Якi лёс чакае беларускае фермерства?
На працягу апошнiх гадоў у Беларусi памяншаецца колькасць фермерскiх гаспадарак. Чаму так адбываецца? З якiмi цяжкасцямi сутыкаюцца фермеры? Якая будучыня чакае фермерскiя гаспадаркi ў нашай краiне? На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказваюць старшыня праўлення асацыяцыi «Беларускi саюз фермераў» Канстанцiн ЯРМОЛЕНКА i намеснiк начальнiка ўпраўлення ўдасканалення эканамiчнага механiзма гаспадарання Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Беларусi Уладзiмiр КРАСОЎСКI.
Канстанцiн ЯРМОЛЕНКА: — Сапраўды, колькасць фермераў скарачаецца. За час, якi прайшоў пасля прыняцця Закона «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (1991 год), у рэспублiцы было зарэгiстравана каля 5 тыс.фермерскiх гаспадарак. Праўда, каля паловы з iх спынiлi сваё iснаванне. I зараз у нас менш як 2,5 тыс. фермерскiх гаспадарак. Чаму фермерскiя гаспадаркi знiкаюць? Мы знаходзiмся ў рынку. I фермер не можа сабе дазволiць тое, што дазваляюць сабе калгасы i саўгасы — з году ў год жыць у стратах. Фермер адзiн год панёс страты, другi, а на трэцi ён вымушаны спынiць iснаванне сваёй гаспадаркi. Часта фермеры церпяць няўдачу з-за таго, што не хапае ведаў, вопыту. Нехта не змог атрымаць неабходнай дзяржаўнай падтрымкi, не змог скарыстацца крэдытамi. Нехта атрымаў такую зямлю, якая патэнцыяльна не можа забяспечыць належную аддачу. — Цi не стае беларускiм фермерам права прыватнай уласнасцi на зямлю сельскагаспадарчага прызначэння ў нашай краiне? — Можна разглядаць прыватную ўласнасць на зямлю як своеасаблiвую гарантыю для людзей, што працуюць на ёй. Гарантыю, што яны будуць працаваць на ёй у далёкай будучынi, што яна пяройдзе iх нашчадкам... Але мы зараз не знаходзiмся на такiм этапе, калi дзяржава адной рукой дае зямлю, а другой адбiрае. Зямля знаходзiцца зараз у фермераў у пажыццёвым спадчынным валоданнi. I гэта форма, на мой погляд, сёння задавальняе i большасць фермераў, i дзяржаву. Хаця, канешне, я лiчу, што права прыватнай уласнасцi на зямлю неабходна ўводзiць у Беларусi. I гэта будзе больш палiтычны крок. Такiм чынам дзяржава можа прадэманстраваць сур’ёзнасць намераў у аграрных рэформах. Праўда, пры ўвядзеннi права прыватнай уласнасцi на зямлю можа ўзнiкнуць шэраг праблем. Так, мы сутыкнёмся з пытаннем, як вызначыць рэальны кошт зямлi ў Беларусi. Колькi каштуе зямля ў нашай краiне? Я ведаю, што ў Латвii пры ўвядзеннi прыватнай уласнасцi на зямлю вызначана, што гектар зямлi каштуе каля 500 долараў. У Польшчы гектар зямлi часта каштуе больш за 1000 долараў. Недзе ў Германii кошт зямлi нашмат большы. А колькi зямля каштуе ў Беларусi? Думаю, рэальны кошт зямлi будзе вядомы толькi тады, калi з’явiцца рэальны пакупнiк на зямлю, узнiкне рэальны попыт, прапанаванне. Зараз жа гэтага ў нас няма... — Як вы ацэньваеце той шлях, якi прайшлi пасля распаду СССР у галiне фермерства краiны-суседзi? — Прыкладна дзесяць гадоў таму я сустракаўся з кiраўнiком Лiтоўскага саюза фермераў. Тады я задаў яму пытанне, цi ведае ён, што пiшуць беларускiя газеты пра Лiтву. А тады яны пiсалi, што ў Лiтве ў вынiку радыкальных рэформаў у сельскай гаспадарцы склалася надзвычай складаная сiтуацыя, якая пагражае амаль што голадам. Бо калгасная ўласнасць там знiшчаецца на вачах, а фермеры толькi з’явiлiся, i яны яшчэ не здольныя пракармiць краiну. У адказ жа кiраўнiк лiтоўскiх фермераў узгадаў рускую прымаўку: «Смеется тот, кто смеется последним»... I зараз, праз дзесяцiгоддзе, гледзячы на Лiтву, можна з упэўненасцю гаварыць, што рэформы ў сельскай гаспадарцы праводзiць неабходна. I прыватызацыя ў сельскай гаспадарцы непазбежная. I мы не выйгралi ад таго, што адклалi рэформы ў сельскай гаспадарцы на дзесяць гадоў. Калi б мы пачалi iх дзесяць гадоў таму, як лiтоўцы, то гэтыя рэформы аказалiся б больш паспяховымi, чым рэформы, якiя мы пачнём зараз. Чаму мы аказваемся ў пройгрышы? Бо ў нас ужо няма таго чалавечага патэнцыялу, якi быў раней. У дзяржавы няма фiнансавага патэнцыялу, у дзеючых гаспадарак няма матэрыяльна-тэхнiчнага патэнцыялу, якi быў раней... Наогул, сiтуацыя, калi нiчога не робiцца (як у беларускай сельскай гаспадарцы за апошнiя 10 гадоў) больш небяспечная, чым нейкiя рухi, хай сабе i не заўсёды ўдалыя. У Расii, ва Украiне пачаў з’яўляцца ўласнiк на зямлi. На зямлi пачаў з’яўляцца гаспадар. Там ужо з’явiлiся ўнутраныя iнвестары. З’явiлiся людзi, якiя думаюць не толькi аб тым, каб пабудаваць нейкую кватэру ў цэнтры горада, набыць шыкоўную абстаноўку, але яны думаюць аб укладаннi сродкаў у свой бiзнэс, у фермерства. Там узнiкла праслойка людзей, якiх можна назваць сур’ёзнымi прадпрымальнiкамi. Гэтыя людзi ў большай ступенi заклапочаныя сваiм бiзнэсам, чым беларусы. Хачу прывесцi яскравы прыклад. Зараз у Беларусi можна сустрэць украiнцаў, малдаван, якiя набываюць сеялкi, культыватары, прычэпы, трактары... Раней шмат было латышоў i лiтоўцаў, якiя таксама набывалi ў беларускiх сялян розную тэхнiку. Гэтыя людзi адпраўляюцца за мяжу, каб танней купiць тэхнiку для арганiзацыi свайго бiзнэсу. Гэта i ёсць паказчык таго, што ў нашых суседзяў з’явiлiся сур’ёзныя прадпрымальнiкi, гатовыя ўкладваць сродкi ў развiццё свайго бiзнэсу, у развiццё сваёй фермерскай гаспадаркi. — Што, на ваш погляд, павiнна зрабiць дзяржава, каб палепшыць сiтуацыю з фермерствам у краiне? — Я лiчу, што нам неабходна перш за ўсё вызначыцца з тым, чаго мы хочам дасягнуць, да якога вынiку мы хочам прыйсцi дзякуючы рэфармаванню аграпрамысловага комплексу. Зараз, напрыклад, ёсць каля 2,5 тыс. фермераў. Колькi iх павiнна стаць у будучым? Што сабой павiнны ўяўляць фермерскiя гаспадаркi?.. Пакуль адказаў на гэтыя пытаннi няма. Што датычыцца маёй пазiцыi, то я лiчу, што самы iдэальны варыянт — гэта калi мы будзем мець як мага большую колькасць гаспадарчых суб’ектаў рознай формы ўласнасцi, якiя будуць валодаць участкамi зямлi ў некалькi сотняў гектараў. Уладзiмiр КРАСОЎСКI: — Якiм быў леташнi год для фермерскiх гаспадарак Беларусi? — Летась у рэспублiцы было створана 219 фермерскiх гаспадарак. У той жа час 207 спынiлi сваю дзейнасць. Больш за ўсё новых гаспадарак з’явiлася ў Брэсцкай вобласцi. Больш за ўсё знiкла — у Мiнскай. Гаспадаркамi было сабрана 79 тыс. тон зерня пры ўраджайнасцi 19,6 цэнтнера з гектара. Таксама было сабрана больш як 54 тыс. тон бульбы, 28,7 тыс. тон агароднiны. Самыя высокiя ўраджаi атрымалi летась гаспадаркi Гродзенскай i Мiнскай абласцей. Самая нiзкая ўраджайнасць зерневых i зернебабовых культур была ў фермераў Гомельскай вобласцi, бульбы i садавiны — у фермераў Магiлёўшчыны. — Сёння ў некаторых рэгiёнах Беларусi ёсць прыклады, калi калгасы перайшлi «пад крыло» фермерскiх гаспадарак. Наколькi эфектыўнай аказалася такая сiстэма? — Зараз у Беларусi налiчваецца каля 20 фермерскiх гаспадарак, вытворчая база якiх цалкам уключае ў сябе маёмасць i зямлю, якая раней належала (альбо знаходзiлася ў карыстаннi) буйных дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. Найбольшая колькасць такiх фермерскiх гаспадарак у Вiцебскай вобласцi. Там iх амаль палова ад агульнай колькасцi. Напрыклад, калгас «ХХI партз’езд» (Вiцебскi раён) чатыры гады таму быў арандаваны фермерам. Якi вынiк атрымаўся? Сёння ў гэтай гаспадарцы амаль iдэальны парадак. Там каля дзвюх соцень кароў. Там добрыя ўраджаi. Гаспадарка, напрыклад, пастаўляе ў год каля 900 тон малака, каля 80 тон мяса... Можна прывесцi iншыя станоўчыя прыклады. Але трэба адзначыць, што члены калгасаў не заўсёды выступаюць за тое, каб далучыцца да фермерскай гаспадаркi. Ёсць выпадкi, калi ў калгасах праводзiлiся 3-4 сходы, на якiх абмяркоўвалася гэтае пытанне, аднак на кожным сходзе людзi галасавалi супраць пераходу «пад крыло» фермера. Чаму так адбываецца? На гэта ёсць некалькi прычын. Так, многiя спецыялiсты пры фермеры могуць пазбавiцца працы, якую мелi ў калгасе. Iм прыйдзецца пераквалiфiкавацца. Бо навошта фермеру, напрыклад, 5 чалавек у бухгалтэрыi (як гэта бывае ў многiх калгасах)? Фермеру часта дастаткова 1-2 чалавекi там... Таксама людзi выступаюць супраць далучэння да фермерскiх гаспадарак па прычыне таго, што ў калгасе яны стабiльна атрымлiваюць заробак незалежна ад якасцi сваёй працы. Яны могуць працаваць неналежным чынам, але яны ведаюць, што сваю зарплату (хоць часта i з затрымкай) атрымаюць. У такой сiтуацыi людзi не зацiкаўленыя ў нейкiх зменах... Таксама хачу адзначыць, што сёння, згодна з беларускiм заканадаўствам, членам калгасаў i iншых сельскагаспадарчых кааператываў, работнiкам прадпрыемстваў (акрамя вопытных гаспадарак i эксперыментальных баз), якiя жадаюць выйсцi з iх складу i весцi сваю асабiстую гаспадарку, могуць быць прадастаўлены зямельныя ўчасткi. Гэтыя ўчасткi выдзяляюцца са складу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе яны працавалi. Пры гэтым кадастравая ацэнка зямельнага ўчастка, як правiла, павiнна быць на ўзроўнi сярэдняй якаснай ацэнкi ў цэлым па ўсёй гаспадарцы. Бяры сваю зямлю — i працуй. Але такiх людзей, якiя гатовы пачаць сваю справу на зямлi, выйшаўшы з калгаса, сёння адзiнкi. Бо вельмi цяжка зараз пачынаць самастойна працаваць на зямлi. — Даводзiлася чуць скаргi, што фермерам нярэдка выдзяляюцца ўчасткi зямлi нiзкай якасцi... — Часта фермеры атрымлiваюць участкi, горшыя па якасцi за тыя, што застаюцца ў калгаса. Вось нядаўна ў наша ўпраўленне звяртаўся чалавек, якi жыве ў Гродзенскай вобласцi. Ён хоча ўзяць для вядзення гаспадаркi каля 15 гектараў зямлi. I ўзяць ён хоча зямлю, якая належыць калгасу i мае высокую ўраджайнасць. Цi зможа атрымаць гэты чалавек, якi пачне весцi ўласную гаспадарку, такую ж ураджайнасць? Наўрад цi. Бо для гэтага неабходна ўкласцi шмат сродкаў. Таму i зямля ў гэтым месцы яму наўрад цi будзе выдзеленая. — Напрыканцы мiнулага года быў прыняты Закон «Аб асабiстых падсобных гаспадарках грамадзян». Чаму з’явiлася неабходнасць у такiм дакуменце, якiя меры па падтрымцы «прыватнiкаў» там прадугледжаныя? — Адным з напрамкаў развiцця аграпрамысловага сектара маглi б стаць падсобныя гаспадаркi грамадзян. Можна зрабiць асноўны ўхiл у iх развiццi на вытворчасць мяса, малака. Бо фактычна тыя, хто вядзе падсобную гаспадарку — гэта тыя ж фермеры, толькi памеры iх гаспадарак меншыя. У законе пазначаны шэраг мераў па падтрымцы «прыватнiкаў». Так, людзям неабходна дапамагчы ў збыце прадукцыi. Тут вялiкая роля належыць спажыўкааперацыi. Таксама павiнна аказвацца дапамога «прыватнiкам» у набыццi маладняку, высакаякаснага насення. Акрамя таго, людзям павiнна аказвацца дапамога ў апрацоўцы ўчасткаў, iм павiнна быць даступная тэхнiка. — Наколькi, на ваш погляд, беларускаму фермерству не хапае iпатэчнай сiстэмы? — Я лiчу, што такая сiстэма патрэбная... I, я думаю, рана цi позна мы да iпатэчнай сiстэмы ў краiне прыйдзем. Зараз жа фермеру часта вельмi складана атрымаць крэдыт. Бо ў фермераў мала маёмасцi, якую яны могуць выкарыстаць у якасцi залогу. Калi б у Беларусi было права прыватнай уласнасцi на зямлю сельскагаспадарчага прызначэння i з’явiлiся iпатэчныя банкi, то атрымаць крэдыт можна было б значна прасцей. Гутарыў Сяргей КУЗНЯЦОЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працягу апошнiх гадоў у Беларусi памяншаецца колькасць фермерскiх гаспадарак. Чаму так адбываецца? З якiмi цяжкасцямi сутыкаюцца фермеры? Якая буд |
|