныя. Пры гэтым кiраўнiцтва камбiната не збянтэжыла масавае з’яўленне на той час (асаблiва ў калгасах i саўгасах) падобных жа каўбасных цэхаў. Разлiк быў цалкам апраўданы: цэнтралiзаваная, спецыялiзаваная вытворчасць не магла згубiцца сярод вытворчасцяў паўсаматужнага i саматужнага тыпу ў тых жа калгасах. На спецыялiзаваных прадпрыемствах не толькi адпаведнае абсталяванне, але i адпаведныя кадры перапрацоўшчыкаў, спецыялiстаў, iншыя магчымасцi, i, у прыватнасцi, магчымасцi строгага санiтарнага кантролю, што асаблiва важна для падобных прадпрыемстваў. Тут i прыдзiрлiвая рэгулярная дэгустацыя (на Ашмянскiм мясакамбiнаце — не радзей як 2 разы на тыдзень) усiх выпускаемых вырабаў з боку членаў аўтарытэтнай камiсii. Варта тут жа дадаць i пра дэгустацыi непасрэдна з боку спажыўцоў, якiя ашмянскае прадпрыемства час ад часу наладжвае ў магазiнах — найбольш буйных пакупнiках сваёй прадукцыi. Ну, а гэтымi самымi спажыўцамi з’яўляюцца пераважна жыхары Мiнска. — Сёння, калi максiмальна не старацца для спажыўца — i рабiць на рынку няма чаго, — зазначае начальнiк фiнансава-эканамiчнага аддзела камбiната Аляксандр Кавецкi. — Пры гэтым маюць значэнне не толькi сама якасць вырабаў, iх смакавыя вартасцi, што, вядома ж, важна ў першую чаргу, але i iх знешняя форма, час завозу ў магазiны i г. д. Сёння каўбасна-мясных вырабаў на рынку краiны хапае, i каб спакусiць спажыўца менавiта сваiмi, трэба вельмi добра пастарацца... Да размовы з Аляксандрам Кавецкiм мы яшчэ вернемся, а тут зазначым: з тым, каб «спакусiць» таго ж спажыўца, на Ашмянскiм мясакамбiнаце, як зазначала ўжо яго галоўны iнжынер Соф’я Архiпенка, апошнiм часам пачалi выкарыстоўваць спецыяльную абалонку для вараных каўбас, у якой апошнiя могуць захоўвацца да 10 дзён, пры гэтым без страты сваiх смакавых якасцяў, ды i спажывецкiх якасцяў увогуле. Дзеля таго ж спажыўца тут сёлета плануюць пашырыць асартымент за кошт так званых прасаваных мясных вырабаў у формах, а таксама некаторых iншых вырабаў. Пры гэтым iдэалогiя ашмянскiх мясаперапрацоўшчыкаў надзвычай простая: не толькi падаць на стол жыхароў краiны як мага больш разнастайных вырабаў, але разам з тым i максiмальна зэканомiць, спрасцiць працу хатнiх гаспадынь... Аднак (варта даўно ўжо прызнаць) вось закавыка: сённяшнiя мясныя i асаблiва каўбасныя вырабы яўна не па кiшэнi многiм нашым людзям. Зразумела, гэта тэма была закранута i на Ашмянскiм мясакамбiнаце, i, у прыватнасцi, — у размове з Аляксандрам Кавецкiм. I вось што ён паведамiў: прадпрыемства, тым не меней, на сённяшнi дзень мае мiнусавую рэнтабельнасць, працуе з немалымi стратамi для сябе. I справа тут у першую чаргу ў значнай нестыкоўцы закупачных цэн на мяса жывёлы, згодна з якiмi прадпрыемства павiнна плацiць гаспадаркам, якiя вырошчваюць гэту жывёлу, i так званымi адпускнымi цэнамi на мяса, што iдзе з прадпрыемства ў гандаль. У прыватнасцi, неадэкватны рост закупачных цэн, якiя ў канцы мiнулага—пачатку гэтага года павышалiся некалькi разоў, прывёў да таго, што страты прадпрыемства на кожным рэалiзаваным кiлаграме ялавiчыны першай катэгорыi складаюць 1446 рублёў. Разлiк тут просты: гаспадаркам мясакамбiнат павiнен плацiць за кожны кiлаграм жывёлы (у жывой вазе) вышэйшай кандыцыi, разам з 50-працэнтнай надбаўкай за кандыцыю (вышэйшая кандыцыя прысвойваецца жывёле, якая важыць больш за 400 кiлаграмаў. Пры гэтым у адпаведных сыравiнных зонах прадпрыемства вырошчваюць выключна вышэйшую кандыцыю, што, як будзе бачна далей, з’яўляецца для яго, з дазволу, свайго роду дадатковым бедствам) 1776 рублёў. Выхад чыстага мяса — 48,4 працэнта, а ў вынiку атрымлiваецца, што адзiн кiлаграм ялавiчыны (з усiмi нязначнымi выдаткамi на перапрацоўку) абыходзiцца камбiнату ў 3609 рублёў. Адпусцiць жа гэта мяса ў магазiны або на холадакамбiнаты прадпрыемства не можа вышэй чым па цане 2163 рублi. Карацей кажучы, такая вось арыфметыка. Гэта датычыць рэалiзацыi непасрэдна мяса, якое камбiнат абавязаны пастаўляць у гандаль. Але калi мець на ўвазе той жа сабекошт для камбiната ялавiчыны (3609 рублёў), можна толькi марыць i пра пажаданую больш танную каўбасу. Дарэчы, у сувязi з усiм гэтым з’яўляюцца зусiм парадаксальныя рэчы. Напрыклад, прадпрыемства пастаўляе ялавiчыну на холадакамбiнат зыходзячы з той жа гранiчнай максiмальнай адпускной цаны 2163 рублi за кiлаграм, а апошнi можа прадаць гэту ялавiчыну (дадаўшы сваю 11-працэнтную гандлёвую надбаўку), скажам, на Мiнскi мясаперапрацоўчы камбiнат або iншаму пакупнiку. У вынiку для апошнiх «чысты» кiлаграм ялавiчыны будзе каштаваць усяго 2400 рублёў, у той час як для ашмянцаў ён абыходзiцца, нагадаем, у 3609. — Як мы ў такiм разе можам гаварыць пра справядлiвую, сумленную канкурэнцыю? З гэтага ж больш «таннага» мяса можна вырабiць i больш танную прадукцыю. Але зробiць гэта нехта iншы. За кошт нас, — з горыччу ўздыхае Аляксандр Кавецкi, яшчэ малады эканамiст, якi добра памятае надзвычай дакладныя законы эканомiкi... Прадоўжым абазначаную тэму. Прадпрыемства (як, дарэчы, i iншыя) павiнна фiнансаваць гаспадаркi сваёй сыравiннай зоны з тым, каб апошнiя маглi набываць гаруча-змазачныя матэрыялы, мелi грошы на заработную плату. Зрэшты, камбiнат, як самастойны суб’ект гаспадарання i, тым больш, як акцыянернае таварыства, мог бы i не фiнансаваць, але гэта, так сказаць, чыста тэарэтычна. Такiм чынам, ён павiнен прадастаўляць гаспадаркам крэдыты, якiя для гэтага сам жа вымушаны браць у банку пад 80 i больш працэнтаў гадавых. Як таксама няблага вядома, спагнаць з нашых гаспадарак даволi цяжка, а вось камбiнат заплацiў за гэтыя крэдыты толькi па працэнтах (за леташнi год) больш за 400 мiльёнаў рублёў. I гэта, вядома, таксама мае пэўнае дачыненне да пытання адносна цаны на айчынную каўбасу. Вядома, i ў гэтых умовах на прадпрыемстве iмкнуцца выжыць (зрэшты, падкрэслiм: такая сiтуацыя характэрная для ўсiх мясакамбiнатаў, а найбольш — для мясакамбiнатаў Гродзенскай вобласцi, у якой традыцыйна вырошчваюць «цяжкавагавую» жывёлу больш за 400 кiлаграмаў. А за «цяжкавагавую», прыгадаем, трэба плацiць 50 працэнтаў надбаўкi, значыць, адпаведна, мець i намнога большыя страты). Але пры гэтым даводзiцца iсцi не на зусiм звыклыя i зручныя формы эканамiчных адносiнаў з гаспадаркамi — напрыклад, перапрацоўваць iх жывёлу на давальнiцкай аснове. Пры гэтым таксама даводзiцца арыентавацца на выпуск прадукцыi нiжэйшых гатункаў — гэта робiцца з мэтай знiжэння цаны гатовай прадукцыi. Увогуле ж гэта сiтуацыя пагражае i самiм гаспадаркам, якiя атрымалi гэткую палёгку ў закупачных цэнах. Цэны на тую ж ялавiчыну ўжо значна нiжэйшыя ў суседнiх Расii i Польшчы, i, напрыклад, як выдаў сакрэт адзiн са спецыялiстаў у гэтай галiне, нямала якiя мясакамбiнаты запасаюцца мясам менавiта польскага паходжання. Дарэчы, тут жа варта зазначыць: летась той жа Ашмянскi мясакамбiнат сам экспартаваў каля трэцi сваёй прадукцыi, а цяпер, як сумна жартуюць тут, хоць вяртай, ужо iмпартуй, тую ж сваю прадукцыю да сябе назад — было б выгадней, чым прымаць жывёлу з гаспадарак па цяперашнiх закупачных цэнах. I ўсё ж у заключэнне не пашкодзiла б крыху аптымiзму. Як падзялiўся сваiмi назiраннямi Аляксандр Кавецкi, раней у яго правiнцыяльных Ашмянах нельга было днём з агнём знайсцi што-небудзь з каўбасных вырабаў замежных вытворцаў, i ў прыватнасцi — расiйскiх. А цяпер — у любой гандлёвай кропцы. Як зразумела ўжо, расiйская прадукцыя заваёўвае наш рынак сваёй адноснай таннасцю. Аднак на гэтым усе яе перавагi, па сведчанню Аляксандра Кавецкага, iншых спецыялiстаў, i заканчваюцца. «Спажывецкiя, смакавыя якасцi нашай прадукцыi — намнога вышэйшыя, i найбольш дасведчаныя пакупнiкi гэта цэняць», — з гонарам зазначае Аляксандр Кавецкi. А ўвогуле на камбiнаце вераць, што з цягам часу змогуць больш дагаджаць пакупнiкам не толькi смакавымi якасцямi сваёй прадукцыi, але i цаной, што гэтаму ў поўнай меры будуць спрыяць адпаведныя эканамiчныя адносiны i рэформы ў аграпрамысловым комплексе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А больш красамоўна ў гэтым плане гавораць наступныя дасягненнi Ашмянскага мясакамбiната ў мiнулым годзе. Напрыклад, вы не спрабавалi салямi «Пiкантную
|
|