21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алена Турава: «На дзецях генiяў прырода адпачывае? Якое глупства!»

25.08.2009 21:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калi верыць тэорыi, выкладзенай у рамане «Азазель» Барыса Акунiна, неталенавiтых людзей на свеце не iснуе. Кожны нараджаецца з пэўнымi здольнасцямi — толькi неабходна iх своечасова выявiць i развiць. Тады не давядзецца губляць дарэмна час, спрабуючы навучыць чалавека, схiльнага ад прыроды да кравецкай справы, асновам нотнай граматы. Або «ўбiваючы» ў галаву будучаму Пiкасо матэматычныя формулы...

Лене Туравай, народжанай у сям’i актрысы i славутага кiнарэжысёра, мяркуючы па ўсiм, наканавана было паступаць у тэатральны iнстытут — што, уласна кажучы, рабiлi да яе дзесяткi i сотнi дзяцей «кiнематаграфiчных» бацькоў. Але «шлюб» з Усесаюзным дзяржаўным iнстытутам кiнематаграфii развалiўся, нават не пачаўшыся як след. I Турава-малодшая падала дакументы на фiлалагiчны факультэт БДУ. Таму што даўно i настойлiва пiсала вершы.

Чарговы зiгзаг лёсу — i пасля унiверсiтэта Лена апынулася на «Беларусьфiльме», уладкаваўшыся асiстэнтам рэжысёра на студыю анiмацыi. Часова забыўшыся на вышэйшую фiлалагiчную адукацыю, пачала асвойваць «азы» мультыплiкацыi ў якасцi дзяўчынкi «падай-прынясi». I аднойчы, ледзь цi не выпадкова, сама напiсала некалькi сцэнарыяў. Пасля гэтага кiраўнiцтва кiнастудыi прапанавала Алене зрабiць свой уласны мультфiльм. Так з’явiўся «Iлюзiён» — дзесяцiхвiлiнная фiласофская прытча аб пошуках сябе i сваёй мэты ў жыццi.

А яшчэ праз нейкi час пабачыў свет альбом спявачкi Лiкi Ялiнскай «Папяровы месяц» («Бумажная луна»), дзе ўсе песнi, ад першай да апошняй, былi напiсаны на словы Туравай.

— Падкажыце, Лена, з кiм я зараз размаўляю — са сцэнарыстам, рэжысёрам цi з паэтэсай?

— Я сябе адчуваю i, спадзяюся, доўга яшчэ буду адчуваць перш за ўсё жанчынай. Жыву i не задумваюся — рэжысёр я цi выпякальнiк пiражкоў. Як той рымскi iмператар, якi пакiнуў трон, каб спакойна займацца вырошчваннем агароднiны. Я — гэта проста я, чалавек з iмем, не з вялiкiм, а са звычайным — Лена Турава. З кiмсьцi сябрую, чымсьцi займаюся, ранiцай лянуюся... I калi выконваю нейкiя функцыi — рэжысёра цi паэта — дык толькi таму, што павiнна гэта рабiць у дадзены момант.

— Вы яшчэ i малюеце!..

— Гэта ў мяне з дзяцiнства пачалося. Мама, якая захаплялася маляваннем, распiсвала вiтражамi дзверы ў пакоях нашай кватэры. Тады з дызайнам была «напруга», i яна iмкнулася па-свойму ўдасканалiць «сацыялiстычны» быт. Акрамя таго, мама малявала копii вядомых карцiн Рэрыха, Гагена, Бацiчэлi... А я пры гэтым заўсёды прысутнiчала, таму мела ўяўленне, як трэба змешваць алейныя фарбы, каб атрымаць неабходны колер. Часам мне нават давяралi «патыкаць» пэнзлем у асобныя часткi вiтража або вымаляваць нейкi сектар «Нараджэння Венеры»...

— Калi б давялося расфарбоўваць уласнае дзяцiнства, якому колеру аддалi б перавагу?

— Напэўна, ружоваму. Хоць нельга сказаць, што мяне надта песцiлi i «вырошчвалi» ў спецыяльных умовах.

— Вам было гады тры, калi бацькi разышлiся. Прозвiшча славутага рэжысёра дапамагала смела iсцi па жыццi i стукаць у зачыненыя дзверы?

— Прозвiшча бацькi калi i адыграла нейкую ролю ў маiм лёсе, то хутчэй за ўсё адмоўную. Вельмi цяжка быць дачкой вядомага чалавека. Увесь час знаходзiшся нiбы пад прыцэлам. Калi не дабiваешся асаблiвага поспеху — значыць, «на дзецях генiяў прырода адпачывае». Калi дабiваешся — ага, тата дапамог. Даказаць, што ты сам нешта з сябе ўяўляеш, было ў сто разоў складаней, чым, скажам, якой-небудзь Лене Пупкiнай.

Пасля фiлфака мне прапаноўвалi аспiрантуру. Але ж я — iстота свабодная i жыццелюбiвая. Будучыню, прысвечаную вывучэнню метадалогii выкладання рускай мовы i лiтаратуры, уяўляла сабе з цяжкасцю. Таму i пайшла на кiнастудыю «Беларусьфiльм», на адну з самых сцiплых i нiзкааплатных пасад — асiстэнта рэжысёра, куды бралi дзяўчат нават пасля школы. Бацьку гэта не спадабалася: «Куды ты лезеш? Навошта? Прызванне жанчыны — расцiць дзяцей». А я на студыi лiтаральна рыла носам зямлю, спрабуючы разабрацца ў элементарных для «кiношнiка» рэчах. Кожная дробязь выклiкала панiку, а пытацца я саромелася. Вельмi хацелася да ўсяго дайсцi самой.

— Быў час, калi беларускай студыi анiмацыйных фiльмаў пагражала цiхая i бясслаўная смерць...

— Гэта здарылася тады, калi са студыi ў пошуках «эльдарада» сышоў мастацкi кiраўнiк Алег Белавусаў, а з iм — большая частка супрацоўнiкаў. А я засталася — не з-за нейкага патрыятычнага парыву, а таму, што была «павязаная» чаргой на кватэру. Дзякуй Богу, Iгар Волчак знайшоў у сабе сiлы ўзначалiць усё, што засталося. Да яго я i прыйшла са сваiм першым сцэнарыем поўнаметражнага мультфiльма. Ён прачытаў i... загадаў тэрмiнова брацца за працу. У вынiку атрымаўся «Iлюзiён», а я з «выконваючага абавязкi» паступова ператварылася спачатку ў рэжысёра другой катэгорыi, а потым — першай...

— Хiба нельга было набраць нумар тэлефона Вiктара Турава i папрасiць дапамогi ў вырашэннi праблемы кар’ернага росту?

— Нiколi ў жыццi я не карысталася яго дапамогай. Толькi аднойчы патэлефанавала i спытала, цi можа ён «зрабiць» месца ў талiнскай гасцiнiцы — мы з сяброўкай хацелi з’ездзiць на экскурсiю. Але на гэтым — усё. Калi б бацька мне дапамагаў, хiба я столькi гадоў маталася б без кватэры па чужых кутках? Цi сядзела б у асiстэнтах? Я не хацела звяртацца па дапамогу. Памятаеце, як у Булгакава: «Нiколi нiчога не прасi, асаблiва ў тых, хто мацнейшы за цябе...». I яшчэ... Недзе ў глыбiнi душы я разумела, што сваёй прысутнасцю на кiнастудыi стаўлю яго пад удар. У iх, у мэтраў, была там свая iерархiя, свае ўзаемаадносiны, свае фракцыi. А дачка, якая працуе побач, — гэта заўсёды аголенае для ўдару месца. Таму «праз цернi да зорак» прабiралася i караскалася сама, а бацька стараўся рабiць выгляд, што нiчога не заўважае. Канешне, ён назiраў — але не падаваў выгляду. Увогуле, склалася так, што словам «бацька» я называю двух чалавек. Таго, хто даў мне бiялагiчнае жыццё, i таго, хто мяне вырасцiў, быў побач, калi я хварэла, вазiў па санаторыях, перажываў за кожны мой крок у творчасцi... Дарэчы, першы верш, напiсаны мною ў «свядомым» ужо, пятнаццацiгадовым узросце, павёз у Маскву, у часопiс «Юность» таксама мой другi тата — Мiраслаў Фёдаравiч Шынкевiч.

— Наколькi мне вядома, Андрэй Дзяменцьеў, галоўны рэдактар часопiса, ваш верш пахвалiў. I, яшчэ не ведаючы iмя аўтара, выказаў меркаванне, што гэта... Экзюперы.

— У рэшце рэшт, ён усё ж паверыў тату, але верш усё роўна не надрукавалi. Шчыра кажучы, бацькi таксама спачатку ўсумнiлiся, што гэта мой твор. I толькi ў вынiку праведзенага эксперыменту — мяне закрылi ў гасцiнiчным нумары i загадалi напiсаць верш на зададзеную тэму — паверылi, што iх нашчадак сапраўды здольны да «рыфмапляцення». Але я не пакрыўдзiлася — гэта быў не першы выпадак, калi генiя не прызнавалi ў сваiм асяроддзi. (Смяецца.).

— У прынцыпе, вершы пiшуць многiя. Але далёка не ўсе яны ператвараюцца ў песнi. Вашай творчасцю «карыстаюцца» Ялiнская, Афанасьева, Саладуха i iншыя выканаўцы. Хто каго шукае — яны вас цi вы iх?

— Я нiколi не iмкнулася пiсаць для нашай эстрады спецыяльна. Калi мы з мужам жылi ў камуналцы, да суседкi ў госцi аднойчы прыйшоў «сардэчны сябар», якi па сумяшчальнiцтву аказаўся даволi багатым чалавекам. Мала таго — ён жадаў укласцi грошы ў творчасць! Вось так, на камунальнай кухнi, мы i вырашылi зрабiць першы вiдэаклiп. Па творчую дапамогу звярнулiся да кампазiтара Алега Елiсеенкава, у якасцi выканаўцы выбралi Валерыя Дайнеку... Але тут здарыўся «абвал» рубля, кошт вiдэаклiпа падскочыў да нябёсаў, i наш дамарослы спонсар Вася адмовiўся ўдзельнiчаць у праекце.

Але ж нездарма кажуць: не было б шчасця — няшчасце дапамагло. У працэсе стварэння першага клiпа я пазнаёмiлася з цудоўным кампазiтарам Сяргеем Герутам, сапраўднай творчай асобай. I пачала працаваць з iм на «пiянерскi iнтарэс», без аплаты: ён прыносiць пяць «рыб» новых песень — я сачыняю пяць вершаў для яго выканаўцаў. I аднойчы наша песня «Пiсьмо» заняла першае месца ў тэлевiзiйным хiт-парадзе. Колькi радасцi было! I гонару! Якiя там грошы?! Званiлi ўсiм родным-знаёмым: маўляў, сачыце за праграмай тэлебачання, там наша песня гучыць!

Потым нас знайшла Iна Афанасьева. Мы зрабiлi для Iны «Гiтару i ружу» i «Збудзецца — не збудзецца». А тут Лiка пайшла ад Раiнчыка i засталася без матэрыялу. Звярнулася па дапамогу да Герута, пасля чаго мы з Сяргеем напiсалi альбом «Папяровы месяц». I ён зноў «стрэлiў».

— Тэлеперадача «Хiт-момант» па вынiках мiнулага года ўзнагародзiла вас званнем «Мiс паэзiя-2002». Вiншую!

— Упершыню ў маiм «эстрадным жыццi» нехта мяне адзначыў i ацанiў. «Мiс» дык «мiс». Хоць, канешне, больш правiльна было б «мiсiс»...

— Многiя лiчаць, што вершы на музыку — гэта не зусiм паэзiя. Цi — зусiм не паэзiя...

— Ну i няхай сабе. А я пiшу, «яно» iдзе ад душы i... карыстаецца попытам. Уявiце сабе, што я ўмею добра шыць джынсы, а мне гавораць: джынсы — гэта несур’ёзнае адзенне, шыць iх непрэстыжна, а прэстыжна шыць смокiнгi... Але гэта не значыць, што джынсы ўвогуле непатрэбная рэч. Чаму ж я павiнна шыць смокiнгi?

— Лена, я разумею, што «за ўсю Адэсу» вы не адказваеце, але... чаму да крыўднага мала «хiтоў» на беларускай эстрадзе? I яшчэ менш — iх аўтараў?

— Так, нас, таленавiтых, мала... (Смяецца.). Не сакрэт, што большая частка «хiтоў» робiцца за кошт раскруткi «пустышак». Калi «пустышку» раскруцiць, то нават «ты целуй меня везде» будзе размятацца з прылаўкаў у iмгненне вока. З гэтым нiчога не зробiш, таму што гэта — камерцыя. У Маскве даўно iснуе такая з’ява, як прадзюсарства. Творчы чалавек у камерцыйных зносiнах безабаронны, як дзiця. Задача прадзюсара — гэта «дзiця» як мага больш выгадна «прадаць». А потым узяць за продаж працэнты.

Але каб прадаць, трэба спачатку ўкласцi сродкi ў рэкламу. Хто ў нас будзе гэта рабiць?..

— Карацей, «вярхi» не хочуць, «нiзы» не могуць...

— А памiж iмi кручуся я, спрабуючы прапанаваць саму сябе. Але я не павiнна займацца самарэкламай — я павiнна даваць якасны прадукт, якi ў сваю чаргу забяспечыць мне права на дастойнае iснаванне. У эфiры зараз круцiцца каля дзевяноста найменняў маiх песень. У любой iншай краiне аўтар, у якога «працуе» дзевяноста песень, i сам бы жыў прыпяваючы. Цi хаця б не задумваўся над тым, як забяспечыць сям’ю.

— Здавалася б, ваша рамяство павiнна кармiць...

— А яно не кормiць!

— Нават калi стаць у позу i прыгразiць: не дам вам болей сваiх вершаў?

— Ды Божа мой! Каго гэтым напалохаеш? Столькi жадаючых трапiць на маё месца, у «абойму»... Да таго ж многiя выканаўцы працуюць з падоранымi тэкстамi, за якiя ўвогуле плацiць не трэба. У рэшце рэшт, ёсць яшчэ сусветная паэзiя... Дык навошта плацiць Туравай больш? А адмоўлюся пiсаць — перастануць звяртацца ўвогуле.

— Значыць, адно спадзяванне — на мужа? Яму з вамi, дарэчы, не цяжка?

— Было б цяжка — даўно збег бы. Не збягае чамусьцi. А калi трэба, i блiнкi на вячэру спячэ, i грыбкоў з бульбачкай насмажыць, i ванну падрыхтуе, i на вакзале сустрэне.

— Ён у вас выпадкова не «фiзiк»?

— А адкуль вы ведаеце?

— Я маю на ўвазе склад характару.

— Але ж Вiталь i сапраўды скончыў фiзфак Гродзенскага унiверсiтэта, нават дырэктарам школы нейкi час працаваў. А потым пацягнула да рэжысуры — i ён без праблем паступiў у Беларускую акадэмiю мастацтваў. Толькi... Праз нейкi час мы зразумелi, што два рэжысёры ў адной сям’i — галодная смерць. Прыйшлося Вiталю зноў вучыцца. На гэты раз на курсах рыэлтараў. Зараз ён — вядучы спецыялiст па нерухомасцi фiрмы «Квадратны метр». Спрабуе кармiць сям’ю.

— А вы, як сапраўдны «лiрык», любiце далёкiя вандроўкi i сяброўскiя тусоўкi?

— Не без гэтага. Але на ноч я нiколi з дому не сыходзiла — люблю спаць у сваiм ложку. Магчыма, некалi i падабалася збiрацца пад адным дахам з сябрамi, «вiдзiкам» i чамаданам касет i сядзець да ранiцы. Але «бяздомны» перыяд майго жыцця скончыўся, дзякуй Богу. У мяне ёсць сям’я — муж i маленькая дачка. I — нарэшце! — свая кватэра. Ды i ўзрост ужо надыходзiць «бюргерскi» — хочацца прысесцi на ўласную канапу i нацiснуць на пульт уласнага тэлевiзара. (Смяецца.).

— Вы ствараеце казкi для сцэны i для экрана. Сапраўды верыце, што дабро перамагае зло?

— А што ёсць дабро i зло? Эфемерныя субстанцыi. Хто можа правесцi памiж iмi мяжу? У «Пазакласным чытаннi» Акунiна герой расказвае дачцэ казку пра злога Кашчэя: пакахаў той Мар’ю-царэўну i ўкраў яе. Дзяўчынка здзiўляецца: якi ж ён злы, калi пакахаў? Так i ў жыццi — усё пераплецена, узаемазвязана, i часам, каб ацанiць «белую паласу», неабходна прайсцi праз чорную.

Хоць, канешне, хацелася б, каб апошнiх было менш. Гэтага я i жадаю ўсiм вашым чытачам.

Гутарыла Наталля КАРПЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi верыць тэорыi, выкладзенай у рамане «Азазель» Барыса Акунiна, неталенавiтых людзей на свеце не iснуе. Кожны нараджаецца з пэўнымi здольнасцямi —
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика