Не ўсе кусты варта садзiць увеснуСАД ВАШАЙ МАРЫ Раздзел вядзе намеснiк дырэктара БелНДI пладаводства, кандыдат сельскагаспадарчых навук Надзея КАПIЧНIКАВАПарэчкi, напрыклад, можна садзiць вясной i ўвосень, але лепшы тэрмiн пасадкi — усё ж асеннi. За асенне-зiмовы перыяд глеба ў пасадачнай ямцы добра асядае i ўшчыльняецца вакол кустоў. Раслiны вясной рана пачынаюць вегетацыю i добра прыжываюцца. Веснавую ж пасадку трэба пачынаць рана, як толькi дазволiць глеба. Агрэст таксама лепш садзiць увосень, да надыходу замаразкаў, але можна i ранняй вясной, пакуль не пачалi распускацца пупышкi. Перад пасадкай найбольш слабыя галiнкi варта абрэзаць, калi iх многа, а астатнiя (лепш вясной) падрэзаць на пянькi, пакiдаючы 3-4 нiжнiя пупышкi. Каранi трэба падразаць толькi тады, калi iх даўжыня больш як 20 см i яны перашкаджаюць пасадцы. У сувязi з тым, што агрэст мае здольнасць развiваць дадатковыя каранi, на супясчаных глебах яго садзяць на 5-6 см глыбей, чым ён рос раней. На глiнiстых i цяжкiх суглiнiстых глебах пры заглыбленай пасадцы частка каранёвай сiстэмы адмiрае, а ў верхнiм слоi глебы ўтвараюцца новыя каранi. Пакуль гэтыя маладыя каранi не разаўюцца ў дастатковай меры, надземная частка затрымлiваецца ў росце. Таму на цяжкiх глiнiстых i суглiнiстых глебах маладыя саджанцы трэба садзiць з нахiлам. Каб атрымаць большыя ўраджаi ў першыя гады пасля пасадкi, варта садзiць не па аднаму кусцiку ў ямку, а па два, размяшчаючы iх на адной лiнii з адлегласцю 20 см адзiн ад аднаго. Пасля палiву глебу трэба замульчыраваць гноем, торфам цi iншым матэрыялам. Малiну можна садзiць як вясной, так i ўвосень. Лепшым тэрмiнам з’яўляецца асеннi — другая палова верасня. Садзiць малiну трэба ў ямкi памерам 30 х 30 см цi ў канаўкi. Малiна вельмi добра рэагуе на ўнясенне ў час пасадкi арганiчных матэрыялаў — лiсця, галiнак, кампостаў, торфу i г.д. Пажадана, каб слой арганiкi складаў палову глыбiнi ямы цi канаўкi. Пасаджаныя раслiны адразу трэба палiць з разлiку адно вядро на 3-4 раслiны. Пасля палiву саджанцы папраўляюць, глебу мульчыруюць перапрэлым гноем, кампостам цi торфам слоем 5—10 см. Сунiцы садовыя высаджваюць у жнiўнi-вераснi. Чым раней пасаджаны разеткi, тым лепш яны ўкараняюцца i больш накопяць пажыўных рэчываў для плоданашэння ў наступным годзе. Як пры асенняй, так i пры веснавой пасадцы iстотны ўраджай можна атрымаць толькi праз год. Асеннюю пасадку неабходна закончыць да сярэдзiны верасня, каб раслiны маглi ўкаранiцца да надыходу халадоў. Веснавую праводзяць у канцы красавiка—пачатку мая, калi добра развiтая надземная частка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Парэчкi, напрыклад, можна садзiць вясной i ўвосень, але лепшы тэрмiн пасадкi — усё ж асеннi. За асенне-зiмовы перыяд глеба ў пасадачнай ямцы добра ася |
|