Валянцiн ГЕРАСIМАЎ: «Мы працуем для людзей, якiя на сваiх плячах вынеслi ўсе жахi фашызму»
Мiхаiл МIХАЕВIЧ
Беларускаму рэспублiканскаму фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне» 9 гадоў
Другая сусветная вайна прынесла неймаверныя пакуты народам многiх краiн свету, але на долю народаў Савецкага Саюза выпалi найбольш цяжкiя выпрабаваннi. Асаблiва жыхароў тых раёнаў, якiя былi акупiраваныя фашысцкай армiяй. Голад, карныя акцыi, турмы, канцэнтрацыйныя лагеры, гета для мiльёнаў мiрных грамадзян, жанчын i нават дзяцей былi звычайнай з’явай тых цяжкiх часоў. Жудасныя медыцынскiя эксперыменты, дэпартацыя на катаржныя прымусовыя работы доўгiя гады былi як бы фонам, да тэмы ўсеагульнай барацьбы савецкiх людзей супраць нямецкага фашызму. Ды i самi цудам выжыўшыя ахвяры гаварылi аб гэтым перыядзе свайго жыцця неахвотна, бо тая ж рабская праца на фабрыках i заводах, у памешчыкаў некаторымi расцэньвалася як хаўруснiцтва з ворагам. У многiм сiтуацыя змянiлася, калi ў Расii, Беларусi, Украiне былi створаны фонды «Узаемаразуменне i прымiрэнне». Беларускi фонд пачаткам сваёй дзейнасцi лiчыць 14 чэрвеня 1993 года. Зразумела, гэтаму папярэднiчала велiзарная работа на ўзроўнi ўрадаў, парламентаў, iншых дзяржаўных структур. Сёння наш субяседнiк — старшыня праўлення Беларускага рэспублiканскага фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне» Валянцiн Якаўлевiч Герасiмаў, якi ўсе гэтыя гады быў у эпiцэнтры падзей, звязаных з непасрэднай дзейнасцю фонду. — Валянцiн Якаўлевiч, нашы грамадзяне больш ведаюць аб справах фонду ў апошнiя гады, калi пачалася рэалiзацыя германскага закона «Аб заснаваннi Фонду «Памяць, адказнасць i будучыня» i аўстрыйскага закона «Аб фондзе па добраахвотных выплатах Аўстрыйскай Рэспублiкi асобам, якiя прыцягвалiся нацыянал-сацыялiсцкiм рэжымам да рабскай i прымусовай працы (Фонд прымiрэння)». Але ж i да гэтага была праца, гады станаўлення беларускага фонду. Якiя мэты ставiлiся пры стварэннi фонду? Якi вопыт набыты? — Скажу прама: стварэнне фонду было б немагчымым ва ўмовах «халоднай вайны», без разумення таго неаспрэчнага факта, што нельга вечна знаходзiцца ў акопах. Народы стамiлiся ад бясконцай гонкi ўзбраенняў, асаблiва народы Савецкага Саюза, эканомiка якога не магла вытрымаць на сваiх плячах такога цяжару. Трэба было падвесцi рысу ў адносiнах памiж народамi i дзяржавамi, якiя паўстагоддзя таму размаўлялi на мове пушак. У нямецкiм грамадстве выспела пачуццё вiны за тыя зверствы i пакуты, якiя прынёс чалавецтву фашызм. Гэта вельмi важна падкрэслiць, бо новыя пакаленнi немцаў узялi на сябе маральную i матэрыяльную адказнасць за ўчынкi сваiх бацькоў i дзядоў. Вось чаму iдэя стварэння нейкай гуманiтарнай арганiзацыi, якая б садзейнiчала ўзаемаразуменню i прымiрэнню, лягла на добрую глебу, мела высакародны пачатак. Перамовы аб гэтым памiж Германiяй i СССР пачалiся яшчэ ў 1991 годзе, а канкрэтнае рашэнне прымалася Беларуссю, Расiяй i Украiнай, ужо як суверэннымi дзяржавамi, у 1993 годзе. Другiм бокам перамоў была Фэдэратыўная Рэспублiка Германii. Па свайму статусу фонд з’яўляецца недзяржаўнай мiратворчай арганiзацыяй, якая заклiкана абараняць iнтарэсы грамадзян, што пацярпелi ад нацыянал-сацыялiсцкiх праследаванняў. Фонд садзейнiчае ўмацаванню ўзаемаразумення памiж народамi. Але, падкрэслю, без дзяржаўнай падтрымкi праца фонду мела б значна меншыя вынiкi. Адна з галоўных задач, якая ставiлася перад намi, — аказанне непасрэднай фiнансавай дапамогi грамадзянам Беларусi, што пацярпелi ад нямецкага фашызму ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. — З чаго пачыналася работа фонду? — Са стварэння базы даных, дзе ўтрымлiваецца iнфармацыя аб канкрэтных людзях, якiя прайшлi канцлагеры, палон, дэпартацыю i г. д. Велiзарную дапамогу нам i ўсiм людзям у пошуку патрэбных дакументаў аказалi дзяржаўныя архiвы i архiвы такога ведамства, як КДБ. Справа ў тым, што тут захоўваюцца ўсе так званыя фiльтрацыйныя справы на ўсiх грамадзян, якiя пасля вайны вярталiся на радзiму з варожай няволi. Добрыя кантакты ўсталявалiся i з мiжнароднымi службамi пошуку розных еўрапейскiх краiн, асаблiва з нямецкага горада Арользена. За адносна кароткi прамежак часу ў банку мы мелi звесткi больш чым на 143 тысячы чалавек. Але тут я хацеў бы зрабiць адно тлумачэнне, без якога многага нельга зразумець у дзейнасцi фонду. Паводле нарматыўных дакументаў, зацверджаных вышэйстаячымi органамi, да сферы дзейнасцi фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне» адносiлiся (цытую) «распрацоўка i ажыццяўленне праграм сацыяльнай падтрымкi пацярпеўшых ад нацызму, а таксама iншых сацыяльна неабароненых груп грамадзян...». Таму фонд аказваў пасiльную дапамогу людзям, якiя пацярпелi ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, удовам, мужы якiх загiнулi ў гады вайны, сiротам вайны, непасрэдна шпiталям для ветэранаў i iнвалiдаў, анкалагiчна хворым людзям i гэтак далей. — Зразумела, для такой высакароднай справы патрэбны былi немалыя сродкi. Якiя iснавалi крынiцы фармiравання бюджэту фонду? Пытаюся пра гэта таму, што тут iснуюць розныя меркаваннi, iншы раз не вельмi прыемныя i дакладныя. Быццам бы фонд дзейнiчаў не толькi як чыста гуманiтарная арганiзацыя, а i ў нейкiм сэнсе i як камерцыйная. — Не бачу тут нiчога дрэннага, бо ўсё рабiлася ў адпаведнасцi з законам, а заробленыя намi сродкi накiроўвалiся на падтрымку людзей. А камерцыяй мы не займалiся. Каб быць дакладным, я назаву канкрэтныя крынiцы фармiравання бюджэту фонду, дазволеныя законам. Гэта фiнансавы ўклад урада Федэратыўнай Рэспублiкi Германii (аснова сродкаў); добраахвотныя ўзносы дзяржаўных устаноў, фiзiчных i юрыдычных асоб; банкаўскiя працэнты, якiя налiчвалiся фонду на захоўваемыя ў банках сродкi; iншыя фiнансавыя паступленнi, у тым лiку i ад уласнай дзейнасцi, напрыклад, за аказанне паслуг на аснове адпаведных дагавораў для замежных фондаў. За час дзеяння фонду фiнансавую дапамогу атрымалi больш як 143 тысячы чалавек, iм выплачана 95 мiльёнаў 261 тысяча еўра. Гэта ў пераразлiку, бо грошы, зразумела, людзi атрымалi ў доларах, марках, рублях цi iншай валюце. Са сродкаў, заробленых фондам, мы дапамагалi музеям, удзельнiчалi ў стварэннi мемарыялаў, месцаў памяцi загiнуўшых, выдавалi кнiгi i зборнiкi дакументаў, якiя сведчылi аб злачынных дзеяннях фашыстаў на тэрыторыi Беларусi, стварэннi тут канцэнтрацыйных лагераў смерцi. Скажу, без гэтай работы нам наўрад цi ўдалося б даказаць факты ўтрымання i знiшчэння нашых грамадзян у такiх лагерах, як Азарычы, Мар’iна Горка i iншых. Гэта значыць, што тысячы ахвяр, якiя выжылi, не мелi б шанцаў на выплаты кампенсацый з нямецкага фонду «Памяць, адказнасць i будучыня». Я ўжо казаў у адным з iнтэрв’ю, што мы правялi з нямецкiм бокам больш за дзесяць раундаў складаных перамоў, дзе вырашаўся статус лагера Азарычы, i нарэшце дабiлiся станоўчага вынiку. Бо ў нас былi дакументы i сведчаннi людзей. — Валянцiн Якаўлевiч, вы закранулi надзвычай актуальную праблему — праблему ўшанавання памяцi ахвяр нацыянал-сацыялiзму праз стварэнне кнiг, фiльмаў, музеяў, мемарыялаў i г. д. Выплата кампенсацый — гэта добра, гэта неабходна, бо дапамагае людзям, якiя столькi ўсяго вынеслi, выцерпелi столькi пакут, вырашыць хоць нейкiя матэрыяльныя пытаннi. I ўсё ж цi не забываем мы тых, хто не дажыў да выплат, хто загiнуў у пекле вайны? Iм i нам, iх нашчадкам, самай зразумелай кампенсацыяй была б, мне здаецца, памяць... Цi знаходзiце вы тут паразуменне з нямецкiм бокам, якiя перспектывы вам бачацца? — Акцэнт нашых партнёраў з нямецкага боку на выплаты iндывiдуальных кампенсацый ахвярам нацыянал-сацыялiзму на сённяшнi момант я лiчу правiльным. Беднасць нашых людзей, эканамiчныя цяжкасцi ў краiне вымушаюць больш увагi ўдзяляць менавiта гэтым праблемам. Бо, пагадзiцеся, цяжка знайсцi паразуменне i прымiрэнне з галодным, бедным i пакрыўджаным. Але ў рамках фонду «Памяць, адказнасць i будучыня» створаны яшчэ адзiн фонд — «Памяць i будучыня». Мэты гэтага фонду менавiта тыя, пра якiя вы гаворыце: увекавечанне памяцi ахвяр нацызму, сумесныя акцыi маладых пакаленняў немцаў i беларускiх грамадзян, выданне кнiг, абмен дэлегацыямi, вучоба ўнукаў i праўнукаў ахвяр фашызму ў нямецкiх ВНУ i г. д. Тут шмат цiкавага можна зрабiць, тым больш што ў адпаведнасцi з законам пад сферу ўплыву фонду «Памяць i будучыня» павiнны трапiць тыя, хто не трапiў пад дзеянне фонду «Памяць, адказнасць i будучыня». А гэта перш за ўсё нашчадкi тых ахвяр, хто памёр да 16 лютага 1999 года. Гэта можа быць тэмай асобнай размовы, бо Беларускi рэспублiканскi фонд «Узаемаразуменне i прымiрэнне» вылучыў цэлы шэраг прапаноў нямецкiм партнёрам, якiя былi ўспрыняты з разуменнем. Дырэчы, у мiнулым годзе ў Мiнску адбылася сустрэча прадстаўнiкоў грамадскiх аб’яднанняў ахвяр нацыянал-сацыялiзму з усiх рэспублiк былога Саюза, дзе iшла гаворка пра магчымая накiрункi дзейнасцi фонду «Памяць i будучыня». — Добра. Тады давайце, Валянцiн Якаўлевiч, больш падрабязна пагаворым пра дзейнасць Беларускага фонду ў рамках выканання нямецкага закона аб фондзе «Памяць, адказнасць i будучыня». Тым больш што ўмовы зараз адрознiваюцца ад тых, якiя былi ў першыя гады дзейнасцi фонду. — Першае i галоўнае адрозненне — абмежаванасць у тэрмiнах. Законам жорстка рэгламентаваныя, напрыклад, тэрмiн падачы заяў (да 31 снежня 2001 года), тэрмiны атрымання выплат пасля адпаведнага паведамлення банка аб паступленнi сродкаў на рахунак канкрэтнага чалавека. Устаноўлены i тэрмiн дзеяння аўстрыйскага Фонду прымiрэння — тры гады. Ёсць i iншыя абмежаваннi, парушэнне якiх можа прывесцi да самых негатыўных вынiкаў. Думаю, чытачы ведаюць, з якiмi складанасцямi сутыкнулiся пры выплаце кампенсацый расiяне. З чыстым сумленнем я магу далажыць чытачам «Звязды» i ўсiм грамадзянам краiны, што на сённяшнi дзень налiчаныя выплаты 79.456 чалавекам. Атрымана iмi 116 мiльёнаў 178 тысяч 680 еўра. Гэта значыць, што супрацоўнiкамi фонду падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы, яны правераны нямецкiм бокам, i заўваг па iх не было. А ўсяго мы атрымалi 141.500 заяў. Праўда, каля 20 тысяч чалавек пакуль не маюць адпаведных дакументаў, якiя пацвярджалi б iх права на кампенсацыi. Хацеў бы не дзеля пахвальбы ў гадавiну стварэння нашага фонду, а як аб’ектыўную канстатацыю прывесцi наступны факт: усе, хто меў права на выплаты першай часткi кампенсацыi ў Эстонii, атрымалi яе. Такiм чынам, Эстонiя стала першай краiнай у свеце, дзе такое адбылося. Яна ўваходзiць у сферу дзейнасцi Беларускага фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне». Што датычыць нашых грамадзян, то мы зробiм усё магчымае, каб кожны, хто мае права на выплаты, атрымаў першую частку iх да канца гэтага года. Мы разумеем сваю адказнасць перад кожным чалавекам, як разумеем i тое, што ўжо немаладыя, кожны са сваiмi болькамi, пакрыўджаныя лёсам людзi не могуць чакаць бясконца. Для некаторых наша ўвага i дапамога, можа, апошняя радасць у гэтым жыццi. — Наколькi вядома, у вашага фонду ўсталявалiся моцныя сувязi не толькi з афiцыйнымi партнёрамi, вызначанымi нямецкiм законам, але i з дабрачыннымi арганiзацыямi Германii. Як выглядае гэтае супрацоўнiцтва на практыцы? — У Германii iснуе шырокая сетка дабрачынных арганiзацый, якiя ад чыстага сэрца прапануюць дапамогу нашым людзям, але iншым разам яны не ведаюць, што нам патрэбна, канкрэтныя адрасы. Дэфiцыт iнфармацыi яўна перашкаджае як нам, так i нямецкiм энтузiястам дабрачыннасцi. Вось чаму мы сумесна распрацоўваем i ажыццяўляем розныя i далёка не ардынарныя праекты. Скажам, з дапамогай евангелiсцкай царквы Гесэна i Нiсау мы непасрэдна ў памяшканнi фонду адкрылi аптэку, дзе ахвяры нацыянал-сацыялiзму, вязнi гета i канцлагераў атрымлiваюць лякарствы бясплатна. Мы з задавальненнем сустракаем прадстаўнiкоў гэтай царквы, яны прыязджаюць да нас, каб вызначыць патрэбы наведвальнiкаў, якiя лякарствы неабходна набыць i г. д. Падобныя аптэкi нядаўна адкрыты ў Вiцебску, Брэсце. Мы ўдзячныя i дабрачыннай арганiзацыi Максiмiлiян-Колбе-Верк, якая рэгулярна дапамагае ахвярам нацызму матэрыяльна. Тут вельмi важна адзначыць непасрэдныя кантакты нашых людзей з немцамi, паездкi былых вязняў у Германiю па запрашэнню дабрачынных арганiзацый i мясцовых уладаў. Пасля кожнай такой сустрэчы мы бачым, як простыя людзi Беларусi i Германii хутка знаходзяць агульную мову, праяўляюць цiкавасць адзiн да аднаго. — У розны час мне давялося браць iнтэрв’ю ў старшынi праўлення нямецкага фонду «Памяць, адказнасць i будучыня» доктара Мiхаэля Янсена, а таксама ў старшынi аўстрыйскага Фонду прымiрэння пасла Людвiга Штайнера. Яны высока ацанiлi арганiзаванасць i прафесiяналiзм як супрацоўнiкаў Беларускага фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне», так i работу «Беларусбанка» па выдачы выплат ахвярам нацызму... — Скажу прама: мне вельмi прыемная iх ацэнка, я рады, што супрацоўнiкi Беларускага фонду яе заслужылi самаадданай працай. Нямецкiя партнёры бываюць у нас часта, кантралююць работу, праводзяць праверкi. Бываюць i дыскусii, спрэчкi па тлумачэнню тых цi iншых палажэнняў закона. Гэта нармальная работа. Добрыя дзелавыя кантакты мы падтрымлiваем з супрацоўнiкамi пасольства ФРГ у Беларусi, а таксама з Надзвычайным i Паўнамоцным Паслом Германii ў Беларусi доктарам Хельмутам Фрыкам. Шмат дапамагаў нам ва ўсталяваннi кантактаў з нямецкiмi дабрачыннымi арганiзацыямi i яго папярэднiк Хорст Вiнкельман. Гэта i зразумела: мы разам працуем для людзей, якiя на сваiх плячах вынеслi ўсе жахi фашызму. Мы разам будуем масты ўзаемаразумення i прымiрэння памiж нашымi народамi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускаму рэспублiканскаму фонду «Узаемаразуменне i прымiрэнне» 9 гадоў |
|