21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Навошта спыняць гадзiннiк пасля смерцi?..

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Янка КРУК

Мы даўным-даўно прызвычаiлiся да такiх словазлучэнняў, як «народная культура», «традыцыйная культура», «фальклорная спадчына», «духоўная культура». У апошняе дзесяцiгоддзе гэтыя словы нароўнi з такiмi навацыямi як «перабудова», «менталiтэт», «талерантнасць», «самабытнасць» вельмi часта гучалi ў эфiры, мiльгалi на старонках перыядычных выданняў i ў вынiку страцiлi свой глыбiнны змест, сталi проста модным элементам сучаснай масавай гаворкi.

Безумоўна, кожны наш сучаснiк, пачуўшы спеў фальклорнага гурта, адзначыць: народны фальклор (што прынцыпова недакладна: фальклор — гэта i ёсць народная творчасць). Здарылася так, што ў ХХ стагоддзi пад уплывам масавай культуры i татальнага навязвання яе аднадзённых стэрэатыпаў, каштоўнасцяў, эстрадных зорак i топ-мадэляў, прыкладна гэтак жа сталi ўспрымаць i народную культуру.

Але давайце ўзгадаем: у аснове народнай духоўнай спадчыны ляжаць шматвяковыя традыцыi, абрады, звычаi, якiя прайшлi выпрабаванне часам i дажылi да нашых дзён як неад’емная частка этнiчнага менталiтэту, светаўспрымання i светаадчування.

Пераходзячы ад пакалення да пакалення, народныя традыцыi i абрады сталi асновай духоўнага свету нашых продкаў, i на генна-спадчынным узроўнi яны перадалiся нашым сучаснiкам. Аднак у сувязi з тым, што вусны ланцужок iх перадачы быў надарваны ў ХХ стагоддзi, яны пакуль што захоўваюцца ў падсвядомасцi чалавека. Наша задача — абудзiць iх, зрабiць паўнавартасным кампанентам нашай свядомасцi, а яшчэ лепш — сiстэмай духоўных каштоўнасцяў, якiя будуць прадвызначаць гарызонты духоўнага свету асобы i характар штодзённых паводзiнаў.

Я прынцыпова не падзяляю думку тых навукоўцаў-фалькларыстаў, якiя сцвярджаюць, што фальклорная творчасць у кантэксце сучаснасцi павiнна ўспрымацца як эстэтычны феномен, як нейкае музейна-мастацкае аздабленне гарадской рэчаiснасцi.

Магу прыводзiць безлiч прыкладаў, якiя пераконваюць мяне ў тым, што парушэннi абрадаў, недакладнае або павярхоўнае iх выкананне вельмi часта прыводзiць да сур’ёзных праблем у жыццi чалавека. З гэтага становiшча ёсць два выйсцi. Калi хочаш прайсцi праз выкананне абраду — вывучы яго i зразумей кожную дэталь. Не хочаш прыкладаць духоўных намаганняў — не чапай, але потым, значна пазней, не шкадуй.

Народная культура — гэта граматыка i сiнтаксiс нашых паводзiнаў, гэта ўнармаваная таблiца Мендзялеева, у якой кожны элемент займае сваё месца, падпарадкоўваецца законам i прынцыпам узаемадзеяння з iншымi складанымi часткамi.

Пры гэтым у пераважнай большасцi выпадкаў мы можам дакладна i адназначна разумець сiмвалiчны сэнс таго цi iншага атрыбута, культуралагiчны змест кожнага абрадавага дзеяння.

Напрыклад, на працягу ўсяго вяселля побач з маладымi сядзяць шафер i шаферка. З аднаго боку, яны з’яўляюцца энергетычным экранам для маладых, засцерагаюць iх ад магчымага адмоўнага ўздзеяння, а з другога — у знак падзякi за выкананне рытуальных абавязкаў яны атрымлiваюць публiчнае, народам прынятае i зацверджанае права наступным узяць шлюб (не абавязкова толькi памiж сабой).

З гэтага правiла вынiкае зразумелае i заканамернае патрабаванне: быць старшым шаферам i шаферкай на вяселлi дазваляецца толькi адзiн раз у жыццi. На жаль, сучасная моладзь — нi тыя, хто бярэ шлюб, нi тыя, каго яны запрашаюць быць «свидетелями», — не ведае гэтага залатога правiла нашай традыцыйнай культуры. Ад некаторых маладых людзей можна пачуць такое: а я ўжо чатыры разы быў шаферам. Або ў якасцi шаферкi могуць абраць замужнюю (няхай яшчэ i зусiм маладую) жанчыну, ды яшчэ цяжарную.

Нiжэй я прапаную чытачам паразважаць над шэрагам культуралагiчных сiтуацый i прасачыць за логiкай iх вырашэння з улiкам нечаканых кантэкстаў, прадыктаваных сучасным жыццём.

Давайце парашаем некаторыя рытуальна-абрадавыя задачы.

1. У адной вёсцы памерлi два чалавекi. Адзiн з iх памёр 10 лiстапада, другога не стала роўна праз тыдзень — 17 лiстапада.

Калi сем’i памёршых паставяць помнiкi на iх магiлах?

Шукаем ход рашэння з улiкам патрабаванняў i рэгламентацый народнай культуры.

1.1. У адпаведнасцi з iснуючай традыцыяй у выпадку смерцi чалавека рамонтныя работы, новабудоўлi i ўдзел членаў сям’i ў агульнародавых мерапрыемствах (у тым лiку i спраўляць вяселле) забараняюцца на працягу года (адлiчваючы ад моманту смерцi чалавека).

Такiм чынам, за аснову прымаецца агульнае патрабаванне: помнiк неабходна ставiць роўна праз год. Гэта значыць, што ў першым выпадку помнiк на магiле можна ставiць 11 лiстапада (на наступны дзень пасля ўгодкаў.)

1.2. Прытрымлiваючыся гэтай самай логiкi, мы можам параiць сваякам другога памёршага чалавека паставiць помнiк 17-18 лiстапада наступнага года. Аднак уважлiвы чалавек, якi да таго ж ведае традыцыйную культуру, абавязкова падкарэкцiруе нас i заўважыць, што памiж дзвюма датамi смерцi ёсць вельмi важная межавая падзея, якая iстотна паўплывае на паводзiны сям’i другога памёршага. Гэтай прынцыпова важнай мяжой з’яўляюцца Пакровы, якiя адзначаюцца 14 лiстапада i пасля якiх катэгарычна забараняюцца ўсялякiя работы на зямлi. (Вопытныя садаводы пацвердзяць: пасадзi яблыню цi грушу пасля Пакроваў, калi зямля засынае на доўгi зiмовы час i чапаць яе нельга будзе аж да Благавешчання (7 красавiка) або, што больш пашырана на тэрыторыi Беларусi, — да Радаўнiцы, i гэтыя дрэвы тры гады будуць пакутаваць, пакуль прыжывуцца.)

З гэтага вынiкае, што суродзiчы другога памёршага чалавека будуць мець права ўзвесцi на магiле помнiк не 18 лiстапада, праз год, а толькi непасрэдна перад самай Радаўнiцай або ў самы блiзкi час пасля яе, г.зн. толькi праз паўтара года.

2. Адразу пасля смерцi чалавека нехта з членаў сям’i спыняе ход насценнага гадзiннiка. Навошта гэта робiцца i што гэта азначае?

Я шмат разоў задаваў гэта пытанне на сустрэчах са студэнтамi i дарослымi слухачамi ва ўстановах сiстэмы павышэння квалiфiкацыi i амаль заўсёды чуў у адказ практычна адны i тыя ж словы: «Чалавек памёр, спынiлася яго жыццё, спынiлася хада па сцежках нашай матухны-зямлi. Вось таму ў знак заканчэння жыццёвага шляху людзi спыняюць адвечны ход Часу».

Прыгожая, змястоўная, лагiчна абгрунтаваная версiя. Але, пачуўшы яе, заўсёды хочацца зрабiць некалькi ўдакладненняў. Па-першае, насценны гадзiннiк мае агульнасямейнае дачыненне, ён раўнапраўна служыць усiм дамачадцам адначасова. Таму смерць аднаго з членаў сям’i не спыняе жыццёвай i працоўнай плынi для ўсiх астатнiх. Па-другое, просiцца пытанне-ўдакладненне: а на якi час будзе спынены гадзiннiк? Якая падзея або абрадавая мяжа паслужыць штуршком або знакам дазволу зноў «ажывiць» час, абудзiць жыццёвую плынь асiрацелай хаты?

Каб знайсцi адказы на гэтыя пытаннi, паспрабуем ацанiць сiтуацыю iначай.

З году ў год, з веку ў век чалавек, яго сям’я i наш род iшлi i iдуць па замкнёнаму цыклу часавага вымярэння, назва якому — сонечны год. Народны каляндар надзвычай багата напоўнены адвечнымi i сучаснымi святынямi, традыцыйнымi абрадамi i рытуаламi, сярод якiх Каляды, Масленiца, Вялiкдзень, Сёмуха, Купалле, Жнiво, Спас, Багач, Восеньскiя Дзяды. А мiж iмi безлiч больш дробных святаў i прысвяткаў. Кожны чалавек у той цi iншай ступенi прытрымлiваўся гэтай дзядамi i прадзедамi заведзенай сiстэмы ўпарадкавання часу i вызначэння па ёй галоўных сельскагаспадарчых работ.

Для беларускай народнай традыцыi бадай што самай характэрнай рысай i святкаванняў, i гаспадарання з’яўляецца талочны, гуртавы характар iх правядзення. Гной вывозяць гуртам, дажынкi ладзяць — талакой, вяселле спраўляць або памiнкi — збярэцца ўся радня.

А з другога боку, ключавым момантам большасцi каляндарных святаў таксама быў калектыўны пачатак. На Каляды гурт калядоўшчыкаў абыходзiў лiтаральна ўсе вясковыя двары, тое ж рабiлi валачобнiкi на Вялiкдзень. У Купальскiм свяце прымалi ўдзел усе жыхары вёскi. А на Багача ўся вясковая абшчына прымала эстафету — ад двара да двара неслi i перадавалi лубку з зернем жыта i запаленай свечкай.

I раптам звыклы, усiм зразумелы, на вякi заведзены рытм жыцця парушала вялiкае гора: нехта ў вёсцы памiраў. Смерць чалавека вельмi адчувальна карэкцiравала жыццё i паводзiны не толькi суродзiчаў, але i ўсiх аднавяскоўцаў.

У выпадку смерцi чалавека людзi раiлi: калi ў гэты час нехта ладзiў вяселле, то яго трэба было спыняць. А да таго часу, пакуль у вёсцы знаходзiцца нябожчык, нельга было нiчога садзiць i сеяць. Людзi кiдалi ўсё i абавязкова кiравалiся на развiтанне з памёршым.

Зразумела, што калi нават чужыя людзi спынялi ўсякую працоўную дзейнасць, то з гэтага моманту жыццёвы лад сям’i пачынаў падпарадкоўвацца шматлiкiм абмежаванням i прадпiсанням, сфармуляваным у даволi катэгарычнай форме.

Адсюль вынiкае, што спынены ход гадзiннiка сведчыў толькi пра адно: адразу ж пасля смерцi чалавека сям’я памёршага выключалася з агульнапрынятага жыццёва-побытавага колазвароту i пераходзiла на зусiм iншае вымярэнне часу, у сiстэме якога не было гадзiн, дзён, сутак, тыдняў, месяцаў, пораў года, а пачынаў дзейнiчаць зусiм iншы рытм жыцця, у аснове якога ляжалi добра вядомыя лiчбы: 0 — 3 — 9 — 40 дзён — 1 год. Перад вамi не што iншае, як сiстэма пахавання i памiнанняў на працягу ўсё таго ж года.

Дарэчы, давайце ўзгадаем нашы чарадзейныя казкi, у якiх герой адпраўляецца на пошукi сваёй нявесты. Ён знайшоў дзяўчыну i па дарозе дадому пераадольвае тры царствы: меднае, срэбнае i залатое. На мяжы кожнага з iх перад героем паўстае шматгаловы Змей Гарынавiч. У першым выпадку ў Змея 3 галавы, затым — 9, i нарэшце 12 галоў. I толькi пасля таго, як герой пераможа дванаццацiгаловага Змея (г.зн. прайшоў роўна год), маладыя назаўтра спраўлялi гучнае вяселле.

Спынены ход гадзiннiка засведчыў, што роўна на працягу года з моманту смерцi чалавека сям’я будзе пазбаўлена магчымасцi прымаць удзел ва ўсiх агульнавясковых святах.

Пройдзе роўна год, сям’я справiць апошнi памiнальны стол, i, як толькi ён будзе завершаны, нехта са старэйшых тут жа «ажывiць» гадзiннiк, якi сваёй хадой абвесцiць аб тым, што ўся радзiна будзе на роўных правах уключана ў сiстэму каляндарных i сямейных святкаванняў.

(Заканчэнне будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы даўным-даўно прызвычаiлiся да такiх словазлучэнняў, як «народная культура», «традыцыйная культура», «фальклорная спадчына», «духоўная культура»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика