Чарговы крок Шагала да радзiмы
Ларыса ЦIМОШЫК
«Кожны мастак недзе нарадзiўся, i нават, калi пазней ён трапляе пад уплыў новага асяроддзя, пэўная сутнасць, пэўны водар яго роднага краю заўжды будзе прысутнiчаць у ягонае працы».
Марк Шагал Так i атрымалася. I вось напрыканцы адышоўшага ХХ стагоддзя чытачы «Звязды» нават назвалi Марка Шагала мастаком стагоддзя ў Беларусi. Нездарма. Мастак, чыё iмя стаiць па-асобку ў сусветным мастацтве, чыя творчасць стала для людзей розных краiн увасабленнем шчырасцi, узнёслацi i нейкай дзiўнай, бадай дзiцячай ўлюбёнасцi ў жыццё з усiмi яго праявамi, заўсёды памятаў i нёс вобразы, блiзкiя яму з дзяцiнства. Цi не пашчасцiла Вiцебску, што тут 115 гадоў таму ў яўрэйскай сям’i нарадзiўся таленавiты хлопчык, якi на ўвесь свет уславiў горад у сваiх мастацкiх уражаннях? Свой Вiцебск, прапусцiўшы яго праз сваю душу. Нават, калi жыў далёка, у Парыжы, калi прыехаць сюды было немагчыма для мастака з варожага захаду, ды i каб прыехаў, наўрад цi пазнаў бы тое, што так любiў i песцiў у сваiх успамiнах. Але вось ужо пяты год Беларусь працягвае адкрываць для сябе сапраўднага Шагала. Упершыню яго мiжземнаморскiя лiтаграфii былi прадстаўлены тут ў 1997-м годзе. Але пасля той выставы, калi радзiму свайго дзядулi адкрыла для сябе адна з яго ўнучак Мэрэт Мейер-Грабер, нашчадкi мастака прынялi рашэнне паказаць у Беларусi арыгiнальныя працы, якiя знаходзяцца у iх прыватнай калекцыi. I вось ужо ў 2000-м годзе Мэрэт i яе сястра Бэла Мэйер прыязджалi сюды на адкрыццё другой выставы, якая мела назву «Прысвячэнне Парыжу». Сёлета Мэрэт Мэйер Грабер iзноў наведала Беларусь, каб прыняць удзел у святкаваннi 115-й гадавiны з дня народзiнаў мастака. Але калi Мэрэт у Беларусi, то гэта можа азначаць яшчэ адно: iдзе чарговая выстава Марка Шагала. Сапраўды, выстава «Пейзажы Марка Шагала» з 10 лiпеня па 10 верасня будзе працаваць у Нацыянальным мастацкiм музеi Рэспублiкi Беларусь, а пасля пераедзе ў вiцебскi музей Марка Шагала. Усяго 34 творы, жывапiс на палатне i паперы, аб’яднаныя адной тэмай — пейзажам. Толькi адзiн з iх прадстаўлены музеем Марка Шагала ў Нiццы «Бiблейскае пасланне», усё асноўнае — з прыватнай калекцыi сям’i мастака. Але першы раз так поўна тут прадстаўлены арыгiнальныя творы Шагала. Ёсць самыя раннiя, напрыклад, якога 1906 года, калi Марк вучыўся ў свайго вiцебскага настаўнiка Iегуды Пэна. Гэта малюнкi, якiя кранаюць пяшчотнай любоўю. I ў больш познiх працах заўважана асаблiвая рыса Шагала: пейзаж у яго прапушчаны праз сэрца, i ў iм вельмi многа ад яго ўспамiнаў i адчуванняў свету. Прывесцi сюды такую выставу — справа нелёгкая i даволi дарагая, а колькi каштуе страхоўка... Але 95 працэнтаў выдаткаў узяў на сябе французскi бок, праз Французскую асацыяцыю артыстычнай дзейнасцi мiнiстэрства замежных спраў Францыi (AFAA). Ды i выданне каталога патрабавала выдаткаў. Канешне, Беларусi пашчасцiла з партнёрамi падчас арганiзацыi выставы. Ды i не толькi гэтай. «Быў адзiн цiкавы момант, звязаны таксама з iмем Марка Шагала, але падчас дзён культуры Беларусi ў Францыi, якiя адбылiся сёлета ў цэнтры П’ера Кардэна, — распавядае Уладзiмiр Рылатка, першы намеснiк мiнiстра культуры Беларусi. — Сам П’ер Кардэн знайшоў у прыватных калекцыях карцiны вялiкага майстра, каб яны былi прадстаўлены разам з творамi нашых сучасных мастакоў. Увогуле ж вакол iмя Марка Шагала а’бядноўваюцца розныя народы. I вяртанне яго на радзiму стала агульнай справай для многiх. Цяпер у Шагалаўскiм цэнтры мы маем дзесяткi прац удзельнiкаў пленэраў. Нагадаю, што падчас першай выставы ў 1997-м годзе ў Беларусi не было нiводнай працы мастака. Сiтуацыя выправiлася дзякуючы яго нашчадкам, з якiмi вельмi прыемна супрацоўнiчаць». Унучка Шагала па лiнii яго першай жонкi Бэлы Мэрэт Мэйер Грабер актыўна прапагандуе яго творчасць i да таго з’яўляецца аўтарам самай поўнай i найноўшай манаграфii свайго дзядулi. — Мая сястра Бэла i я вельмi ўсхваляваныя, што ўжо трэцi раз маем магчымасць прыняць удзел у арганiзацыi выставы на радзiме дзядулi, — гаворыць Мэрэт. — Дзякуем за гэтую магчымасць кiраўнiцтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi i яго супрацоўнiцу Тамару Карандышаву, з якой на працягу многiх гадоў сябруем i паспяхова супрацоўнiчаем. Пасольства Францыi таксама падтрымлiвае нашы iнiцыятывы. Гэтая выстава нарадзiлася ў рамках iншай, якая была падрыхтавана для музея «Бiблейскае пасланне» ў Нiццы. Яна была больш шырокая, чым тая, якую мы прывезлi сюды. Для Беларусi адабралi 34 працы, 13 з iх — гэта жывапiс алеем. Таму гэта не поўная выстава, калi гаварыць пра пейзажную творчасць майстра, яна носiць хутчэй камерны характар. Тут самыя важныя творы, калi гаварыць пра пейзаж. Пейзажы Вiцебска, Iерусалiма, Грэцыi знаходзяцца побач з французскiмi пейзажамi. Але выставы Шагала праходзяць у розных краiнах, сёлета будзе 5-6 выстаў. На наступны год павiнна адбыцца вялiкая рэтраспектыўная выстава ў Парыжы, якая потым паедзе ў Сан-Францыска, у музей сучаснага мастацтва. Мэрэт Мэйер-Грабер ужо больш за трыццаць гадоў працуе над творчасцю дзядулi. I яна лiчыць, што намнога лепш, калi менавiта прадстаўнiкi сям’i займаюцца культурнай спадчынай свайго продка. Зрэшты, i творчасць Марка Шагала iснавала неад’емна ад сям’i. Так, яго дачка Iда ад першай жонкi Бэлы, з якой мастак пазнаёмiўся менавiта ў Вiцебску, займалася арганiзацыяй яго выстаў. Муж Iды Франц Мэйер пiсаў кнiгi пра Шагала, добра ведаў i глыбока аналiзаваў яго творчасць. Пасля смерцi Iды яе дзецi Бэла, Пiет i Мэрэт з’яўляюцца уладальнiкамi мастацкай спадчыны дзядулi. Таксама нашчадкам мастака быў прызнаны яго сын ад другога шлюбу Дэвiд. Але ўжо другi раз у Беларусь прыязджае разам з мацi маленькая Лiза, праўнучка Шагала. Яна вельмi хацела прыехаць сюды, i Мэрэт узяла дачушку з сабою. Увесь час, пакуль гучалi прадмовы на адкрыццi выставы, васьмiгадовая Лiза цярплiва чакала, час ад часу скiроўваючы свай погляд да дзвярэй, якiя павiнны былi расчынiцца. А потым, калi мацi з ганаровымi гасцямi, сярод якiх быў Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каiцiра Мацууры, рушылi ў залу, паспяшалася хуценька праслiзнуць за iмi. Размовы, размовы — а творы глядзець, здаецца, больш прыемна. Але ўжо цяпер Лiза не толькi глядзiць карцiны, але i сама спрабуе перадаваць свой дзiцячы свет фарбамi. «Цi ёсць у яе талент для гэтага, пакуль гаварыць рана, будучыня пакажа», — сцiпла заўважыла Мэрэт.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Кожны мастак недзе нарадзiўся, i нават, калi пазней ён трапляе пад уплыў новага асяроддзя, пэўная сутнасць, пэўны водар яго роднага краю заўжды будзе |
|