Фотаметафара часу
ад Алены Адамчык — фотамастака, бiёлага i... проста бабулi
... Яна з iранiчным шкадаваннем (цi то абурэннем?) кiнула: «Вы хочаце ўкласцi мяне ў нейкiя рамкi!» У рамкi?.. Я ўсмiхнулася (пра сябе), але пярэчыць не стала. Можа быць, i сапраўды, «вобраз» субяседнiцы ўжо загадзя акрэслiўся ў маiм уяўленнi пад цяжарам прачытанага i пачутага пра яе — дзе праўда крута перамяшаная з выдумкамi, а ўсё разам падагнана пад «багемны» iмiдж, якi калi не замяняе, дык засланяе сутнасць? Сутнасць, сутнасць... Ледзь не ўсе прагучаўшыя пытаннi Алена ўдакладняла, перапытвала — дзе паблажлiва або скептычна, дзе з’едлiва, дзе ўсмешлiва, — маўляў, цi адчуваеце вы самi сутнасць таго, пра што пытаецеся? Перапытвала без напружання, з нязмушанай цiкаўнасцю... У нейкi момант я злавiла сябе на думцы: гэта ж хто каго «вывучае-даследуе» — журналiст фотамастака альбо... наадварот? Хаця, што здзiўляцца: яе прафесiя «па дыплому» звязана — у адрозненне ад фатаграфiчнай вонкавасцi — акурат з iсным, сутнасным. Алена бiёлаг, кандыдат бiялагiчных навук. (Праўда, гэтая стыльная жанчына менш за ўсё падобная на «вучоную даму» класiчых канонаў.) Iншая справа, што ведаюць Алену Адамчык перш за ўсё як адметнага фотамайстра (рэпутацыя бездакорнага прафесiянала). Дзякуючы яе работам нямала суграмадзян зрабiлi кар’еру ў мадэльным бiзнесе. Пра яе фотаработы можна сказаць: элегантная фiласафiчнасць, вытанчаны густ, дакладнае адчуванне колеру, святла i — пачуццёвасцi. ... А яшчэ Алену Адамчык ведаюць як жонку таленавiтага небанальна-стыльнага пiсьменнiка Адама Глобуса. Аднак жа заўважу: нiхто не гаворыць пра яе «жонка Глобуса». Заўсёды: яе муж — Адам Глобус. Не дробязь... Памятаю, года паўтара таму, калi працавала над матэрыялам пра Глобуса, чыста асацыятыўна ўзгадаўся эпiграф да аповесцi «451° па Фарэнгейту» Рэя Брэдберы: «Калi табе дадуць лiнееную паперу, пiшы ўпоперак». У гэтым, здаецца, муж i жонка Адамчыкi падобныя. ... Размаўлялi — нiбыта мiж iншым. За час гутаркi Алена паспела збегаць з кiмсьцi сустрэцца, вырашыць нейкую справу. А я разглядала майстэрню-студыю i гартала альбомы фотаработ — яны «па-мастацку неахайна» раскiданыя па падлозе каля невялiкай канапкi (з мэблi ў пакоi толькi яна). Вялiзны «экран» на сцяне, паўсюдна расстаўленыя вазы, вазачкi, бутэлькi розных формаў з бярэмямi акуратна засушаных кветак (ад ружаў да нарцысаў). I яшчэ мноства нейкiх драбнiц, патрэбных для работы. Нават кот Чарлi, ласкавы i крыху распешчаны, успрымаецца як частка фотасвету, якi стварае Алена АДАМЧЫК. ... Хутка лёгкая паходка гаспадынi i — «Дык, прабачце, пра што мы з вамi гаварылi?..» — Такое ўражанне, што час для вас надзвычай «спрасаваны»... Паэт Велiмiр Хлебнiкаў пiсаў, што час вымяраецца не гадзiнамi, а ўдарамi сэрца. А для вас? — Як бачыце, такога пытання для мяне наогул не iснуе. Час... я нават не ведаю, што гэта такое. — «Счастливые часов не наблюдают» — вы шчаслiвы чалавек! — Можа быць. Зараз — можа быць... Канешне! — Чаму менавiта зараз? — Тыдзень таму ўнук нарадзiўся. Можа, i сапраўды час вымяраецца бiццём сэрца? Новае сэрца забiлася... — Алена, па ўсiм вiдаць, ваш шыкоўны «кот вучоны» — таксама член сям’i. А на каго з гаспадароў ён больш падобны? — Чарлi падобны на нашу сям’ю ўвогуле — гэта iлюстрацыя нашых адносiнаў адзiн да аднаго... Чарлi здымаецца з мадэлькамi, з усiмi зоркамi, якiя ў мяне бываюць. Так што ён зорка таксама. — Вы нават ката зрабiлi зоркаю! — Не, ён сам! Ён працуе, зарабляе сабе на «Вiскас». — А ўвогуле, цi можа фотамастак зрабiць чалавека зоркаю? — Канешне. Шмат прыкладаў. Хаця розныя зоркi бываюць: зоркi палiтыкi, эстрады... Я працую ў асноўным з «фэшн модэлс», з мадэлямi. Што датычыцца шоу-бiзнесу, тут шмат залежыць ад фатографа. I для палiтыка гэта iстотна — умела выкарыстаць свае магчымасцi. Мы ж ведаем, што такое рэклама i як яна садзейнiчае «зорнасцi». Дый, па вялiкiм рахунку, зорка — гэта i ёсць фотаздымак, прыгожая ўсмешка, якая зачароўвае людзей. Гэта малюнак, карцiнка, iконка... — Для вас важна, каб мадэлi, з якiмi працуеце, атрымлiвалi асалоду ад працэсу здымкi? — Яны атрымлiваюць! — Як удаецца ствараць камфортную абстаноўку? — Гэта нешта накшталт тэатра. Таму што, перш чым пачынаць працаваць з натуршчыкам цi з натуршчыцай, мы сустракаемся-гутарым: што падабаецца чалавеку, якiя стылi, чым захапляецца, што яго хвалюе. Гэта дае магчымасць лепш зразумець чалавека i працаваць «блiжэй»... Пасля я абдумваю агульны план (нават раблю малюнкi), сюжэтную канву (паводле лiтаратурнага твора, верша або нейкай фiласофскай думкi). Потым робяцца накiды: стылiстыка, адзенне, рэчы, iнтэр’ер... Усё абмяркоўваецца з натурай. Iмкнуся, каб чалавек, якога здымаю, меў пэўную ступень волi. Каб не толькi залежаў ад маiх жаданняў, а праяўляў i ўласную iнiцыятыву, свой артыстызм, — каб не было татальнага прэсiнгу з майго боку... Як у сапраўдным тэатры. — Гэта тэатр, дзе вы рэжысёр? — I асвятляльнiк, i вiзажыст, стылiст, касцюмер, псiхолаг... — Вы плацiце сваiм мадэлям? — Не, яны мне плацяць. З фотаздымкамi яны едуць на Захад. Там шмат агенцтваў, але, каб працаваць мадэллю, яны павiнны паказаць здымкi — паказаць сваю працу... Падобныя здымкi вельмi працаёмкiя для фатографа: патрабуецца шмат сiл, iнтэлекту, фантазii, каб паказаць чалавека рознабакова — яго адметнасць, прыгажосць. — Ваша задача як фотамайстра — паказаць чалавека такiм, якi ён «па жыццi», альбо ўсё-такi ўпрыгожыць, нешта «падправiць» у знешнасцi? — Паказаць лепшае, што ёсць у чалавеку. I ўпрыгожыць таксама — зрабiць iкону. — Вы працуеце з мадэлямi — а для вас самой важна, як вы апрануты? — Для кожнага гэта важна, iнакш бы людзi зусiм не апраналiся!.. Я не так сур’ёзна займаюся сваiм адзеннем, каб гаварыць пра нейкi стыль, нашу зручную вопратку — каб не адчуваць яе наогул. — У вас нямала работ, звязаных з аголенай натурай, — цi iснуе пэўная мяжа «табуiраванасцi»? — Якая мяжа?! (абурана). Чалавек нараджаецца голым. — Нараджэнне — таiнства... — А што такое мастацтва? Гэта таiнства? — А хiба не? — Ну, тады гэта адно i тое ж! Узгадайце мастацтва Старажытнай Грэцыi, дзе аголенасць — норма. Зараз ХХI стагоддзе — i пра гэта казаць?.. Дзiўна! — Алена, як вы прыйшлi ў фатаграфiю? — Бацька навучыў здымаць яшчэ ў дзяцiнстве. Для яго, урача-стаматолага, фатаграфiя была любiмым захапленнем. — Свой першы фотаапарат памятаеце? — Гэта быў нямецкi «Альтэкс». Бацька заўсёды набываў добрую тэхнiку, лепшую нямецкую оптыку. — А хто праяўляў плёнку? — Спачатку бацька дапамагаў i плёнку праяўляць, i здымкi друкаваць. Але хутка я i сама ўсё асвоiла... Зараз спраўляцца з гэтым дапамагаюць лабаранты. — Вы ўжо не апускаецеся да... — ...да ванначак? Зараз няма часу i няма сэнсу гэтым займацца. — Вы кандыдат бiялагiчных навук — веды пра «бiя-кампанент» чалавека дапамагаюць у рабоце? — Веды заўсёды дапамагаюць працаваць, разважаць, нешта рабiць. — Вы спецыялiст у галiне геранталогii — навукi пра старэнне. Цi знайшлi спосаб пазбавiцца старасцi? Навучылiся, як пазбегнуць непазбежнага? — Навучылася, канешне! Нарадзіўся ўнук (сын старэйшага сына, дачцэ 18, яна вучыцца ў лiнгвiстычным унiверсiтэце). Вось i пазбаўленне ад старасцi! — Як назвалi хлопчыка? — Вовачка... Яшчэ не запiсалi, але клiчуць усе Вовачкам. — У гонар дзядулi? — Можа быць. Нашага дзядулю любяць... Па традыцыi, калi нараджаецца ўнук, адразу ўзгадваецца iмя дзеда. Зараз Вовачку дапамагае купаць-даглядаць прабабка, бабуля невясткi. Калi звонiм, пытаемся: «З кiм там Вовачка?». «З бабай Ядзяй», — адказваюць. Глобус смяецца задаволена, таму што ён таксама правёў доўгi час у Койданаве са сваёй бабай Ядзяй, вельмi любiў у яе жыць. Паўтарэнне, абнаўленне — гэта i ёсць жыццё. У нейкiм сэнсе гэта барацьба са смерцю, са старэннем. Праблемамi старэння я займалася прафесiйна, абаранiла кандыдацкую дысертацыю, маю шмат навуковых публiкацый. — Не плануеце напiсаць навукова-папулярную кнiгу накшталт «Як пазбегнуць старасцi»? — Папулярную?.. (iранiчна). Не, я гэтым не займаюся. Папулярызацыяй займаецца мой муж, у яго выдавецтва — ён выдае i падобныя кнiгi таксама. — Цiкава, а як да творчасцi мужа ставiцеся? Вы яго часцей крытыкуеце або хвалiце? — Мне падабаецца яго творчасць. Калi знаёмiшся з новымi работамi, то, безумоўна, глядзiш позiркам крытыка: што атрымалася, што не зусiм. Заўсёды з Глобусам абмяркоўваем гэтыя пытаннi. — Прабачце, а «Новы дамавiкамерон» выпадкова не разам пiсалi? Смяецца: — А чаму менавiта «новы»? А раней што?.. Чаму выдзелiлi менавiта гэта? — Ну, столькi iнтымных падрабязнасцяў!.. Некаторыя сцвярджаюць, што гэта «ўзор» парнаграфiчнай лiтаратуры. — Шмат што называюць парна-графiяй. А на самай справе гэта... мастацтва! Вы пачытайце беларускi фальклор: ён iснуе ў тым лiку за кошт рэчаў жыццёвых, бытавых, якiя заўсёды цiкавыя людзям. — Зноў да пытання пра «табуiраванасць»: у якiм узросце вы прапанавалi б, напрыклад, унуку пачытаць кнiжку дзядулi Глобуса? — М-м... — Задумалiся... — Задумалася, таму што я, канешне, педагог па адукацыi — але такое пытанне: школа, якiя кнiгi трэба чытаць... Дачка маёй сяброўкi прачытала Дастаеўскага ў 10 гадоў. Мне здаецца, гэта рана — а яна кажа: не рана... Цяжка вызначыць, калi што можна... Хаця магу пагадзiцца, гэта недзiцячая лiтаратура — шмат i фiласофii, i фальклору, i... там шмат чаго ёсць. Я сказала б, што гэта эклектычная, вельмi складаная лiтаратура. — Алена Адамчык i Адам Глобус: дзве яркiя, адметныя асобы ў адной прасторы — не складана ўжывацца? — «Ужывацца»?.. — саркастычна перапытвае Алена. — Не разумею, што вы маеце на ўвазе... У нас нармальная сям’я: ёсць i праблемы, i радасцi... Мне здаецца, намнога цяжэй суiснаваць людзям шэрым, «нiякiм». — Як, дарэчы, вы пазнаёмiлiся? — На танцах у тэатральна-мастацкiм iнстытуце. — Хто каго першым заўважыў? — Нас пазнаёмiлi... Потым я рабiла яго фотапартрэт, а ён мой — маляваў. — I ў каго лепш атрымалася? — Не ведаю. Мне вельмi спадабаўся партрэт, а яму спадабалiся здымкi, ён зрабiў альбом. — Усё захоўваеце? — Альбом ёсць. А партрэт не захаваўся. — Камусьцi падарылi? — Не падарылi — знiшчылi (ад душы смяецца). — ??? — Мастак час ад часу знiшчае свае творы! —Здаецца, гiсторыя мастацтва ведае не так шмат падобных выпадкаў. Дый сцвярждаюць, што, напрыклад, Гогаль спалiў другi том «Мёртвых душ» у стане афекту. — Ну што такое стан афекту для творчага чалавека?.. Ён сам ведае, што рабiць са сваiм творам, — пры чым тут афект? — Вам не шкада таго партрэта? — Не, ёсць шмат iншых. Дый што такое партрэт?... Галоўнае — людзi, iх адносiны. Гэта больш цiкава, чым партрэты. — Адна маленькая газетка змясцiла «гiсторыю ад Эдварда»: маўляў, Алена Адамчык запрасiла ў госцi галандцаў i паводзiла сябе вельмi разняволена. Зайшоў муж, вядомы Адам Глобус, — абурыўся, на што Алена сказала: «Не звяртайце ўвагi, гэта мой спонсар»... — Ой! (здзiўлена). Адкуль гэта?! Што за глупства! Самае дзiўнае, што не ўпершыню чуеш пра сябе ўсякую лухту. — Кажуць, некаторыя плацяць за самыя неверагодныя чуткi — каб прыцягнуць увагу да сваёй персоны. — Бывае, ведаю, i такое. Не, мы не плацiм... Ды не толькi пра мяне — i пра Глобуса шмат пляткараць. Ну што тут зробiш? Да ўсяго гэтага я стаўлюся iндыферэнтна, абыякава... Раней гэты самы Эдвард даваў аб’явы на сваiм сайце, быццам бы Глобус шукае хлопцаў для адносiнаў. I пра мяне тое ж самае... Ён не падпiсваўся, але ўсе ведалi, што гэта ён, бо можна вылiчыць, хто пiша. Нашы знаёмыя былi вельмi ўзрушаныя гэтым. Але мы не звяртаем увагi: пра ўсiх вядомых людзей шмат чутак, гэта натуральна... А што да «гiсторыi» — як можна нешта расказваць, калi ты там не прысутнiчаў?! — Можа, хтосьцi расказваў? — А хто? Глобус?! Проста смешна!.. Гэтыя людзi... не магу сказаць, што яны хворыя, але ў iх... свая псiхiка. У iх няма нi таленту, нi годнасцi, i яны могуць «праславiцца», заявiць пра сябе толькi за кошт iншых, вядомых людзей: цi iх «прасоўваюць», цi «апускаюць». Такiм чынам робяць сабе iмя. I нажываюцца... Iх не паважаюць. — Суперкрытычны Андрэй Савiцкi сказаў пра вас: вельмi таленавiты чалавек. Прыемна чуць пра сябе азначэнне «таленавiтая»? — Прыемна, што такiя словы сказаў Андрэй Савiцкi. Мне абсалютна ўсё роўна, што гавораць бездары, але вельмi важна, што кажуць людзi таленавiтыя, разумныя — якраз Андрэй да гэтай кагорты i адносiцца... Дарэчы, у мяне таксама некаторыя пытаюцца, як ты з гэтым «...» можаш кантактаваць? А мне з iм цiкава. I бацька яго, Мiхаiл Савiцкi, вельмi таленавiты мастак... Хаця памiж нашымi бацькамi пэўны час былi складаныя адносiны, ды жыццё ўсё ставiць на свае месцы: таленавiтыя людзi заўсёды застаюцца разам — колькi б нi было непаразуменняў i ўсякiх пабочных спроб «развесцi». — Алена, думаю, многiм было б цiкава пазнаёмiцца з вашымi новымi работамi — не плануеце наладзiць фотавыстаўку? — Зараз мае выстаўкi праходзяць толькi за мяжой. Апошняя была на вельмi прэстыжным Берлiнскiм кiнафестывалi. Тэлежурналiст Алег Лукашэвiч зняў пра мяне вялiкi фiльм, але да адкрыцця фестывалю не паспеў зрабiць цiтры — так што выстаўка была прэзентаваная як кадры з гэтага фiльма. Прыемна сказаць, што ўспрымалiся мае работы з вялiкай цiкавасцю. — Калi б вам прапанавалi зрабiць фотаметафару нашага часу, што было б адлюстравана на здымку? — Фотаметафару?.. Часу?.. Якога не iснуе?.. — Мы столькi гаварылi пра ХХI стагоддзе! — Купiла плёнку — паеду здыму свайго ўнука. Найлепшая фотаметафара часу...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ад Алены Адамчык — фотамастака, бiёлага i... проста бабулi |
|