Мiкалай ДАМАШКЕВIЧ, старшыня Мiнскага аблвыканкама:
«Мы проста не маем права знiзiць аб’ём паставак прадукцыi нi на адзiн грам»
Бадай, галоўнае пытанне, якое паўстае перад прадпрыемствамi аграпрамысловага комплексу зараз, — нарыхтоўка кармоў. — Праблема надзвычай важная, — адзначае намеснiк мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Мiкалай Папкоў, — паколькi, па вялiкаму рахунку, гаворка вядзецца пра забеспячэнне харчовай бяспекi нашай дзяржавы. Сёлета намячаецца станоўчая тэндэнцыя — ужо зараз кармоў нарыхтавана прыкладна на трэць больш, чым летась... Адна з паказальных у гэтым плане гаспадарак — рэспублiканскае унiтарнае сельскагаспадарчае навукова-вытворчае прадпрыемства «Беларуская занальная вопытная станцыя па птушкагадоўлi», на базе якога днямi адбылося выязное пасяджэнне Мiнскага аблвыканкама. Плошча палеткаў тут за пяць апошнiх гадоў павялiчылася з 3,4 да 8 тысяч гектараў. Валавы збор збожжа склаў сёлета больш за 10 тыс. тон. Забяспечанасць зернефуражом уласнай вытворчасцi з 1998 па 2003 год узрасла з 2,2 да амаль 80 працэнтаў. Эканомiя сродкаў у вынiку зараз склала 450 тысяч долараў. Сёлетняя рэнтабельнасць — 2,5 працэнта. — Поўнае забеспячэнне сваiх патрэб кармамi ўласнай вытворчасцi эканамiчна выгадна ўласна гаспадарцы. Гэта рынкавы падыход, — кажа дырэктар РУСНВП «Беларуская занальная вопытная станцыя па птушкагадоўлi» Вячаслаў Царук. Паводле слоў галоўнага саветнiка-iнспектара старшынi Мiнскага аблвыканкама Кузьмы Дзягiлева, для патрэб прамысловай жывёлагадоўлi рэгiёна неабходна каля 500 тысяч тон збожжа. Сабекошт збожжа, якое выраблялася ў сiстэме «Белптушкапрама», летась складаў 50—55 долараў за тону. Калi ж закупляць яго, то трэба было вылажыць ужо 120 долараў. Актуальнасць пытання ўзрастае — сёлета на рынку з-за недабору (i даволi значнага) збожжа суседнiмi дзяржавамi (Расiяй, Украiнай, Польшчай i iншымi) кошт на яго павялiчацца. — Усё, што вырашчана, павiнна быць адпаведным чынам уцягнута ў кармавую базу, — лiчыць намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Леанiд Заяц. — Няма такой гаспадаркi, якая б не магла справiцца з пастаўленай задачай. Яна цалкам рэальная. Варта толькi навесцi парадак, працаваць па iнтэнсiўных тэхналогiях — i вынiк будзе. Валавы збор збожжа ў Мiнскай вобласцi сёлета складзе больш чым 1,3 мiльёна тон. З iх 230 тыс. тон пойдзе ў лiк дзяржзаказу, яшчэ 230 — на насенне, 150 — размяркуюць памiж вяскоўцамi, 40 тыс. тон пiваварнага ячменю накiруюць «па прызначэнню». Такiм чынам, дзесьцi 750 тысяч тон збожжа застанецца на тэрыторыi рэгiёна. Варта па-гаспадарску распарадзiцца гэтым, без перабольшання, стратэгiчным рэсурсам. — Iндустрыяльныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (менавiта яны будуць вызначаць, ды ўжо i зараз вызначаюць, развiццё ўсёй галiны, i не толькi яе) рэгiёна сёння робяць сур’ёзныя крокi, якiя скiраваны на поўнае забеспячэнне сваiх патрэб кармамi ўласнай вытворчасцi, — лiчыць старшыня Мiнскага аблвыканкама Мiкалай Дамашкевiч. — Гэтаму ёсць шматлiкiя прыклады. Сёння ўжо каля 42—44 працэнтаў прадпрыемстваў сiстэмы аграпрамысловага комплексу поўнасцю забяспечваюць сябе кармамi ўласнай вытворчасцi. Гэтая колькасць у блiжэйшы час узрасце. Прадпрыемствы павiнны працаваць над знiжэннем сабекошту, вырабляць танныя i разам з тым высокаэфектыўныя кармы. I зарабляць грошы ад рэалiзацыi таварнай прадукцыi. Толькi такiм чынам можна наладзiць рэнтабельную вытворчасць. Для Мiншчыны гэтае пытанне стаiць надзвычай актуальна, паколькi палова насельнiцтва Беларусi ў асноўным знаходзiцца на харчовым забеспячэннi нашага рэгiёна. Напрыклад, тую ж сталiцу сельгаспрадпрыемствы вобласцi мясам i мясапрадуктамi забяспечваюць на 52—56 працэнтаў, малаком i малакапрадуктамi — на 65—72 працэнты. Мы проста не маем права знiзiць аб’ём паставак нi на адзiн грам. Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Мiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Мы проста не маем права знiзiць аб’ём паставак прадукцыi нi на адзiн грам»
|
|