21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сахалін

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiкалай ЛIТВIНАЎ

— Навошта гэта ў цябе сабака i певень прывязаныя? — пытаюся ў гаспадара.

— У нас на Сахалiне ўсе на ланцугу, — жартуе ён у адказ. — Зямля ўжо такая.

Антон Чэхаў «Востраў Сахалiн»

«Праляцеўшы» беларускiя Марс i Венеру пад’язджаем урэшце i да Сахалiна. Гэта вёска, што знаходзiцца пад Слуцкам, працягнулася амаль на паўкiламетра, налiчвае роўненька трынаццаць хат. Жывуць у вёсцы ўсяго чатыры бабулькi i тры дзяды. За той час, што былi на Сахалiне, мы перазнаёмiлiся амаль з усёй вёскай.

Прыкладны маршрут да гэтай вёскi быў акрэслены ледзь не да метраў, а вось пры больш дэталёвым разглядзе аказалася не ўсё так проста. Блытанiна атрымалася з-за таго, што побач з Сахалiнам (лiтаральна метраў за трыста) ёсць яшчэ адна вёсачка, якую наўрад цi хто здолее адшукаць на карце. Назва яе Свабодны. Некалi, кажуць, гэта быў пасёлак, таму i назва мужчынскага роду. Вось у гэты Свабодны, ад’ехаўшы мо з кiламетр ад гравiйкi, што злучае больш буйныя вёскi Знамя i Барок, мы спачатку i накiравалiся. Але першы сутрэчны папулярна растлумачыў: ехаць трэба прама, нiкуды не збочваць i на нашым «уазiку» да Сахалiна лiтаральна хвiлiна-другая ходу. «А то да мяне на драбiны сядайце, — весела запрасiў нас «гiд», — я таксама туды еду, да мацi...»

Дарэчы, ягоная мацi — 66-гадовая Надзея Маркаўна Доўбiк i стала нашым першым «рэспандэнтам».

— Вы, мо, начальства нейкае, — з недаверам падыйшла да калiткi яна, — во i на «старшынёўскай» машыне раз’язджаеце.

— Ды не, мы проста ў госцi прыехалi, пагутарыць пра ваш Сахалiн...

— Пагутарыць я магу, але не доўга: самi ведаеце, час гарачы, трэба на агарод iсцi.

Ад Надзеi Маркаўны мы пачулi першую версiю ўзнiкнення назвы вёскi: маўляў, усё было пасля вайны, прыязджалi нейкiя цi то з Мiнску, цi то са Слуцку. Да суседняй вёсачкi яны даехалi i сказалi: «Тут няхай Свабодны будзе». А да наступнага «населенага пункта» не змаглi прабрабрацца: разводдзе. Таму прыезджыя рукой уперад махнулi: «Ну во, Сахалiн нейкi». Так i пайшоў Сахалiн.

Пэўна, у старой гэта «самастойная» версiя, паколькi жыве яна тут «нядаўна» — з 1977 года, калi пераехала з Малiнаўкi. Хата, вiдаць, у Надзеi Маркаўны яшчэ даваеннай забудовы — дыхтоўная, але з «адмецiнамi» часу. «Добра што васьмярых дзяцей неяк узгадавала, — уздыхае старая, — а сама неяк дажыву».

У Маркаўны пенсiя невялiкая — 63 тысячы рублёў. Больш не зарабiла — працавала на свiнарнiку, паўтара гады да пенсii не «дацягнула» — моцна ногi балелi. Няма здароўя i гаспадарку мець вялiкую — куры ды свiнчо.Трымаецца. Унукi на лета прыязджаюць, дапамагаюць.

— Аўталаўка прыязджае?

— А як жа, кожную сераду «гудзе». Прыязджае з таварам са Слуцку.

— I што за тавар?

— Ды ўсё, што трэба прывозяць: хлеб, крупы, макароны, пячэнне, пернiкi, калi-небудзь — i каўбасу, маргарын, маянэз, бутэльку з гарэлкай, вiном, парашок «сцiрацельны» (гэта слоўца Маркаўны — М. Л.). А што нам трэба, хоць i даражэй крыху, чым у краме, але ж i за дастаўку трэба плацiць.

Да Сахалiна са Слуцка можна i аўтобусам дабрацца — тры разы на дзень ходзiць маршрут «Слуцк — Шалевiчы», ёсць прыпынак «Сахалiн». Раней шыльды каля вёскi не было, вось людзi i блыталiся. Здаралася, што «хуткую дапамогу» ў Сахалiн выклiкалi, а яна ў Свабодны прыязджала. Яно i не дзiўна — спачатку i мы не ўтрымалiся i налева павярнулi.

Недзе на гарызонце — лес. Гадоў пяць таму сахалiнцы ў яго яшчэ хадзiлi, а зараз ужо здароўе не тое. Але «лясныя навiны» добра ведаюць. Так, Маркаўна расказала, што сунiц i чарнiц сёлета багата, а вось грыбоў пакуль нiхто не прынёс нават на полiўку — засуха. Старая зазбiралася на агарод, а мы — далей, углыб Сахалiна.

Праз пару хат — паварот налева, якраз на павароце — сядзiба Лявона Падлiпскага. Вось хто нам расказаў сапраўдную гiсторыю беларускага Сахалiна i яго першых жыхароў. Дзядзька Лявон нарадзiўся ў гэтай вёсцы ў 1929 годзе. Як ён расказваў, яшчэ да рэвалюцыi зямля тутэйшая належала пану Валажынскаму. Засявалiся тут плошчы ў той час раз у пяць гадоў, паколькi неўрадлiвая глеба — пясочак, ды дрыгва наўкола. Маёнтак панскi быў у суседнiм Барку — прыгожая пабудова. «Я яшчэ памятаю, як яе «на калгасныя патрэбы» разбуралi, — уздыхае Лявон Самуiлавiч, — цаглiны лiтаральна па адной выбiвалi — да таго ўсё дыхтоўна было зроблена. А чаго здзiўляцца, вы паглядзiце — царква ў гэтай вёсцы прыкладна таго ж узросту, без даху, пэўна, з паўстагоддзя прастаяла, а хоць адна цаглiнка высыпалася?» Як расказаў дзядзька Лявон, раней у гэтых мясцiнах у аднаго гаспадара быў цагляны завод. Дык ён такiя вырабы майстраваў — дзiву даешся. Да прыкладу, якой формы закажуць цэглу — такой i робiць. А яшчэ кажуць, што кожная цаглiна ў паперку была закручана. Вось як! Але ўсё гэта было да рэвалюцыi. Тады бацька Лявона Самуiлавiча жыў у Лучнiках (таксама ў Слуцкiм раёне). Прыйшлося ў той час Самусю (як усе яго звалi) нават цара пабачыць, i не адзiн раз. Як расказваў дзядзька Лявон, ягоны бацька служыў якраз у 1917-м у Царскiм Сяле. Цара неаднойчы бачыў, жонку яго — таксама. Пасля сыну расказваў, што царыца хворая была — яе прыслуга па парку вадзiла. Адразу пасля рэвалюцыi (так распарадзiўся лёс) ахоўваў Самуiл Iванавiч, паколькi перайшоў на бок «чырвоных», ужо арыштаванага цара. I пасля ўвесь час пераконваў сына, што Ленiн быў супраць таго, каб Мiкалая II забiвалi: маўляў, адпусцiць Уладзiмiр Iльiч таго хацеў.

Але рэвалюцыя, рэвалюцыяй, а зямля, як было абвешчана спачатку, — сялянам. Вось i Самусь зямелькi прыкупiў — якраз з палеткаў пана Валажынскага нарэзалi. А паколькi вакол дрыгва была непралазная, таму i назваў нейкi вучоны землямер (якi, пэўна, Чэхава начытаўся) гэты куточак Сахалiнам.

Як пiсаў Антон Паўлавiч, «тая частка сельскай гаспадаркi, поспех якой залежыць не столькi ад натуральных умоў, колькi ад асабiстых намаганняў i ведаў кожнага гаспадара — агароднiцтва, дае на Сахалiне добрыя вынiкi». У беларускiм Сахалiне зямля таксама не адрознiваецца асаблiвай урадлiвасцю, аднак працай сялянскай ад ночы i да ночы яна лiтаральна акрыяла. Пасля доўгiх гадоў працы на пана той жа Самуiл Iванавiч Падлiпскi адчуў усе перавагi працы на сябе, на сваю сям’ю. Таму супраць аб’яднання ўсiх сялян (прынамсi, сябе) ў калектыўную гаспадарку ён, зразумела, выступiў. I атрымаў «пяцёрку» — пяць гадоў зняволення. Адбыў бы iх у Слуцку, ды не пашчасцiла — убачыў аднойчы ў двары камендатуры машыну, брызентам накрытую, з якой кроў цурчэла. Вось заглянуў ён туды з цiкаўнасцi, а нейкi «пiсар» праз акно гэта заўважыў. I ранiцай Самусь «пайшоў па этапу» — на Беламорканал. «Гэта яны людзей паназабiвалi, а закапаць не паспелi, — расказваў ён пасля сыну, — доўга я не мог гэты малюнак з памяцi сцерцi: кожную ноч тыя людзi мне снiлiся».

Але Самусю пашчасцiла — жонка з Сахалiна сала ў лагер прыслала, дык ён даў яго ў выглядзе хабару «нейкаму доктару» (так казаў дзядзька Лявон) — прызналi Самуiла Iванавiча «сардэчнiкам». Вярнуўся ён дадому i да самой смерцi расказваў сынам, што, маўляў, гэта Ленiн рабiў пасёлкi, а Сталiн лепшых сялян знiшчыў. «Цяпер пра гэта ў газетах пiшуць, — кажа дзядзька Лявон, — а я ад бацькi ўпершыню пачуў».

Разбудоўваўся Сахалiн: звiнелi на вулiцы дзiцячыя галасы, моладзь у блiжэйшы клуб (у Знамя) бегала. Не заўважалi быццам бы свайго «астраўнога» становiшча. Нават жартавалi з гэтага. Тыя байкi i дасюль засталiся. Адну з iх нам расказала суседка Падлiпскага — 81-гадовая Яўгенiя Паўлаўна Гладкая. «Кажуць яшчэ да вайны адна старая ехала сюды ў госцi, — усмiхаецца бабуля Жэня, — ды яе хлопцы з Падлiпец на ночвах прывезлi». Такая вось гiсторыя...

— Зайдзiце на агарод да мяне, — махае нам рукой дзядзька Лявон.

— Можа дапамагчы што трэба, дык мы ў адно iмгненне...

— Ды не, дзякуй, я сам усё раблю — карову пакуль трымаю, трох парсючкоў, курэй у мяне дваццаць пяць разам з пеўнем. Трэба жыць. Хоць пенсiя i прыстойная па вясковых мерках — 104 тысячы рублёў, але ж не прывык я сядзець рукi склаўшы. Лiчыце 35 гадоў бесперапыннага стажу механiзатарскага ў калгасе зарабiў. Па 120 гектараў цукровых буракоў абрабляў. Нездарма ж i ўзнагароды маю — ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга i Працоўнай Славы трэцяй ступенi. А падзяк — не пералiчыць...

Шкада толькi, за працай футбол некалi паглядзець , — нечакана пераключыўся дзядзька Лявон, — а так я за бразiльцаў балеў.

— Дык яны i выйгралi.

— Вось дык навiна, — Лявон Самуiлавiч задаволена ўсмiхаецца, — а то да мяне якраз сын прыязджаў на выхадныя, дык мы смародзiну абiралi, а пасля касiць пайшлi. Трэба ж рагулi сена назапасiць.

Кароў у Сахалiне тры. Рагуль зганяюць разам са «свабодаўскiмi» — так лягчэй, пасвiць прыходзiцца дзесьцi праз тыдзень. Якраз у той дзень, калi мы «прыплылi» на Сахалiн, чарга пасвiць кароў падыйшла да старэйшага брата Лявона Самуiлавiча — Мiкалая (ён жыве побач). Рагуля для сахалiнцаў — надзейная крынiца даходаў. Той жа дзядзька Лявон, па яго словах, за май атрымаў «за малако» каля 60 тысяч рублёў. Так што, хоць i цяжка на старасцi карову трымаць, але ж жыццё прымушае.

А як не будзеш здаваць, калi малаказборшчыца, што называецца, з сахалiнцаў. Зiнаiда Лявонцьеўна Храловiч жыве ў канцы вёскi. «Вось побач з маёй аднагодкай — бярозкай (яе мой бацька ў 1933-м, якраз як я нарадзiлася, пасадзiў) жыву, — кажа Зiнаiда Лявонцьеўна. — Дрэва засохла, але я яго пiлаваць не дазваляю — як так, сэрца хiба кавалак у мяне ўзяць i адрэзаць. Я з маёй бярозкай нават размаўляю калi-небудзь, асаблiва, калi бiдонаў за дзень нацягаюся».

Лявонцьеўна, па яе словах, сабрала за чэрвень 30 тон малака. Гэта ж усё трэба на руках выцягаць! Але зноў жа «прыбаўка да пенсii». Акрамя таго сярод сахалiнцаў у яе, пэўна, самая вялiкая гаспадарка — ёсць свой конь, жарабятка, карова, трое парсючкоў.

— А як жа iнакш, — усмiхаецца Лявонцьеўна, — трэба ж «восьмаму паверху» дапамагаць. Гэта сын у мяне ў Слуцку на восьмым паверсе кватэру мае, самi ведаеце, як зараз жыць цяжка стала. Вось i трымаешся з апошнiх сiл, каб дапамагчы роднаму дзiцяцi. Ды вы не здымайце мяне, — закрываецца рукамi Лявонцьеўна, убачыўшы фотааб’ектыў. — Я ж па-рабочаму апранута, а ў газеце трэба, каб усё прыгожа было...

Праводзiць нас выйшлi амаль усе сахалiнцы. Азiрнуўшыся, я заўважыў як старыя яшчэ доўга махалi нам услед...

Мiнск—Сахалiн—Мiнск.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Праляцеўшы» беларускiя Марс i Венеру пад’язджаем урэшце i да Сахалiна. Гэта вёска, што знаходзiцца пад Слуцкам, працягнулася амаль на паўкiламетра, н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика