КРАСА I СIЛААНТАЛОГIЯ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗII Еўдакiя ЛОСЬ (1929, в. Старына Ушацкага р-на — 1977, Мiнск)Бацькi паэткi працавалi ва Ушацкай раённай друкарнi. Еўдакiя закончыла сталiчны педiнстытут (1955), працавала ў Вучпед-выдавецтве, у рэдакцыях газет, апошнiя два гады ачольвала дзiцячы часопiс «Вясёлка». Як i ўсе, хто вучыўся на лiтаратурных курсах у Маскве, мела сяброў у многiх саюзных рэспублiках. Перакладала каўказскiх джыгiтаў, сярэднеазiяцкiх акынаў i свята верыла ў савецкi лiтаратурны iнтэрнацыянал. Расказвалi, як аднойчы ў горным кiшлаку была наладжаная паэтычная сустрэча для дарагiх гасцей з Беларусi. Гадзiнны даклад мясцовага аксакала пра «дружбу народаў — дружбу лiтаратур». Е. Лось з першага шэрагу прэзiдыума захоплена паварочваецца да землякоў — маўляў, нас тут добра ведаюць, перакладаюць. I тут вядоўца абвяшчае: «А тыпэр выступит белорусский поэт Евдоким Лос». А вяртаючыся аднойчы з падобнага вясёлага турне, У. Караткевiч склаў эпiграму: «Коль на дружбу повелось — ваш ишак, а наша Лось!» Паэтка асаблiва не крыўдавала. Незразумелым i абуральным фактам у бiяграфii Лось засталося спаленне ёю кнiгi Л. Генiюш «Невадам з Нёмана» ў Саюзе пiсьменнiкаў у 1967 г. Е. Лось — аўтарка дзесяцi зборнiкаў («Яснавокiя мальвы», 1967; «Лiрыка лiпеня», 1977 ды iнш.). У Бараўлянскай больнiцы, незадоўга да смерцi, напiсала пранiзлiвую нiзку вершаў «Радкi журбы». * * * Ну што ж: усё ў жыццi лагiчна, калi ўсё яно — з нягод... п’е з лужыны анкалагiчнай рабы анкалагiчны кот... Жанкi, мужчыны пазiраюць на сцежку: новую вядуць! I хворымi вачмi пытаюць: куды ж то гэту пакладуць? Цi з iмi ў рад — пад нож няўмольны, цi ў адзiночку ў старане. Гарыць там вiнкель трохвугольны на металiчнай дзверыне... Там лечаць золатам няшчасных, каб цень надзеi не астыў,— i аддае iм паўсячасна нябачны радый свой актыў... О гора, гора залатое, нашто ты людзям з танных хат! Iм гэтак дорага ўсё тое, што мелi дома — да палат. I кожны быў сабе асэсар i не трымцеў пад жахам слоў, якiх не выкажа прафесар, але запiша, будзь здароў... А бэз пад вокнамi буяе, i што, маёваму, яму, што хтось чарговы праклiнае анкалагiчную турму! 1977 Рубрыку вядзе Мiхась СКОБЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Еўдакiя ЛОСЬ (1929, в. Старына Ушацкага р-на — 1977, Мiнск) |
|