Мой школьны выпускны..
Валерыя АЎСЯНIК
Фелiкс Леон Карбальо, Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Рэспублiкi Куба:
— Ён быў, мiж iншым, 32 гады таму. Памятаю, як апранаў свой белы касцюм. (У нас усе апранаюць белае, бо яркае сонца. I машын чорных амаль няма — толькi пратакольныя.) Спачатку прайшла афiцыйная цырымонiя, дзе мне ўручылi атэстат. Затым быў агульны танец (у такiх выпадках гучыць не «ча-ча-ча», не «румба», а якi-небудзь спакойны). Пары стваралiся загадзя. Затым пачалася больш ажыўленая частка, з напiткамi: лiманадам, пiвам. Спiртное, вядома, было толькi для бацькоў, якiя абавязкова прыходзiлi на вечар. У той час моладзь амаль не выпiвала (я сваё першае пiва паспытаў на 3-4 курсе унiверсiтэта). Затым пайшлi адзначаць групамi, па-за школай, але ўжо без бацькоў. Я, дарэчы, з невялiкага гарадка, дзе была адна, хаця i вялiкая, школа. Мы пайшлi ў парк (у нас ён быў цудоўны, з каляровымi рыбкамi ў сажалцы), i гулялi там дапазна. Вярнулiся дзесьцi ў дванаццаць гадзiн ночы. Бацькi не хвалявалiся, бо зайсцi далёка ў нашым мястэчку было немагчыма... Гэта, вiдаць, i ўсё, што я памятаю. Фёдар Котаў, начальнiк Цэнтра iнфармацыi i грамадскiх сувязяў КДБ Беларусi: — Мой выпускны прайшоў у 1973 годзе. Я скончыў 49-ю школу, якая мела вельмi высокi рэйтынг. Настаўнiкi да нас звярталiся на «вы» i вынiк быў адпаведны. Спачатку мы атрымалi ў Палацы пiянераў атэстаты, затым пачаўся выпускны баль. Пайшлi з класам гуляць да ранiцы, сустракалi свiтанак. Мой аднакласнiк Валодзя Адамовiч памыўся ў фантане, i гэта ўсiх развесялiла. А наступным днём выправiлiся ў паход. Жылi на беразе возера ў палатках... Карацей, успамiны засталiся самыя лепшыя. Элеанора Язерская, свецкая дама: — У мяне не было выпускнога. Я ў школе вучылася толькi 7 гадоў. А затым у 14 гадоў паступiла ў Мiнскае музычнае вучылiшча, таму апошняга балю i не пабачыла. Мне часам бывае сумна, што я не апранала выпускной сукенкi, не гуляла ўсю ноч. Здзiўляюся цяпер свайму пляменнiку, якi заканчвае 11 клас i не збiраецца iсцi на вечар. Адкуль такі прагматызм? Я, напрыклад, вельмi шкадую, што ў мяне не было магчымасцi адсвяткаваць заканчэнне школы. Гэта ж так рамантычна... Але затое ў маiм жыццi было столькi розных вечарын, што адсутнасць выпускной я кампенсавала цалкам. Анатоль Драздоў, начальнiк упраўлення iнфармацыi Нацыянальнага банка Беларусi: — Я сам з маленькага раённага гарадка. I выпускны адзначаў у доме аднакласнiка. Школы тады забаранялi збiрацца з выпiўкай. Не, мы не вельмi пiлi, вы не падумайце. Усё было мiла, прыгожа. Каля 30 чалавек сабралiся пасля экзаменаў. Бацькоў не было. Яны не хвалявалiся, толькi ўзялi з нас абяцанне, што не пойдзем на раку купацца. Аднак калi мы пайшлi гуляць, два чалавекi абяцанне парушылi... Сёлета заканчвае гiмназiю мая дачка. Яны заказалi рэстаран, але я за яе не хвалююся: усё будзе арганiзавана, адвязуць i прывязуць на аўтобусе. I кампанiя добрая.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Ён быў, мiж iншым, 32 гады таму. Памятаю, як апранаў свой белы касцюм. (У нас усе апранаюць белае, бо яркае сонца. I машын чорных амаль няма — тольк |
|