Колькi гадоў Магiлёву?
Iлона IВАНОВА
Падрабязнасці Днямi ў абласным цэнтры завяршылiся археалагiчныя раскопкi, якiя, верагодна, унясуць змяненнi ў год нараджэння Магiлёва. Сёння iм афiцыйна лiчыцца 1267 год. Але новыя даследваннi паказваюць, што як славянскае ўмацаванае гарадзiшча Магiлёў узнiк напрыканцы X—пачатку XI стагоддзя.Фiлiгранныя шкляныя бранзалеты i чарапкi гаршка з княскiм трызубцам дэманструе доктар гiстарычных навук, загадчык кафедры археалогii i спецыяльных гiстарычных дысцыплiн Магiлёўскага дзяржаўнага унiверсiтэта Iгар Марзалюк, якi кiраваў раскопкамi. Да яго добраахвотнiкамi далучылiся студэнты 1 i 2 курсаў гiстарычнага факультэта. Два тыднi працы ў раскопе плошчай усяго 6 квадратных метраў далi сенсацыйныя вынiкi. Капалi на гарадзiшчы Магiла. Гэта ў цэнтры Магiлёва — пляцоўка на земляным вале. Там цяпер размешчаны парк iмя Горкага, побач з Савецкай плошчай. Менавiта тут жылi ў старажытнасцi людзi i будавалi паселiшчы i, як паказалi апошнiя даследаваннi, — ад каменнага веку i да нашых дзён. Гарадзiшча Магiла археолагi даследавалi i раней. Iгар Марзалюк (на фота) рабiў там раскопкi яшчэ ў 1990-я гады. Гiсторык узгадвае, што тады археолагi знайшлi культурны слой XII—першай паловы XIII стагоддзя, якi перакрываецца слоем магутнага пажару. У iм былi знойдзены мангольскiя наканечнiкi стрэл, так званыя зрэзнi. Але Марзалюк хацеў шукаць яшчэ больш раннiя ўмацаваннi Магiлёва, i на гэты раз ён iх знайшоў. Археолагi зафiксавалi лiнiю ўмацаванняў: два рады жэрдак, убiтых у зямлю, iшлi па краi гарадзiшча. — Мы знайшлi рэшткi самай старажытнай у Магiлёве вежы, — расказвае Iгар Марзалюк. — Яна таксама была драўляная, з глiнянай абмазкай, i разбурылася ў сярэдзiне XIII стагоддзя. — Вось паглядзiце, — гiсторык паказвае невялiкi кавалак. Ён выглядае як металiчны са старой iржой i каменнымi наслаеннямi. — Я яшчэ дакладна не ведаю, што гэта такое, бо не пачысцiў. Гэта, верагодна, наканечнiк мяча. Зроблены ў тэхнiцы зварачнага пакета — гэта тыпова для ўсходнiх славян таго часу. Праблема раскопак на гарадзiшчы Магiла ў тым, што палова плошчаў з культурнымi слаямi была знiшчана будаўнiчымi работамi за савецкiм часам — там засталiся бетонныя падмуркi будынкаў, а таксама ў Вялiкую Айчынную вайну, бо на вале былi лiнii абароны i Савецкай Армii, i немцаў. Аднак вялiкая археалагiчная ўдача — натрапiць на непашкоджаныя, не патрывожаныя часам слаi — напаткала Iгара Марзалюка i яго калег. Пад слоем вялiкага пажару сярэдзiны XIII стагоддзя археолагi раскапалi новы культурны слой. Там знайшлi 40 фрагментаў шкляных бранзалетаў. Марзалюк гаворыць, што гэта вельмi важная сацыяльная рэч: маўляў, вясковыя дзеўкi такiх бранзалетаў не насiлi — гэта тыповая гарадская мода. — А вось самы «пiск» — фiлiгранны бранзалет «а-ля Вiзантыя», якi, хутэй за ўсё, зроблены ў кiеўскiх майстэрнях, — паказвае знаходку гiсторык. — Калi яго пакласцi на моцнае святло, то ў лiмонным вiтым шкле вы ўбачыце тоненькую залатую нiтку. Гэта вельмi дарагая ў тыя часы рэч. Гаршчок з княскiм трызубцам — дакладней, чарапкi чорна-шэрага колеру. Гэта не першая знаходка магiлёўскiх археолагаў з такiм знакам. Iгар Марзалюк тлумачыць, што такiя клеймы наносiлi на сваю прадукцыю толькi тыя рамеснiкi, якiя працавалi на княскi двор, на тагачасную адмiнiстрацыю. Ён мяркуе, што знойдзеная ў Магiлёве разнавiднасць трызубца належыць князям Друцкiм. На аснове сваiх новых знаходак гiсторык робiць выснову, што напрыканцы X—на пачатку XI ст. тут было ўмацаванае славянскае гарадзiшча. — Гэта яшчэ быў не горад, але паселiшча мела высокi для таго часу сацыяльны статус, — лiчыць Iгар Марзалюк. — Там быў прадстаўнiк княскай адмiнiстрацыi. I можна сказаць, што Магiлёў за тым часам адыгрываў ролю павоста. Павостам называецца цэнтр збору данiны з прылеглых тэрыторый. Паводле Марзалюка, яго версiю пацвярджаюць i iншыя гiстарычныя матэрыялы. Напрыклад, непадалёк ад гарадзiшча Магiла, каля Дняпра ў 1822 годзе быў знойдзены вялiкi скарб дзiрхамаў, арабскiх сярэбраных манет канца IX стагоддзя. Тады, вiдаць, па-iншаму ставiлiся да гiстарычнай спадчыны i з пераважнай большасцi манет зрабiлi сярэбраную чашу, хоць каштоўнасць тых манет была не ў срэбры, а ў iх гiстарычнай унiкальнасцi. Але частка скарбу цяпер захоўваецца ў Эрмiтажы. Кiраўнiк раскопак гаворыць, што перабралi яшчэ не ўсе знаходкi. Напрыклад, знойдзены цiкавыя будаўнiчыя матэрыялы — фрагменты цэглы i рэшткi раствору, якiм яна мацавалася. Гэта дазваляе меркаваць, што ў Магiлёве ў XII—сярэдзiны XIII стагоддзяў было манументальнае збудаванне з цэглы. Гэта мог быць мураваны храм, якi, аднак, потым знiк у агнi пажару. — Чаму гэта так важна? — бярэцца адказаць на гэтае пытанне Iгар Марзалюк. — Нядаўна на тэрыторыi Паднiколля (магiлёўскi раён каля Дняпра) мы знайшлi паселiшча, якое iснавала ў XII—XIII стагоддзях. I калi ўлiчыць усе паселiшчы i гiстарычныя факты, то атрымлiваецца, што Магiлёў за тым часам ужо быў малым горадам, меў статус гарадскога паселiшча. А гэта азначае, што цяпер вядомая дата, якая лiчыцца днём заснавання горада Магiлёва, несапраўдная, i абласны цэнтр старэй за 738 гадоў. Дата 1267 ўзялася з перакладу на рускую мову польскага арыгiнала Магiлёўскай хронiкi, якую напiсалi Трафiм Сурта i Юрый Трубнiцкi i якая цяпер з’яўляецца помнiкам гарадскога летапiсання XVII—XIX cтагоддзяў. Iгар Марзалюк сцвярджае, што нi ў адной аўтэнтычнай крынiцы па гiсторыi горада ў XIII—першай палове XIV стагоддзя гэтай даты няма. — Самая першая рэальная згадка пра Магiлёў — гэта канец XIV стагоддзя, — сцвярджае гiсторык. — У спiсе рускiх гарадоў далёкiх i блiжнiх у Наўгародскiм летапiсе. Гэта былi цэнтры царкоўных прыходаў, якiя плацiлi данiну мiтрапалiту. Вось сярод групы кiеўскiх гарадоў разам з Прапошаскам i Цяцерынам узгадваецца i падняпроўскi Магiлёў. Гэта i ўсё з пiсьмовых крынiц, таму такiя важныя для нас археалагiчныя знаходкi, якiя могуць расказаць аб мiнулым нашага горада. Тым не менш вызначэнне новай даты заснавання Магiлёва — гэта справа, з якой не трэба спяшацца, так лiчыць Iгар Марзалюк. Перш за ўсё трэба прадоўжыць у наступным сезоне даследаваннi гарадзiшча Магiла. «Усiм, канешне, хочацца, каб Магiлёву было гадоў паболей!» — смяецца гiсторык i жартам прапануе лiчыць гiсторыю горада ад 12 тысяч гадоў да нашай эры. Таму што ў сёлетнiх раскопках археолагi знайшлi рэчы фiнальнага палеалiту — канца каменнага веку. — Калi тут было халодна i бегалi статкi паўночных аленяў, то за iмi бегалi паляўнiчыя. Да гэтай справы непасрэднае дачыненне мае гэта вастрыё, — паказвае Iгар Марзалюк. — Яшчэ адна каменная пласцiна — прылада працы. Дарэчы, напрыканцы фiнальнага палеалiту пачалося масавае засяленне зямль сучаснай Беларусi. Акрамя сенсацыйных знаходак, гiсторыкi знайшлi на гарадзiшчы Магiла шмат вельмi цiкавых рэчаў. Напрыклад, вядома, што ў 1526 годзе там быў пабудаваны замак. Знойдзены яго рэшткi, ён быў з абпаленай цэглы. — Цiкава, што нашы продкi ўжо былi хрысцiянамi, але ўсё ж прынеслi паганскую будаўнiчую ахвяру, — расказвае Марзалюк. — Гэта чыста па-беларуску: i богу свечка, i чорту качарга. Вось мы i знайшлi два гаршкi, якiя залажылi ў падмурак замка. Яны былi напоўнены косткамi жывёлы — там, напрыклад, была асятровая галава. На ўсякi пажарны, каб замак добра стаяў...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў абласным цэнтры завяршылiся археалагiчныя раскопкi, якiя, верагодна, унясуць змяненнi ў год нараджэння Магiлёва |
|