У вёску — на жыхарства
Вёска Лазы ў Ваўкавыскiм раёне нiколi не была неперспектыўнай. Нягледзячы на адсутнасць тут школы, сядзiбы калгаснага праўлення, сталовай цi якiх iншых «прыкмет» вялiкiх вёсак. Толькi самае неабходнае — магазiн, ФАП ды лазня.
Але з насельнiцтвам колькасцю амаль паўтысячы чалавек Лазы заўсёды выгадна вылучалiся сярод невялiкiх Дзятлавiчаў, Зарачан, Крываносаўцаў. А дзесьцi з пачатку дзевяностых, пасля аб’яднання перадавога калгаса з адсталым у адну гаспадарку пад назвай СВК «Агра-Лазы», у пералiчаных суседнiх вёсках пайшла мода выходзiць замуж за лазаўскiх. Нехта з маладых пасялiўся разам з бацькамi, сем сем’яў купiлi хаты ў нашчадкаў карэнных лазаўчан, пяць пабудавалi новыя дамы. Ды ўсе яны — мясцовыя, свае, i таму не выклiкаюць павышанай цiкаўнасцi да сябе з боку аднавяскоўцаў. Iншая справа — прыезджыя. Хто яны такiя? Што ад iх чакаць?.. Прытым прычынай гэтай насцярогi з’яўляецца не толькi сам статус новых пасяленцаў, колькi тое, што яны... гарадскiя. Маўляў, як гэта так, мы тут хоць i пражылi жыццё, але заўсёды лiчылi, што ў горадзе яно лепшае. А то на табе — з кватэр ды ў хаты! У Роскiм пасялковым Савеце, да якога адносiцца вёска Лазы, мне параiлi пазнаёмiцца з трыма сем’ямi — Сворабаў, Очыкавых i Талстагузавых. Усе яны купiлi хаты на заходнiм баку вёскi, дзе людзi сялiлiся здавён i дзе засталiся жыць пераважна старыя. Перш за ўсё захацелася ступiць за парог, на якiм некалi гаспадыня дома мне, малечы, «адзiвала пярэпалахi». (Сама ж я родам з гэтых самых Лазоў.). Цяпер побач з хатай будуецца цагляны гараж, двор расчышчаны i таму здаецца вельмi вялiкiм. На iм замест звычайнага цылiндровага жалезабетоннага калодзежа вырасла драўляная студня. Гэтакая зграбная, з роўненькiх вузкiх брусаў, пад вабным дахам, як у альтанцы. Накрыўка студнi адкрываецца па прынцыпу купэ, а тым часам вядро становiцца збоку, як на столiк. Ды гаспадар Валерый Уладзiмiравiч Свораб спрабуе астудзiць маё захапленне: — Тут яшчэ шмат работы засталося: палiцы зрабiць, лаўку паставiць, сцяжынку зацэментаваць. Але спачатку хачу, каб куры тут не бегалi, таму будую ў канцы двара куратнiк з вальерам. Акрамя паўсотнi курэй, у Сворабаў водзiцца паўтара дзесятка гусей, свiннi i свiнаматка, паўсотнi трусоў непатрабавальнай беларускай пароды. Усё гэта надзейна ахоўвае разумная аўчарка. — Тут паўагарода крушня займала. Разабраў яе i цяпер кладу камянi пад фундаменты новых пабудоў, — расказвае Валерый Уладзiмiравiч. Мне прыемна пачуць мясцовае, такое роднае слоўка «крушня». Азначае яно скiнутыя на памежжы агародаў камянi, якiя звычайна аддзялялi замлю аднаго гаспадара ад «сотак» суседа. Калi вёску пачалi газiфiкаваць, многiя з вяскоўцаў расшырылi свае дамы, пусцiўшы ў ход мясцовы будаўнiчы матэрыял з гэткiх самых крушняў. Так што новы гаспадар у гэтым сэнсе не рацыяналiзатар. Рознiцца ён ад карэнных жыхароў толькi размахам, з якiм пачаў абжывацца ў вёсцы. — Не, я не збiраюся станавiцца фермерам. Проста хачу мець сапраўдную прысядзiбную гаспадарку, якая, па майму меркаванню, павiнна быць на кожным вясковым падворку. Вёска ж — не горад. I навошта тут тыповыя гарадскiя дамы, дзе ёсць ванна, прыбiральня, а на вулiцы ўсяго 16 сотак зямлi, гараж i маленькi хлеў. Трэба, каб каля дома было не менш 35 сотак зямлi, свiнарнiк, лазня, цяплiца са шкла. Каб раслi розныя пладовыя дрэвы — яблынi, грушы, вiшнi, слiвы... Рашэнне пераехаць з Гродна на жыхарства ў вёску ў Валерыя Свораба выспела пазалетась. Тады прыехаў дапамагчы паставiць новы плот сватам. Быў без працы, а да пенсii заставалася некалькi гадоў. У свой час ён, пасля заканчэння ваеннай кафедры варашылаўградскага будаўнiчага iнстытута, працаваў на розных будоўлях вялiкай краiны. А тут узнiкла жаданне прыкласцi свае сiлы i на аб’ектах сельскай гаспадаркi. СВК «Агра-Лазы» ўвесь час разбудоўваецца, таму вопытны прараб без ваганняў быў прыняты на працу. А праз год да Валерыя Уладзiмiравiча перабралася i жонка. — Нягледзячы на пастаянныя пераезды, я заўсёды была за iм як за каменнай сцяной, — гаворыць пра мужа Клаўдзiя Аляксееўна. — I жыццё мы пражылi прыгожа. Цяпер вось адзiн клопат, каб i тут, у вёсцы, паспець зрабiць усё задуманае. Прыязджайце да нас праз гадоў пяць, тады i сфатаграфаваць будзе што... Да рэйсавага аўтобуса, якi тут курсiруе толькi па пятнiцах i панядзелках з ранiцы i ўдзень, заставалася няшмат часу. Таму да iншых жыхароў вёскi завiтала, што называецца, мiмаходзь. Алена Аляксандраўна Очыкава фармавала апетытныя булачкi — для сына, якi вучыцца ў адным з гродзенскiх каледжаў. Пасяродку раскатаных кавалачкаў цеста гаспадыня клала па кавалачку масла, пасыпала яго цукрам i закручвала ў канверцiкi. Рухi i жэсты адназначна выдавалi ў ёй гараджанку. Пераехалi Очыкавы ў беларускую вёску з Ульянаўскай вобласцi. У Расii iм, бежанцам з Сярэдняй Азii, не было часу выбiраць месца жыхарства. Таму i трапiлi, нi з кiм не параiўшыся, у адсталы калгас, дзе зарплату не плацiлi па паўгода. Калi сталi падрастаць дзецi, прыйшоў час думаць пра iх будучыню. Вось i вырашылi пераехаць у Беларусь. — Выбiралi дом па магчымасцях нашага кашалька, — расказвае Алена Аляксандраўна, — Чым блiжэй да горада, тым дамы даражэй. Таму i аселi ў Лазах. Муж пакуль што на заробках у Расii. Калi прыязджае — прывозiць грошы, робiць рамонт у хаце. А я стала хатняй гаспадыняй. Пайсцi працаваць даяркай цi паляводам не дазваляе здароўе — усё ж такi пераезды дарэмна не праходзяць. А па спецыяльнасцi фармацэўта, якую маю, работы ў вёсцы не знайсцi. Вельмi ўдзячная суседзям за дапамогу на першым часе — i малако давалi, i яйкi, i гароднiну. Мы ж усе грошы ўклалi ў пакупку дома. Ну а цяпер ужо шмат што самi вырасцiлi. Многа розных салатаў закансервавала з памiдораў, перцу, агуркоў. Бульба таксама нядрэнна ўрадзiла. Зазвiнеў мабiльны тэлефон. Алена Аляксандраўна перагаварыла з родзiчамi з пасёлка Краснасельскi, па прыкладу якiх выбралi Беларусь. Сказала, як добра, што з’явiлася мабiльная сувязь — муж часцей можа пазванiць i не такая адчувальная адарванасць ад горада. Бо хоць машына ў гаражы стаiць, вучыцца ездзiць на ёй жанчына пакуль што не рашаецца. Ды i навошта? Сын плануе пасля вучобы ўладкавацца ў мясцовуцю гаспадарку. А дачка ездзiць у Роскую школу на школьным аўтобусе. Яшчэ пра аднаго новага гаспадара ў Лазах — Генадзя Талстагузава — хочацца сказаць. Калi прыйшлося яму развесцiся з жонкай, з якой жылi ў гарадскiм пасёлку Краснасельскi, то не стаў, як iншыя, дзялiць усё праз суды, змагаючыся за кожную рэч у кватэры. Па аб’яве ў раённай газеце Генадзь Леанiдавiч i Галiна Баляславаўна, яго новая «палова», выбралi добры цагляны дом з водаправодам i газавым ацяпленнем па памяркоўнай цане. Муж узяў крэдыт на родным заводзе «Краснасельскбудматэрыялы» з разлiку, каб хапiла i на машыну. Цяпер штодзённа ездзiць на працу. А яго Галiна «заведвае» хатняй гаспадаркай — авечкамi, трусамi, курамi, гусямi. Руплiва дапамагае ёй у гэтым дачушка Крысцiна... Тамара МАЗУР. Ваўкавыскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Лазы ў Ваўкавыскiм раёне нiколi не была неперспектыўнай. Нягледзячы на адсутнасць тут школы, сядзiбы калгаснага праўлення, сталовай цi якiх iнш
|
|