Загадкi Полацкай зямлi
Анатоль ПАЛЬЦАЎ, намеснiк дырэктара Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў Полацкага дзяржунiверсiтэта
Старажытная Полацкая зямля дорыць людзям цiкавыя гiстарычныя знаходкi. Летам 1967 г. у Верхнiм замку Полацка археолагам Георгiем Штыхавым быў знойдзены унiкальны твор дробнай пластыкi ХII стагоддзя рэльефны абразок з выявай святых Канстанцiна i Алены. А ў 1984 г. пры падрыхтоўцы футбольнага поля стадыёна «Спартак», што знаходзiцца на тэрыторыi Нiжняга (Стралецкага) замка i Вала Iвана Грознага знойдзены самы вялiкi на Беларусi залаты скарб агульнай вагой 334 грамы, якi вучоныя адносяць да IХ—Х стагоддзяў.
У 1973 г. савецкая i зарубежная прэса паведамiла, што ў прыгарадзе Полацка каля вёскi Казьянкi знойдзены унiкальны скарб старадаўнiх сярэбраных манет i ахарактарызавала гэтую знаходку як падзею ХХ стагоддзя ў нумiзматыцы. Дырэктар Полацкага краязнаўчага музея Вольга Краско распавяла: — Гэта сапраўды выдатная падзея для вучоных гiсторыкаў. Мяркуйце самi. Скарб налiчвае 7660 сярэбраных манет агульнай вагой амаль 20 кiлаграмаў. Яго «ўзрост» — за 1000 гадоў. Знайшлi скарб выпадкова. 24 красавiка 1973 г. двое вучняў 1-й сярэдняй школы Полацка на ўзараным полi заўважылi некалькi светлых кружочкаў. Раскапаўшы зямлю на невялiкую глыбiню, яны знайшлi шмат сярэбраных манет. Пра знаходку паведамiлi ў наш музей. Стараннае абследаванне месца скарба (за 200 метраў ад левага берага ракi Заходняй Дзвiны) i асцярожныя раскопкi паказалi, што манеты, абкладзеныя бяростай, знаходзiлiся на глыбiнi 40—50 сантыметраў. Месца гэта не мае культурнага слоя, а значыць тут не было паселiшча людзей. Якiм жа чынам скарб старадаўнiх манет 1000-гадовай даўнасцi з’явiўся на беразе ракi? Магчыма, па славутаму гандлёваму шляху «з вараг у грэкi» iшоў караван суднаў i багаты купец паспеў схаваць скарб ад нападаўшых разбойнiкаў. Магчыма, самi рабаўнiкi захавалi скарб да лепшай пары... Шматгадовыя навуковыя даследаваннi гэтага манетнага скарба сведчаць, што ён складаецца з куфiчных дзiрхем Арабскага Халiфата — Вялiкай дзяржавы ранняга сярэдневяковага Усходу i датуецца другой паловай 930-х гадоў. Гэтыя манеты чаканiлiся ў асноўным у гарадах Сярэдняй Азii i Блiзкага Усходу: Самаркандзе, Ташкенце, Бухары, Багдадзе i iншых. Пачынаючы з VIII стагоддзя яны пранiкаюць на тэрыторыю старажытнарускай дзяржавы i пачынаюць адыгрываць выключна важнае значэнне ў развiццi грашовага абарачэння на Русi аж да ХI стагоддзя, калi на змену ўсходняй дзiрхеме прыйшлi заходнееўрапейскiя манеты. Пры вывучэннi такiх старажытных манет вучоныя сустракаюць нямала цяжкасцяў. Не з’явiўся выключэннем i наш Казьянкоўскi скарб. На тонкiх кружочках з чысцейшага серабра дыяметрам 25—30 мiлiметраў i вагой да 3 грамаў вы не ўбачыце якiх-небудзь адлюстраванняў. Тут, паводле патрабавання магаметанскай рэлiгii, зроблены толькi надпiсы. Без ведання арабскай мовы i ўмення чытаць асаблiвае пiсьмо, так званае куфi (адсюль i манеты называюцца куфiчнымi), вельмi цяжка разлiчаць iх шматлiкiя тыпы i расшыфраваць надпiсы, якiя, як правiла, сведчаць аб годзе выпуску i месцы чаканкi, iменi ўладароў, змяшчаюць набожныя выказваннi. У гэтым скарбе сустракаецца многа невядомых гiсторыкам надпiсаў на манетах. Ёсць так званыя «варварскiя» падробкi, адчаканеныя фальшываманетчыкамi, сустракаюцца адрэзныя дзiрхемы — «разаны», дзiрхемы з адтулiнамi, якiя служылi жаночымi ўпрыгажэннямi. Шмат гадоў спатрэбiлася беларускаму вучонаму Валянцiну Рабцэвiчу для вывучэння Казьянкаўскага скарба. Усе 7660 манет сфатаграфаваны, надпiсы на iх прачытаны, i як вынiк гэтай тытанiчнай навукова-даследчай работы стала абарона Валянцiнам Рабцэвiчам доктарскай дысертацыi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старажытная Полацкая зямля дорыць людзям цiкавыя гiстарычныя знаходкi. Летам 1967 г. у Верхнiм замку Полацка археолагам Георгiем Штыхавым быў знойдзен |
|