УСПОМНIЦЬ, КАБ ПАЧАЦЬПРЭС-ТУР У ГЛЫБIНКУ: ПАСТАВЫ 165 кiламетраў да Мiнска i амаль столькi ж — да Вiльнюса. Каб адчуць усю спецыфiку гэтага краю, дастаткова ўжо першых назiранняў. Старажытная забудова цэнтральнай плошчы, суседства праваслаўнай царквы i каталiцкага касцёла, легкавiкi з лiтоўскiмi, латвiйскiмi i польскiмi нумарамi. «Паставы — горад беларускi i горад еўрапейскi адначасова». Тут гэта даводзiлася чуць не адзiн раз. I сёння тут робяць усё, каб гэта было на самай справе так. На пачатку ўжо наступнага стагоддзя палац дабудоўвае сваяк Антонiя — Канстанцiн Тызенгаўз. Аднак справа не абмяжоўваецца перапланiроўкай, узвядзеннем каплiцы i шасцiкалоннага дарычнага порцiка. Канстанцiн, якi не без падстаў лiчыўся вялiкiм знаўцам мастацтва i апантаным навукоўцам, нiбыта ўвасабляе свае мары i размяшчае тут бiблiятэку, карцiнную галерэю, а таксама арнiталагiчны музей. Мiж тым, першы ва Усходняй Еўропе. Напэўна, слухаць аб мiнулым гэтага краю можна гадзiнамi. А таксама рабiць для сябе ўсё новыя, часам нечаканыя, адкрыццi. Аднак кожны, хто трапiць у Паставы сёння, мае рэдкую магчымасць не проста даведацца аб цiкавых фактах гiсторыi, але i пабачыць усё на свае вочы. Штаб вайсковай кавалерыi, шпiталь, польская гiмназiя, а з пасляваеннага часу — раённая бальнiца. У палаца Тызенгаўзаў было шмат гаспадароў, але галоўнае, што ён захаваўся дагэтуль. I, гледзячы на акуратна пафарбаваны будынак, аксамiтны класiчны лужок са скульптурамi, «шляхетныя ганкi», невялiчкi вадаспад, не верыш, што нейкiх дзесяць гадоў таму ўсё гэта магло проста знiкнуць. Палац прастаяў без рамонту амаль паўтара стагоддзя. I пакрысе прыйшоў у заняпад. — Тады ўвогуле паўстала пытанне, цi трэба аднаўляць гэты комплекс i цi рэальна правесцi рэканструкцыю, гучалi нават прапановы разабраць яго дарэшты,— распавядае галоўны ўрач Пастаўскага раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання Уладзiмiр Чакавы. — Аднак усё ж было вырашана ўзяцца за справу. З дапамогай райвыканкама, абласнога бюджэту, спонсарскай падтрымкi прамысловых i камерцыйных прадпрыемстваў удалося аднавiць знешнi выгляд збудаванняў, агароджу, прывесцi да ладу ўнутраны дворык. I, дарэчы, тут чакала цi не самая адметная знаходка. Калi ўзнялi асфальт, то аказалася, што пад iм знаходзiцца падземны ход. Праўда, з улiкам таго, што гэта тэрыторыя медыцынскай установы i ўсё даводзiлася рабiць хутка, пакуль яго залажылi плiткай. Аднак у будучым работы працягнуцца. I не выключана, што ў вынiку ўдасца адшукаць новыя, малавядомыя факты з тагачаснага жыцця палаца. Сёння наваколле палаца ўжо стала ўлюбёным месцам прагулак пастаўскай моладзi. Не менш прыцягвае яе i размешчаны тут невялiкi музей. А ў будучым, заўважае Уладзiмiр Чакавы, ёсць задумка аднавiць старажытны iнтэр’ер прынамсi аднаго з пакояў, зрабiць у сутарэннях палаца кафэ, а таксама паставiць помнiкi Антонiю i Канстанцiну Тызенгаўзам. Прычым не выключана, што гэта можа адбыцца ўжо налета. Дарэчы, адносiны да помнiкаў у Паставах насамрэч асаблiвыя. Цэнтральная плошча горада — куток па-свойму унiкальны. Некалi, каб прывабiць заходнееўрапейскiх майстроў, Антонiй Тызенгаўз прыняў рашэнне забудаваць плошчу паводле ўзору галандскага гарадка. Шэсць старажытных мураваных домiкаў захавалiся да нашых дзён. Тут жа знаходзiцца Свята-Мiкалаеўская царква ХIХ стагоддзя i помнiк правадыру сусветнага пралетарыяту, якi паставiлi... у час вядомых падзей жнiўня 1991 года. Зараз нiхто i не хавае, што сумненнi былi. Аднак усё ж «пераважыла» iншая думка. Сам помнiк стварыў знакамiты беларускi скульптар Заiр Азгур, ён мае гiсторыка-культурнае значэнне, а што да ўласна «палiтычных момантаў», то ў дадзеным выпадку варта адлажыць якiя-небудзь ацэнкi на потым. Бо гэта — таксама мiнулае. А добрым яно было цi дрэнным — няхай вырашаюць нашчадкi. Мiж тым, ужо сёлета ў галоўнай плошчы з’явiлася яшчэ адна адметнасць — фантан з падсветкай. Падсветка, па прыкладу сталiцы, ёсць i на ўсiх адмiнiстрацыйных i гiстарычных будынках. Апроч таго, у горадзе ачысцiлi каналы Тызенгаўза, добраўпарадкавалi стары парк, аднавiлi дарожкi, зрабiлi альтанку i дзiцячую пляцоўку. А ў будучым у тым жа парку з’явiцца яшчэ адзiн фантан, няхiтрыя атракцыёны, у горадзе маюць намер адрэстаўраваць будынак аптэкi, якая па сутнасцi не зачынялася на працягу вось ужо двух стагоддзяў, выбрукаваць вулiцы плiткай... Грошы? Пытанне, зразумела, нялiшняе. Аднак вырашыць яго пастаўчане спадзяюцца самi. Прычым не толькi за кошт бюджэту. Апошняя iнiцыятыва мясцовай улады — абвясцiць своеасаблiвую акцыю пад назвай «Любi свой горад». I, па беларускай традыцыi, талакой пачаць збор сродкаў на яго аднаўленне па прынцыпу «хто колькi можа». Першы ўнёсак зрабiў непасрэдна старшыня райвыканкама Эдуард Казура. А працяг абавязкова будзе. Прынамсi, зараз у гэтым тут проста перакананыя.
«Ужо не вёска, але яшчэ не горад». Некалi ў Беларусi налiчвалася сотнi мястэчак, i кожнае з iх мела свой непаўторны, а часам непрадказальны лёс. Дунiлавiчы не сталi выключэннем. Дакладна вядома: у 1920-я гады, калi гэты край знаходзiўся «пад Польшчай», тут працавалi лесапiльны i цагельны заводы, млын, школы, бальнiца, гасцiнiца i нават рэстаран. А ўжо пасля ўз’яднання Беларусi было прынята рашэнне аб стварэннi асобнага Дунiлавiцкага раёна. Аднак жыць з новым статусам давялося нядоўга — адразу пасля Вялiкай Айчыннай вайны райцэнтр перанеслi ў суседняе Варапаева. Потым жа, падчас чарговага адмiнiстрацыйнага перадзелу, знiк i сам раён. Пераважна мураваная забудова цэнтра, шматлiкiя крамы i лаўкi. Гiстарычна склалася так, што пераважнай большасцю жыхароў мястэчка былi яўрэi. I ў нечым менавiта гэта акалiчнасць стала вызначальнай. Цi не самае жудаснае месца ў цяперашняй вёсцы — брацкiя яўрэйскiя могiлкi. Тут у адным месцы падчас мiнулай вайны знайшлi спачын адразу 829 чалавек. А сам тагачасны гарпасёлак быў разбураны настолькi, што аднаўляць яго ў ранейшым выглядзе проста не палiчылi патрэбным. Цэнтр Дунiлавiцкага раёна зрушыўся на 10 кiламетраў, у Варапаева. Спачатку думалi — часова. Але аказалася, што назаўсёды. — Па сутнасцi ў нас застаўся толькi адзiн даваенны дом, усё астатняе было знiшчана, — кажа старшыня Дунiлавiцкага сельсавета Валянцiн Пашкевiч. — Праўда, вёска здолела адбудавацца. Тут утварыўся калгас, адчынiлiся бальнiца i школа, з’явiлiся новыя дамы. А неўзабаве пачала аднаўляцца i ранейшая колькасць насельнiцтва. 737 чалавек, у тым лiку 438 працаздольных i 143 дзiцяці, — так выглядае статыстыка зараз. Сапраўды, тут не хаваюць, што моладзь часам з’язджае, выбiрае месцам жыхарства больш прывабныя гарады. Аднак едуць i сюды. Гандлёвы цэнтр, камбiнат бытавога абслугоўвання, Дом культуры, уласная бальнiца, аптэка, бiблiятэка, паштовае аддзяленне, дзiцячы садок — усё гэта тут засталося. А зусiм нядаўна ў Дунiлавiчах пабудавалi новую сучасную школу. I, насуперак змрочным прагнозам, сёння яна не пустуе. Ёсць дзе i працаваць. У вёсцы дзейнiчае ляснiцтва, прыватны цэх па перапрацоўцы мяса i, вядома, гаспадарка. Сельскагаспадарчы кааператыў «Дунiлавiчы» лiчыўся сярэднiм цi не ўвесь час. Такiя ж ацэнкi даюць яму i зараз. Хаця так было не заўсёды. Перыяд найбольшага ўздыму прыпаў на пачатак 1990-х, калi тут мелi някепскiя заробкi, пачыналi ствараць буйны свiнакомплекс, будавалi шмат жылля. А час найбольшага спаду — гэта пачатак цяперашняга дзесяцiгоддзя. Балазе, сёння ён ужо застаўся ў мiнулым. — У 2003 годзе мы атрымалi дапамогу аблвыканкама на развiццё свiнагадоўчага комплексу, — адзначае старшыня СВК «Дунiлавiчы» Васiль Катовiч. — I гэта аказалася сапраўдным штуршком. Гаспадарка здолела ўдвая павялiчыць статак i вытворчасць мяса. А потым (ужо за свае грошы) адрамантаваць ферму i далей нарошчваць паказчыкi. У будучым, кажа Васiль Катовiч, сельгаспрадпрыемства мяркуе аб’яднацца з мясакамбiнатам i ўтварыць аграфiрму. Прычым шмат у чым яе перспектывы залежаць ад стварэння ў Дунiлавiчах аграгарадка. Гаворка ў дадзеным выпадку не проста аб лепшых умовах жыцця. У гаспадарку павiнны прыехаць новыя людзi — спецыялiсты, трактарысты, жывёлаводы. Увогуле, да ўзроўню аграгарадка засталося не так ужо i шмат. Да прыкладу, адчынiць кафэ i грамадскую лазню. I, зразумела, прывесцi вёску ў парадак. Работа вядзецца ўжо зараз, толькi апошнiя дасягненнi дунiлавiчцаў — прыгожы парк, адноўленыя яўрэйскiя могiлкi, кветнiкi, новы (вось дзе ўжо сапраўды: традыцыi згубiць немагчыма) мiнi-рынак, адрамантаваны барочны Троiцкi касцёл ХVIII стагоддзя, якi быў зачынены пасля вайны i выкарыстоўваўся спачатку як сушыльны пункт, а потым — як склад угнаенняў. Сродкi на касцёл, дарэчы, збiралi ўсе разам — парафiяне, гаспадарка, райвыканкам. I зараз па святах тут збiраюцца сотнi вяскоўцаў. Прычым як католiкаў, так i праваслаўных. Урэшце, кажа мясцовы ксёндз Вiталь, бог ва ўсiх адзiн. I да таго ж змешаныя шлюбы ў Дунiлавiчах — зусiм не рэдкасць.
Чвэрць гадзiны на легкавiку ад Пастаў у бок Полацка. Тое, што мы апынулiся ў сельгаскааператыве «Навасёлкi-Лучай», разумееш не адразу. Распяцце, кветнiкi, каменная купель, драўляныя хаткi — хутчэй гэта нагадвае стылiзаваную зону адпачынку. Хаця нiякай памылкi тут, зразумела, не было. Сам па сабе «сакрэт» аказаўся даволi простым. Прыдарожнае кафэ — напрамак работы гаспадаркi. I далёка не адзiны. Лiчыцца, што «вiзiтоўкай» сельгаскааператыва з’яўляецца рапс. Тут ён на самай справе займае даволi вялiкiя плошчы. Аднак на пытанне, на чым, урэшце, спецыялiзуецца «Навасёлкi-Лучай», можна пачуць — «усiм». Прычым, зразумела, не без важкiх падстаў. Незвычайнае ў звычайным. Традыцыям свiнагадоўлi ў Беларусi — сотнi гадоў. Прыдумаць тут нешта асаблiвае нiбыта немагчыма. Аднак толькi на першы погляд: вось ужо пяты год запар у гаспадарцы гадуюць свiней... на адкрытым паветры. Летам i зiмой адзiным укрыццем ад снегу i дажджу для iх служаць разрэзаныя напалову жалезныя бочкi. I, як нi дзiўна, такiя ўмовы парсючкоў задавальняюць цалкам. Насуперак прагнозам скептыкаў высветлiлася, што прама ў полi яны могуць вытрымлiваць 36-градусны мароз, не хварэць i хутка набiраць вагу. Галоўнае — добра кармiць жывёлу. Адзiным мiнусам гэтай тэхналогii ў сельгаскааператыве называюць крыху большае спажыванне кармоў. Затое пераваг — некалькi. Па-першае, парсючкi лепш за ўсялякую тэхнiку ўзрыхляюць i ўгнойваюць глебу. Па-другое, у адрозненне ад звычайнай фермы, тут не патрабуецца спецыяльнае абсталяванне, работы слесара, электрыка ды i, уласна кажучы, электраэнергii ўвогуле. А яшчэ «Навасёлкi-Лучай» мае магчымасць атрымлiваць... экалагiчна чыстую прадукцыю. «Мы хочам загнаць жывёлу ў амiяк i пры гэтым есцi чыстае мяса, а так, на жаль, не бывае», — кажа старшыня СВК Адольф Валодзька. Магчыма, менавiта таму тут перайшлi i на «вольнае» ўтрыманне бычкоў. Зноў-такi з разлiкам на эканомiю i бяспеку. Аднак цi не найбольшая адметнасць сельгаспрадпрыемства — страусы. Афрыканская птушка без асаблiвых праблем прыстасавалася да беларускага клiмату i адчувае сябе сапраўды камфортна. Пры гэтым страусы не проста экзотыка, а найперш нiзкахалестэрынавыя мяса i яйкi. А таксама каштоўныя пер’е i тлушч. Плюс да ўсяго жыхары саваны — самы лепшы сродак прыцягнуць увагу да прыдарожнага кафэ. Як i плямiстыя аленi, што з’явiлiся ў сельгаскааператыве ўсяго некалькi тыдняў таму. ...Парсючкi, бычкi, страусы, козы, трусы, конi, збожжавыя, рапс, куркуруза — спiс выглядае ўнушальна. Але ён далёка не поўны. Апроч усяго, «Навасёлкi-Лучай» наладзiлi перапрацоўку ўласнай прадукцыi, вырабляюць муку i хлеб, некалькi найменняў каўбасы i пельменi, масла i сыр, пiтную ваду i квас. I нават маюць невялiкi асфальтавы заводзiк. «Яйкi не кладуць у адзiн кошык, бо той можа раптам упасцi, i тады не застанецца нiчога, — тлумачыць Адольф Валодзька. — Вось чаму мы нiколi не iмкнулiся рабiць стаўку на той цi iншы напрамак. Для нас важнае ўсё, i так было ад самага пачатку iснавання гаспадаркi». ПАСЛУГI З ПРАВАМ НА ВЫБАР Больш за 14 тысяч пенсiянераў на амаль паўтысячы населеных пунктаў. Калi весцi гаворку аб магчымасцях аказання сацыяльнай дапамогi, такая «раскладка», зразумела, зусiм аптымальная. Таму невыпадкова, што на пачатку мiнулага года на Пастаўшчыне вырашылi стварыць невялiкi, усяго на 20 чалавек, дом-iнтэрнат i прапанаваць пераехаць сюды ўсiм, каму цяжка абслугоўваць сябе самастойна. Пры гэтым не выключана, што з цягам часу можа з’явiцца яшчэ адна падобная ўстанова, i ўжо непасрэдна ў сельскай мясцовасцi. I ўсё ж пансiянат — задумка не галоўная. Сёння ў раёне перакананыя: у любым выпадку старому чалавеку лепш заставацца дома. Але для гэтага яму трэба стварыць вартыя ўмовы. Тут аднымi з першых пачалi аказваць сацыяльныя паслугi на даму, наладзiлi работу тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, сабралi поўную iнфармацыю аб усiх пенсiянерах, iнвалiдах, няпоўных i мнагадзетных сем’ях. Аднак гэта аказалася толькi першым крокам. Бо практыка паказала, што рэгулярна плацiць за наведванне сацыяльным работнiкам згаджаецца далёка не кожны. Iншая справа — паслугi аднаразовыя. Попыт на iх ёсць. I асаблiва за межамi райцэнтра. — Два гады таму мы адкрылi аддзяленне тэрмiновых сацыяльных i бытавых паслуг у Лынтупах, — адзначае начальнiк упраўлення па працы i сацыяльнай абароне Iна Станчык. — Сёння аддзяленне мае ўласнага каня, мотаблок, бензапiлу, сельскагаспадарчы i цяслярскi iнструмент, а таму можа займацца, да прыкладу, апрацоўкай прысядзiбных участкаў, перавозкай грузаў, нарыхтоўкай дроў, рамонтам дамоў i гаспадарчых памяшканняў. Прычым плацiць за гэта трэба па мiнiмальных расцэнках. Прыкладам, распiлаваць, пакалоць i скласцi 5 кубаметраў дроў абыдзецца ў 22 тысячы рублёў. А гэта амаль утрая танней, чым у тым жа райбыткамбiнаце. Аднак малыя тарыфы — асаблiвыя правiлы. Паслугi гаспадарчай брыгады ў Лынтупах прадастаўляюцца толькi так званым сацыяльна неабароненым катэгорыям, найперш адзiнокiм старым людзям. Прычына зразумелая: работа гэта стратная i датуецца з бюджэту. Хаця абмежаваннi iснуюць i не паўсюль. Прыкладам, у Варапаеве пайшлi крыху iншым шляхам. Тут нiякiх скiдак не прадугледжана, гаспадарчая брыгада працуе на гасразлiку, затое звярнуцца па дапамогу сюды можа лiтаральна кожны. — Заробкi двум работiкам, палiва, падаткi — на гэта трэба зарабляць самастойна, — заўважае старшыня Варапаеўскага пассавета Аляксей Алiхвер. — Тым не менш мы вызначылi, што нашы цэны не павiнны быць вышэй, чым у астатнiх арганiзацыях. Падобная акалiчнасць стала цi не асноўнай. Колькасць жадаючых скарыстацца паслугамi гаспадарчай брыгады ўзрастае з кожным годам, у тым лiку i сярод працаздольных. Зрэшты, нiчога дзiўнага тут няма. Як кажуць у пасёлку, «заплацiў грошы — i не балiць галава». А гэта — аргумент не апошнi. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
165 кiламетраў да Мiнска i амаль столькi ж — да Вiльнюса. Каб адчуць усю спецыфiку гэтага краю, дастаткова ўжо першых назiранняў. Старажытная забудова |
|