Прызыў на службу ў армiю-2002
На пытаннi чытачоў «Звязды», зададзеныя ў час «прамой лiнii» ў рэдакцыi, адказваюць прадстаўнiкi Мiнiстэрства абароны i Генеральнага штаба Узброеных Сiл Беларусi
У самым разгары цяпер прызыў юнакоў на службу ў беларускiя Узброеныя Сiлы, ва ўнутраныя i пагранiчныя войскi. Каля 12 тысяч навабранцаў хутка стануць у строй. Хоць гэта амаль на трэць менш, чым летась, але ўсё ж нямала. А таму ў многiх з iх, натуральна, узнiкалi пытаннi, звязаныя з прызывам. Праўда, калi шчыра казаць, чамусьцi званiлi ў пераважнай большасцi бацькi прызыўнiкоў. На iх пытаннi па тэлефоне ў рэдакцыi «Звязды» адказвалi начальнiк Галоўнага арганiзацыйна-мабiлiзацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь — намеснiк начальнiка Генеральнага штаба генерал-маёр КАУРЫН Мiхаiл Iванавiч, начальнiк аддзела iнфармацыйнага забеспячэння Мiнiстэрства абароны палкоўнiк РАМАНЮК Мiкалай Аляксеевiч i намеснiк начальнiка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мiнiстэрства абароны палкоўнiк БАГДАНАЎ Леанiд Анатольевiч. «ХАЧУ СЛУЖЫЦЬ У АРМII» — Добры дзень, тэлефануе Наталля Цывiс з Капыльскага раёна. Скажыце, на якi тэрмiн цяпер iдуць служыць нашы хлопцы? — Тэрмiн застаецца той жа: хто мае вышэйшую адукацыю, служыць адзiн год, астатнiя — паўтара года. — Калi пачнецца першы прызыў? — Прызыў ужо iдзе. Прызыўныя камiсii працуюць з мая. А вось адпраўка прызыўнiкоў у войскi пачнецца з 8 лiпеня. — Нашы дзецi будуць служыць толькi ў Беларусi? — Канешне. Толькi ў Беларусi. *** — Добры дзень, таварыш генерал. Тэлефануе Iван Рыбiн. — Добры дзень, Iван. Якое пытанне ў цябе? — Мiхаiл Iванавiч, вядома, як цяжка сёння ўладкавацца на працу выпускнiку ВНУ цi ССНУ. Скажыце, цi прадугледжваецца адтэрмiноўка тым, хто па размеркаванню атрымаў месца работы, каб замацавацца там? — Гэта, думаю, вырашальнае пытанне. Iм займаюцца прызыўныя камiсii ў райвыканкамах. Скажу толькi, што цяпер у нас хапае прызыўнiкоў, а таму прызыўныя камiсii адносяцца да такiх сiтуацый, як правiла, уважлiва i з разуменнем. — Дзякуй вам. *** — Шпак Iрына Уладзiмiраўна тэлефануе вам з вёскi Лотва Мядзельскага раёна. Дачка мая, можна сказаць, з дзiцячага садка марыць служыць у армii. У студзенi ёй спаўняецца 18 гадоў. Куды трэба звярнуцца, каб вырашыць яе праблему? — Добрае жаданне ў вашай дачкi, Iрына Уладзiмiраўна. Такiя дзяўчаты — прыклад для тых юнакоў, якiя пазбягаюць службы ў армii. Дарэчы, дзяўчаты служаць у армii, па кантракту. Калi дачцэ споўнiцца 19 гадоў, а менавiта з гэтага ўзросту дзяўчаты могуць быць прызваныя, ёй трэба звярнуцца ў любую воiнскую часць. Калi там ёсць вакантныя месцы для работы, то з ёю заключаць кантракт на два гады. Потым ён можа быць працягнуты. Але дачка павiнна мець канкрэтную роднасную спецыяльнасць, у якой ёсць патрэба ў войсках. — I праблем не будзе? — Не думаю. Па кантракту могуць служыць жанчыны ад 19 да 35 гадоў, якiя ў час заключэння кантракту не маюць дзяцей. Адзначу, што цяпер у беларускiм войску працуюць каля 4 тысяч прадстаўнiц жаночай палавiны. *** — Добры дзень. Пазванiў вам Сямён Каравенка. Цi чулi вы, Мiхаiл Iванавiч, што дэпутат фракцыi СПС Уладзiмiр Сямёнаў прапанаваў заканадаўча замацаваць права грамадзянiна адкупiцца ад службы ў армii? — Не. Як гэта адкупiцца? — Справа ў тым, што дэпутат нiжняй палаты расiйскай Дзярждумы ўносiць законапраект аб законным водкупе ад службы ў армii. На яго думку, сума грашовага ўзносу павiнна быць вызначана дзяржавай i пры выплаце паступаць у бюджэт краiны, а канкрэтна — у бюджэт Мiнiстэрства абароны. Такiм чынам, лiчыць дэпутат, «можна будзе справiцца з карупцыяй: ваенкаматы не будуць мець магчымасцi браць хабар за адтэрмiноўку ад армii». Пракаменцiруйце, Мiхаiл Iванавiч, гэта. — Складана меркаваць аб iнiцыятыве дэпутата Дзярждумы. Гэта справа расiйскiх заканатворцаў. Але тут можна гаварыць аб сур’ёзных довадах «за» i «супраць». Хаця, па вялiкаму рахунку, чаму б i не, калi ў Расii ёсць шмат праблем, звязаных з прызывам на службу, у прыватнасцi, хабарнiцтва за адтэрмiноўку. У Беларусi, як вядома, з гэтым правапарушэннем вядзецца бязлiтасная барацьба. Так будзе i далей. *** Аляксей БЯЛЯЕЎ, г. Мiнск: — Скажыце, цi ёсць нейкiя выключэннi, хто зусiм вызвалены ад прызыву на службу ў армiю? — Вызваляюцца ад прызыву тыя юнакi, хто служыць у органах мiлiцыi цi ў ваенiзаванай ахове МУС, а таксама залiчаныя на вучобу ў навучальныя ўстановы гэтага мiнiстэрства. Вызваляюцца i тыя, у каго родныя браты загiнулi цi сталi iнвалiдамi першай цi другой групы па прычыне ранення, траўмы, захворванняў, атрыманых за перыяд ваеннай службы. *** — З вёскi Ганцавiчы Ганцавiцкага раёна тэлефаную вам. Ганна Вячаславаўна Гулевiч. Сын заканчвае БДУ. Адкуль яго могуць прызваць у армiю i на якi тэрмiн? — Служыць ён будзе адзiн год, а прызавецца адтуль, дзе будзе прапiсаны пасля заканчэння БДУ. *** — Турбуе вас Сяргей Аляксандраў. Скажыце, чаму скарачаецца колькасць студэнтаў ВНУ, якiя навучаюцца на ваенных кафедрах? — У Беларусi ваенныя кафедры маюцца ў дзесяцi ВНУ. Цяпер у нас няма патрэбы ў такой колькасцi афiцэраў запасу. Больш таго, па некаторых ваенных спецыяльнасцях iх падрыхтавана ў некалькi разоў больш, чым неабходна. Таму i скарачаецца набор. — Цi не здарыцца так, што iх зусiм лiквiдуюць? — Не, пакуль так пытанне не ставiцца. Проста зменшыцца колькасць студэнтаў, якiя будуць там вучыцца. *** — Iгар Мiсько пазванiў. Ведаю, што шмат прызыўнiкоў ухiляецца ад службы ў армii. Цi нясуць яны нейкае пакаранне? — Канешне. Спачатку папярэджваюцца, потым прыцягваюцца да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Наогул жа ёсць у Крымiнальным кодэксе артыкул за ўхiленне ад воiнскай службы. *** — З Мiнскага раёна звонiць Аляксандр Станiшэўскi. У мяне некалькi малодшых братоў. Iх хвалюе, што апошнiм часам скарачаецца прызыў на службу ў армiю. Цi так гэта? — Сапраўды, колькасць прызыўнiкоў, якiя служаць, скарачаецца. Прынамсi, нават у параўнаннi з веснавым прызывам амаль на трэць зменшылася колькасць навабранцаў. Цяпер будзе прызвана 8200 юнакоў, што на 5300 менш, чым летась. — З такiмi тэмпамi хто ж будзе служыць? — Iдзе рэфармаванне Узброеных Сiл Беларусi, скарачаецца iх колькасць. Але гэта не адаб’ецца на боегатоўнасцi беларускай армii. Мы вывучылi дэмаграфiчную сiтуацыю i зрабiлi прагноз да 2010 года. Праблем з камплектацыяй армii не будзе, паступова, канешне, яна будзе пераходзiць на кантрактную службу, але i тэрмiновая служба абавязкова застанецца. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды», зададзеныя ў час «прамой лiнii» ў рэдакцыi, адказваюць прадстаўнiкi Мiнiстэрства абароны i Генеральнага штаба Узброеных С
|
|