Сустрэнемся на вулiцы газеты «Звязда»?
Чамусьцi ўзгадалася: адзiн з любiмых кiнафiльмаў ваеннага i пасляваеннага пакаленняў — «У шэсць гадзiн вечара пасля вайны» — здымаўся ў разгар вайны, калi да Перамогi яшчэ трэба было iсцi i iсцi... Памятаеце, героi дамаўляюцца сустрэцца ў шэсць гадзiн вечара пасля вайны — i сустракаюцца!
Вось i мы, паважаныя чытачы, на наступны дзень нараджэння газеты прызначаем вам сустрэчу на вулiцы Газеты «Звязда», што ў беларускай сталiцы. ...Сапраўды, вулiцы такой у Мiнску няма. Але мы перакананыя: пакуль што — няма. I ўсё ж яна абавязкова з’явiцца. Iнакш i быць не можа! Напярэдаднi юбiлею «Звязды» народны пiсьменнiк Беларусi Iван Шамякiн ад iмя чытачоў газеты розных пакаленняў звярнуўся ў Мiнгарвыканкам з прапановай прысвоiць адной з вулiц горада iмя газеты «Звязда». Гаворачы пра слынны шлях газеты, Iван Пятровiч адзначыў, што «Звязду» «без перабольшання можна назваць унiкальным феноменам гiсторыi, культурным набыткам нацыi», што гэта цi не «адзiная газета ў свеце, якой народ паставiў чатыры помнiкi...». Прапанову народнага пiсьменнiка Iвана Шамякiна, якога па праву называюць класiкам нацыянальнай лiтаратуры, падтрымалi шматлiкiя чытачы. Некаторыя меркаваннi былi змешчаны на старонках газеты — паэткi Таiсы Бондар, дырэктара музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Генадзя Баркуна, пiсьменнiка Алеся Савiцкага, старшынi Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Беларусi Ягора Рыбакова, кiнарэжысёра Iгара Дабралюбава, iншых. Сёння зноў даём слова нашым чытачам. Мiхаiл САВIЦКI, народны мастак СССР i Беларусi: — Падтрымлiваю прапанову Iвана Шамякiна. «Звязда» сапраўды мае адметную гiсторыю. I мае свой твар — вельмi добры твар. Ён не мяняецца ў дрэнны бок — таму што ў газеты ёсць прынцыпы, ёсць пазiцыя. Гэта вельмi важна... Калi шчыра, я нават не ведаў, што ў Мiнску ёсць праспекты газет «Правда» i «Известия». Не разумею, чаму адзiн з праспектаў беларускай сталiцы названы iмем газеты «Известия», бо, як вядома, «известия» бываюць розныя: i добрыя, i дрэнныя, i «нiякiя»... Магу канкрэтызаваць прапанову Шамякiна — добра было б, каб замест праспекта «Известий» у Мiнску быў праспект «Звязды». Было б цалкам лагiчна: праспекты газет «Правда» i «Звязда»... Мiхаiл ПАДГАЙНЫ, Мiнiстр iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь: — З вялiкiм задавальненнем падтрымлiваю прапанову Iвана Пятровiча Шамякiна. Я вельмi паважаю газету «Звязда» за высокi прафесiяналiзм i лiчу, што за 85 гадоў плённай працы на карысць народа i дзяржавы газета заслужыла, каб у беларускай сталiцы быў праспект яе iмя (а не толькi праспекты газет «Правда» i «Известия»). Леанiд ГУЛЯКА, Мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь»: — «Звязда» — старэйшая газета нашай краiны, якая на працягу ўсёй 85-гадовай гiсторыi глыбока, грунтоўна i сiстэмна асвятляла (i зараз асвятляе) пытаннi развiцця культуры нашага таленавiтага народа, захавання i прадаўжэння багатай духоўнай спадчыны, мовы, традыцый — з пазiцый патрыятызму i мудрай узважанасцi. Ды i тыраж адзiнай беларускамоўнай штодзённай газеты сведчыць пра папулярнасць яе сярод чытачоў. З задавальненнем падтрымлiваю прапанову Iвана Пятровiча Шамякiна аб тым, каб адну з вулiц беларускай сталiцы назваць iмем выдатнай газеты «Звязда». Але — падкрэслю — гэта павiнна быць новая вулiца (я супраць перайменаванняў гiстарычных назваў вулiц). Мiнск будуецца, пашырае свае межы — вулiца газеты «Звязда» павiнна быць такой жа сучаснай, як i сама газета. Пётр БРЫГАДЗIН, Мiнiстр адукацыi Рэспублiкi Беларусь, доктар гiстарычных навук: — Падтрымлiваю прапанову народнага пiсьменнiка Iвана Шамякiна. Ён правiльна i добра пiша: у Мiнску ёсць праспекты газет «Правда» i «Известия», а старэйшай газеты нашай краiны — няма. Тады як «Звязда» заўсёды была з народам, жыла жыццём народа: i ў часы жорсткiх выпрабаванняў, i ў часы перамог. Тры чвэрцi стагоддзя «Звязда» выдаецца на беларускай мове i — цалкам згодны з Iванам Пятровiчам — газета дбайна захоўвае i развiвае багатыя традыцыi нашага народа, выступаючы своеасаблiвым маральным камертонам грамадства. Павел ЯКУБОВIЧ, галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия»: — Было б няправiльна, несправядлiва пераймяноўваць, напрыклад, праспект газеты «Правда» ў праспект газеты «Звязда». Але будзе цалкам правамерна назваць новую вулiцу iмем легендарнай газеты «Звязда» — гэта сведчыла б пра нашу ўдзячную памяць аб героях, якiя змагалiся з фашызмам, — i ў складаных, драматычных умовах ваеннага часу неслi народу праўдзiвае слова, што яднала ў iмя Перамогi. Я ў лiку тых, хто першым прагаласаваў бы за прапанову Iвана Шамякiна аб усталяваннi ў Мiнску вулiцы газеты «Звязда». Галiна АЛЕЙНIК, дырэктар Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi: — Падтрымлiваю прапанову Iвана Шамякiна. «Звязда» — гэта газета настолькi паважаная ўсiмi i знаёмая... 85 гадоў газеты — гэта гiсторыя нашай дзяржавы ў штодзённым адлюстраваннi. Уся гiсторыя выдання з пашанай захоўваецца ў Нацыянальнай бiблiятэцы. Генадзь ДАВЫДЗЬКА, дырэктар Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы, заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь: — «Звязда» — адзiная штодзённая беларускамоўная газета. Гэта газета, якая iмкнецца быць аб’ектыўнай — i часцей за ўсё ёй гэта ўдаецца. У газеты ёсць твар, адметнае аблiчча... Безумоўна, я падтрымлiваю прапанову Iвана Пятровiча Шамякiна аб прысваеннi адной з вулiц беларускай сталiцы iмя газеты «Звязда». Запiсала Таццяна ПАДАЛЯК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чамусьцi ўзгадалася: адзiн з любiмых кiнафiльмаў ваеннага i пасляваеннага пакаленняў — «У шэсць гадзiн вечара пасля вайны» — здымаўся ў разгар вайны,
|
|