Дзесяць гадоў на роздум
Сяргей ГРЫБ.
Зусiм нядаўна, у час «кнiжнага буму» напрыканцы 1980-х гадоў, iм прадказвалi поўную страту наведвальнiкаў i паступовы заняпад. Аднак скептычныя прагнозы спраўдзiлiся з дакладнасцю да наадварот. У сiтуацыi, калi знiк дэфiцыт, але з’явiлiся праблемы з грашыма, нагрузка на бiблiятэкi пачала ўзрастаць з кожным годам. Сюды пайшлi ўсе — ад дашкольнiка да пенсiянера. Што да статыстыкi, то яна падаецца красамоўнай: сёння на Ганцаўшчыне бiблiятэкi наведваюць больш як 19 тысяч чалавек, або кожны другi жыхар раёна.
— Я заўсёды казала аб адным: у кожным населеным пункце цi то на 50, цi то на 500 чалавек павiнна быць установа, дзе могуць правесцi вольны час людзi, — распавядае кiраўнiк раённага аддзела культуры Iрына Марцiнкевiч. — Няхай сабе там працуюць не тры, а ўсяго адзiн чалавек, няхай ён будзе выконваць работу i бiблiятэкара, i загадчыка клуба, i кiнамеханiка адначасова, але такая ўстанова мусiць жыць ужо таму, што iнакш у вёсках не застанецца нiчога. I больш таго, мы рызыкуем «адрэзаць» ад адукацыi ўсю моладзь. Насуперак размовам аб эканомii бюджэтных сродкаў, тут не пайшлi на «папулярныя» скарачэннi. Як i раней, у 36 сельскiх населеных пунктах захавалася 25 бiблiятэк. Яшчэ тры дзейнiчаюць непасрэдна ў райцэнтры. Прычым некаторыя ўстановы ўжо даўно вышлi за рамкi работы выключна з чытачом. Так, у цэнтральнай дзiцячай бiблiятэцы стварылi маленькi лялечны тэатр. Стала практыкай ладзiць тут выставы. Пашыраюцца камп’ютарныя паслугi... Аднак пытанне аб далейшым iснаваннi застаецца надзённым. Тлумачэнне адно: бiблiятэкi, што апынулiся ў цiсках дэфiцыту сродкаў, не першы год iмклiва страчваюць старыя кнiгi i не набываюць новых. — Калi параўноўваць з рэгiёнамi Брэстчыны, то ў Ганцавiцкiм раёне малюнак далёка не самы горшы, — працягвае Iрына Марцiнкевiч. — Скажам, не зважаючы на цяжкасцi, мясцовы бюджэт знаходзiць грошы на падпiску перыёдыкi — па гэтаму паказчыку мы саступаем хiба што такiм буйным гарадам, як Брэст, Баранавiчы, Пiнск i Бяроза. Але калi весцi гаворку пра паступленне кнiг, то з iмi вялiкiя праблемы. Закупляць лiтаратуру ў належным аб’ёме датацыйны раён не ў стане, а цэнтралiзаванае камплектаванне не здольнае вырашыць нават праблему натуральнага аднаўлення сапсаваных часам кнiг... 2707 кнiг праз цэнтралiзаваныя пастаўкi — такiм аказаўся мiнулы год для раёна. Многа гэта цi мала, можна меркаваць з наступнага: за «савецкiм» часам лiк паступленняў у адну маленькую бiблiятэку iшоў на тысячы. Тады не паспявалi апрацоўваць навiнкi — iмi былi завалены сталы ў «падсобках». Зараз у лепшым выпадку да вясковай бiбліятэкi «даходзiць» па 30—40 асобнiкаў. I горш таго. Практычна цалкам спынiлiся паступленнi мастацкай, грамадска-палiтычнай i вузка спецыяльнай лiтаратуры. Таму цяпер, каб падрыхтавацца да заняткаў, студэнту-завочнiку неабходна абавязкова ехаць у райцэнтр. Але паедзе, вядома, не кожны. Дзеля справядлiвасцi, тут не сталi спадзявацца на лепшае. Колькi гадоў таму ў раёне ўзнiк так званы «камерцыйны фонд». Яго прынцып такi: спачатку пры падтрымцы спонсараў удалося набыць пэўную колькасць найбольш запатрабаваных, але дарагiх замежных выданняў. А потым карыстанне гэтымi выданнямi сталi прапаноўваць чытачам за сiмвалiчныя грошы — сёння двое сутак «каштуюць» 300 рублёў. Эксперымент вiдавочна атрымаўся — жадаючых узяць, напрыклад, вядомы часопiс моды «Бурда» было нямала. Як вынiк, летась пашчасцiла назбiраць каля 2 мiльёнаў рублёў. Трэць «з’елi» падаткi, за рэшту набылi новую лiтаратуру. Але зноў-такi: пакуль гэта кропля ў моры. Хутчэй за ўсё, не паўплывае на агульную сiтуацыю i iншая «смелая» задумка — увесцi платны абанемент для ўсiх наведвальнiкаў, за выключэннем малазабяспечаных сем’яў i дзяцей. Разлiчваць не нейкiя больш-менш адчувальныя сродкi ў дадзеным выпадку недарэчна: з улiкам рэальных даходаў браць з чалавека можна не больш як 1—3 тыс. рублёў у год... Тым часам работнiкi культуры не толькi на Ганцаўшчыне ўголас папярэджваюць: калi камплектаванне фондаў будзе працягвацца цяперашнiмi тэмпамi, бiблiятэка ўвогуле застанецца без кнiг ужо праз дзесяць гадоў. Кажучы iнакш, яе iснаванне спынiцца само па сабе. Зрэшты, асаблiвых iлюзiй наконт якiх-небудзь кардынальных змяненняў пакуль няма. Далёка за прыкладамi хадзiць не трэба. У тых жа Ганцавiчах вось ужо год як зачынiўся гарадскi Дом культуры: у будынку пасляваеннай пабудовы iснуе пагроза абвалу даху. Падлiчылi, што мiнiмальныя расходы на рамонт памяшкання складуць недзе паўмiльярда рублёў. Аднак бюджэт вобласцi змог прапанаваць усяго 35 мiльёнаў. З астатнiм папрасiлi пачакаць. Колькi? Пытанне без адказу...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зусiм нядаўна, у час «кнiжнага буму» напрыканцы 1980-х гадоў, iм прадказвалi поўную страту наведвальнiкаў i паступовы заняпад. Аднак скептычныя прагно |
|